Страница 1 из 2
Басё
Хоку
* * * Вясна на дварэ. Толькі дзевяць дзён палям і пагоркам. * * * Сакуры зацьвілі — і ночы мінулі ў наўкольлі. * * * Цягне цыбаты дождж парасткі ўгору. Утравянела сьцежка. * * * Перад красою кветак і месяц зьніякавеў: схаваўся за аблачынку. * * * Спадае вада: вярба гладзіць нахіленым вецьцем ціну. * * * Вясна адыходзіць: птушкі смуткуюць, у рыбін вочы-сьлязіны. * * * Цёхкаюць салаўі! Тут — перад гэтым гаем, там — за тою вярбінай. * * * І самага доўгага дня замала, каб высьпевацца, жаўруку. * * * Ластаўкі, выпадкова мне ў чарку зь віном ня ўкіньце глебы драбок! * * * Рассталіся двое сяброў — двое дзікіх гусей: між імі шырэе захмараная мяжа. * * * Старая сажалка. Жабка ў ваду скокнула: гук усплёску. * * * Лётае матылёк трапятлівы ў полі — вось і ўвесь цень. * * * О, прачніся, прачніся — зрабіся маім сябруком, зьнерухомлены матылёк! * * * На кветку, якая не пахне, сеў матылёк — вяльможлівыя прыцуды. * * * Блукалец-крумкач, ці знойдзеш леташняе гняздо? У квецені — сьлівы. * * * Разлі свой водар і тут, ля ўзгорка, дзе здабываюць зьляжалы торф, квяцістая сліва. * * * Дзяржальна гэтага малатка калісьці было камлём камеліі ці мо — слівы? * * * Зрабілі душою сваёй салаўя і сьпяць? Ніцыя вербы. * * * Стварайцеся, на мой стары твар не падобныя вершы!.. Першай сакуры цвет. * * * О, колькі сёньня прыгадваецца ўсяго: гляджу на сакуру ў цьвеце. * * * І гэтак штогод! Ападаючы з сакуры, цьвет корміць карэньне. * * * О, як я зайздрошчу ёй: у гарах сакура закрасавала. * * * Нават галяндцы, і тыя прыехалі сакурам дзівавацца. На конях — сёдлы. * * * На сакуры, што зацьвілі, дуб не звяртае ніякай увагі: сам сабе постаць! * * * Ах, верабейка-дружа, ня зь'еш авадня: і яго прывабілі кветкі. * * * Нават славуты вой, захоплены сакурай, ператварыўся ў сем простых ваяк. * * * Згук звону растаў. Паветра дыхае водарам. Вечар. * * * Мо для мяне пакінуў? Прайшоў журавель, не абскубшы балотнай пятрушкі. * * * Сьпякотлівы ліпень! Акрыла хмурынкаю галаву гара Арасі. * * * Летнія ліўні! Вада ў рацэ зраўнялася з вадаспадам. * * * Месяц дажджоў. Схілілі сланечнікі галаву: можа, сонца — унізе? * * * Згадаў галінку сасны — і ўраз адчуў прахалоду. * * * З вязанкаю сена на сьпіне: дарожны ўказальнік мне той чалавек у стэпе. * * * Верхнюю вопратку зьняў і нясу на сабе — вось і ўсё зьмены зь зімы на лета.