Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 46 из 55

Вярнуўся да сваёй думкі. Свет нібы абрынуўся на паэтэсу Валянціну Коўтун — і яна ўспрымае яго ў стракатай мешаніне паняццяў, катэгорый, з'яў, праяў. Весела, не класіфікуючы і не выбіраючы, успрымае сваё існаванне ў часе і прасторы, выдаткоўваючы час не тое каб безаглядна, але шчодра. Ці не таму спатрэбіўся метраном? Каб нагадваў меру часу, не даваў забыцца пра рытм і тэмп дня і эпохі.

А рытм гэты ў вершах Валянціны Коўтун бывае — парадокс! — і арытмічны.

Не збіраюся, як гэта рабілі некалі некаторыя крытыкі (да прыкладу, Бурэнін у газеце «Новое время» на пачатку стагоддзя) пазначаць далёкае асабістаму густу «містыфікацыяй», «жартам» і г. д. (Гаворка ішла, між іншым, пра Блока, Брусава, Бальмонта), аднак, як чытач, не знаходжу ў сабе сінхроннага водгуку. Нават калі чытаць далей:

Але, безумоўна, прыцягвае сам па сабе пошук. Энергія думкі. Звонкасць слова. Імкненне да абагульнення. Пільная ўвага да драмы душы, якая адбываецца не сама па сабе, а ў сутыкненні са светам. У абставінах не будзённых, выключных, якія зноў жа маюць на ўвазе не спакойны парадак жыцця, а ўзлёты і падзенні. І што вельмі важна, вызначальна — нават самая цяжкая няўдача для лірычнага героя (і гераіні),— самая глыбокая бездань, у якую давялося нізрынуцца — абавязкова момант для наступнага ўзлёту. І не проста нейкага там «падскоку да столі» звычайнага вопыту, а ўзлёту ў эзатэрычныя эмпірэі, даступныя толькі натхнёнай фантазіі: «...раскрыйся, зорны парасон!» І месцам дзеяння паэтэса робіць, памятаючы вядомае «свет — гэта тэатр», самую рызыкоўную сцэнічную пляцоўку,— што вымагае не так нюансаў гульні, як абавязковай і поўнай самааддачы — арэну цырка. («Гутаперчавы хлопчык»).

«Хутчэй святла!» — хаця ніякіх гарантый, што гэта ўзлёт, а не падзенне, няма, ёсць вера ва ўласныя сілы і прафесійнасць. А яно не надае моцы, вось гэтае: «А ў цырку новы бог/ З такою віртуознай падрыхтоўкай...» І ўсё ж: «Хутчэй святла!»

Выклік — гэта таксама абавязкова. І гэта не прыём, не правіла гульні. Гэта чытаецца — як пазіцыя. Як жыццёвы, выпакутаваны прынцып. Ад пераконанасці ў сваёй праваце. Але крыху і ад абавязковага жэсту самаабароны, нават калі канкрэтнага праціўніка, здаецца, і не відаць. Ажно гэта гатоўнасць, пастаянная падрыхтаванасць прыняць агонь на сябе — ёсць у зухаватай позе свае рацэі. Тым больш што пошук паэткі не эгацэнтрычны, самая глыбокая бездань, у якую давядзецца нізрынуцца — абавязковы момант для наступнага ўзлёту. Ён (пошук) выходзіць тэматычна да многіх праблем сённяшняга дня і праблем, якія хвалююць заўсёды. Вайна і мір, лёс Айчыны, сумленне творцы, шляхі паэзіі...

...У вершах Валянціны Коўтун ёсць адна рыса, якую яна даўно і свядома, па-мойму, культывуе ў сваіх вершах. Абавязкова дадаць сваёй паэзіі той кшталт, якога, можа, часам і не хапае нашай беларускай вершаванай творчасці. Пашырыць семантычны, лексічны лад, абавязкова адысці ад штампу, стварыць нечаканыя, нават (хай сабе і так будзе!) эпаціруючыя злучэнні. Трошкі іранізуючы, трошкі пацвельваючыся. Любіць, сутыкаючы словы зусім розных паняційных пластоў, ствараць нечаканы эфект. І з'яўляюцца «калгасных статкаў гранды-менестрэлі», «квочкі, як цырцэі», «хмары, як дуэнні». Ёсць у гэтым, здаецца, нешта ад кніжнай наўмыснасці, у нечым водгукам ці перазовам слоўнага ўжытку Бэлы Ахмадуліпай ці Юнны Морыц. Аднак, мабыць, не грэх будзе нашай паэзіі мець і такую вось казытліва-іраніную экзотыку. Хаця часам ці не ператвараецца іронія ў самаіранічнае какецтва? Мяркуйце самі:

Але ж чытач памятае — і ў кнізе «Метраном» ёсць і Байран, і Апалінэр, і Гамер, і Адысей, і Шахаразада. Таксама гурманства?

А ў астатнім не зразумець лірычную гераіню гэтага верша нельга. Верш, дарэчы, называецца «Амаль жартам». Магчыма, тут і ляжыць ключ да разумення яго — у назве. Астатняе ж, як кажуць, на паверхні. Вечная дылема не толькі эмансіпіраванай жанчыны, але яшчэ і той, што мае доўг перад сваім талентам. Талент — ён патрабуе працы, часу, творчых намаганняў.

Дзіва, што «муза вось. Утомна, басанога,—/Бежанка з крыві і міражу...».

Ёсць школа жыццёвага доўгу. Сям'я, сынок, безліч абавязкаў перад людзьмі. І без гэтай нармальнай этыкі адносін ці быць паэзіі? «Паэту цяжка не быць рэалістам» (Б. Слуцкі). Так і тут.

Эстэтычныя арыенціры паэтэсы Валянціны Коўтун розныя. Адно вызначае іх незалежна ад кірунку — напал, энергія верша. Калі мець на ўвазе лірыку кахання, можа, найбольш адкрытую ў параўнанні з папярэднімі кнігамі. Як быццам назапашанае за доўгі час нарэшце выплеснулася — горача, няспынна, завірылася плынню слоў, пайшло сінкопамі гукаў.

...Кніга «Метраном» у многім вызначальная для паэтэсы. І не толькі таму, што за яе прысуджана Літаратурная прэмія імя Аркадзя Куляшова. Хаця сам па сабе гэты факт пра многае гаворыць. У кнізе выявіліся вельмі важныя і характэрныя якасці яе паэзіі. Паэзіі супярэчлівай, дзейснай, якая хоча ўсё выпрабаваць на вартасць, на трывучасць і на злом. Якая проста не можа не задаваць пытанняў сабе і свету, пытанняў часам блытаных, але часцей пранізліва ўзрушаных, і шукаць адказу на іх. Паэзіі, якая добра адчувае дух сучаснасці і імкнецца асэнсаваць яго ў кантэксце гістарычным. Паэзіі, якая не баіцца смела ісці на эксперымент — знаходзячы і губляючы. А як жа інакш?