Страница 38 из 50
Хударлявая, невысокая дзяўчына (Таня, як называла яе жанчына) падсунула пад самы твар дзеда мікрафон.
Дзед Васіль ледзь-ледзь усміхнуўся ў свае вусы:
– Правільна рашылі…
– Раскажыце нам, калі ласка, аб сваім гераічным мінулым…. Стоп, Таня, выключы… Антон, здымкі! Зайдзі з таго боку, каб хаты не было відаць, бо яна старая… Таня, уключай… Васіль Яўменавіч, раскажыце, калі ласка…
І асеклася, пабачыўшы, як дзед Васіль рукой прыкрыў мікрафон, пакруціў у скрусе галавой.
– Ты пачакай, дачушка… Мы тут людзі вясковыя, нетаропкія, прывыклі не спяшаючыся ўсё рабіць… Вось пакуру, а вы нам раскажыце аб усім. Ды і назавіцеся, а то не ведаю, як звяртацца да вас…
– Ой, а я і не назвалася, – штучна рагатнула жанчына. – Лідзія Камуліна, камандзір вышуковага атрада.
– Вышуковага, значыць… Добра. І многа вы чаго ўжо знайшлі?
– Ну, вы ўлічыце той момант, што наш атрад – малады, ён толькі сфарміраваўся. І магіла вашых былых сяброў-партызан, якую мы думаем адшукаць, будзе нашым першым важкім укладам у справу увекавечання…
– Чакай, Лідзія Камуліна, – прыпыніў дзед жанчыну. – Як гэта вы думаеце шукаць?
Жанчына на імгненне разгубілася, з дакорам азірнулася да Жэньку:
– Яўгенія, табе хіба не тэлефанавалі з камітэта?
– Не, – паціснула плячыма Жэнька. – Можа, і тэлефанавалі, але я тут была.
– А, ну тады ўсё зразумела… – жанчына зноў стала упэўненай і энергічнай. – Значыць, райкам вырашыў, што арганізацыя пошукаў будзе праходзіць наступным чынам: атрад пярвічнай школьнай арганізацыі уліваецца ў наш атрад…
– Плыт усіх не возьме… – разгублена падаў голас Віталь.
– Мы гэта прадумалі, нічога страшнага, шлях не вялікі, на патрэбнае месца пераправімся за два разы… Такім чынам, вы, – жанчына хутка акінула вокам Віцьку, Віталю і Жэньку, – становіцеся членамі нашага атрада “Пошук”. Праўда, у нас няма для вас касцюмаў, але мы захапілі нашыўкі-эмблемы, так што вам трэба будзе дома знайсці нешта падобнае на нашы касцюмы, каб на фотаздымках усе былі з эмблемамі.
– А ў нас ваш камітэт пытаў? А калі хто не член саюза моладзі? – з падтэкстам спытаў Віцька.
– Ну, ён можа нам дапамагаць сабраць плыт, паднесці рэчы, мы можам назваць яго ў сваёй справаздачы…
– Але на плыт вы яго не возьмеце? – дапытваўся ўжо з’едліва Віцька.
– Ну, зразумела, што не, – пераканана адказала жанчына. – Ты зразумей, гэта справа – не простая, гэта палітычная…
Віцька быццам не чуў жанчыну, павярнуўся да Сяргея:
– Вось так, Сяргей: ты гэта прыдумаў, ты бутэлькі збіраў, рыхтаваў, пілаваў, а цябе і на плыт не возьмуць…
– А што так перажываць? Галоўнае – малады чалавек прыняў актыўны ўдзел у нашай справе… Мы, вядома ж, выкажам яму падзяку, можам напісаць рэкамендацыйны ліст, каб яго прынялі ў пярвічнай арганізацыі ў саюз моладзі… От, Яўгенія, трэба табе пагаварыць з сакратаром камітэта: вельмі добра можа атрымацца – мы прымем хлопца ў члены БРСМ прама там, на тым месцы, дзе знойдзем магілу. Гэта будзе выдатна!
Ад усяго пачутага ўсе – Жэнька, Віталь, Віцька, Сяргей – быццам аслупянелі. Тое, што здавалася іх асабістай марай, іх блакітнай птушкай, якую яны трымалі ў руках, раптам ператварылася ў нежывое чучала, у нешта, што перастала быць іх асабістым. Яны разумелі, што нейкая доля ісціны хаваецца ў словах гэтай Лідзіі Камулінай, што ёсць і нейкая правільнасць у яе дзеяннях. Але як жа так магло атрымацца, што гэта правільнасць і гэта ісціна скіраваліся на тое, каб пазбавіць іх асабістага плыта, іх плана, іх мары, нарэшце? Яны ж марылі плыць самі! Самі шукаць магілу, лавіць рыбу на досвітках, весці картаграфічную разведку астравоў і возера…
– Так, усё, я думаю, стала зразумела, пытанняў да мяне больш няма, а ў нас затое яшчэ многа пытанняў да Васіля Яўменавіча... Таня! Антон, зайдзі, я табе казала, з другога боку… Дзеці, дзеці, адыдзіце далей крошкі, яшчэ, яшчэ..
Адышлі. Жэнька з маленнем у вачах паглядзела на Віцьку:
– Як жа гэта? Як жа так?
– Яны стануць галоўнымі, а мы – нібы з боку, так? – бяссільна загаварыў Віталь. – А як жа мая… наша карта астравоў… Сяргей, чакай! – спыніў ён Сяргея, які, узяўшы Нэлу за руку, накіраваўся ў свой агарод, да будана.
Сяргей прыпыніўся.
– Не буду я ваяваць… Гэта не з “прымаком”. Тут вілы не дапамогуць…
– Зараз возьмем бутэлькі і ў вогнішча пакідаем! – адчаю ў словах Віталя было больш, чым злосці.
– Не трэба ў вогнішча. Гэта ж наша мара. Ну, закончыцца ўсё, то паплаваем па ўсіх астравах… А ведаеце, у мяне ўжо ўчастковы прасіў, каб далі потым плыт на дзень-другі: хоча на шчупакоў схадзіць, – Сяргей усміхнуўся, неяк весялей ад гэтых слоў стала і астатнім.
– Дзед Васіль нас кліча, – Жэнька была азірнулася і пабачыла жэст старога. – Пайшлі…
– Дзед не ўсіх, ён толькі цябе кліча, – паправіў сястру Віцька. – Ідзі.
Жэнька пайшла.
Частка 22
Сядзелі на траве каля будана, паглядваючы ў бок сада дзеда Васіля.
– Пайду, скажу бацьку, каб ніякага трактара заўтра не даваў, – ледзь не плакаў ад крыўды Віталь.
– Чаго ты так перажываеш? – памяркоўна супакойваў яго Віцька: – Урэшце, і ты, і Сяргей збіраліся ж напачатку зусім другой справай заняцца, а не пошукамі магілы. Ну, завязём мы іх на той востраў, а самі спакойна будзем сваю справу рабіць…
– Ага! Ты чуў: яна там камандавала, што і Сяргея ўжо не возьмуць, а пра Нэлу і гутарку весці не будуць…
– Чакайце… А я не аддам ім плыт, – спакойна і ўпэўнена сказаў нечакана Сяргей. – Ніхто не мае права браць чужое. Увогуле, мы можам далей дзейнічаць так, як быццам іх і няма. І ўсё…
На хвіліну павісла маўчанне, відавочна, сябры думалі над словамі Сяргея. Нарэшце цішыню парушыў Віцька:
– Усё крыху складаней. Ведаеш, ты прабач, але вось такое тваё становішча дае табе больш свабоды, чым маем мы. У нас з Жэнькай маці – настаўніца. Дэпутат сельскага савета. Дарослыя заўсёды вырашаюць нешта за нас і вырашаюць не ў нашу карысць, калі нашы справы робяцца больш значнымі…
– Вось і я пра тое, – усё з тым жа адчаем загаварыў Віталь. – Яны скажуць дзеду Васілю – і той пойдзе на балота тады, калі гэты атрад пойдзе. А без дзеда мяне бацькі не пусцяць.
– А я не аддам плыт, – упэўнена і спакойна паўтарыў Сяргей.
– Ды не гарачыся ты. Мы можам таксама ўмову паставіць: каго мы з сабой браць будзем… А палаткі якія ў іх новенькія… І рукзакі, і форма… – з ціхай зайздрасцю глядзеў Віцька на тое, як у садзе дзеда Васіля хутка ставіліся дзве яркія блакітна-чырвоныя палаткі.
– О, Жэнька з дзедам у хату пайшлі… Мабыць, дзед будзе апранаць свой святочны касцюм з медалямі. І яшчэ яму галіцца трэба – сам казаў… Бач, за яблыкамі ўсе кінуліся, як гаспадар у хату пайшоў, – каменціраваў убачанае Віцька. І раптам проста пляснуў сябе па ілбе. – Дурні мы! Мы не маем права згаджацца!
– Ты што?
– Там жа трое партызан пахавана, забыліся?
– Чорт…
– Гэты атрад не павінен быць на востраве раней за нас! – заключыў Віцька.
– Тым больш, плыт мы ім не аддадзім, – заключыў Сяргей. – Паставім умову: раз плыт у нас, то дыктаваць мы будзем.
– Правільна, – падтрымаў Віталь. – Умова будзе такой: мы першыя на востраў, яны – потым. А плыт мы ім перагонім, як ужо справу зробім…
Тут хлопцы пабачылі, як Жэнька нечакана выбегла з хаты і пабегла вуліцай у другі канец вёскі.
– Здарылася што?
– Што? Ну, Жэньцы ж таксама не вельмі прыемна, што гэтыя коршакі наляцелі…
Яшчэ хвілін праз дзесяць з сянец выйшла баба Адарка і пакрочыла ў сад да атрада і яго камандзіршы. Старая спынілася перад жанчынай, нешта стала ёй казаць. Нават адсюль было бачна, як рэзка змяніўся твар жанчыны – знік урачыста-пераможны выгляд, рот скрывіўся ў разгубленай усмешцы.
– Не, нешта там не тое, – занепакоена сказаў Сяргей. – У бабы Адаркі твар надта сумны. І дзед не выходзіць…
– Пайшлі, – гукнуў за сабой Віцька.
Ужо былі ў дзедавым садзе, як пачулі строкат матацыкла. А потым з вуліцы на надворак хутка прайшла добра знаёмая хлопцам фельчарка іх вясковага медпункта: паўнацелая, мажная жанчына з суровым тварам. У белым халаце сваім, з патрапаным ужо ад часу чамаданчыкам. Следам за фельчаркай на двор зайшла Жэнька, запыханая, расчырванелая.