Страница 39 из 50
– Васілю Яўменавічу дрэнна стала!
Усе памкнуліся ў хату ўслед за фельчаркай. Заспяшалася з саду баба Адарка, а за ёй разгублена – і камандзір пошукавага атрада Лідзія Камуліна.
Дзед Васіль ляжаў на канапе і, здавалася, не дыхаў зусім. Фельчарка прысела побач, узяла яго руку ў сваю, знайшла пульс.
– Што, Яўменавіч, думаў хлапчуком па балоце пабегаць? – стала выгаворваць яна. – Не атрымаецца… Гады не тыя. Так, ціск памераем… – хутка дастала апарат, змерыла ціск, сумна паківала галавой. – Ну, я так і ведала. У вас усіх хваробы аднолькавыя. Так, зараз капельніцу пастаўлю, а заўтра ў бальніцу ў раён. Дзён на дзесяць. Трэба сэрца падмацаваць…
Яна азірнулася на прыціхлых ля дзвярэй падлеткаў і строга сказала:
– Усім з хаты і з двара! Чалавеку трэба поўны спакой. Растрывожылі…
– Але мы тут па заданні… – стала разгублена апраўдвацца Лідзія Камуліна.
– Не ведаю я пра вашы заданні, – катэгарычна перабіла яе фельчарка. – Я ведаю пра здароўе сваіх ветэранаў. І ведаю, што такія сустрэчы трэба б было ўзгадняць з намі. Наляцелі з пытаннямі, быццам з неба зваліліся – вось і разышлося сэрца не на жарт. Усё, выходзьце. Жэнька, дапамажы мне капельніцу дзе замацаваць, у амбулаторыю дзеда цяпер не павязём.
– Гм-м, – ужо смялей нагадала аб сабе Лідзія Камуліна: – Вы хочаце сказаць, што заўтрашняе мерапрыемства адкладваецца?
Фельчарка глянула на яе, як на іншапланецянку.
– Я нічога не абавязана і не збіраюся ведаць аб вашых заўтрашніх мерапрыемствах. У мяне свае мерапрыемствы. І адно з іх – завезці ў бальніцу Яўменавіча.
– І на колькі часу? – ужо патрабавальна запытала Лідзія Камуліна.
Фельчарка нечакана паморшчылася, як ад кіслага.
– Нешта вы недачулі… Я вам сказала: чалавек павінен легчы ў бальніцу. І гэта ўсё. Жэнька, у мяне там ліпкая лента, вось гэту бутэльку абматай так, каб можна было вось за гэты цвічок замацаваць…
Фельчарка стала даставаць з сумкі інструменты, не звяртаючы больш увагі на жанчыну ля дзвярэй.
Тая выйшла.
Праз хвіліну яе атрад з сумным выглядам стаў згортваць дзве пастаўленыя палаткі. Хлопцы назіралі за гэтымі зборамі моўчкі. Было адначасова і радасна, і прыкра: гэтыя паедуць, але і іх паход зрываецца. Ды яшчэ невядома, на колькі…
– Бачыш ты, якія ж гэтыя дарослыя непрадказальныя, – загаварыў Віцька. – Быццам усё было гатова…
– Дзед – стары чалавек. А калі б яму на востраве дрэнна стала? – запярэчыў Віталь. – Яму ж не 16 гадоў. Вайну перажыў, блакаду…
Тым часам атрад сабраўся і праз надворак маўкліва выйшаў да свайго аўтамабіля. Яшчэ колькі хвілін – машына загула і знікла.
– І не развіталіся, – заўважыў Віталь.
– А хто мы для іх? – горка заўважыў Сяргей. – Яны прыязджалі па славу…
– Чаму ты так гаворыш?
– А таму… Бач, як толькі стала вядома аб нашым паходзе, то і атрад арганізаваўся. І форму яны знайшлі, і рукзакі, і палаткі новенькія. Гэта не наша, латаная… І камандаваць тут пачалі. Вунь як лужок стапталі… Ім не мы трэба былі, а наш плыт…
– Ну і застаўся ў нас плыт, што далей? – з выклікам спытаў Віталь.
– Ды супакойся ты… Не ведаю, – міралюбіва адказаў Сяргей. – Лета вялікае, дзед паправіцца. Ну, а мы з Нэлай заўтра на тоню пойдзем. Будан там зробім, будзем лавіць рыбу…
– Добра табе, – са шкадаваннем зазначыў Віцька. – Нас без дарослых на астравы не пусцяць з начоўкай. То мы табе дапаможам заўтра будан паставіць, парыбачым – мо і днём клёў добры будзе. Пойдзем, Віталь? Два астравы мы абследуем пакрысе. Усё справа з месца зрушыцца.
– Ага, пойдзем! Можа, і ўгаворым сваіх – мы ж не плаваць па тоні будзем, а толькі ноч адну заначуем…
Выйшла з хаты Жэнька.
– Што, няма ўжо “Пошуку”?
Хлопцы насцярожыліся – твар у Жэнькі быў ні капелькі не сумны. Хітраваты і вясёлы.
– Няма… А як там дзед? – асцярожна спытаў Віцька.
– Добра дзед. Зараз пад капельніцай паляжыць і ўсе справы, – бестурботна адказала Жэнька.
– Як – усе справы? Ты тлумач!
