Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 6 из 23



Рудавалосая гарэзніца трохі збянтэжылася, нават у святле пахавальных свечак была заўважная чырвань на яе шчоках.

— Падумаеш, а што я такога сказала... Ды не трэба мне той карбункул...

Пан Беларэцкі ўжо не ўсміхаўся.

— Гісторыя ведае выпадкі, калі дастаткова было слова, і гарады патаналі ў крыві... Дарэчы, каб не цноты адной юнай менчанкі, у нашай ратушы не было б і прывіда...

Улад і Ной перасталі свідраваць адзін аднаго позіркамі, сумеліся і нават прыселі, здагадаўшыся, што зараз пачуюць чарговую страшную гісторыю. Абодва стараліся не глядзець на Зосю, толькі Дарота кінула на сяброўку пякучы позірк і задала спакойнае пытанне:

— Але ж, пан Андрусь, у Менску няма ратушы... Яе даўно зруйнавалі.

— Ведаю...— Пан Беларэцкі адкінуўся на крэсле, нібыта рыхтуючыся чытаць доўгую лекцыю.— Зруйнавалі ратушу па асабістым загадзе Мікалая І, каб не нагадвала гораду пра Магдэбургскае права ды былыя вольнасці... Але ж месца, дзе яна стаяла, у часе і прасторы не змяняецца... І захоўвае памяць пра былыя падзеі.

Гісторыя пра Менскую ратушу

А здарылася гісторыя, пра якую я вам распавяду, у авантурным 18-м стагоддзі, як яго вычварна мянуюць, «век плашча ды кінжала»... У беларускім звычаі была шляхецкая шабля. Або шастапёр — булава, якой раструшчвалі на двубоях косткі. Страшнейшая, чым меч, зброя. Бо згодна традыцыі, пакуль не паказвалася дастаткова крыві — гэта значыць, каб Нямігай лілося,— двубой не перапынялі. А ад удару булавы крыві мала. Вось і ўзнікла, так бы мовіць, пакаленне прабітых чарапоў... Аднымі з характарных асобаў эпохі, безумоўна, былі браты Валадковічы, нашыя землякі — адсюль, з Меншчыны. Асабліва даўся ў знакі сучаснікам Міхал — піток, буяш, дуэлянт і аматар жаночага полу... Не дзіва, што ў магната Кароля Радзівіла зрабіўся Валадковіч улюбёным сябрам і таварышам па ігрышчах ды несамавітых выхадках. І ніхто не насмельваўся пярэчыць гэтаму боўдзілу і прапойцу, бо з Радзівіламі вадзіцца — усё роўна што цалавацца з Пацалуйным мостам у Траецкім... І вось напярэдадні Святадухава дня, які завецца ў нас Дзяды, Валадковіч праязджаў праз Менск, пакінуўшы гораду на памяць разгромленую карчомку і трох параненых шляхціцаў-менчукоў. Вечарэла, і коннік спяшаўся выехаць за гарадскія вароты, каб да змрочнага лістападаўскага вечара даехаць да бліжэйшай падарожнай карчмы. Дзесьці напрыканцы Зыбіцкай вуліцы, якраз там, дзе Свіслач робіць пятлю, стаяў каменны двухпавярховы дом з высокімі зялёнымі аканіцамі, якія заўсёды былі зачыненыя. Расказвалі, што калісьці ў гэтым доме жыў купец з прыгожай дачкой. Да дзяўчыны сватаўся бедны шляхціц, і, не ведаю, як ужо акрутна трэба было ўчыніць з тым хлапцом, але напярэдадні яе вяселля з іншым — багатым — адвергнуты кавалер схапіў дзяўчыну ў абдоймы і разам з ёю ўтапіўся. Пасля будынак выкупіў іншы купец, і хаця калядоўшчыкі, валачобнікі, жабракі і мніхі, шчыруючы на вялікія святы, ні разу не атрымалі з гэтага дому і найменшай міласціны, час ад часу з-за зачыненых аканіцаў даносілася музыка і гукі вясёлай бяседы. Паколькі магістрат лічыў, што тут усё ў парадку, ніхто і не думаў соваць нос за суседскі плот... Тым больш дом карыстаўся не вельмі добрай славай.



Дык вось, ехаў Зыбіцкай вуліцай Міхал Валадковіч з двума амантамі-сябрукамі. Шапка набакір, дыяментавы «гуз» ззяе, як поўня, рука ў бок упіраецца, але гатовая вокамгненна ўхапіцца за дзяржальна шаблі — вось яна, найлепшая сяброўка шляхціца, дрэмле ў похвах, як маланка ў хмары, не ўгадаеш, не ўпільнуеш, калі зблісне прагай крыві. Калі ў доме з зялёнымі аканіцамі расчынілася акно, рука пана Міхала дакранулася да дзяржальна, але тут жа пацягнулася да шапкі — пачціва прывітацца, як і належыць шляхціцу... Бо з вакна глядзела на Міхала самая прыгожая жанчына з усіх, якіх ён калі-небудзь бачыў... А бачыў ён усялякіх прыгажунь — і ў Варшаве, і ў Вільні, і ў Нясвіжы... У апошніх промнях вечаровага сонца бледны твар незнаёмкі свяціўся, як снег. Зялёныя вочы насмешна пазіралі з-пад тонкіх, выгнутых, як абрысы крылаў чаіцы, броваў, і замест напудранага парыка галаву панны вянчала ўкладзеная каронай чорная каса. І сукенка была чорная, з дарагога тонкага аксаміту. Паненка, не хаваючыся, пільна разглядала рыцара, з чаго той выснаваў, што райская птушачка ляціць проста ў сіло. Пан Міхал ужо трымаў у роце, як перліну, першае галантнае слова, але прыгажуня гучна вымавіла с неверагоднай насмешкай:

— Страхаморца!

