Страница 47 из 55
«Самая трывалая аснова, над якой працуе мастак,— гэта ўспамін пра ўсё, што ён бачыў і адчуў як чалавек...» — адзначаў некалі Гюйё. Мабыць, у гэтым моц экспрэсіўнага, грамадзянска-асабістага пісьма Уладзіміра Някляева. Ёсць у беларускага паэта вось гэтая важная выснова для таго, каб пульс часу адчуваўся ў яго вершах, не аслаблены вобразна-паняційнай анеміяй, але напоўнены паўнакроўнай эмоцыяй, жывым уражаннем. І гэта не мітуслівая тахікардыя охаў і ахаў, усплёскаў настрояў, не рэгламентаваных і не кантралюемых дысцыплінай думкі. Уладзімір Някляеў заўсёды імкнецца да грамадзянскага гучання паэзіі, выходзіць да філасофскіх абагульненняў, не губляючы адкрытай энергіі пачуцця. Адкрыта абвяшчаючы:
Зусім відавочна працягваючы сцвярджаць тое, што ўжо было абвешчана ў яго першай кнізе «Адкрыццё»: «Паэзія — душы маёй анкета...» («Назоўны склон»).
А першая кніга паэта з'явілася ў 1976 годзе. З'явілася не знянацку. Уладзімір Някляеў меў ужо салідную біяграфію — тэхнікум сувязі, праца на Далёкім Усходзе і Поўначы, у Мінску, завочны педінстытут, у момант выхаду кнігі ён быў студэнтам-завочнікам Літаратурнага інстытута. І, мабыць, меў вось той самы неабходны мастаку эмацыянальны і псіхалагічны вопыт, калі першая кніга стала не кволенькай спробай літаратурнага дзіцяці, а сур'ёзнай творчай заяўкай. Шматабяцаючай. З тых, калі не пагражае расчараванне. У 1979 годзе выйшаў у свет новы зборнік вершаў — «Вынаходцы вятроў», у ім была змешчана паэма «Дарога дарог». За зборнік і за паэму — прэмія Ленінскага камсамола. Ганаровая ўзнагарода. З тых, што абавязвае.
Пра што ж піша лаўрэат у трэцяй кнізе? Што змянілася за сем год актыўнай творчасці?
Час не так каб рахункі рабіць, вынікі падводзіць, але самая пара падумаць, азірнуцца і... не спыняцца.
Паэт лічыць, што час пошукаў — гэта натуральны час, у якім жыве паэт. Інакш і быць не можа. Як натуральна для яго, ідучы сваім шляхам, мець на ўвазе тую «дарогу дарог», дзе праходзіў шлях Янкі Купалы, Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, якім Някляеў плаціць свой «шкалярскі доўг». І адчувае адказнасць перад хлопчыкам з Глыбоччыны, якому «здаецца — ён паэт».
Пераемнасць? Так, безумоўна. І рыторыкі ў гэтым няма. Як няма расслабленага пакою і халастога ходу думкі ў сцвярджэнні, што ў паэта «адно жыццё./ І смерць адна. І песня» («Акын»). Або «Ды ў смаглым горле роднай мовы гук/ Заклекатаў бусліным пералётам» («Паэма-вера») — у той, першай кнізе. Гарлавы спеў — глыбокі спеў, натуральны, калі чалавек не можа не спяваць. Глыбінны. Толькі такім павінна быць слова паэта, на думку У. Някляева.
Не нова? Усё можа быць. Як не ўсё ва Уладзіміра Някляева так арганічна, як «Акын», «Мне трыццаць...», «Праводзіла з дому...», «Словы замовы» ў зборніку «Знак аховы». Безумоўна. Але гэта тая галоўная хваля прыёму і перадачы, на якую настроены паэт. І настроены шчыра.
Таму і псеўданімы Купала, Колас для яго як словы замовы, святыя словы, у якіх «мелодыя мовы славянскай», «той мовы, якую агнямі палілі» («Словы замовы»). Таму і запаветна мудрае для яго лірычнага героя слова маці, што ведае па старадаўняй і стыхійнай народнай дыялектыцы: няма ў рэальным жыцці святочных трас, пра гэта трэба ведаць і рыхтавацца да «нежалобнай долі блуканняў». І магчы «знайсці — і знішчыць», «дайсці — і кінуцца прэч» («Праводзіла з дому...»). Спасцігнуць усе тыя парадоксы ведання і няведання, канечнага і бясконцага, выпадкова-выбіральнага і заканамернага, рэальнага і ірэальнага,— усяго, што ёсць жыццё.
