Страница 4 из 6
— А яны ж малайцы, — выглядаў з высокіх жытоў палявік. — Умеюць у сваіх валадарствах распарадзіцца як трэба. — І хуценька, каб не заўважылі, хаваўся назад. Так, павінна, павінна ўсё як найлепей атрымацца. Але гэтага ён ім не скажа, не. І так ганарыстыя «вох» ды «буль». А ён жа, палевічок-палявушка, зробіць яшчэ лацвей. Не быў бы самым-самым.
Стала чэзнуць высокае каласістае жыта. Змарнелі-змізарнелі грэчка, авёс, проса ды і ўсё поле. І гэтага няшчасця не вытрымалі людзі. Апусціліся ў іх рукі, адчайна забіліся сэрцы. Заплакалі, бедныя, уголас. Прызналі сваё гора.
— Ага! — радасна гопнулі лесавік, вадзянік, палявік. — Цяпер чакацьмем.
Галосяць вясковыя, жаляцца, не хаваюць сваёй скаргі ад свету. Чуе іх вялікі, але не спачувае, не адгукаецца. І тады, як ніхто ўжо не чакае, як усе паверылі, што знямеў белы зусім, вяртае да пакінутых у няшчасці сваё ратавальнае дыханне.
Ахінае зямлю цёмная-цёмная ноч. Бяжыць мройнымі прывідамі, пакідае нязгасныя сляды. Не знікае зусім перад ясным днём. Кінула на дол сваё покрыва з промняў зор, з таемнай цішы, з летуценных сноў. Скінулася покрыва, задрыжэла, растала. І паўстаў з яго, паляцеў драпежнай птушкай на золку, паімчаў белым аленем, стаўся чалавекам. нехта. Нехта.
— Цёмны чарадзей, вох!
— Цёмны чарадзей, буль!
— А хто ж яшчэ?! Ша! — пацягнуўся палявік, які хоць і сачыў за шляхамі-дарогамі, але паспеў добра прыжмурыць вока і цяпер не хацеў, каб сябры-суседзі тое заўважылі.
Ды лесавіка і вадзяніка займала іншае:
— Я пастку ў лесе зраблю. Вох?
— А я буду лавіць. Буль?
— Ды ты ў лес мой ніколі не хадзіў!
— Тады я пастку ў возеры зраблю.
— А я буду лавіць!
— Дык ты ж плаваць не ўмееш.
— Суседчыкі-братачкі! — павёў рэй палявік. — Не такі гэты чарадзей і просты. Не так сабе пойдзе ў лес. А ў возера зусім не пойдзе, — тыцнуў сарванай валошкай проста вадзяніку ў нос. — І не думай.
— А я не думаю, буль!
— І я не думаю, вох!
— А я вось думаю, — абвёў позіркам суседзяў галоўны завадатар. — Лавіць чарадзея давядзецца разам.
— Разам, вох.
— Разам, буль.
— Разам! На межах нашых валадарстваў. Там ён будзе слабым. А мы колам станем і зробімся моцнымі-моцнымі.
— Моцнымі. Страшна, вох.
— Моцнымі. Боязна, буль.
— А вы не бойцеся! Ухопім яго, тут яму.
— І гамон! Вох!
— Гамон-гамон, буль!
— Які гамон? Палон, палон, — прытупнуў палявік. — Вы што, зусім з глузду з’ехалі?
— Палон, вох, прабач, палевічок.
— Палон, буль, не забуду, палевічок.
— Але давядзецца зрабіць тое-сёе, — палявік, лесавік, вадзянік па-змоўніцку пераглянуліся.
І адкрыліся лясныя нетры цёмнаму чарадзею. Паклікаў, загукаў яго лес, нібы свайго сябра. Не адазваўся лясам чарадзей. Усміхнулася-падміргнула сінім вокам самае прыгожае возера. Заплёхала прызыўна, звонка, нібы свайму брату. Не з’явіўся вадзе чарадзей. Шаўковай хусцінкаю раскінуліся палі ды палеткі. Васількі са званочкамі зашапацелі тоненька, прачула, адкрылі вечнае спеўнае лета. Толькі не спакусіўся на яго чарадзей.
Ледзьве сябры не адчаіліся, як не адмовіліся ад свайго жадання зрабіцца добрымі ды ласкавымі. Амаль супынілі свае парыванні:
— Гора-гора нам, вох.
— Бяда-бяда мне, буль.
— Я ж розуму не прыкладу, ша.
Але ці то бяда-гора сама супынілася, пабаяўшыся дужацца з вернымі сябрамі, ці то чарадзей сапраўды прыходзіў туды, дзе быў патрэбным. Невядома. Адно з’явіўся там, дзе сыходзіліся і лес, і возера, і поле, цёмны. Нечакана, раптоўна, напалохаўшы ўсіх трох, якія не маглі нічагуцькі сабе дарадзіць.
Удаўся ціха і адразу аказаўся-азваўся:
— Шукалі мяне, лесавік, вадзянік, палявік? Прыйшоў я да вас, — і працягнуў, атрымаўшы ў адказ здзіўленае маўчанне. — Хопіць мучыць людзей. Хопіць вам ужо.
— Вох?
— Буль?
— Ша? — не сцярпеў і палявік, як абудзіўся ад зімовага сну.
— Пакіньце, кажу, здзекавацца з вясковых, — цярпліва даводзіў чарадзей. — Вы ж не злыя, не шкодныя.