Жэнька прыжмурылася і нечакана задзірыста паказала хлопцам язык.
– Эх вы! Даследчыкі-разведчыкі! Вы дзеда дрэнна ведаеце! Але ціха! – па-змоўніцку паднесла яна палец да рота і прадоўжыла: – Мы з дзедам у хату зайшлі, быццам пераапрануцца, тут мне дзед і кажа: бяжы да фельчаркі і скажы, каб ішла неадкладна да мяне. Быццам мне стала дрэнна…
– А навошта? – залыпалі вачыма хлопцы.
– Дзівакі! Няўжо вы думаеце, што дзед дазволіць, каб нас ад нашай справы ўбок адцерлі? Гэта ж нашы землякі, і ідэя наша, і мы плыт збіралі… Таму дзед і прыкінуўся, што захварэў, каб гэты дэсант са двара выправадзіць. Не гнаць жа іх – яны ж ні ў чым не вінаватыя… Так што заўтра – у дарогу.
– Ура! – закрычалі ўголас Віцька і Віталь, не стрымаўся і Сяргей: радасна ўскінуў адну руку ўгору, голасна закрычаў: –Э-гей!
Нэла пляскала ў свае худзенькія далонькі, смяялася залівіста.
Быццам на гэты шум выйшла з хаты і фельчарка.
– Чаго крычыце? Ану, кыш у сад. Няхай адпачне ад вэрхалу стары чалавек. У яго сапраўды ціск узняўся… З вамі і не памрэш спакойна, – усміхнулася яна.
У садзе хутка назбіралі яблыкаў-паданак, памылі, і хоць баба Адарка пярэчыла, але сталі іх рэзаць – усё дзеду Васілю з бабай будзе лягчэй.
Праз хвілін сорак выйшаў з хаты і сам дзед Васіль з фельчаркай. Тая ў адной руцэ трымала свой чамаданчык, а ў другой – новенькі лазовы кошык.
– От, Яўменавіч, не варта мне так дзякаваць, то ж работа мая.
– Я табе не за работу дзякую, – адказаў дзед Васіль. – А за чалавечнасць. За гэта ніколі дзякаваць не многа.
Фельчарка пайшла на вуліцу, дзед – у сад.
Яго чакалі з радаснымі тварамі.
– Што, напужаліся крыху? – падбадзёрыў стары. – Не перажывайце, бывае ў жыцці і страшней. Вось калі ты зробіш, а другі цалкам тваё сабе забярэ – гэта балюча. Разумею, крыўдна і так… Не, то наша справа, нашай вёскі. Што тут чужым рабіць? Правільна я разумею?
– Правільна! Але мы тут аб другім падумалі… – пацішыў голас Віцька. – Аб тым дакуменце…
– Малайцы. І я аб гэтым падумаў адразу… Ну, вось і добра… А то я рашыў, што вам захацелася такія нашыўкі на рукавах панасіць, – падміргнуў дзед.
Засмяяліся шчасліва.
Усё ў іх атрымлівалася.
Але калі зноў нечакана завішчалі тармазы на вуліцы, уздрыгнулі ўсе. Толькі Сяргей спакойна зазначыў:
– Гэта старшыня прыехаў. Толькі ў яго УАЗіка так тармазы вішчаць.
І праўда, у сад зайшоў старшыня.
Павітаўся, прысеў на прапанаваны зэдлік.
– Ну, як настрой? Баявы? Добра, бачу, што баявы… Мне тут сказалі, што фельчарку выклікалі…
– Ты даруй, мне, Рыгоравіч, – загаварыў дзед Васіль. – Пасля мы табе многае патлумачым, ты хоць і чужы, ды наш чалавек. Цяпер адно скажу: ёсць у нас абставіны, пра якія вось толькі мы ведаем. І так складваецца, што ніхто чужы не павінен быць там, на востраве, пакуль не будзе знойдзена магіла. Толькі мы. Павер, надта сур’ёзна гэта. Дзеці вось зразумелі…
– Ну, значыць так трэба, – ніколькі не пакрыўдзіўся старшыня, што яму не хочуць даверыць нейкую таямніцу. – Вы больш ведаеце – вам і прымаць рашэнні. Я вам таксама веру… Так, калі ў вас усё гатова, у нас таксама ўсё гатова. Заўтра будзе трактар, Антон Аўдзееў пад’едзе. Будуць старшакласнікі са школы, яшчэ я тры чалавекі сваіх выдзеліў – дапамогуць вам перанесці ўсё на востраў. Аркадзь Калюжы будзе – на выпадак, калі забуксуем дзе. Хто ў вас старшы?
Пераглянуліся між сабой – неяк і не назначалі яны нікога старшым. І так разумелі – камандаваць, калі трэба, будзе дзед Васіль.
– Васіль Яўменавіч у нас старшы, – так і выказаўся Віцька.
– Так, зразумела, – усміхнуўся старшыня. – З трох такіх хлопцаў лепшага і не выбераш…Тады я назначаю старшай у групе Яўгенію! Хто супраць?
– Ага, пабудзеш з ёй супраць, – прабурчаў Віцька, але заўсміхаўся – яму было прыемна, што яго сястра – будзе галоўнай.
Старшыня абвёў позіркам хлопцаў, сустрэў толькі усмешкі згоды.
– Няхай камандуе! Але абед усё роўна гатаваць будзе…