Страница 4 из 118
У палоне Радзіма для Руневіча становіцца яшчэ больш любай, дарагой і неабходнай. Яна кліча яго, падштурхоўвае да дзеяння, надае сілы ў барацьбе. Імкненне ягонае на Бацькаўшчыну цяпер не толькі пачуццё настальгіі, гэта і абавязак грамадзяніна. Ён разумее, усёю душой адчувае, што ягонае месца цяпер сярод тых, хто змагаецца, са зброяй у руках абараняе родны Край.
Любоў да Радзімы ў сэрцы ягоным непарыўна зліваецца з любоўю да Маці, жанчыны працавітай, шчырай, сардэчнай, часам строгай, сціплай і клапатлівай. Радзіма і Маці для Алеся атаясамліваюцца, становяцца нечым адным, самым дарагім і святым. У далечыні ад роднага дому ён як бы збоку зірнуў на ўсё і ўбачыў, як яму не хапае цяпла Маці і Радзімы, іхняй суровай патрабавальнасці і вялікай любові.
Галоўным у мастацтве Руневіч лічыць служэнне свайму народу, служэнне чалавецтву. Як дэвіз свайго жыцця і творчасці ён выпісвае словы з аповесці В. Серашэўскага «Заморскі д'ябал»: «Будзь самім сабою і не саромейся, што ты як быццам бездапаможны! Узвышайся над іншымі высакароднасцю: будзь чысты, мужны, добры. Няхай імя тваіх суайчыннікаў заўсёды спалучаецца ва ўяўленні чужынцаў з самымі ўзнёслымі вобразамі. Аднак галоўнае, — як толькі зможаш, вяртайся да сваіх. Там твая ніва. Праз свой народ — для чалавецтва!» (курсіў наш. — С.А.). У гэтых словах сутнасць духоўных пошукаў Алеся Руневіча.
Ён уцякае з палону, вяртаецца да маці, у бацькоўскі кут. Ступіўшы на родную зямлю, думае пра сваё месца чалавека і грамадзяніна ў будучым жыцці.
Увогуле разнастайныя творы пісьменніка ўяўляюць з сябе ў сукупнасці своеасаблівую гісторыю духоўнага росту і станаўлення чалавека, фармавання і праяўлення яго як індывідуальнасці і асобы, гісторыю ягонага выхаду ў вялікі свет жыцця. Чалавека не абстрактнага, не наогул, а чалавека пэўнага часу і пэўнай мясцовасці: час і месца ў Брылёвых творах выключна адчувальныя. Чалавек расце — пашыраецца і ўзбагачаецца кругагляд. Робіць першыя крокі ў такі агромісты, багаты і таямнічы свет жыцця. Усё для яго тут нечаканае, незнаёмае, непаўторна адметнае. Брыль вельмі добра адчувае, разумее псіхалогію дзіцяці, цудоўна ўмее перадаваць ягонае здзіўленне перад жыццём, здольнасць у звычайным, штодзённым адкрыць непаўторнае, паэтычнае; пісьменнік праўдзіва, па-майстэрску перадае гатоўнасць дзіцячага сэрца адгукнуцца на ўсё прыгожае і добрае ў жыцці, успрыняць яго і засвоіць, унутраную здольнасць далучыцца да прыроды, успрыняць яе як жывую, як бы ачалавечыць яе. Усё пранізана настроем любасці, пяшчоты (аповесці «У сям'і», «Сірочы хлеб», апавяданні «Сняжок і Волечка», «На сцежцы — дзеці»).
У творах пазнейшых, асабліва ў творах апошніх гадоў, пісьменнік ужо як бы не можа стрымаць пачуцці пяшчоты, захаплення і выказвае іх непасрэдна, ад сябе, нібы абагульняючы ўсё тое, пра што расказвае.
«Дзеці бягуць па сцежцы ў зялёным, у сонцы, адно за адным — як гэта хораша. Ім трэба бегаць, як птушкам лятаць. Дзяўчынка, быстрая, са страката-празрыстым капялюшыкам у правай руцэ, і хлопчык, паслухмяны госць, з паласатай шапачкай, якую ён таксама зняў, у левай. Пацешна бягуць, падкідаючы босымі пяткамі. Хораша — ці то зверху спусціцца, ці знізу падняцца сюды, ад найнавейшых праблем, ад найгалоўнейшай небяспекі — сюды, дзе яны, рассмяяныя, быстрыя, цікаўныя ў ясным і цёплым свеце травы, лістоты, ластавак, індыкоў, матылёў, сюды, дзе прырода і дзеці, і цішыня яшчэ, мудрая цішыня» («На сцежцы — дзеці»).
Увогуле для Брыля ў роднай прыродзе — вытокі прыгажосці і дабрыні, глыбокія крыніцы, што жывымі сокамі сілкуюць чалавечыя сэрцы, не даючы памерці ў іх здзіўленню жыццём, напаўняючы іх свежай крывёю, узмацняючы рытм сэрцабіцця.
Уздзеянне прыроды на чалавека, на фармаванне ягонага ўнутранага свету, высокіх духоўных і душэўных якасцяў пісьменнік найбольш звязвае з дзяцінствам. Паказаць, як навакольны свет прыроды, сацыяльнае жыццё, бытавыя ўмовы ствараюць характар чалавека, фармуюць ягоны светапогляд, закладваюць першыя цагліны ў падмурак чалавечнасці і дабрыні — для яго галоўнае. У рэшце рэшт адтуль, з маленства, пачынаецца ўсё. Брыль выключна многа піша пра дзяцей і дзяцінства. У аўтабіяграфіі ён зазначае: «Захапляцца маленствам, наогул пачаткам жыцця, пісаць пра гэта — найцікавей. Усё там ясна, міла здалёк, адстаялася ў часе, выдатна вынашана…»
І Брыль цудоўна напісаў пра сваё дзяцінства, пра дзяцінства сваіх дзяцей, напісаў і піша пра дзяцінства сваіх унукаў, пра дзяцінства наогул.
Пісьменнік любіць дзяцей, адчувае іх душу, ён стварыў яркія, поўнакроўныя, светлыя і чалавечныя вобразы іх. Умее паказаць маленькага чалавека шырока, перадаць адчуванне паўнаты жыцця («Гуртавое»), не засланяючы ад жыццёвых складанасцяў, нягод.
Гэта ў плане эстэтычным: пісьменнік не стварае для сваіх маладых герояў нейкія штучныя ўмовы, пазбаўленыя складанасцяў і драматызму. Іншая справа, што дарослыя ў Брылёвых творах усяляк імкнуцца засцерагчы, аберагчы дзяцей ад нягодаў, ад усяго балючага.
Дастаткова згадаць тут апавяданне «Апоўначы».
Герой-расказчык (магчыма, гэта сам аўтар) успамінае эпізод з часоў вайны. Успамінае выпадкова, убачыўшы адзінокі хутар: «адзін гэты ўпарты небарака ліпіць у лагчыне паміж узгоркамі».
Здарылася так, што групе партызанаў (з трох чалавек) трэба было высветліць, чаму дзядзька-хутаранец, які быў сувязным, раптам перастаў з'яўляцца на ўмоўленае месца. Раз, другі, трэці…
Паехалі праверыць. Сустрэліся з дзядзькам. Той адмаўляецца быць сувязным: баіцца нявесткі. Паехалі назад ні з чым. Надвор'е — горш і быць не можа. Завіруха, холад. Заўважаецца, што «сёння нават і думаць холадна». Ды і есці хацелася. Так, у такім настроі патрапілі на хутар, які здаўся «адзін ва ўсім свеце».
Пастукалі адзін раз, другі. Патрабавальна, бесцырымонна: маўляў, нейкі хутаранец ніяк не хоча вылазіць з-пад коўдры. Нарэшце ляснула клямка, адчыніліся дзверы. «…У святле ліхтарыка стаяла за парогам белая, у адной кашулі, дзяўчынка гадоў дзесяці. Удараная святлом, яна закрылася левай рукой, прылажыўшы яе запясцем да лоба, і з-пад рукі глядзела, міргала на нас».
Сказала, што бацькі няма — яшчэ з польскай вайны, маці пайшла да хворай сястры, а ў хаце толькі меншы брацік.
«Гэта было так страшна… не, так незвычайна і нечакана, і гэта так распранула мяне, што я… ледзь не ўсхліпнуў».
Разведчыкі ў хату не зайшлі. Паехалі далей.
Брыль — пісьменнік вельмі непасрэдны, вельмі шчыры ў сваіх адносінах да жыцця, да таго, пра што піша. Прайшоў час (апавяданне напісана ў 1966 годзе). Але нічога не забылася, бо за гэтым — вайна, трагізм дзіцячых лёсаў.
«Няхай яна стаіць у маёй памяці такою, якая была, — у белай лютай бездані, у яркім крузе святла, у кароткай кужэльнай кашульцы…
Толькі няхай не баіцца нас, тых, што і ў завею не спім з-за яе, дзеля такіх, як яна.
Я не паспеў ёй гэтага сказаць: дзіцяці было холадна».
З цягам часу, не губляючы ні каліва жывой непасрэднасці ва ўзнаўленні мінулага, Брыль у яго ацэнцы становіцца ўсё больш па-філасофску заглыблены, усё больш лірычна і публіцыстычна стрыманы, афарыстычна дакладны.
Характэрная ў гэтых адносінах аповесць «Золак, убачаны здалёк», напісаная ў 1978 годзе. Гэта твор пра ранняе дзяцінства, пра далёкія дваццатыя гады, калі яшчэ паўсюль відаць былі сляды першай сусветнай вайны. Напісана чалавекам, у якім час той і сёння жыве — у яго сэрцы і памяці. І, можа, галоўнае ў творы якраз і заключаецца ў тым, што Брыль эмацыйна, зрокава ўзнаўляе перажытае ягоным героем, за якім выразна бачыцца аўтар (герой тут фігура чыста ўмоўная), імкнецца прааналізаваць, пранікнуць у сутнасць падзей і часу, зрабіць філасофскія высновы. Ён добра разумее, што «бачыць самога сябе з вялікай адлегласці бывае вельмі прыемна. Бо бачыць не проста самога сябе, а сябе найлепшага, без памылак-грахоў і балючых дакораў сумлення». І тут, у гэтым творы, Брыль імкнецца «бачыць сябе таго — дапытлівага, чыстага, вясёлага — выразна бачыць, дзякуючы дараванай узростам ды вопытам дальназоркасці, мудра асцерагаючыся залішняга самалюбавання, прэсна расчуленага на старэчы лад». Мэты гэтай пісьменнік дасягае праз насычанасць аповесці рэальнымі жывымі фактамі жыцця, вядома, даступнымі дзіцячаму ўспрыманню, робячы нязмушаныя акцэнты на момантах сацыяльнага, нацыянальнага ды канфесійнага характару. Паэзія дзіцячых адносін да навакольнага свету часам прыземлена самім няпростым жыццём. («У пачуццях мы былі шчырыя, свабодныя, а час і абставіны рабілі сваё».) Мастацкая структура, эмацыйны лад, стылістыка аповесці слугуюць гэтай пісьменнікавай мэце. Светлыя, узнёслыя, лірычныя ўспаміны пастаянна адценьваюцца аўтарскімі развагамі або рэплікамі дарослых драматычнага, а то і трагічнага зместу. Гэта — як крык душы.