Страница 16 из 22
У горадзе, калі ездзіў атрымліваць першую палучку, заскочыў да брата Сцяпана. Той якраз збіраўся на працу ў другую змену, і не пагаварылі добра — так, перакінуліся парай слоў, пакуль Антон праводзіў яго да прыпынку і пакуль чакалі рабочы аўтобус. Сцяпан быў не ў гуморы. Такім Антон яго рэдка бачыў і не любіў такога. На пытанне, што новага, крутнуў галавою — нічога.
Антон загаварыў пра блізкі рэферэндум, сказаў, што апошнім часам раптоўна перастаў усяму верыць і, відаць, зусім не пойдзе галасаваць.
— А я пайду, — сказаў Сцяпан. — За саюз. Дастаў бардак гэты за шэсць гадоў... Шэсць гадоў бардаку, а дабіліся таго, што гарэлка была па пяць, а стала па дзесяць. І тую купі паспрабуй!..
— Ну чаму — у нацыянальным плане... — пачаў быў Антон — трэба ж было яму нешта гаварыць.
— Што ў нацыянальным? Зараз, глядзі, я табе пакажу ўсе перамены...
Ён выцягнуў з торбачкі газетны скрутак («А там сала, хлеб, салёны агурок...» — падумаў Антон, адгарнуў край газеціны:
— Вось, наша «брахалаўка», — помніш, была ўся па-беларуску? А цяпер, глядзі — уся, акрамя «шапкі», па-руску... Вось гэта адзіныя перамены ў нацыянальным плане!..
Прыязджаў у бібліятэку старшыня сельсавета Лобан, на «Масквічы» з будачкай, наказаў нікому больш не даваць ключы ад «клуба», бо тут будзе ўчастак для галасавання, а ён, Васкевіч, прызначаецца сакратаром гэтай «галасавальнай» камісіі. Усе бібліятэкары ў час выбараў заўсёды былі сакратарамі. Васкевіч вымушаны быў прымацаваць на дзвярах бібліятэкі і магазіна плакаты такога зместу:
БЮЛЛЕТЕНЬ
для голосования на референдуме СССР 17 марта 1991 года
Считаете ли Вы необходимым сохранить Союз?
ДА НЕТ
Если Вы за мир и согласие, зачеркните НЕТ!
І сорамна, прыкра было чапляць гэтыя хітрыя і разам з тым падлізлівыя да людзей плакаты; Васкевіч разумеў, што лепшай, большай прапаганды і не трэба, і дзе-дзе, а тут, на яго радзіме, пагалоўна будуць крэсліць «НЕТ» (напісалі б закрэсліць «ДА» — было б закрэслена «ДА»), а ён, «шчыры незалежнік», беларус Антон Васкевіч, сваімі ўласнымі рукамі памагае праводзіць гэтую агітацыю...
Перад 8-ым сакавіка стала асабліва адзінока. Каго павіншаваць? Лену? І гэтае віншаванне не дойдзе, як здарылася, хутчэй за ўсё, з тым яго вялікім лістом... Васкевіч плюнуў на ўсё і замест бібліятэкі паехаў ранішнім аўтобусам у горад. Дзень урэшце выпаў сонечны, па-веснавому свежы, малады. Лёгкі ветрык цягнуў з Прыпяці, рабацініў ваду, шоргаў аб бераг слабымі хвалямі. Васкевіч палюбаваўся на раку, пазайздросціў дзядзьку, што з лодкі каля самага берага цягаў адну за адной чырвоных тоўстых плотак... Вось у чалавека выхадны, выбраўся на рыбалку, дома жонка, дзеці, прынясе сетку рыбы, дзеці бегаюць вакол, тармусяць, распытваюць, як клявала гэтая, як сарвалася тая, самая большая, просяць і іх узяць другі раз — хоць з берага паглядзець... Жонка бурчыць, што «зноў усю ванну засмярдзеў сваёй рыбаю!», а сама, нябось, радая, што чалавек дома, а не таўчэцца, як другія, каля магазіна... Вось юшка гатовая, чарку вып'е, тэлевізар паглядзяць ці пойдуць гуляць у гэты ж парк...
Трэба было хоць матку павіншаваць. Нічога не прыдумаў, як купіць ёй новыя галёшы. Заглянуў у кнігарню на плошчы, выбраў святочную адкрытку (?) — самую прыгожую, дарагую, з пазалочаным абадком... Каля кнігарні бабкі продаюць цюльпаны — цэлыя вёдры якіх хочаш: чорныя, чырвоныя, пярэстыя, жоўтыя... «Маладой хлопец, купіце!» — «Няма мне каму дарыць». — «То што ж ву тады за маладой хлопец?»
Да аўтобуса яшчэ было часу, і Васкевіч патуляўся па прывакзальных магазінчыках, купіў яблык, цукерак, у буфеце — пляшку шампанскага з сабою. Вось і цудоўна, што больш трэба? — «паеду зараз у бібліятэку і вып’ю адзін. Шкада, што гарэлкі няма!» У душным аўтобусе прыдрамаў і не заўважыў, як на павароце ад мястэчка да іхніх вёсак села ў аўтобус яго знаёмая. Калі кранулі за плячо, падняў галаву — а, Наташа? Як яе... Данілава.