І ў жыцці трэба выконваць асноўнае прызначэнне чалавека — трэба жыць, ствараць. Не хаваючыся ад жыцця, не здраджваючы сабе, насычаючы сэнсам існаванне. Сваё і іншых. А інакш — усё сыходзіць у нішто. І сам чалавек ператвараецца ў нішто. І семя, кінутае рукой гэтага чалавека, не проста не прарастае — «зямля скаланецца» і «адрыне семя» («Семя»). І гэтага чалавека. І застанецца ён у «здабытай прасторы» — не, не ў зваблівай зведанасці і нязведанасці Космаса, не ў астральнай прасторы думкі. А ў прасторы — імя якой пустата, у якой няма сэнсу, якой няма ніякага прызначэння.
У Някляева ёсць некалькі «скразных» — ад кнігі да кнігі — тэм. Вось гэтая праграмная — «А вершы пішуць, як жывуць...». Тэма Радзімы. Гэта Радзіме ў сваім першым зборніку паэт «дзякуе за свята» сказаць «пяшчотнае люблю» («Паэма-вера»). Тут, у «Знаку аховы», гэтая любоў трансфармуецца і канкрэтызуецца. Зараз для паэта асабліва важна, што яго Радзіма — гэта яго паэтычныя пастаўнікі і тыя, хто ідзе ў беларускую паэзію.
Памяць пра мінулую вайну жывая жывым болем дагэтуль на Беларусі. І для тых, хто перажыў яе, і для тых, хто прыйшоў у жыццё пасля вайны. Як Някляеў. Таксама «скразная» тэма. У зборніку «Адкрыццё» гэты боль асацыіруецца з Хатынню («Паэма-вера»). Тут, у «Знаку аховы»,— таксама. Але — адкрытая няштучнасць радкоў першага зборніка тут замяняецца рызыкоўным абагульненнем: «Свет задыхаецца сімволікаю смерці» (?) («Бяроза болю»).
А вось разгубленую ўпэўненасць свайго земляка, які ўзрушаны нечалавечымі ўчынкамі аднавяскоўца Кабянка, што «трох красунь-нявестак Стапулёвых/На суках таполевых, вясновых/Весела... павесіў быў:/Першую — бо мела кроў чужую,/ Бо хавала першую — другую,/ Трэцюю...— / Бо троіцу любіў», паэт выявіць немітуслівымі, дакладнымі словамі:
Так гаворыць зямляк лірычнага героя паэмы Стапуль: банда Кабянка павесіла яшчэ і трох сыноў Стапулёвых. «...у звярах людзей не прызнаю». Кат — не чалавек, сцвярджае герой Някляева. Хіба разумная істота, якая думае, адчувае, здольная на бессэнсоўную расправу?
У. Някляеў — з тых паэтаў, для якіх характэрны выхад ад канкрэтнага да агульнага. У рэчышчы тых ідэйных пошукаў, што ўласцівы для сённяшняй літаратуры ўвогуле. Скажам, у «Ружы вятроў» сцвярджэнне, што для сённяшніх патэнцыяльных палачоў чалавецтва, як і для фашыстаў мінулай вайны, мы, людзі — «толькі лічбы/ толькі знакі страт», для фашыстаў «маральна суверэннай асобы» (выраз Л. Аннінскага) не існуе. Але затое важны факт рэальнага існавання бомбаў з такімі мройліва-нерэальнымі назвамі: «фантом», «міраж».
Ход роздуму паэта, нефармальная логіка яго вершаў прымушае ўсведамляць аб'ектыўны змест таго, што хоча сказаць ён:
Але цяжка, проста немагчыма прыняць або прыдумаць нейкі шыфр, код, падтэкст для такіх радкоў:
Гэта ўжо нейкае рафінаванае какецтва, гульня ў паняцці, якія самі па сабе выключаюць магчымасць гульні. Толькі сур'ёзна.
...У зборніку некалькі паэм: «Даведка аб нараджэнні», «Ружа вятроў», «Маланка». Праўда, Уладзімір Някляеў клапатліва пазбягае гэтага жанравага абазначэння. Ён піша: «судовая справа», «размова з аўтаінспектарам» (тут імгненна прыгадваецца Маякоўскі), «аповесць пра каханне». Хаця ў адным выпадку, калі гэта «справа», дакумент, дык дакумент часу: «Год пасляваенны. Год работны./ Шчэ з руін не выветрыўся дым,/ А на танцах, звыклыя да поту,/ Кірзачы і хромавыя боты/ Рэжуць полькі/ Крокам страявым». І дакумент не толькі канкрэтных фактаў, але і жыцця ўнутранага, праўды духоўнай. Хаця «размова з аўтаінспектарам» — не проста размова, роздум пра лёс сённяшняга свету, роздум, які часам добра аддае дыдактыкай. Хаця «аповесць пра каханне» — менш за ўсё апавяданне, павестваванне. І гаворка тут не толькі пра каханне, яна шматзначная, гэта аповесць.