Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 9 из 11



Сцяпан. І твая, каханенькі, родненькі, не адстала, - аж дыхавіцу чуць мне не нагнала.

Агата. Абодва вы кавалёвыя мяхі, тудэма-сюдэма, непаваротлівыя, дык і здаецца, што нехта вам дыхту нейкага даваў.

Альжбета. А праўда, свацейка, праўда. Ім толькі каля пляшкі круціцца, а не з дарэчнымі жанкамі лявоніху ісці.

Пранцісь. Ага, собственно, добра, што свацейка, пане дабрудзею, успомніла. (Дастае пляшку і частуецца з Сцяпанам.)

Паўлінка (да Адольфа). Ну, як жа пану Адольфу спадабаўся наш мужыцкі танец? Як я ўважаю, дык лепей у вас лявоніха выходзе, чымся тое нейкае «падзі-кварта». І прыпеўкі складныя знаеце.

Адольф (нібы скромна). А трохі ж нейкіх навучыўся калісь.

Адзін з гасцей. Пара нам і чэсць знаць! Пэўна, ужо каля поўначы матаецца.

Колькі галасоў. Так, так, час рухацца дамоў!

Паўлінка (з аблягчэннем, убок). Дзякуй Богу!.. (Да гасцей.) А можа б, яшчэ пагулялі?

Альжбета. Каму далёка, то яно так, а каму блізка, дык не шкодзіць яшчэ пазабаўляцца.

Колькі галасоў. Не! Не! Ужо час і пара!

Паўлінка. Ну, дык хай музыкі на адходнае хоць марша зайграюць, каб весялей усім снілася і каб моцна, моцна ўсім спалася.

Сцяпан. А гэта не шкодзіць. (Да музыкаў.) Што ж, каханенькія, родненькія, зайграйце, калі ласка, яшчэ што-колечы на адходнае дарагім госцікам, а там дзве дзюркі ў носе і сканчылося.

Музыкі іграюць марш. Госці адзяваюцца, адвітваюцца і выходзяць, за імі - музыкі.

З’ява V

Паўлінка, Адольф, Сцяпан, Альжбета, Пранцісь і Агата.

Сцяпан. Вось і пацішэла трохі ў нашай хаце, няма ўжо каму скакаці.

Пранцісь. Собственно, глупства, вось-цо-да. Было шумна, пане дабрудзею, і будзе шумна!

Агата. А так, так, тудэма-сюдэма, як будзе вяселле ў Паўлінкі.

Паўлінка. Э-э, майго вяселля ніколі не будзе, значыцца, і шумна не будзе!

Адольф. Ці ж у бацькоў маладога, паненка, думаеце, не хваце на вяселле?

Паўлінка. Хваце не хваце, а такі вяселля майго ніхто не ўбача…

Сцяпан. Гэта, каханенькая, родненькая, пабачым. Яшчэ я на тое ёсць і ў сваёй хаце гаспадар, а не госць! Жыта повен аруд і сала не адзін пуд.

Пранцісь. Собственно, глупства, вось-цо-да. Часам ці вяселле, ці павесіў - адно на другое, пане дабрудзею, выходзе.

Агата. А ты, «вось-цо-да», прыкусі свой язык і не тыцкайся, тудэма-сюдэма, туды, куды цябе не просяць. Напіўся, наеўся, дык і маўчы!

Альжбета (да Агаты). Што ж там, свацейка, такое? Сват жа нічога благога не кажа. (Да Паўлінкі.) Прыбірай ты ўжо, дзеткі, са стала.

Пранцісь. Собственно, ці свінні елі, ці шляхта папасавалася - гэтак, вось-цо-да, стол выглядае, пане дабрудзею.

Паўлінка. Добра, мамка, зараз. (Да Адольфа.) А пан Адольф мне паможа?

Адольф. Калі патраплю, дык чаму ж не?

Прыбіраюць са стала; пасудак стаўляюць на табурэце, каля самавара.

Альжбета. Вы бы, дзеткі, занеслі пасудак на тую палавіну.

Паўлінка. Усё роўна я пасля занясу сама, а цяпер… (паглядаючы хітравата на Адольфа) я баюся з панам Адольфам ісці адна на тую палавіну!

Адольф (несучы пасудак, убок). Відаць, дзеўка ўлялюскалася ў мяне па самую шыю.

Паўлінка (ідучы к сталу, убок). І собіла ж Богу стварыць гэткую чапялу недарэчную!

Пранцісь (да Паўлінкі). А праўда, собственно, лепш старожа, як варожа, пане дабрудзею.

Агата (да Пранціся). А ты, «старожа», не мялі попусту, а думай, як дахаты ісці.

Пранцісь. Пане дабрудзею, дык і пойдзем; што ж там, собственно, такое.

Развітваюцца абое і выходзяць. Альжбета памагае прыбіраць са стала.

З’ява VI

Паўлінка, Адольф, Сцяпан, Альжбета.

Паўлінка. Не так, пан Адольф, бярэш шклянкі; трэба вось як. (Паказвае.) Ну, і зграбны ж! не раўнуючы - як вол да карэты.

Адольф. А панна Паўлінка ўсё капліменты мне гавора.

