Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 10 из 11



Адольф. Ой, страшэнна хачу. А панне Паўлінцы замуж хочацца?

Паўлінка. Ого, яшчэ і як хочацца!.. Калі ўдасца, дык яшчэ і сягоння, можа, пайду.

Адольф. А я ж яшчэ з таткам і мамкай вашымі нічога аб гэтым не гаварыў.

Паўлінка. Аб чым - аб гэтым?

Адольф. Ну, аб тым, як я жаніцца буду, а панна Паўлінка замуж ісці. (Праігрывае.)

Паўлінка. Ізноў пан дурнем! Ізноў дурнем!

Адольф. Гаспадаром!.. (Раздае карты.)

Паўлінка. А можа, ужо будзе? Нешта спаць як бы хочацца. (Зявае, устае і паглядае ў акно. Убок.) А што, калі не прыйшоў?

Адольф (не пачуўшы). Хто не пайшоў?

Паўлінка. Я кажу, каб хаця дождж не пайшоў. (З удаванай жаласцю.) Я так жалею, так жалею пана Адольфа, каб не замок, што аж тут нешта трасецца. (Паказвае на грудзі.)

Адольф. І я таксама панну Паўлінку жалею і цяпер, і потым.

Паўлінка. Калі гэта потым? Як пан Адольф яшчэ дурня возьме?

Адольф. Ды не! Тады, як будзем… як будзем… ну, як гэта сказаць.

Паўлінка. Ізноў скруціў! (Папраўляе.) Вось гэтак было, гэтак біць трэба, а з гэтай хаджу, і пан Адольф ізноў дурань, дурань, дурань!

Адольф. Гаспадар!

Паўлінка. Усё роўна, хоць гаспадар, але як карты паказваюць, дык дурань!

Адольф. Хай будзе і так! Цяпер за тое, што панна Паўлінка мяне гэтак абыграла, вазьму ды паеду. (Устае.)

Паўлінка (з аблягчэннем, убок). Сабраўся-такі нарэшце.

Адольф. Дабранач панне Паўлінцы! Проша ча-каць - я прыеду па канчатак.

Паўлінка. Забярэце лепей яго цяпер!

Адольф. Каго?

Паўлінка. Ды канчатак той.

Адольф. А панна Паўлінка ўсё жартуе. (Адвітваецца. Выходзячы, убок.) Вот так на ўсе бакі дзеўка! Адным словам, як сторублёвая кабыла. Гэткая - дыхт для мяне жонка!

З’ява IX

Паўлінка адна.

Паўлінка (неспакойна). А той, можа, хай бы лепей і не прыйшоў! Так усё неяк усярэдзіне трасецца… І нашто гэта я яму абяцала? Лепей было б пачакаць. Што тут рабіць? (Ходзіць ад акна да акна і паглядае.) Падшахнула ж мяне нядобрае на згоду прыстаць! (Сумна-весела.) А можа, не прыйдзе?.. (Сумна.) А калі не прыйдзе, то, значыцца, ён ужо мяне не любіць болей. Не, няхай прыйдзе лепей, а там - што будзе, то будзе. Трэба паваражыць. (Стукае ў пальцы.) Прыйдзе, не прыйдзе, прыйдзе, не прыйдзе, прыйдзе… (Весела.) Прыйдзе, прыйдзе! А цяпер - любіць ці не любіць? Ну, гэта трэба на карты паваражыць. (Бярэ і перакідае карты.) Любіць, не любіць, к сэрцу прыжме, к чорту пашле; любіць, не любіць, к сэрцу прыжме… (Весела.) Так, так, любіць, к сэрцу прыцісне! Ну, раз карты гэтак паказалі, то трэба збірацца. Але мушу ўперад паслухаць, ці спяць старыя. (Ідзе і падслухоўвае ў дзвярах бакоўкі.) Спяць, ажно хра-пуць, як бы суконкі дралі. (Падыходзіць, глядзіць у акно, задумваецца.) Што тут узяць? Ага, трэба заглянуць у куфар. (Адчыняе куфар, капаецца ў ім; дастае пацеркі і прымярае.) Во! Гэта дык трэба забраць - так мне з імі да твару ідзе. Ну, сукенку новую такжа трэба ўзяць. Усё гэта звяжам у хустку. (Рассцілае хустку і складвае свае рэчы.) А-а, і чаравічкі мушу забраць, бо ў чым жа я з ім бегаць буду? Шнуровачку такжа вазьму, бо хто ж яе тут будзе насіць? І-і!! ужо болей, здаецца, нічога. (Звязвае і ідзе к ложку. Чуваць шорах за акном. Сціха.) Ай, хтось там прыйшоў! (Весела.) Прыйшоў, мой міленькі, прыйшоў! Такі карты праўду паказалі! (Ідзе к акну.) Хто там?

Голас з-за акна (прыдушаны). Я!.. Я!..

Паўлінка (углядаючыся ў акно, убок). Нічагутанькі не відаць! Цемната страшэнная! (У акно.) Хто - я?

Голас. Я!.. Я!.. Ну, ці ж не пазнала?

Паўлінка. Пачакай мінутку. Вось я зараз. Толькі падушачкі звяжу і коўдру.

Голас. Ды мне нічога не трэба!