— Чаму ты не заходзіш? — ён пасунуўся, дзяўчынка прысела побач, абцягнула на каленях пярэднічак сваёй школьнай формы. — Я даўно ўзяў твайго Думбадзе...
— Цяпер магу заехаць.
І зноў, як і тады, у бібліятэцы, на міг у ім адбылося «змяшэнне часоў»; здалося раптам, што і ён школьнік, і вось вяртаецца са сваёй аднакласніцай дамоў... Гэта было здорава, але хутка гэтае адчуванне прайшло.
Трэба было нешта гаварыць. Але пра што? Відаць, пра тое, пра што могуць гаварыць дарослы з дзіцям — паблажліва, паказваючы, што хоць я і даю табе ўвагу, але ў мяне поўна сваіх, дарослых клопатаў.
— Скончыліся ўрокі? — спытаў ён.
— Не, нас адпусцілі — мяне і Наташу — мы лепш за ўсіх дыктант напісалі.
— Дык ты малайчына. На пяцёркі вучышся?
— Не, што вы! Дзве чацвёркі і дзве тройкі...
— А чаму ты так добра дыктанты пішаш? Чытаць любіш?
— Люблю.
— А што больш?
— Беларускае ўсё чытаю... тады «Честь» Мядынскага. Там пра Антона, як і вас звалі, — яна зірнула на Васкевіча сваімі шэрымі спакойнымі вачыма.
«А яшчэ той Антон нешта краў, сядзеў у турме, і перавыхаваўся, і пайшоў культурна на заводзік, стаў за станочак... Такі ж фальш, як і ў мяне цяпер на душы! Ды не зможаш ты быць з ёю, як дарослы з дзіцям. Бо ніякі ты не дарослы і ніколі ім сябе не адчуваў, а яна... яна не такое ўжо і дзіця! Вунь пярэднічак вышэй калень, а ногі не горшыя за Леніныя; вунь правая грудка як торгаецца — «сэрцайка б’ецца дзявочае»; вунь пальчыкі сарамліва перабіраюць ніз пярэдніка, а вочы гэтыя шэрыя глядзяць так ласкава, а вусны поўненькія, а шчочкі чырвоныя — усё як у самай звычайнай дарослай дзяўчыны... Яна падабаецца табе, жаданая табе — вось гэта не фальш! І яна бачыць, ведае гэта, ужо адчула, і не памогуць тут ніякія напусканні на сябе дарослай паблажлівасці!»
— Дзе ваша хата? — спытала дзяўчынка, гледзячы ў акно; якраз праязджалі Васкевічаву Сасноўку.
— Там, у другім канцы, каля рэчкі...
«Як нашаптаў мне хто купіць гэтае шампанскае... Калі яна згодзіцца трохі пабыць у бібліятэцы, буду піць, смялець, і як-небудзь змагу яе зацікавіць...»
А пакуль на яго напаў маўчун. Моўчкі даехалі да Двароўкі, зайшлі ў бібліятэку, дзяўчынка прысела за стол, паставіла каля ног партфель. Васкевіч, каб пачаставаць яе яблыкам, палез у сумку і ўбачыў адкрытку.
— Во, тое што трэба... На, віншую цябе з жаночым днём.
Яна аж не паверыла:
— Праўда? — узяла, пакруціла ў пальцах і забылася падзякаваць.
— А вы сваю дзяўчыну павіншавалі? — спытала яна раптам.
Васкевіч хацеў сказаць — як бабкам на плошчы, — што яму няма каго віншаваць, але вядомая ў такіх выпадках хітрасць шапнула яму, што трэба, каб гэтая дзяўчынка ведала пра Лену.
— Не, — адказаў ён.
— Паслязаўтра ж восьмае! А адкуль яна?
— З Менску.
— Адбіце тэлеграму.
«А сапраўды... Сам не мог прыдумаць... Лісты правяраюцца, а віншавальная тэлеграма каму трэба! І аб сабе знак падам, і яна вымушана будзе адказаць, хоць пару слоў...»
— Малайчына ты... Давай тады разам прыдумаем тэкст.
Яна з гатоўнасцю, хітравата і задаволена ўсміхаючыся, удзячная, што ў яе папрасілі такой няцяжкай дапамогі, пачала дэкламаваць:
— Пусть солнце нежных глаз коснется, и счастье...
— Усё гэта, мілая Наташа, банальшчына. Ды яна і чытаць па-руску не стане... Самыя прыемныя словы — простыя, звыклыя, шаблонныя... Давай так: «Лена, віншую цябе са Сьвятам. Жадаю шчасьця». І ўсё.
— Лена, — паўтарыла дзяўчынка.
Васкевіч папрасіў яе пасядзець тут трохі, забег на пошту; думаў, управіцца хутка, але там было поўна людзей — якраз давалі пенсію. Вяртацца не стаў, дачакаўся сваёй чаргі, выцерпеў, калі сярод мёртвай цішыні паштарка, знарок няправільна выгаворваючы словы, перапытваючы яго ўвесь час, па тэлефоне прадыктавала яго тэлеграму ў горад, на паштамт... Яму здалося, што пратырчэў тут мо з гадзіну, і ён упэўнены быў, што дзяўчынка пайшла.