Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 22 из 23



Мне зрабілася млосна. Мой маленькі, спакойны, няяркі свет распаўзаўся, як сатлелы сувой.

— Чакай, я ж яму ўчора званіла... Гаварыла з сакратаром...

Дамагурскі нявесела засмяяўся:

— Які сакратар... З табой размаўляў следчы. А я ў гэты час сядзеў у куце пакою ў якасці сведкі. Мы ж з Аркадзем разам вярталіся. Хачу спытаць у цябе пра тое-сёе...

Я зразумела, што Юрасёў візіт не мае лірычна-настальгічнае мэты, і гэта значна ўсё спрашчала. Таму я зварыла моцнай кавы і нават паставіла на часопісны столік два гліняныя кубкі, якія да гэтага пару стагоддзяў праляжалі ў зямлі менскага гарадзішча. Юрась ацаніў — пакруціў у руках, як найвялікшую каштоўнасць, і нават дакладна вызначыў час, калі гэтыя пасудзіны ўзніклі з гліны. Потым паказаў на мае гравюры:

— Не ведаў, што ты аматар змрочнасцяў сярэднявечча. Адкуль?

— Са Старавежску. Калі збірала матэрыял для артыкула, мне мясцовы краязнавец падарыў, Пётр Піліпавіч Калейка. Ён выявы гэтых гравюраў у нейкім італьянскім альбоме знайшоў. Нібыта гэта ў Старавежску намалявана. Я асабіста сумняваюся...

Юрась ледзь не ўскочыў з крэсла.

— Ды я ж да цябе менавіта з нагоды твайго артыкула і прыйшоў!

Я спахмурнела.

— Прабач, але я лічу за лепшае сваё журналісцкае мінулае не згадваць.

Юрась вінавата паглядзеў на мяне сваімі абуральна сінімі вачыма.

— Я не пытаўся б, калі б не думаў, што смерць Аркадзя была звязаная са Старавежскам і яго ратушай.

Я недаверліва хмыкнула. Юрась цярпліва патлумачыў:

— Мой багаты сябрук вельмі сур’ёзна да сваёй вежы ставіўся. А пачалося з таго, што дзед Аркадзя, былы партыйны дзяяч, пакінуў у спадчыну ўнуку дом у Лошыцы, і там на гарышчы Аркадзь знайшоў паўразваленую скрынку. Гэта аказаўся вельмі стары гадзіннік, з бронзавай скульптурай — смерць адсякае галаву цару. Гадзіннік Аркадзеў дзед вывез перад вайной са Старавежску, дзе быў старшынёй камбеду. Відаць, спадабалася «ідэйная» скульптура. Напачатку наш аднакурснік не звярнуў увагі на знаходку, яго нашмат больш зацікавілі дзедавы калекцыі срэбных лыжак ды нямецкай парцаляны ў стылі «кіч»... Але я патлумачыў спадчынніку, колькі каштуе гадзіннік пятнаццатага стагоддзя, «рарык», як кажуць антыквары... Тут на дзясяткі тысячаў даляраў лік ідзе. А калі яшчэ механізм цэлы — дык і да сотні тысячаў можа «дагнаць». Вось тады Аркадзь зацікавіўся. Даведаўся, што гадзіннік знайшлі ў лёхах старавежскай ратушы, разам яшчэ з адзінаццаццю такімі ж. А тыя адзінаццаць нейкі паручнік вывез у Польшчу... Тут пачаў Аркадзь і сваім радаводам цікавіцца. Відаць, нацярпеўся ў дзяцінстве, расказваў мне, як яго, сына кухаркі (гэта пасля яна загадчыцай сталоўкі зрабілася) дражнілі «булкаедам» ды прасілі «звары харчо». Баркуны, маўляў, старавежская арыстакратыя, апошні з роду мусіць аднавіць сваю княскую годнасць... Зацяўся не на жарт. Хаця дзед ягоны не дарэмна старшынёй бядняцкага камітэту быў — галота. Але Аркадзь, па-мойму, шчыра верыў, што і ратуша калісьці належала Баркунам, і гадзіннікі ў лёхах, і сам Старавежск... Збіраў дакументы пра гэтыя гадзіннікі... Шукаў, дзе яны зараз... Выкупіць хацеў.

— Хіба ён быў такі багаты? — засумнявалася я.

— Ды мне самому дзіўна...— сказаў Юрась.— У мяне ўражанне, што ён апошняе гатовы быў аддаць. Два гадзіннікі адсачыў, выкупіў за шалёныя грошы... Потым выйшаў на след нашчадкаў таго паручніка, збіраўся ў Варшаву... Крэдыты браў, акцыі распрадаў нейкія... Ды не паспеў паехаць.

— Ты лічыш, усё гэта мае дачыненне да ягонай смерці?

Мой былы выпадковы муж трохі памаўчаў, а пасля замест адказу зазначыў:

— А я ўяўляў, Анэта, ці заплятаеш ты яшчэ косы. Аказалася — так. І яны такія ж залацістыя. Цудоўна.

Я раззлавалася: гаварыў бы проста — «рудыя». А то — «залацістыя»... А каса ў трыццаць гадоў — можа, таму, што кабета перастала думаць пра сваю знешнасць. Услых я прамовіла, зразумела, іншае.