— Не злыя, вох?
— Не шкодныя, буль?
— Але страшныя-страшныя, ша!
— Злавілі цябе, злавілі, вох!
— Узялі ў палон, буль!
— Якое паймалі-ўзялі? Ён жа сам прыйшоў, ша!
— Тым болей! — аж пляскаюць у ладкі вадзянік і лесавік. — Як у нас, дык не адпусцім ужо.
— Можа, і не адпусцім, — асцярожна зірнуў палявік у вочы чарадзею. — Табе ў нас лепей будзе. Што, не верыш?
Нічога не прамовіў чарадзей, адно чакае, што ж далей станецца. А было ўсё проста. Досыць нарадаваўшыся, лесавік, вадзянік, палявік згодна ўзяліся за рукі, паўсталі перад сваім палоннікам ды наказалі:
— Рабі нас, чарадзею, добрымі, ласкавымі, спагаднымі. Каб людзі шанавалі, сябраваць не баяліся. А іначай дрэнна табе будзе.
І засмяяўся з такога жадання-наказу чарадзей, лёгка, прачула, быццам скінуў з плячэй вялізны цяжар. Нібыта не зводзілі далёка-далёка цяжкія дарогі. Не цвілі ў сэрцы горкімі палынамі расстанні. Не падалі зоры, не дазваляючы забыць пра страты, пра ўсіх тых, каго ён не збярог. Смяяўся чарадзей, як нібы ніколі не бачыў на белым свеце няпраўды, крыўды, здрады. Быццам не станавіўся цёмным ад спазнанага. Смяяўся чарадзей.
— А ці не з нас ты, чарадзейка, рагочаш? — зрыхтаваў ладныя кулакі лясун.
— А ці не я ж такі смяхотны? — вадзянік звыкла азірнуўся, шукаючы, дзе б лепей чарэпнуць жвіру.
— А што смешнага мы сказалі? — неяк не падумаў пра бойку палявік. Гледзячы на яго, ахалануліся і сябры-суседзі.
Суняўся чарадзей. Адказаў і пэўна, і проста:
— Анічога, анічога смешнага. Але ж я так узрадаваўся таму, што вы хочаце стаць добрымі, ласкавымі.
— Спагадлівымі, не забудзь! — строга прабурчэў вадзянік.
— Стаць добрымі, ласкавымі, спагадлівымі, — паслухмяна згадзіўся чарадзей, — што не змог схаваць усцехі. Вялікай, шчырай.
Палагаднелі вадзянік ды лясун, а палявік за ўсіх трох нібы папрасіў:
— Дык зрабі нас такімі, чарадзею. Зайграй на сваёй скрыпцы.
— Маю скрыпку. Незвычайную. — лёгка прызнаўся палоннік. — Ды ёсць за яе чары большыя, мацнейшыя, якраз патрэбныя для вашай справы.
— Большыя, вох.
— Мацнейшыя, буль.
— Давай іх сюды хутчэй! — скокнуў палявік.
— Чары тыя схаваны-затоены ў вас саміх, — быццам нічога не пачуўшы, працягнуў чарадзей.
— У нас саміх, вох?
— І ўва мне, буль?
— Вы ж, валадары лясоў, азёр, палёў, самыя чарадзейныя. Магутныя, ведныя. Чаму вам не быць добрымі, не быць спачувальнымі? Дзівосныя таямніцы вашых валадарстваў. Верай ды спагадай адгукаюцца мне спеўна-шумлівыя лясы. Радасна свецяцца, сустракаючы, вочы вечна сініх азёр. Пра жыццё раскажа жыта ў палях, пагамоніць са мною аб пражытым, аб непражытым. Вы як цуд нам, смяротным, простым! Нашыя дзяды, бацькі, унукі доўжаць род. Дзівяцца на вас, лесуноў, вадзянікоў, палевікоў, вечных, як лясы, як азёры, як палі, без якіх аніяк не пражыць чалавеку. І шануюць вас, шануюць, нават калі змрачнее лес, патыхаюць гневам азёры, а чорнай нялітасцю — палі. Супыніце ж і цяпер сваю крыўду.
— Ды супынім, супынім, вох. Як ты прачула сказаў.
— Буль, у мяне аж слёзы пайшлі.
— Ша, яны ў цябе заўсёды сыпляцца з вачэй. Але будзе вясковым наша лагода. А пра тыя чары, што ў нас саміх ты, чарадзею, не ўсё сказаў.
— Ды што ж яшчэ сказаць? Дабрыня, міласэрнасць, спагада бліжэй, чым здаецца. Дапамажыце таму, хто заблукаў у непраходнай пушчы. Няхай хутчэй знойдзе дарогу дамоў. Не пакіньце таго, хто вось-вось патоне ў глыбокім возеры. Няхай шчасліва выберацца на бераг. Дадайце сілы, калі нехта, стаміўшыся, жне ў полі высокае жыта. Няхай адужае свой палетак. І людзі прымуць вас як родных.
Толькі прамовіў так чарадзей, як лесавік, вадзянік і палявік кінуліся бегчы з усёй моцы. І пайшло ўсё ладам.
Ішоў увечары адзін чалавеча праз лес, праставаў, добра ведаючы дарогу. Заблукаў-завадзіў яго лесавік, аж пакуль на досвітку не вывеў небараку проста да роднай хаткі. Здагадаўся той, у чым справа, выцер пот з ілба ды пажадаў, каб лесуна добра Пярун ляснуў.