Паўлінка (убок). Дурню плюнь у вочы, а ён скажа: дождж ідзе!

Альжбета (да Сцяпана, які клюе носам за сталом). Што ты табаку важыш? Ідзі ды кладзіся спаць. Гэта ж табе тут не карчма!

Сцяпан (сонна). Каханенькая, родненькая, я наважу, а ты купіш. Сон - не кепская рэч. Для чаго калядкі - добрыя святкі, што пад’еў ды на палаткі. (Вылазячы з-за стала, да Адольфа.) Каханенькі, родненькі, выбачай… Забаўляйся тут з Паўлінкай, а я прыкархну трохі… Сягоння яшчэ досвіта мяне мая ўспарола. (Адводзячы Адольфа ў старану.) Ну, што? Як мая Паўліна… падышла пад мысль?

Адольф. О, важная маладзіца! Хоць сягоння гатоў з ёю жаніцца.



Сцяпан. Ну, так тупай каля яе; толькі смела; яна дзеўка падатлівая, хоць, можа, і мае трохі якіх мухаў у носе.

Адольф. Хэ-хэ-хэ! Я да ўсякай патраплю падлізацца.

Сцяпан. Ну, дык падлізвайся, каханенькі, родненькі. (Адвітваецца і ідзе ў бакоўку.)

З’ява VII

Паўлінка, Адольф, Альжбета.

Альжбета (сціраючы стол). А ты, Паўлінка, можа, у карты пайграеш з панам Адольфам?

Адольф (закурваючы). Ды і мне ўжо трэба збірацца дамоў.

Паўлінка. Ці ж пан Адольф рассыпаўся, што маніцёся збірацца? Заедзеце яшчэ; каня ж маеце не жартачкі!..

Адольф. О, конь мой добры!

Альжбета. Ну, дык і чаго ж спяшацца?.. Нам, старым, як той кажа, такая рэч: пад’еў ды на печ.

Паўлінка (убок). Чаго добрага - заначуе, вось будзе бяда! (Голасна.) А пагода сягоння нядрэнная. Нават месяц свеціць, што рэдка на Пакровы. Будзе добра для пана Адольфа дамоў ехаць.

Адольф. А хоць бы і дрэнная, дык мне блізка, жарабец мой умомант дамчыць.

Альжбета (да Паўлінкі). Ну, дык паглядзі ж ты, дзе карты, ды пазабаўляйцеся яшчэ трохі з панам Адольфам, бо я, мусіць, зраблю следам за дзедам. Трохі ж сягоння такі натупалася.

Адольф. Проша, проша, панічка! На нас, маладых, не зважайце.

Альжбета. А ўжо ж я такі і пайду.

Адольф (цалуючы ў руку Альжбету). Хутка і я паеду, вось толькі дам аднаго гаспадара панне Паўлінцы.

Паўлінка. Паглядзім - хто каму?!

Шукае карт. Альжбета выходзіць у бакоўку.

З’ява VIII

Паўлінка, Адольф.

Адольф. Чаго паненка шукае?

Паўлінка. Таго, чаго яшчэ не маю, - карт.

Адольф (глянуўшы на акно). А вось яны, на акне.

Паўлінка (убок). Думала, што не ўбачыць; скарэй бы, можа, з хаты выпхнула, не найшоўшы карт. (Да Адольфа.) Ну, калі ёсць, дык будзем іграць. (Паглядзеўшы ў акно.) А ў што?

Адольф. У гаспадара.

Паўлінка. Гэта, значыцца, у дурня?

Адольф. Ну, гэта толькі мужыкі так гавораць. (Раздае карты.)

Паўлінка. А як пан Адольф думаў, хто мы? То ж таксама мужыцкага роду.

Адольф. Першы раз чую!

Паўлінка. Ды і пан Адольф таксама мужыцкага роду. (Іграюць у карты.)

Адольф (здзіўлены). І я?!

Паўлінка. Але, але! Калісь былі ўсе мужыкі, ну дык цяпер кожны чалавек мужыцкага роду, хоць каторы і прыкідваецца панам ці графам. Ды і што гаварыць! Адам і Ева і то былі мужыкамі.

Адольф (здзіўлены). Адам і Ева?!

Паўлінка. І Ной, і Езус…

Адольф. Што я чую? Адкуль гэта, панна Паўлінка, усё ведаеце?

Паўлінка. Ого, не скажу!

Адольф (просячы). Проша сказаць.

Паўлінка. Не тэй б’іце! Вот салапяка!

Адольф (паправіўшыся). Ды скажыце!

Паўлінка (нецярпліва). Ну, добра. Запытайцеся ў Якіма Сарокі: ён усё вам раскажа. (Адольф праігрывае.) Дурань пан! Дурань пан!

Адольф (папраўляючы). Гаспадар. (Раздае карты.)

Паўлінка (убок). Які чорта гаспадар, калі дурань?

Адольф. Што панна Паўлінка кажа?

Паўлінка. Кажу: але, гаспадар. (Хвілю маўчаць. Убок.) Што тут гаварыць з гэтай вандзонкай. І трымае ж яго нядобрае! (Да Адольфа.) А ці, пан Адольф, жаніцца хочаце?