Страница 3 из 6
Яе адразу глынула перасохлае поле, як папрасіла яшчэ.
— Што ты гразі мне напускаеш! — не стрымаўся палявік.
— Якой такой гразі? Глеба стала, што камень. Дажджу просіць, — паважна адказаў вадзянік.
— Дык дажджу, а не вады! — фыркнуў, нібы кот, палявік.
— Браточкі-суседзікі, — усхапіўся лесавік. — Навошта ж нам зноў сварыцца. Да таго ж вядома даўно, што дождж — гэта таксама вада.
— Але ж, вада, — упэўнена мовіў вадзянік. — Гэта я, вадзяны валадар, табе кажу.
— Ну, можа, і вада, — пагадзіўся палявік, ужо зразумеўшы, што трохі даў маху. Трэба было ў чым іншым вадзяніка звінаваціць. Ці лесавіка. Ці абодвух. А самому, пакуль тое ды сёе, зрабіцца добрым і шчырым. Ах, не дакумекаў! Шкада, шкада!
— Слухайце, браточкі-суседзікі, — веў між тым далей лесавік. — А давайце ўсе трое зробімся і ласкавымі, і спагадлівымі. Так яно і лацвей, і цікавей.
«Ага, лацвей, — падумаў вадзянік. — Захапіць лесу палявое валадарства. Зашумяць сасёнкі з бярозкамі.».
«Ага, цікавей, — упэўніўся палявік. — Захапіць лесу вадзяное валадарства. Дачыста выпіць, а на тым месцы бярозы з сасёнкамі вырасціць».
— Не можа быць, каб мы на тры галавы ды такую справу не здужалі! — лесавік пляснуў у далоні.
— Ат, чаго там, здужаем, — плюхнуў і вадзянік мокрымі рукамі, абпырскаўшы і палевіка, і лесавіка. — Ды толькі як?
— Як?
— Можа так.
— Не!
— А можа.
— Не!
— І не думай!
— Ды я і не думаю!
— Вось і не думай!
— А я ведаю, ведаю!
— Не, не ведаеш!
— Не ведаеш!
— А вось жа ведаю! — аж падскочыў ад радасці палявік. — Нездарма ж я чаго толькі не бачыў, чаго толькі не чуў, чаго толькі не чуў, чаго толькі не бачыў!
— Ну! Кажы!
— Кажы!
— Ходзіць-вандруе па белым свеце непрыкметны цёмны-цёмны чарадзей, — распачаў палявік, зручна ўладкаваўшыся ў высыхлай траве, а лесавік і вадзянік слухаюць, утаропіўшыся. — Але не злы, не помслівы.
— Цёмны чарадзей, вох.
— Цёмны-цёмны, буль-буль.
— Зоры ў ягоных вачах, — аж паказаў на неба палявік.
— Зоры ў вачах, вох.
— Зоры, буль-буль.
— Вецер у ягоным сэрцы, — шырока гайдануўся палявы валадар, як бы спрабуючы паказаць вецер, але толькі выцяўся патыліцай аб зямлю. Праўда, тут жа падхапіўся.
— Вецер у сэрцы, вох-вох, — прыцмокнуў ад захаплення лесавік.
— Вецер, вецер, буль-буль-буль, — зачаравана ўсхадзіўся вадзянік.
— А нікім нязведаныя, а нікім няходжаныя шляхі пад нагамі, — аж прыўстаў заўзяты бай.
— Нязведаныя шляхі, вох.
— Нязведаныя шляхі, буль.
— Прыходзіць цёмны чарадзей туды, дзе болей за ўсё патрэбны цуддзіва.
— Цуд, вох.
— Дзіва, буль.
— Нечакана з’яўляецца там, дзе плач, дзе гора.
— Плач, вох.
— Гора, буль.
— Зайграе той чарадзей на незвычайнай скрыпцы. Кажуць, дарунку самога вялікага Сварога.
— Скрыпка, вох.
— Дарунак, буль.
— Як толькі дакранецца струн чарадзей, адразу станецца ўсё чыста гэтак, як ён захоча.
— Вох.
— Буль.
— Ну чаго вы, боўдзілы, вочы прыжмурылі? Вось і ўвесь сказ, — жвавы палявік лёгка ўсхапіўся на ногі.
— Вох?
— Буль?
— Вох, буль, — перадражніў палявік. — Падумайце лепей, як нам гэтага чарадзея ды перастрэць.
— Ці злавіць, — прыемна ўсміхнуўся «вох».
— Ці змусіць нам служыць, — з веданнем справы пацёр рукі «буль». — Няхай на скрыпцы дзень і ноч іграе, робіць усё, як мы захочам.
— У палон узяць, — знайшоўся і красамоўны бай, які пакуль што пагаджаўся хоць бы дзеля таго, каб зрабіць усё па-свойму.
— Вох, — узрадаваўся лясун-лесавік. — Я ж ведаю, як.
— Буль, — як не пагадзіўся вадзянік. — А я ведаю?
— Ведаеш, ведаеш. Чаго тут ведаць, — рашуча махнуў рукой палявік. — Я дык пэўна ведаю. Але рабіць усё прыйдзецца вам.
— Чаго гэта нам? — азваўся лесавік.
— Чаму гэта мне? — прабурчэў вадзянік.
— Ну, тады я нічога не ведаю, — палявік сабраўся пайсці прэч, не азірнуўшыся.
— Стой! Куды! Ладна ўжо, зробім, вох.
— Стой! Хай сабе, было б што рабіць, буль.
— Дык слухайце, — палагаднеў палявік ад такой суседскай згоды. — Валадарствы свае чынна ў руку заганіце, не спіце, не ешце, а каб усё сталася так: няхай лес не падорыць людзям ані грыбоў, ані ягад.
— Ані трэсачкі дроў, — задаволена пасміхнуўся лесавік.
— Якія дровы летам? — здзівіўся вадзянік. — Дровы ж саннай дарогай возяць.
— А ты не лезь у тое, чаго не ведаеш! — лясун-лесавік звысоку зірнуў на нейкага там вадзянічка.
— Няхай возера не падорыць людзям ніводнай, нават самай маленькай, рыбінкі, — працягваў, як нічога не чуў, палявік.
— Ні аеру, ні ціны, — задаволена пасміхнуўся вадзянік.
— Ды каму твой аер, твая ціна наогул патрэбныя? — знайшоўся лесавік. — Не чапаюць іх ні зімой, ні летам.
— Не суй носа ў чужое проса! — вадзянік пераможна зірнуў на лесуна. — Мне лепей ведаць справы свайго валадарства.
— Ды якое ў цябе, вадзяніла, проса? — аж засмяяўся лесавік. — Ці ты з вялікага розуму проса па вадзе пасеяў?
— А што, можна? Вырасце проса ў возеры? — шчыра зацікавіўся вадзянік. — Вось зраблюся добрым, ласкавым, дык і проса ў возеры будзе нібы ў полі красаваць.
Лясун, пагардліва зірнуўшы, гэтым разам нічога не сказаў, а палявік не суняўся:
— Але і проса. Грэчка, авёс, а галоўнае, жыта, жыта. І так я добра падсушыў.
— Бо не гаспадар, — прашаптаў лесавік.
— Не гаспадар, — аднымі вуснамі прамовіў вадзянік.
— А так, перакаці-поле.
— Ага, толькі б спаў.
— Лынды біў.
— Сказы-показкі непатрэбныя баяў, — вадзянік як забыўся, што толькі-толькі сам показку слухаў, за вушы не адцягнеш.
— Добра падсушыў, а цяпер пастараюся яшчэ болей. Прападзе ўсё дашчэнту! — палявік прытупнуў нагой. — Заплачуць людцы, забядуюць.
— З’явіцца да іх чарадзей, — весела падскочыў лесавік.
— А мы яго тут і схопім! — здагадаўся пра ўсё вадзянік.
— У палон возьмем! — не адступіўся ад сваёй задумы палявік.
— І прымусім, прымусім зрабіць нас і добрымі, і спагадлівымі, — зацягнулі ў адзін голас лесавік і вадзянік.
— Слухайце, вы, «вох» ды «буль». — раптоўна перамяніўся палявік.
— Чаго? — у непаразуменні лыпнулі вачыма тыя.
— Напачатку прымусім чарадзея зрабіць мяне добрым, спагадлівым, чулым. А пасля ўжо вас — добрымі, спагадлівымі. Вось так.
— А чаму гэта цябе і добрым, і спагадлівым, і чулым, а нас толькі добрымі ды спагадлівымі? — перапытаў лесавік.
— Пакрыўдзіць мяне хочаш? — надзьмуўся вадзянік.
— А таму што вас, калода і лужына, чулымі не зробяць аніякія чарадзействы на ўсім белым свеце! — пераканана выгукнуў бай. — Тут і казаць няма чаго!
— Як? Вох.
— Чаму? Буль.
— Навошта ж так?
— А можа, дарадзіш чаго?
— Дараджу, дараджу. Толькі вунь той узлесачак няхай на маё поле цянёк кідае. І возера вады мне дае, колькі захачу.
— Згода, чаго там.
— Чаго там, згода.
— Ну, за справу! — зухавата падскочыў палявік. — Валадарствы — у руку.
Гопнулі лесавік, вадзянік, палявік ды пабеглі ладзіць парадак у сваіх валадарствах.
ЛЕСАВІК, ВАДЗЯНІК, ПАЛЯВІК
І навялі добры лад сябры-суседзі. Моцнымі аказаліся ў іх рукі, доўгімі, учэпістымі. Пакаціўся глухі пошчак па лесе, пайшло высокімі хвалямі возера, гулам-водгуллем азваліся палі, напалохалі калючую ігрушыну, чаго раней не здаралася ніколі.
— Вох-вох-вох, — гнеўна стагнаў на ўвесь лес чарадзейны голас.
І беглі напалоханыя зайцы з вавёркамі збіраць ягады, грыбы. Усё-ўсё дачыста, абы людзям і следу не пакінуць. А ваўкі шчыравалі, бы ў тую Піліпаўку, выганялі з лесу скаціну. Мядзведзі трушчылі пчаліныя вуллі. Але не плакалі, цярпелі, трымаліся вясковыя.
— А справа ў яго ідзе на добры лад, — зайздросна выглядаў-вынырваў з хваль вадзянік і стараўся яшчэ болей за суседа.
Схавалася ўся рыбка ў глыбокіх нератах. Паперакульвалі русалкі чаўны, распусцілі як не на ўсё возера свае доўгія зялёныя косы. І нават прыгожыя спадніцы з чырвонымі паяскамі, што дзяўчаты ў возеры мылі, з рук пахапалі. Засмуціліся-зажурыліся, але ўсё ж не заплакалі, сцярпелі людцы.