Страница 11 из 23
Я павольна пайшла на могілкі. Апошняе залатое лісце сыпалася на магілы... Сапраўды, Залатая Горка... Я ўспомніла пра іншы залаты дождж, які тут сыпаўся, калі сто гадоў таму тут балявала халера і збірала ахвяры не меней, чым чума. А як па мне, дык лепей чума, або, як у гэтай няшчаснай дзяўчыны, недарэчны выпадак, чым паміраць ад, прабачце, разладу страўніка. Людзі адчаяліся і не ведалі, як спыніць пошасць. Набіваліся аж па дах у стары драўляны храм на Залатой Горцы... Пасля, вядома, нехта сказаў, што калі храм, Божы дом, такі бедны і цесны, гэта вялікі грэх... І ці не таму Гасподзь прагневаўся і папусціў пошасць? Нейкі доктар — а іншыя кажуць, ксёндз,— выйшаўшы з касцёлу, разаслаў на зямлі свой плашч і кінуў на яго першыя залатыя манеты... Другія прыхаджане паспяшаліся таксама ўнесці ахвяру — і хутка на плашчы вырасла залатая горка... Як па мне, збудавалі б на тыя грошы шпіталь, закупілі добрых лекаў, зладзілі водаправод, каб менчукі не бралі ваду з гэтай памыйнай ямы — Нямігі... Што ж, цяпер я магла лічыць, што і наша сям’я зрабіла свой унёсак у Боскае месца ў выглядзе фамільнай брошкі...
Я блукала між магілаў і, мусіць, сама нагадвала прывід у цьмяным лістападаўскім свеце. Ага, вось узгорак, спрэс завалены кветкамі... Партрэт пад шклом, у драўлянай рамцы: гэткая наіўная гімназістачка, са здзіўлена прыўзнятымі бровамі, кірпатым носікам і прыадкрытым ратком, які, відаць, любіў смяцца, і коскі ўкладзеныя на галаве гэткімі бублікамі... Праставатае, наіўнае, вельмі звычайнае аблічча. Не маёй кампаніі паненка, ясна. Караліна-Марыя Шыманская-Рэпка. Бедную, напэўна, з-за гэтай «рэпкі» дражнілі ў гімназіі... Я ўявіла, як Караліна-Марыя ляжыць зараз вось тут, у зямлі, у сшытай намі сукенцы, з брошкай у выглядзе лілеі на грудзях... Прылучаная да тых глыбіняў — ці высотаў — спазнання, ад якіх я, эмансіпэ і натуралістка, аддзеленая кожнай клетачкай свайго фізічнага цела... Але заплаціць за гэтае спазнанне тым, што легчы ў гэтую сырую зямлю... Ведаеце, я не сентыментальная істота, але раптам мне зрабілася так шкада гэтай — няхай не вельмі інтэлектуальнай пры жыцці — дзяўчынкі, што я горка расплакалася — па ёй, па сабе... Па сваёй гаротніцы-маці — не так шмат у той у жыцці радасцяў і добрых успамінаў, каб пазбаўляць дарагіх сэрцу дробязяў. Што я ёй патлумачу наконт брошкі-лілеі? Падумаць толькі — тая ляжыць у нейкім метры ад мяне! Але недасяжней, чым была б на месяцы. І я ў адчаі пачала ў думках звяртацца да незнаёмай мне нябожчыцы... Уявіце сабе — прасіла яе вярнуць мне тую брошку, тлумачыла, як будзе перажываць мая маці. Угаворвала асцярожліва, як угаворваюць маленькае дзіця, што схапіла вельмі дарагую і дужа крохкую рэч... Я нават апусцілася на калені... Не ведаю, колькі часу прамінула — я схамянулася, калі буйны кляновы ліст, мокры і халодны, нібыта даланя тапельца, ударыў мяне па шчацэ. Я знаходзілася ў такім знерваваным стане, што гатовая была прыняць гэта за нейкі знак. Ліст апусціўся проста на букет дарагіх аранжарэйных фіялак, якія мерзлі ў беларускім лістападзе, як усходнія прыгажуні, і я пацягнулася адкінуць ад іх жоўтага нахабу. На земляным насыпу між кветак нешта збліснула... Я адсунула стракатыя пялёсткі... І ўбачыла брошку ў выглядзе лілеі.
Сказаць, што я была агаломшаная — не сказаць нічога. Мяне быццам абдало ільдзяной вадой, сэрца абарвалася, нібы я скочыла з адхону. Ну а вы, што б вы падумалі на маім месцы? Ніякіх рацыянальных тлумачэнняў у мяне не мелася. Проста нябожчыца пачула маю шчырую просьбу і вярнула памятны знак. Я дрыжачымі пальцамі ўзяла брошку — так, гэта была яна, голка, вядома, расшпіленая... Радасць ад нечаканай знаходкі патанала ў містычным жаху. А калі тая, што вярнула брошку, зараз тут, побач са мной? Я ж так яе клікала... Я непаслухмянымі вуснамі прамовіла «дзякуй», паднялася і рушыла, змушаючы сябе не бегчы — яна ж можа пакрыўдзіцца... Маліцца... Выратуе адно — шчыра маліцца... Замоўлю за Караліну-Марыю імшу... Чым бліжэй я падыходзіла да брамы, да пазбаўленага містычнасці мітуслівага местачковага жыцця, тым больш ува мне выспявала ўдзячнасць і яшчэ нешта незвычайна ўзнёслае, быццам крылы раслі... Не ведаю, як далей павярнуўся б мой лёс — здараюцца імгненні, якія фармуюць чалавека, як рукі майстрыхі цеста,— калі б не выпадак... Які прыняў аблічча дурня Генуся. Генуся ведала ўсё мястэчка. Худы і прыгорблены, быццам вечна нёс на сабе мех з мукой — Генуся часам, калі ён быў не вельмі шалёны, бралі на працу на млын. Рот прыадкрыты, зубы — наперад, у вачах светлая каламуць, на носе вечная кропля... Ну, што я апісваю — вы самі мусіце ведаць, як выглядае класічны местачковы дурнячок... І вось гэты Генусь падслепаватым каршуком кінуўся на мяне... Дакладней, на брошку-лілею, што я несла перад сабой у руках, як прыгаршчу святой вады.
