Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 17 из 23



— У вас тут утульненька... Нават свечкі ёсць. Вунь колькі. А ў горадзе па картках свечкі атрымліваюць.

— Буржуі...— прабурчэў чалавек у салдацкім шынелі.— У іх тут немавед чаго прыхавана.

— Заўтра нацыяналізуем, апрыходуем,— раўнадушна прамовіў Аляксандр.

Зося кінула хуткі вінаваты позірк на сяброўку, але Дарота маўчала, нагнуўшы галаву.

— А вось ці ёсць тут прыналежныя да контррэвалюцыйнай арганізацыі сацыял-рэвалюцыянераў? — Госці шчыльней узяліся за ружжы, запанавала маўчанне.

Дарота ўскінула галаву:

— Тут няма палітыкаў. Мы проста... расказвалі казкі.

— Ну так,— пацвердзіла Зося,— пан Беларэцкі — прафесар, ён вывучае фальклор... Абрады ўсялякія, легенды. Песні народныя. Гэты хлопец, Ной — мастак, вельмі добры. Дарота — настаўніца, як і я, толькі я прыродазнаўчыя навукі выкладаю, а яна — мовы. А Улад — артыст...

— Артыст, кажаш? — Аляксандр кіўнуў галавой у бок Улада.— А хіба не ты казала, што ён эсэр?

— Няпраўда! — голас Зосі задрыжэў і зрабіўся танюткі, як апошні кужаль.— Як ты можаш, Саша... Я табе даверылася... Гэта ж між нас дваіх размова вялася. Расказвала жартуючы... я ж не думала... І не эсэр ён даўно... Так, дзівак, валацуга...

— А рэвалюцыя жартаў не любіць,— прыхадзень пачаў, здаецца, весяліцца.— Не сцы, Зойка, ворагаў трэ вынішчаць, тады і зажывем у ліманадзе,— і павярнуўся да Улада.— Ну, ты, рукі падымі...

Двое наставілі на Улада свае ружжы, бразнулі затворы, як магільныя лапаты аб вечка труны. Улад павольна ўзняў рукі. На яго бледных шчоках загарэліся чырвоныя плямы. На Зосю ён стараўся не глядзець. А тая адчайна крычала, тузаючы знаёмца за рукаў:

— Саша, Сашачка, ну зразумей жа... Гэта памылка. Гэта ўсё сябры. Беларусы. Таленавітыя, сумленныя... Рэспубліцы яны патрэбныя. Ну няхай яны... твае... апусцяць ружжы... Як жа мне далей жыць — з гэткім...

На апошніх словах голас дзяўчыны сарваўся на шэпт.

Аляксандр уладна абняў яе, страсянуў.

— Якая ты яшчэ... несвядомая. Ворага выкрыць — не сорам. Ворага выкрыць — пачэсна. А сведкі муляюць, гэта я разумею... Ну я ж сказаў, не сцы, дзеўка, я ўсё ўладжу. Сведкаў аніякіх не будзе.

І павярнуўся да знерухомелых людзей.

— Усім — на выхад!

— Дык човен толькі адзін, камандзір! — прахрыпеў прыхадзень у сялянскай світцы. Ягонае горла абкручваў брудны шалік, зроблены, падобна, з царкоўнае парчы.— У човен толькі пяцёра сядуць.

Аляксандр паціснуў плячыма:

— Значыць, астатнія самі паплывуць. Ну...

І імгненна, як палёт кажана, выхапіў з кішэні рэвальвер.

Зося паспрабавала адвесці ягоную руку:

— Сашачка, не трэба!



— З імі хочаш? Дурніца! Яны — буржуі. А ты — пралетарка. Выбірай, з рэвалюцыяй ты або не?

Зося разгублена маўчала, перарывіста ўсхліпваючы.

— Была адна гісторыя на беразе Свіслачы,— скрозь зубы прагаварыў Беларэцкі.— Пабіліся з-за красуні два шляхціцы... Сплываюць крывёю, адзін другому і кажа: «Што ж мы, абодва памром, а панне нашай самотнай жыць... Пайшлі, пакуль на нагах, да яе — няхай выбера, каму памерці. А другі перавяжа свае раны і спазнае шчасце». Прыйшлі да дому панны, барваю шлях паліваючы — а з яе акна трэці, шчаслівы, вылазіць... Карацей, памерлі ўсе,— не зусім лагічна завершыў расповед пан Андрэй.

— Шкада, я не намалюю цябе, Зося,— ціха прагаварыў Ной і ўсміхнуўся.— З-за мяне можаш не пакутваць сумленнем. Ты не вінаватая.

І ступіў да дзвярэй...

— Пачакай, Ной! — Зося намагалася супакоіцца.— Добра. Добра, Саша. Я ўсё зразумела. Так. Гэта гонар. Я не саромлюся сведкаў. Няхай яны застаюцца. Забяры толькі таго, хто вам патрэбны.

Аляксандр шырока ўсміхнуўся:

— Падобна, нам патрэбныя ўсе. Нешта надта падазроныя ў цябе сябры, Зойка. Вядома, дзеўкай поўная вуліца, але жонкай поўная толькі печ, у хату з вуліцай не заходзяць. Адчыняй дзверы, кучаравы! Чаго стаў!

— Гэтыя дзверы адчыняць толькі агонь і кроў,— прагаварыў Улад, ірвануўся і, падаючы, скінуў на падлогу пахавальныя свечкі. Стрэлы, віскат... Агонь пабег па абрусе, па парцьерах... Загарэліся старыя газеты, раскіданыя абы-як па падлозе... А потым пралілася кроў...

І дзверы расчыніліся.

Для кожнага — свае.

...Чырвоны карбункул свяціўся ў чорных халодных хвалях, толькі што вызваленых з-пад лёду. Мастак пазіраў з моста ў Свіслач. Шматкі газетнага ліста белымі матылямі кружлялі над вадой, апускаліся на хвалі. Самае месца для несправядлівых слоў. А пачыналася ўсё так добра... Персанальная выстава, замова на роспісы для Дому селяніна... Абстракцыянізм — рука імперыялізму. Выкармыш, вылюдак, вораг... Словы пазбаўляліся звычайнага сэнсу. Божа мой, ну чаму ён не можа маляваць як усе — партрэты важдзей, шчаслівых калгаснікаў, стаханаўцаў... Спрабаваў жа — не так, занадта трывожна, занадта складана... Карціны, мусіць, ужо вывезлі з майстэрні. Цікава, разбяруць па лецішчах альбо спаляць? А куды вывезуць яго, іх стваральніка? Самае страшнае — гэта ўжо ён ведаў — заступацца і нават спачуваць ніхто не стане. Ён сам яшчэ нядаўна пераконваў сябе, калі даведваўся пра арышты знаёмых: гэты, недарэка, нарабіў памылак... А той, мабыць, і праўда замаскаваны вораг. А гэты, ясна, невінаваты. Але — разбяруцца без нас, выкруціцца, апраўдаецца. Цяпер прыйшлі па яго. Карбункул свяціўся праз хвалі. Самы час паспрабаваць дастаць...

Бліскучая зала Дома прафсаюзаў узарвалася апладысментамі. Дырэктарка ўзорнай дзіцячай выхаваўчай калоніі, зграбная, з каротка стрыжанымі рудымі валасамі сыходзіла з трыбуны, шырока ўсміхаючыся. Даклад быў добры. Правільны даклад. Але справы двух пяцікласнікаў учора зніклі. Бедныя Палінка ды Алесь. Дзеці ворага народа. Яна, выпраўляючы колішнюю памылку юнацтва, ратавала такіх дзяцей, як магла. Чым яны вінаватыя? Мяняла прозвішчы, перапраўляла гады нараджэння. Вучыла, як адказваць: сірата, бацькоў не памятаю... Намеснік па камсамольскай рабоце, нядаўна прысланая з Уралу, учора нешта намякала — пранюхала, паразітка. Што ж, рана ці позна...

Чалавек у ватоўцы, са спакутваным чорным тварам, сядзеў на драўлянай вакзальнай лаўцы, спрэс парэзанай ножыкамі. Худы вузельчык ляжаў ля ног, абутых у прывіды колішніх чаравікаў.— перавязаныя вяровачкамі, дзіркі заторкнутыя газетамі.

— А што гэта, грамадзянін, у вас за газетка тырчыць?

Чалавек звыкла паслухмяна ўзняўся, рукі самі склаліся за спінай. Адзін з патрульных нахіліўся. Тузануў за край паперы, што паказваўся з чаравіка незнаёмца.

— Ты... ты гэта што? Партрэт таварыша Берыі бэсціць? Ану, дакументы!

Чалавек дрыготкай рукой дастаў з-за пазухі паперкі.

— А-га, вяртаемся з месцаў далёкіх. Вызвалены за актыўны ўдзел у агітбрыгадах. Артыст, значыць... Камандзіраваны ў Віцебскі тэатр... Хто гэта ў вас такі добранькі ў начальніках? Разбярэмся, гніда! Ану, пайшоў...

— Гэтая рэформа правапісу не адпавядае самой прыродзе нашай мовы,— голас загадчыцы кафедры, высахлай кабеты з рана пасівелымі, калісьці чорнымі, косамі, укладзенымі каронай, быў ціхі, роўны, зусім пазбаўлены эмоцыяў. Але прысутных апаноўваў жах, нібыта яна нема крычала.— Набліжэнне да расейскай мовы — не той шлях, на якім наша нацыянальная культура можа напоўніцу раскрыцца. Бо кожная мова — жывы арганізм, які развіваецца па сваіх законах, і культурны чалавек мусіць берагчы ўсе мовы свету, не даваць ім знікаць і страчваць самабытнасць. Тым больш мы, беларусы, мусім ганарыцца сваёй мовай, на якой пісаліся Статут Вялікага Княства Літоўскага і прадмовы Скарыны, і захоўваць яе.

Два маладыя выкладчыкі, кідаючы адзін на аднаго насцярожаныя позіркі, паспешліва занатоўвалі словы куратаркі. Адзін з іх мусіў паспець дакласці куды трэба першым, і тым выратавацца.

Над верасовай пусткай гарэла вострая зорка, цені Дзікага Палявання слізгалі над зямлёй... Андрэй Беларэцкі здушыў крык і кінуўся бегчы ў лаўжы, што цямнелі побач. Цяпер ён не мог бегаць так хутка, як у маладосці. Ды і вочы, саслабелыя ад працы над неразборлівым почыркам сярэднявечных перапісчыкаў, нават поўню бачылі ў выглядзе светлай расплывістай плямы — нібыта паркалёвы каптур закінуты ў печку. Дом на Плябанскіх Млынах рабіўся сумным паданнем, ператвараючыся ў попел.