Паўлінка. Мала што не трэба, а я вазьму… (Хутка ідзе к ложку, звязвае падушкі і коўдру ў посцілку.) Ну, ужо гатова! (Адчыняе акно і выкідвае вузлы.) Пераймай, а зараз - і мяне! (Да сябе.) Трэба з бакоўкі ўзяць верхнюю вопратку і хустку, толькі б хаця ж старыя не прабудзіліся. (Зніжае агонь у лямпе і ідзе ў бакоўку. Па нейкім часе выходзіць стуль адзеўшыся.) А цяпер і сябе трэба выкінуць! (Шыбка ідзе к акну. Чуваць шорах у бакоўцы.) Ай, нехта ўстаў!

З’ява Х

Паўлінка, Сцяпан.

Сцяпан (выбягае з бакоўкі, ахінуўшыся коўдрай). Хто тут? Хто тут лазіць апоўначы? Альжбета! Альжбета! Хутчэй сюды! (Паўлінка, перахрысціўшыся, кідаецца ў акно. Сцяпан убачыў.) Гвалт! Злодзей! (Бяжыць к акну і хватае Паўлінку за ногі.) Альжбета! Скарэй сюды! Стрэльбу хватай!!.



З’ява XI

Паўлінка, Сцяпан, Альжбета.

Альжбета (выбягае - як Сцяпан - акрыўшыся коўдрай; уся трасецца). Матачка Найсвентшая! Што тут робіцца?! (Мацае па сцяне.) Зараз, зараз нясу стрэльбу. (Хватае за гіру ад гадзінніка, гадзіннік з грохатам валіцца са сцяны і разбіваецца.) Ай, што ж я нарабіла!!

Сцяпан (трымаючы Паўлінку за ногі, да Альжбеты). Куды цябе немач уперла? Падкруці хутчэй кнот ды памажы цягнуць!..

Альжбета (бяжыць к лямпе). Ужо, ужо!

Паўлінка (перавесіўшыся праз акно). Цягні, братка, ямчэй!

Альжбета (падкруціўшы кнот і бегучы к Сцяпану). Божухна мой! Гэта ж Паўлінка! Скуль ты ўзяў таго злодзея?

Сцяпан. Каханенькая, родненькая, не мялі языком ды вось памагай цягнуць; там нейкі гад яе за рукі трымае.

Паўлінка. Мацней, мацней, браток!

Альжбета (памагаючы Сцяпану цягнуць). Што ты, дзеткі, здурэла, ці што?.. (Сцягваюць Паўлінку з акна на хату.)

Сцяпан. Ты гэта, каханенькая, родненькая, куды манілася ляцець?

Паўлінка (апіраючыся рукой аб стол, патупіўшыся). Я!.. Я!.. хацела замуж ісці!

Сцяпан і Альжбета. Праз акно?!

Паўлінка. А што ж, калі татка і мамка праз дзверы не пускаеце.

З’ява XII

Тыя ж і Пранцісь, Адольф, Агата.

Пранцісь (без шапкі ўвальваецца ў хату, трымаючы за каўнер Адольфа). Собственно, пане дабрудзею, злодзея, злодзея злавіў, вось-цо-да.

Агата (цягнучы вузлы). А як жа, тудэма-сюдэма, з гэтымі катомкамі каля вашага акна капаўся.

Паўлінка, Сцяпан і Альжбета. Пан Быкоўскі?

Пранцісь. А так, так, пане дабрудзею. Адольф, Адольф! Злодзей, собственно, вось-цо-да!

Сцяпан (да Адольфа). Дык гэта ты мне хацеў дачку ўкрасці, зладзюга, каханенькі, родненькі!

Адольф (заікаючыся і не разумеючы, у чым рэч). Я… я… збіўся тут каля саду з дарогі, дык хацеў у панны Паўлінкі запытацца праз акно, кудой выехаць…

Пранцісь. Собственно, злодзей, злодзей! Вузлы з хаты праз акно павыцягваў. Можа, і шапку маю ўкраў.

Агата. Ты зараз, п’яніца, тудэма-сюдэма, і галаву забудзешся. Гэта ж аж дамоў давалокся і тады толькі агледзеўся, што шапкі забыўся.

Пранцісь. Собственно, а баба нашто, - каб усяго пільнавала. Але злодзея, пане дабрудзею, злавіў, злавіў, вось-цо-да.

Сцяпан (да Паўлінкі). Дык гэта ты, каханенькая, родненькая, за яго хацела замуж уцякаць, як даведалася, што гэнага гада, гэнае плюгаўства за афішкі арыштавалі?

Паўлінка (глуха). Божухна мой, Божа! Якімку арыштавалі!!

Сцяпан (самадавольна). Хе-хе-хе! ужо гэтае мужыцкае насенне не будзе больш нашых сцежак паганіць.

Паўлінка. Якімку арыштавалі! Майго саколіка ненагляднага арыштавалі.

Сцяпан (да Адольфа). А ты, каханенькі, родненькі, негадзяй, вірутнік з-пад цёмнай гвязды, вон з маёй хаты, каб твая і нага тут не была! Не мог, як трэба, па-хрысціянску - з сватам, з запаведзямі маю дачку ўзяць, але, як злодзей, хацеў праз акно вывалачы! Вон! Вон!

Адольф. Я… я… толькі хацеў дарогі запытацца…

Пранцісь (развязваючы вузлы). Собственно, злодзей, пане дабрудзею! Падушкі і сукенкі дзявочыя праз акно пакраў. К урадніку, марш! К урадніку, гіцаль, вось-цо-да!

Паўлінка. Якімку арыштавалі! Маю зорачку ясную арыштавалі. (Дзіка.) Ха-ха-ха! Звяры сляпыя!!! (Як сноп, валіцца на зямлю. Суматоха. Крыкі: «Вады! Вады!..»)