— Яшчэ пару гадоў таму ў мяне была кароткая стрыжка, і я фарбавалася ў чорны колер. А ты па-ранейшаму не здольны выказвацца проста і лагічна.



Юрась вінавата ўсміхнуўся:

— Прабач... Я не ведаю, якая тут сувязь, але апошні час Аркадзь гаварыў і думаў толькі пра гадзіннікі са Старавежску. Маўляў, яны «жывая легенда». Калі, вядома, так можна сказаць пра механізмы.

— І мне распавядалі легенду,— успомніла я.— Быццам у ратушы калісьці замуравалі смерць разам з гадзіннікамі.

Юрась задумліва працягваў:

— Аркадзь марыў праславіць сваю вежу на ўвесь свет... А для гэтага патрэбны быў яркі міф. Разумееш, калі б Брэм Стокер не сачыніў гісторыі пра Дракулу, не было б плыні турыстаў у Румынію. Але для міфа патрэбныя рэальныя падзеі і постаці, як для стварэння Дракулы спатрэбіўся ваявода Улад Цэпеш, які прыбіваў няўгодным шапкі да галоў цвікамі. Беларуская гісторыя багатая і на асобы, і на падзеі... Але іх стагоддзямі затоптвалі ў пыл забыцця і вучоная набрыдзь, і свае манкурты. Паспрабуй, збяры з аскалёпкаў... Я ўпэўнены — Аркадзь здолеў нешта знайсці. Або быў на шляху да разгадкі. Неаднойчы паўтараў мне, што надыдзе час — дзякуючы вежы і яе гадзіннікам ён мільёнамі засыплецца. Наш з табой, Анэта, аднакурснік не быў надта інтэлектуальным чалавекам. Не быў ён і добрым. Я ж ведаю — з кліентаў, якіх пасылаў да мяне, браў пяцьсот даляраў, а мне ўлучаў пяцьдзясят. Але я не веру, што ён мог забіваць нават за сваё будучае княства. І... я быў побач, калі яго застрэлілі.

А я і не ведала, што ён можа выглядаць такім сур’ёзным... Хаця і тады быў зацяты. Так, час усіх пазначае сваёй кіпцюрыстай цяжкой лапай... Я зноў утаропілася на шнары на Юрасёвым ілбе, на шчацэ. А калі Юрась пацягнуўся, каб паставіць кубак, і рукаў швэдара ссунуўся, аказалася, што такія шнары на ягонай руцэ ад запясця да локця. Ад ляза, ці што? Я чула, наркаманы рэжуць вены падчас ломкі... Але не твар жа!

Былы муж, нібыта пачуў мае думкі, правёў даланёй па зраненай шчацэ:

— І ўсё-ткі, Анэта, прабач за настырнасць, я хацеў бы даведацца гісторыю твайго знакамітага артыкула. А то мне адны чуткі дасталіся.

Я ўздыхнула.

— Хваліцца асабліва няма чым. У Старавежск я прыехала ў камандзіроўку па лісце чытача, таго самага Пятра Піліпавіча Калейкі, які мне гравюры падараваў. Раённае начальства пералавіла мяне на папярэдняй станцыі, запрасілі з аўтобуса ў машыну, усю дарогу пільнавалі, каб у мяне не было кантактаў з мясцовымі «дысідэнтамі»... Начытвалі на дыктафон нудныя справаздачы... Я была неспрактыкаванай дзеўчынёхай, але пэўная ўпартасць мне ўласціва...

— Вельмі пэўная,— не стрымаўся ад каментару былы муж.

Я сярдзіта зірнула на яго і працягвала:

— Ну дык вось... Я ўсё роўна прарвалася «ў народ», і абураныя краязнаўцы мне нагаварылі... Гарадскую ратушу на той час занеслі ў спіс гістарычных каштоўнасцяў. Дзяржава давала на аднаўленне вялікія сродкі. А мясцовае кіраўніцтва ў злосці: раён заняпалы, школкі гібеюць без рамонту, у калгасах зарплаты няма чым выдаваць... А тут у нейкія разваліны ўбіваць жывую капейку! Начальства можна зразумець... Карацей, знаходзілі тым грашам лепшае прымяненне.

— І ты пра гэта напісала сумленна і дасціпна, так?

— Напісала...— уздыхнула я.— Са сваім дурным энтузіязмам, і з непахіснай верай, што ратую свет...

— І што? Мясцоваму начальству «нагарэла»?

— Ага... Чакай... Гэта я пасля ўсвядоміла, што падобныя нахабствы без самавітай падтрымкі не ўчыняюцца. Раптам выклікае мяне наша рэдактарка Клара Сцяпанаўна і на ўвесь свой «трубны глас» абвяшчае, што я — ганьба для журналістыкі. Неправераныя факты, надуманая сенсацыя... І з-за мяне газеце даводзіцца кленчыць перад адміністрацыяй Старавежска.

— Чаму? — здзівіўся Юрась.— Ратуша сапраўды развальвалася!

— Ага... — паныла пацвердзіла я.— Толькі яе тэрмінова перавялі ў разрад помнікаў мясцовай значнасці. Сказалі — памылілася папярэдняя камісія, пераацаніла тую вежу... Так што гарадское кіраўніцтва цяпер мела ўладу даваць або не даваць сродкі на аднаўленне не надта патрэбных гораду руінаў.

Юрась толькі галавой пакруціў: