Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 69 из 72

Ён мог з захапленьнем бясконца расказваць пра свае часам вельмі незвычайныя сьветапоглядныя ўяўленьні, філасофскія бачаньні. Самае цікавае, што па ўспрыняцьці сьвету ён быў бліжэй да пантэізму, чым да матэрыялізму, тым больш атэізму. Па ягоным перакананьні, Бог ёсьць сама прырода, ён раствораны ў ёй, дапускаў, што жывая і нежывая прырода, нават сама Зямля надзеленыя ня толькі органамі адчуваньня, але і розумам. Сьцьвярджаў, што ўмее размаўляць з дрэвамі, падзараджацца ад іх жыцьцёвай энергіяй, вывучыў іхнюю мову, пераконваў і мяне, і ўсіх нас, што гэта зусім проста – варта толькі ў цішыні і без усялякай сьпешкі прытуліцца да дрэва сьпіною, заплюшчыць вочы і вельмі пажадаць слухаць яго. Мы часта не прымалі ўсур’ёз прыгожыя мроі і фантазіі вялікага рамантыка, а ён на поўным сур’ёзе, з найвялікшым перакананьнем адстойваў сваё бачаньне Бога і Прыроды. Уладзімір Сямёнавіч сьцьвярджаў, што ніколечкі не баіцца сьмерці, казаў, адчувае, што яна недзе зусім блізка, непадалёк, і выразна ўяўляе іхнюю сустрэчу...

А праз нейкі час у яго зьявілася ледзь ці не ідэя-фікс прайсьці ўсім нам учацьвярых, мо прыхапіўшы за кампанію яшчэ каго, на баркасе з Гомелю па Сажы, а далей уверх па Прыпяці, дзе яму хочацца разьвітацца, паказаць і перадаць нам вядомыя яму незямной прыгажосьці палескія мясьціны, чысьцюткія крынічныя рэчачкі ў гранітных ложах, з перакатамі, якія кішаць тарпедападобнымі прыгажунямі стронгамі і хапаюць нават голы кручок, няходжаныя дубровы, бары, гаі, дзе растуць вялізныя грыбы, якіх мы ніколі яшчэ ня бачылі. Падарожжа на баркасе было і насамрэч заманьлівым, але Генадзь адразу спасаваў – ён, як звычайна, на пачатку восені намерваўся лячыць ныркі ў Трускаўцы, а потым на дзён дзесяць бязвылазна засесьці на лецішчы ды адпісацца за ўвесь год. Мы ж з Сяргеем дамовіліся разам адпачыць у Юрмале і заказалі на пачатак ліпеня пуцёўкі. Ледзь ці не штодня Уладзімір Сямёнавіч настойліва адгаворваў: ды кіньце вы, хлопцы, гэтую Юрмалу, тут вы пабачыце і адпачнеце ў тысячу разоў лепей. Яно падобна было, што так, але ў нас былі ўжо на руках пуцёўкі, і ў рэшце рэшт прыйшлі да кампраміснай высновы: напачатку ўсё ж едзем у Юрмалу, але вяртаемся на дзень-два раней тэрміну і ў нас застанецца яшчэ добры тыдзень на сумеснае воднае падарожжа ў глыбіню Палесься. Я сказаў, што пазваню Аляксею Камаю, які быў першым сакратаром абкаму ў Гомелі, дамоўлюся наконт добрага плаўсродку, у іх, здаецца, меліся быстраходныя кацяркі на падводных крылах, але Уладзімір Сямёнавіч запярэчыў: ай, навошта зьвязвацца, дурыць гававу начальству, калі ў мяне ў Гомелі добры сябра, на чыім баркасе ледзь ці ня кожны год ходзім у тыя запаведныя мясьціны. На тым і дамовіліся...

Надвор’е ў Прыбалтыцы ў той год было цёплае, нават гарачае, ласкавае мора, і мы выдатна адпачылі. На два дні раней заканчэньня тэрміну загадзя купілі білеты на вячэрні цягнік, каб праз дзень накіравацца з Караткевічам ў тыднёвае падарожжа па Прыпяці. За два дні да ад’езду ледзьве вярнуліся з Сяргеем з пляжу, як у вестыбюлі дзяжурная паведаміла: званілі з Менскуа, прасілі перадаць, што памёр нейкі пісьменьнік.

– А хто? Прозьвішча не называлі?

– Называць то называлі, але не запомніла. Пачынаецца на “К”...

Грэшнай справай падумалі, што стары Крапіва, пра Караткевіча ж і ў галаву не магло прыйсьці. Разьмянялі ў дзяжурнай папяровыя рублі на капейкі і кінуліся да міжгародняга тэлефону-аўтамату, які ўмеў бесцырымонна глытаць дваццацікапеечныя манеты, ня надта дбаючы з першага ці другога разу злучаць з абанентам ў Менску. На дзіва ўдалося дазваніцца адразу... Калі сказаць, што гэта было нешта накшталт грому сярод яснага дня ці ўдару абухам па галаве – гэта і блізка нельга параўнаць з тым шокам, які здарыўся з намі ад паведамленьня пра сьмерць Караткевіча. Ачомаўшыся, сталі сьпешна зьбірацца, а найперш вырашаць пытанне з білетамі на Менск. Ні на сёньняшні вячэрні, ні на заўтрашнія цягнікі ніводнага месца не было, і нічога не заставалася, як на шэсьць раніцы выклікаць таксі і ехаць у аэрапорт, спадзеючыся ўбіцца на які-небудзь рэйс калі не да Менску, то хоць да Вільні, адкуль дабрацца прасьцей. Ні на Менск, ні на Вільню білетаў не было, адна маленькая надзея, што нехта адмовіцца ад палёту... І тут пацьвердзілася старая ісьціна пра цесны сьвет – у залу зайшоў у суправаджэньні генерала і двух палкоўнікаў мой даўні добры знаёмы па Жалудку брат Валодзі Фядотава Міхаіл, зараз генерал, кіраўнік транспартнай міліцыі Беларусі, з якім мы даўным-даўно ня бачыліся. Абняліся і я сказаў пра свае праблемы з білетамі, і яны тут жа, амаль імгненна былі вырашаныя – ляцім да Менску разам з ім напаўпасажырскім, напаўгрузавым сьпецрэйсам. Ягоныя латышкія калегі-праважатыя павялі ўсіх нас ў нейкі пакойчык з сервіраваным пад фуршэт сталом, узялі па пару чарак за знаёмства і на разьвітанне, і праз якіх паўгадзіны АН-24 падняў нас разам з Міхаілам у паветра, узяў курс на Менск...

Пахаваньне Караткевіча было прызначанае на заўтра, і мы, а найперш Сяргей як загадчык сектаруа літаратуры, пасьпелі яшчэ прыняць удзел у арганізацыі і правядзеньні жалобных мерапрыемстваў. Разьвітаньне адбывалася ў вялікай зале Дома літаратара пры вялізным наплыве народу. Труна была ўбраная сьціплымі палявымі валошкамі і рамонкамі і нахіленымі, гатовымі пад серп сасьпелымі ўжо каласамі. У зале ўвесь час гучала музыка, але не жалобная, а, як таго пажадаў нябожчык, задумліва-журботныя народныя мелодыі...

Высьветліліся абставіны ягонай сьмерці. І было загадкай, і не было загадкі, чаму Уладзімір Сямёнавіч не дачакаўся, як было дамоўлена, нас з Юрмалы, чаму за пяць дзён да нашага вяртаньня накіраваўся ў тое падарожа са сваім даўнім сябрам – мастаком Пятром Драчовым? Магчыма, адчуў, што канчаюцца ягоныя дні, іх ужо ня хопіць, каб дачакацца нас і пасьпець разьвітацца назаўсёды з запаветнымі, дарагімі і любымі яму мясьцінамі. А мо аберагаў нас ад маральнай адказнасьці перад людзьмі і самімі сабой за тое, што магло ці нават мусіла здарыцца ў тым апошнім ягоным падарожжы... Хто ж яго ведае... Усё роўна спазьніўся – не даплыў... А нам не наканавана было пабачыць ягоныя райскія мясьціны з празрыстымі крынічнымі рэчкамі ў гранітных ложах, дзе кішма кішаць элегантныя, празваныя царскай рыбай стронгі, гаі, бары, дубровы, у якіх растуць аж паўмятровыя баравікі, чырвонагаловікі... І па сёньня не пакідае сумненьне: а мо і варта было паслухацца Караткевіча і адмовіцца ад той паездкі ў Юрмалу? Хто ж яго ведае...

На сваім жыцьцёвым шляху мне пашчасьціла сутыкацца, мець знаёмства, таварышаваць з многімі вядомымі і ня надта вядомымі, цікавымі і ня надта цікавымі людзьмі. Мог бы, у прыватнасьці, нямала расказаць пра гаворкі з патрыярхам нашай літаратуры Кандратам Крапівой, сустрэчы і бяседы з Максімам Танкам, Янкам Брылём, Іванам Шамякіным, Іванам Навуменкам, Алесем Адамовічам, Вячаславам Адамчыкам, Барысам Сачанкам, Іванам Чыгрынавым, Леанідам Гаўрылкіным, Нэляй Тулупавай, Анатолем Грачаньнікавым, Міколам Матукоўскім, Жэняй Янішчыц, Уладзімірам Верамейчыкам і многімі-многімі іншымі, але выдатна разумею, што не настолькі блізкімі, даверлівымі былі стасункі са многімі з іх ці настолькі значнымі, яркімі і запамінальнымі сустрэчы, гаворкі, каб дадаць да іхняга вобліку нешта новае, не сказанае імі самімі ці тымі, хто іх больш ведаў. Кажу пра тых, хто ўжо адыйшоў. А пра жывых час успамінаў яшчэ не наступіў – здаўна лічылася кепскім знакам згадваць жывых, таму пра сяброў і блізкіх лю­дзей у гэтым расповедзе намагаюся згадваць выключна ў зьвязку з іншымі асобамі і падзеямі. Хоць, шчыра кажучы, так і пад’юджвае прысьвяціць асобныя разьдзелы ці эсэ Міколу Каралёву, унікальна таленавітаму чалавеку, з кім мяне зьвязвае дружба практычна ўсё маё сьвядомае жыцьцё, на працягу больш чым паўстагоддзя ніколі не азмрочвалася нават нейкім самым маленькім непаразуменьнем. Прыгадаць запамінальныя вясёлыя і сур’ёзныя, нейкія бытавыя і з глыбокай сакральнай падсьветкай гісторыі, гаворкі, уражаньні, яркія штрышкі і эпі­зоды з Генадзем Бураўкіным, з кім нас зьвязвае поўнае аднадумства і амаль трыццацігадовая шчырая мужчынская дружба. З маімі малодшымі блізкімі сябрамі Сяргеем Законьнікавым і Алесем Жуком, З Анатолем Кудраўцом, з кім яшчэ з гарадзенскіх часоў нас зьвязваюць добрыя прыяцельскія стасункі і ўзаемная сімпатыя. З Нілам Гілевічам, з кім прайшло ў свой час столькі шчырых запамінальных сустрэчаў у Васіля Быкава, Генадзя Бураўкіна, дый у яго ці ў мяне дома, вясёлае, часам з розыгрышамі, але заўсёды плённае супрацоўніцтва ў час майго рэдактарства ў “Вожыку”. З Анатолем Вярцінскім, з якім яшчэ ў Гродне вялі гарачыя філасофскія спрэчкі пра альтруізм і эгаізм, а нашым арбітарам быў Васіль Быкаў. З Данутай Бічэль, Вольгай Іпатавай, Юркам Голубам, Васілём Зуёнкам, Міколам Аўрамчыкам, Генрыхам Далідовічам, Аляксеем Дударавым, Уладзімірам Някляевым, Янкам Сіпаковым, Уладзімірам Правасудам, з якімі сыходзіліся, перасякаліся нашы шляхі-дарогі. З Зіновіем Прыгодзічам, з кім не адзін год прахадзілі і ў цэкоўскіх уладных і прасторных калідорах старога Дому друку, абсьледавана разам столькі грыбных узьдзенскіх лясоў, пералескаў, як і з Валодзем Ліпскім, маім аднакурсьнікам, які, прымкнуўшы да чаргінцова-аўруцінскага Саюзу, падобна, стаў абачліва асьцерагацца нашай кампаніі. З Анатолем Бутэвічам, у якога хапіла мужнасьці ўзьняцца над жыцьцёвымі абставінамі, мо нават над самім сабой, каб вызначыцца са сваім прызваньнем, застацца чалавекам. Вядома ж, з Рыгорам Барадуліным, з кім яшчэ з гарадзенскіх часоў нас зьвязваюць ня толькі шчырыя прыяцельскія стасункі, але і дружба з Васілём Быкавым, Генадзем Бураўкіным. Хацелася б расказаць пра шмат каго з блізкіх і дарагіх мне людзей з журналісцкага і колішняга партыйна-савецкага асяродку, як Сяргей Паўлюкевіч, Барыс Саўчанка, Іосіф Навумчык, Павел Антонавіч Васілеўскі, Пятро Дзевяцень, Яўген Місарэвіч, Леанід Толкач, Іосіф Сярэдзіч, Павел Шаўчук, Віктар Крукоўскі, Іосіф Багіна, Яўген Коктыш, Іван Пяшко, Косьця Клебан і, канечне ж, універсітэцкага аднакурсьніка, абаяльнейшага і шчырага чалавека Івана Журко, былога рэдактара клімавіцкай газеты і многіх-многіх іншых. Але я чалавек трохі прымхлівы...