— Не тваё! Не тваё! Аддай! Злодзейка! Злодзейка! — верашчаў Генусь, спрабуючы выхапіць у мяне з’яўленае са свежай магілы ўпрыгожванне. Я ўварочвалася, як ад гарэзлівага шчанючка, але... містычны жах мой яшчэ пабольшаў. Адразу палезлі ў галаву легенды пра юрадаў ды блажэнных, надзеленых дарам прароцтва... Каб адкінуць насланнё, закрычала першае, што прыйшло ў галаву:
— Сам злодзей!
Генусь нечакана змоўк, нібыта яго выцялі, перагнуўся напалам і жаласна заенчыў... У ягоных няўцямных, як далёкая травеньская бліскавіца, словах я нарэшце ўгледзела сэнс, як у віры ўгледжваюць апошняе выйсце. Брошку забраў з труны Караліны-Марыі Генусь, паколькі небарака быў закаханы, як толькі можа быць закаханым немаёмасны дурнячок у паненку з добрага сямейства. А паклаў на магілу ці таму, што паненка стала яму з’яўляцца ў снах, ці нехта сказаў, што забіраць нешта з труны вялікі грэх, а Генусь быў надта пабожны — гэтага я ўжо не разабрала дакладна... Я ледзь здушыла істэрычны смех. Падумайце толькі — калі б я выпадкова не напаткала небараку, у мяне б жыццё па-іншаму склалася! І сёння, магчыма, была б я якой-небудзь сястрой Ганорыяй, і перабірала б ружанец замест жывых кветак... Я пакінула брошку на могілках. Яна ўжо была мёртвай — нават рэчы робяцца мёртвымі, дакранаючыся смерці... І маці дасюль думае, што яе каштоўнасць дасталася шчаслівай нявесце... Не збіраюся яе разупэўніваць. Але... ведаеце...Часам я шкадую, што больш ніколі не давядзецца перажыць тое незвычайнае адчуванне, нібыта таямніца сусвету ляжыць у маіх далонях.
Зося скончыла расповед і задумліва глядзела на свае рукі, быццам уяўляла ў іх брошку ў выглядзе лілеі.
Улад паціснуў плячыма:
— Думаю, Серапіёнавыя браты збэсцілі б тваю гісторыю. Мала таго, што ніякай містыкі, дык яшчэ і гумару бракуе. І не страшна, і не смешна.
Зося бліснула зялёнымі вачыма — халодная маланка.
— Страшаць баязліўцы, смешаць няцвёрдыя ў сабе... У маіх акулярах няма ні ружовых шкельцаў, ані чорных, дый увогуле акуляраў не маю. Прымаю жыццё, якім ёсць. Калі вам не хапае тэатральнага рэквізіту, пашукайце ў каго іншага.
Улад сумеўся.
— І ўсё-ткі так нельга... Памятаеш, у «Беларускай хатцы» паказвалі батлейку? Апошняга, можа, батлейшчыка ў Менску знайшлі... Лялькі аднавілі... Дык «ідэйна правідловая» частка гледачоў пачала гарлаць, што гэта перажыткі і рэлігійная прапаганда, засмуцілі беднага дзядка-батлейшчыка, якога ў свой час жандары ганялі... Што ж гэта будзе, калі мы адмовімся ад прыгожага, ад гульні, ад карнавалу? Ад гісторый пра прывідаў і цмокаў? Чалавека робіць адрозным ад жывёлы не тое, што неабходна, а тое, што залішняе... Тое, што не прыносіць відочнай карысці. Музыка, спеў, паэзія, вытанчаныя краты на балконе палаца, разныя ліштвы на сялянскім доме, вышыўка на рушніку...
— Сустрэчны вецер эпохі садзьме гэта, бы карункавы капялюшык з паненкі, што ўселася на пляцоўцы імперыялу,— жорстка запярэчыў Ной, які ўвесь гэты час ляпіў з наплаканага пахавальнымі свечкамі воску маленькіх яшчарак.— Малевіч намаляваў свой чорны квадрат — і гэта дзверы, за якімі пачынаецца невядомы, але адзіна магчымы шлях наперад. Нішто не паўтараецца... Фараонаў малявалі толькі ў профіль, у трагедыях не маглі ў якасці галоўных герояў выступаць слугі, жанчыны не мелі права з’яўляцца на сцэне... Хто цяпер запатрабуе таго ж?