Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 28 из 118

Больш было весялейшага.

— І я тых казакоў добра помню. Калі ў нас забастоўшчыкі былі, панскія мэндлі палілі і не пушчалі людзей ісці ў маёнтак у заработкі…

— Гэта, відаць, у дзевяцьсот пятым годзе? — удакладняю я.

— Ну, — на ўсякі выпадак згаджаецца хросны. — Можа, і ў пятым. Я ўжо тады пасля прызыву быў. Улляна ваша добры ўжо была дзяўчук. І шустрая. Калі яны па нашай вёсцы ехалі, дык яна аж на трэцяе пяло на весніках узбілася, каб усё добра ўбачыць. Вядома ж, казакі! Дык адзін з каня нахіліўсё ды за цыцку яе як схапіў — ледзь цераз веснікі не перакінуў!..

Хросны смяецца, а потым, нібы апраўдваючыся:

— Што ж, з песні слова не выкінеш… Я ж яшчэ помню, як той князь Мірскі ў Мір са сваімі казакамі прыехаў. Першы раз. Я тады ў Шлёмы Касмая шыць вучыцца пачаў. Князь… Белая барада, у чырвонай рубашцы, у брычцы сядзіць. А за ім ужо тыя казакі. Ён і замак, і бровар, і маёнтак, і ўсе маёнткі, што ля Мяра, купіў у тае барыні, што перад ім была. Сабралі ўсіх мяран на траве каля замка. Бочкі з гарэлкай стаяць. А ён пад'ехаў, стаў у брычцы: «Саседзі! Жыцялі дрэўняга Мяра! Будзем жыць мірна і дружна!..» Гарэлкі людзям, закуска ўсякая на сталах. Потым казакі скакалі на конях, навыперадкі і цераз жэрдкі. На трубах ігралі. І такое яшчэ, такая забаўка: у вялікія місы, — яна ў горадзе называецца таз, — наліта поўненька вады і на дно насыпана грошай. Па капейцы, па пяць і па грыўні. І трэба, рукі назад залажыўшы, губамі грошы тыя даставаць. Колькі дастанеш — твае. Я не палез, я толькі пазіраў. Балбочуць людзі, мызаю ў вадзе, аж да вушэй у тых тазах. Тут і ўдушыцца можна, захлынуцца самахоць!.. А потым тыя казакі самі князева збожжа касілі. Не пайшлі ні «саседзі», ні парабкі, ні людзі з вёсак далейшых. Забастоўка. Я ўжо тады не ў Шлёмы быў, а шыў дома. Так ехаў да Мяра ды бачыў. Смех адзін — тая касьба. На трыццаць чалавек адна мянташка. Больш менцяць, чым косяць. Што ж, панскі дзень — да вечара…

Былі расказы і яшчэ больш даўнія, з яго далёкага маленства.

— Быў у нас кот Цімох. Не раўнуючы, як Цімоша Ярмоліч. Толькі вусаты. І здаравенны, як конь. У тое лета ўсё былі дажджэ, дажджэ, пшаніца ў мэндлях парасла, і булкі пякліся адразу салодкія, і вельмі ж ляпіліся ў роце, ніяк не глынеш. Цімох наш злодзей быў, злодзей! Недзе ашварак той булкі ўварваў, ідзе і толькі «во-оў»! Прысеў і лапаю з рота дзярэ. Ледзьве я яму памог… А хітры быў, як вуж! Збанке з малаком стаялі ў нас пад прыпекам так, што ён галавы туды не ўсадзіць. Пячорка такая, што як збанам толькі ўлезці. Дык ён возьме ды лапу туды прасадзіць, абмочыць у малако ці ў смятану і аблізвае, абмочыць і аблізвае. А ціхенька!.. Мама наша згледзела гэта ды — «каб ты здох!» — накрыла збанэ ручніком. Сядзім мы потым у хаце, вячэраем, а ў нашай кухні — ру-ду-ду! — загрукацела. Мы туды. А гэта Цімох. Хацеў збанке раскрыць. Упяўсё кіпцюрамі за ручнік і — усе тры з малаком на сябе! Во дзе потым аблізваўсё!..

Мікола, Сярожа і Жэнька рагочуць.

А мне, даросламу, ужо і думалася, што тут у хроснага — і любасць да ўсяго жывога, і тое ўсё, што ідзе адтуль, з той чароўнай краіны, дзе нараджаюцца казкі.

Сёння мы бачым, — і па саміх сабе, і па дзецях, — што нам прынёс савецкі лад жыцця, хто як вырас на той ці іншай рабоце. Цяжэй сказаць, а што было б у таксама спрыяльных умовах з таго ж Сідара-гоп, Чыркуна ці хроснага — медык, артыст, пісьменнік? Можна толькі гадаць ды прымерваць. Вялікі горад, у якім мой хросны жыў у бежанстве, знаёмства з сякой-такой мясцовай інтэлігенцыяй і людзьмі «духоўнага звання», з усімі, каго ён мераў, каму шыў, не адвучылі яго ад матчынай мовы. Словы ў яго былі, як арэхі, адно ў адно, а з усіх разам — вобразнасць і смех.

Яшчэ раз пра таго ж Мікіту Турка: «Авечку зарэжа, і то не ядуць адразу, а павесіць у запас. Тымі сухімі сцягонцамі — хоць у лапту гуляй!..»

«Адна нявестачка ў яе — як тая ластавачка, а другая — як вулей». І поўная, значыцца, і салодкая. Потым прыйшло акрэсленне і сучаснае: «Баба — як трактар». Пра іншую, дзе і сіла, і гром.

Пра ткаллю-гультайку: «Як стукаць ды лопаць, як за дзень, дык і локаць, а як за сем дзён, дык і губка вон».

«Добры нос чарку (ці хвігу) за тыдзень чуе». «Пагладзь ката, дык ён і хвост задзярэ». «Не любіш дроў калоць — і не наколеш». «Што не даямо, то дапеямо». І тое, урэшце, яшчэ раз успомнім: «Не пацешыўся б, дык павесіўся б…»

Нічога, калі мне хтосьці скажа цяпер, што ён такое недзе ўжо даўно чытаў. Мне люба-дорага было пачуць гэта ў той час, калі я не бачыў яшчэ аніякіх фальклорных тамоў, а толькі чуў пачутае, адчутае на смак і захаванае, каб перадаць, а то яшчэ і дапоўненае, прапушчанае праз яшчэ адзін народны, безыменны талент.

Некаторыя прыгаворкі хроснага патрабавалі тлумачэння. І ён гэта рабіў. Напрыклад, гэта:

— Дзед бабу пасадзіў зімою не ў вазок, а ў сані лясныя, толькі палукашак паставіў. Сам прыкурчыўсё спераду, а баба, як пані, капою расселася ззаду. А потым людзі крычаць: «Чалавек, бабу згубіў! Чалавек, бабу згубіў!» А дзед думае, што гэта не яму. Не азіраецца, не бачыць, што той палукашак з бабай кульнуўсё на ўхабе і ўжо далёко ляжыць на дарозе. Так і пайшло яно: «Крычаць не крычаць, а мы з табою, бабо, едзьмо!» Гэто дзед так тады прыгаворваў.

Або такое:

— Запарыла яна таму Жэніку мяты, чарніц сушаных дала пажаваць. Бо ўжо ж яго замучыў Аляксей… Які, ты кажаш, Аляксей? Па-гарадскі гэта — панос. Як: «пры чым Аляксей?» Есць жа такое свята напрадвесні: Аляксей — чалавек божы з гор пацёкі.

Пазней я праверыў гэта ў праваслаўным календары. Семнаццатага сакавіка па старым стылю «Аляксей — Человек божий» — гэта ёсць. А «з гор пацёкі» — самадзейнасць у медыцынскім прыстасаванні.

Як тая дзесятая запаведзь, — «ні вала, ні асла яго», — пра Лётчыкаву беднасць і гультайства.

Найбліжэйшы зверху

На чыгуначнай станцыі, дзе не спыняюцца хуткія цягнікі, яшчэ ўсё стаяць дагэтуль аблезлыя рэшткі атынкаванай невысокай абгароджы, якая больш за паўстагоддзя таму назад здавалася мне высачэзнай, даўжэзнай і таямнічай белай сцяной.

За гэтай сцяною тады кудысьці знік мой хросны. Упершыню ў жыцці з'явіўся і неўзабаве знік. Потым з'явіўся зноў. Ды ўжо не выйшаў з пугай з-за сцяны, а выехаў адтуль з канём і з возам. Каб больш ніколі не знікаць.

Гэта тлумачыцца вельмі проста. Мы вярнуліся з горада, і на апошняй станцыі нас сустрэлі сваякі, у тым ліку і хросны, які вярнуўся з бежанства настолькі раней, што я зусім не памятаў яго. Павітаўшыся, сваякі пайшлі на плошчу па коней, і мы, забраўшы сваё дабро, на трох фурманках паехалі ў вёску.

Хроснага я палюбіў, відаць, з таго самага дня. А неўзабаве, гадоў праз шэсць ці сем, ужо хацеў і пісаць пра яго. Потым пісаў, а яшчэ пазней і друкаваў напісанае, на працягу гадоў расцерушыўшы гэты вобраз на многіх і розных старонках. Цяпер я не падбіраў у памяці рэшткаў гэтага вобраза, асцерагаючыся паўтораў, а думаў, што раскажу пра яго, нарэшце, усё. Ды вось жа зноў няма яго — такога адчування. І справа, вядома, не ў фактах яго сціплага жыцця, якія вычарпаць ды падлічыць не надта цяжка…

Апошняя наша сустрэча была такая ціхая і светлая. І — перш за ўсё — яна тады аніяк не здавалася нам апошняй.

Перад вялікімі чыстымі вокнамі новай хаты, пабудаванай яго наймалодшым, Жэнікам-трактарыстам, у агародчыку, дзе былі кветкі і яблыня, на яблыні гэтай зязюля збірала вусеняў. І зусім не баялася нас. Пашалясцела ціхенька, папералётвала з галінкі на галінку і махнулася шэрая — паляцела далей, у іншыя сады і агародчыкі. Такая звычайная, будзённая, нібы артыстка, якую пасля яе паэтычных, аддаленых сцэнай «ку-ку» сустрэнеш у магазіне з авоськай.

Мы з хросным сядзелі на суседавай лаўцы, цераз вуліцу, і штосьці сонечна гаварылі, а можа, і маўчалі больш, таксама сонечна.

Ён любіў кветкі, галубоў, гусей. Калі гусі, сказаўшы «цвяроза», гэта смачнае мяса і мяккае пер'е, дык галубы і кветкі, адны ў падстрэшшы ці ў палёце, а другія ў агародчыку ці ў вазонах, — гэта ўжо толькі паэзія. Дый з гусямі таксама.