Страница 40 из 77
спадзяваньні пад млосным небам.
І ня хочуць цьвісьці усьмешкаю
рытмы вуснаў на чэрствай глебе,
зь весялосьцю чужой ня мірацца,
ня ступаюць сумесна кроку,
на журботнай у песьнях лірыцы
пакідаюць свой сьлед глыбокі.
Як упартасьць такую выраку
за мара́мі — на жоўтай высьпе?
Кажуць, голас ліхога выраку
над маёй галавою высьпеў...
Бо ня сходзяцца горы з горамі,
ня збліжаюцца і узвышшы...
Навет думкам, цяжкім і змораным,
на спатканьне ніхто ня выйшаў.
Амэрыка, сьнежань 1947
СЬЦЕНІ
Ліра-паэма
1
Падышла і моўчкі села,
прытулілася да цела.
Ад цяпла і тонкіх ліній
загарэўся ў сэрцы сіні
аганёк... Пакратаў вусны
і нясьмела словам луснуў.
Няпрыкметнае такое,
не давала супакою...
Я зірнуў у зоры-вочы,
на аблічча — твар дзявочы,
на вясёлкі броў і веек,
грудзі — белыя лілеі,
хараство і крылы-рукі
і адчуў цяжкія мукі...
2
Нацямочку з хаты выйшаў —
спакусіла чараўніца,
каб да сонца зь белых вішань
росаў першаму напіцца
і прыслухацца да мовы
траў і зор у небе чыстым,
зьвіць у сподзіў адмысловы
слоў адборныя маністы,
акрапіць валогай сіні
некранёнай вуснаў смагі,
каб вятры не замясілі
чысьціні шальмоўствам магаў,
каб яна (мы каштавалі
абяцанкі жоўтай скрухі)
разгарнула дум крышчалі
па-над посьніцаю духу.
3
’Шчэ драмалі струны ветру,
і сады усьцяж маўчалі,
толькі ўжо зямныя нетры
адмыкаліся ключамі...
Рассыпаўся звон іскрысты
глыбіні на роснай стыні.
Шэлест лісьцяў цымбалістых
выплываў у стройным стылі
зь цішыні і нікнуў дзесьці
ў ніцях польнасьці рудое.
Далікатна скроні песьціў
шоўк сьвітальны сырадою,
напаўняў душу да сыці,
грудзі... Вылучыўшы змогу,
цалаваўся, змыўшы прыцем,
з хмаркай месячык двухрогі.
4
Золак выцадзіў з-за пушчы
полуд медзіва на стрэхі,
цяжка раніцы расплюшчыць
сум прытоптанага сьмеху.
Ён тугі, як глыбы, глейкі,
нібы месівішча гліны...
Распластаўся раптам нейкі
над зямлёю сьвет савіны.
І маўчала чараўніца —
макаў цьвет, кары мігценьне,
каля пнёў бярозак ніцых
лбамі стукаліся цені,
ад касьцей сухога хрусту
варушыліся узвышшы...
Напаілі смагу вуснаў
кроплі сьлёз ізь белых вішань...
Боль і прыкрасьць насалоды —
лепш зубамі камень грызьці.
Мрояў пешчаныя роды
запякліся каля выйсьця.
5
Палажыў на горб уласны
клунак крыўды — хай трымае.
Залатыя сонца пасмы
засланіла сьцень жывая...
Задаволеная, села
і таўчэцца каля клямкі,
быццам зьвер які ля цела
аблюбованае самкі.
І вартуе сьцены хаты,
часта дзівіцца у вокны,
ці жывы йшчэ дзень расьпяты
на шпянёх вуглоў вільготных.
Прыціскае, непакорны,
да грудзей расьпяцьце крыжа.
І яна ад злосьці чорнай
языкамі шыбы ліжа,
чырванее, стрэміць ікры,
іклы шчэлепамі шчэміць...
Адчуваць мне вельмі прыкра
блізіню свайго зьнішчэньня.
6
Я стаю і моцна зябну,
прытуляюся да шульля.
Вецер вецьцем кволых яблынь
лашчыць зрэбную кашулю.
Вось яе, адзінай толькі,
не напнуць на плечы сука,
бо у нітцы кажнай столкі