Што азначала не больш, не менш, як баязлівец. І зачыніла акно.

Пан Валадковіч нейкі час выяўляў з сябе хвашчоўскага ёлупа, не ў змозе ўцяміць абразу. Яго — яго! — назваць баязліўцам! І хто? Белагаловая! (так, спадарства, у Вялікім Княстве называлі ўсіх кабетаў, нават з такімі чорнымі валасамі, як у дзёрзкай незнаёмкі з вуліцы Зыбіцкай). У абразы былі сведкі — два аманты Валадковіча з некаторай трывогай чакалі, у які «няіставы» ўчынак выплюхнецца ягоны гнеў. Першае, што зрабіў пан Міхал — пачаў з лаянкай калаціць у вароты злашчаснага дому. Але за высокім, абабітым жалезнымі палосамі, плотам не было ані гуку, ані руху. Дом стаіўся, нібыта ў ім валадарыў пыл. Дый што паробіш, калі і адчынілі б — на двубой выклікаць дурную кабету? У вачах Валадковіча яшчэ свяціўся яе па-незямному прыўкрасны твар, і голас — як звон дамаскага ляза...

Пачынала цямнець, і пан Міхал паддаўся на ўгаворы і адправіўся прэч з праклятага гораду... Але прага помсты кроіла ягонае сэрца. Калі не можа ён узяць уладу над прыгажуняй, возьме разам з ейным горадам! Не адгародзіцца ніякімі платамі.

І вось жаўнеры сардэчнага Міхалава сябра Караля Радзівіла ў Менскай ратушы, у зале, дзе сабраўся магістрат... І паны радцы, стойваючы гнеў, прымаюць «баламута» Валадковіча ў кіраўніцтва горадам...

Дунін-Марцінкевіч не дарэмна пісаў, што Менск наш скрозь весяленькі... Дадаў Міхал Валадковіч весялосці нашаму месту. Ніхто не адчуваў сябе абароненым — ні прыгожая паненка, ні пан суддзя, ні нават ксёндз у касцёле... Не тое, што мужыку ці мешчуку, але і шляхціцу мог загадаць на месцы сто і адну нагайку ўсыпаць — норма такая ў Валадковіча была... Ксяндзу Аблачынскаму адпомсціўся за тое, што той выкрываў у Марыінскім ягонае п’янства — прывёў падчас імшы на плошчу цыганоў з медзвядзямі ды малпамі, ды выкаціў бочку віна... Вось табе і казань атрымалася — як піша Крашэўскі, «нешта звінела, бубнела, мэкала, трубіла, пішчэла, смяялася самымі нязвычнымі галасамі». Не баяўся пан Валадковіч нікога, нават Госпада... Аднойчы секануў мечам па стале, за якім засядаў менскі суд, ды распяцце рассек... Мніхі-дамініканцы на пахаванне ішлі — насілкі адабраў, музыкам загадаў граць пахавальны марш, а сам ішоў і спяваў... Але гучней за цыганскія спевы і барабаны гучэў у ягоных вушах пагардлівы голас: «Страхаморца!» Вядома, шукаў Валадковіч тую прыгажуню... І не ведаў, што яму больш прынесла б задавальнення — збіць яе альбо абняць? Яна ж дакладна тут, у горадзе... То на імшы ў прытворы на імгненне свяціўся яе бледны твар, то ейны сыльвэт мільгаў за вакном ратушы... Валадковіч кідаўся — але ніколі не мог яе дагнаць. Нічога, калі назірае — значыць, неабыякавая... Няхай пэўніцца, што нічога на свеце не баіцца Валадковіч. Таму, калі пана Міхала ў чарговы раз паклікалі на суд у ратушу, а дабразычліўцы паслалі папярэдзіць — радцы згаварыліся асудзіць на горла, да смерці, Валадковіч не захацеў уцякаць, не схацеў нават папярэдзіць свайго магутнага апекуна... Ён прыйшоў на суд, і паводзіўся яшчэ больш буйна, і мільгацелі за спінай стрывожанага натоўпу зялёныя вочы... Калі буяша скруцілі і прыкавалі ланцугамі да сцяны ў скляпенні ратушы, ён лаяўся і жартаваў... І ў нянавісці суддзяў меўся дамешак страху, як у старым віне — корсткі прысмак дубовай драўніны, з якой была зробленая бочка... Нават калі прыйшоў той самы ксёндз Аблачынскі, каб паспавядаць асуджанага перад смерцю — той не пажадаў каяцца, страшэнна лаяўся і блюзнерыў, нібыта лічыў усё, што адбываецца, дурным жартам. На нейкі час злачынцу пакінулі аднаго. І тады да яго прыйшла Яна... У цёмнай сукенцы, з укладзенымі на галаве чорнымі косамі, быццам карона царыцы ночы, і з такімі дзёрзкімі зялёнымі вачыма, што Валадковіч, можа, упершыню ў жыцці адчуў, як сэрца слабне ад чужога пагляду... Яна падышла блізка-блізка, угледзелася ў твар палоннага і ціха, заспакоена прамовіла: