Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 18 из 118

У гэты свой яшчэ адзін талент Сідар верыў, як і ў маёрства.

— Антонавіч, — гаварыў ён мне аднойчы, зусім цвярозы. — У цябе ж, браток, машынка пісучая ёсць. Прыеду я да цябе калі-небудзь, сядзем і ўдвух усю жызню апішам сціхамі!..

Задуму гэтую мы з ім, на жаль, не здзейснілі. А ён быў, думаецца, і сапраўды здольны. У яго была і фантазія, і назіральнасць, і ўменне коратка, дакладна перадаваць другім убачанае. Расказваючы мне пра Маньчжурыю, Сідар так згадваў рыкшу, мімаходзь: «А капялюш, браток, шырэйшы за аглоблі!..» Расказваў ён мне і пра тое, як намагаўся забраць сваю хату, як тады «трохі памацаў тых бюракратаў». «Гарбуновіч — адразу са страху пад стол, а Марцыян як сігануў у акно, дык раму на шыі вынес на вуліцу і папёр!..» У дачыненні да тых, каго я добра ведаў як паважаных ды салідных, неверагоднае было міжволі смешным, бо і расказанае з мімікай, з жэстамі і з перайманнем галасоў. Не горш за Цімоха Ярмоліча. Быў таксама расказ пра лагернага старшыну, страшэннага заразу, якога Сідар, падаўшыся не ветэрынарам, а «чалавечым фельчарам», лячыў ад гемарою шкіпінарам. Было і яшчэ сёе-тое. Словам — буйства фантазіі і гарачая, непахісная вера ў самога сябе. Пакуль яны, разам з ім, спакваля не атухлі.

З Сідара зрабілі забаўку. Былы наш старшыня калгаса, чалавек недалёкі, спачатку нядрэнны гаспадар, пасля раздзьмуты і ачмурэлы, лічыў Асмалоўскага сваім прыдворным паэтам, і на выпіўках — стацыянарных і выязных — Сідар зарыфмаваўся пры начальстве да поўнай старэчай нікчэмнасці.

А чалавек ён быў, калі глыбей узяць, і недурны, і нядрэнны. Не п'яны або не ў «творчым настроі», ён разважаў і так:

— Не вер, браток Антонавіч, калі каторы стогне. І колюць, і рэжуць, і хаты будуюць пад бляхай. А колькі ў нас маладзёжу вучонага? Каб не Савецкая ўласць, не было б чаго другому і дзяліць паміж сыноў, і дочкам у пасаг даваць. А гэта? Вяселле — тры дні і мора магазіннае гарэлкі, хрысціны — два дні, у армію ідзе — два дні! Няўжо ж такое з гора? Калі пры тым адзіналічастве адзін ці два гаспадары жылі ў нас, як яны думаюць, лепш, чым яны сённека жывуць, дык што ж ад гэтага другім, усяму нашаму бальшынству? Што мы з табой, браток, не бачылі тае скарбейнае жызні? Што ты стогнеш другі, як карова, аб'еўшыся роснае канюшыны?..

Пра Сідара я неяк чуў: «Харошы, просты чалавек». Яшчэ і тут, на гэтым прыкладзе, я намагаўся пранікнуць у глыбінны сэнс такога азначэння. Тыя, хто так гаварыў пра Сідара, і самі былі людзі простыя, і ён, зрабіўшы захмарны віраж са сваім фантастычным маёрствам, адбыўшы потым сваю «прывілегію», зноў быў шчыра руплівы, вечна з-за недахопу часу непаголены, у недачышчаных кірзачах. І з яго, можна думаць, было б не тое, калі б яго з самага моладу ды ў спрыяльныя ўмовы, — як сёння моладзі: школа, завод, інстытут… А прастата яго — у нечым іншым, не знешнім, глыбейшая якасць. Толькі ж гарэлка, гарэлка… Ды ў гэтым ён не першы і не апошні.

«Варона ела грамузду»

Тут — не адзін які ўспамін, а некалькі вельмі вялікіх, шматфарбных малюнкаў, убачаных праз акно самалёта ў розныя гады і ў розных шыротах, сваіх і замежных. Палі ў шматфарбным летнім росквіце.

Па-польску цераспалосіца называецца «шахаўніцай» — ад шахматнай дошкі. Іменна так было б зручней называць вялізныя квадраты і прастакутнікі нашых палёў, бо палосы ў цераспалосіцы — звычайна падоўжныя і, у большасці, вузкія.

Летась я з групай сяброў-літаратараў быў на Таймыры. Цяпер успомнілася, з якім хваляваннем, пад прыкры трэск у верталёце, глядзелася зверху на тундру. На яе зялёна-бура-шэрую самотную бязмежнасць, на бліскучую процьму малых і меншых азёр-азярынак, — нібы на шкуру казачна вялізнага аленя, зусім не казачна пабітую на сотні дзірачак заеддзю, запалярнымі аваднямі. На наша шчасце, як сказалі лётчыкі, дзень быў на рэдкасць сонечны. Хваляванне ўзмацнялася тым, што напярэдадні мы апускаліся ў адзін з нарыльскіх руднікоў. Трэск верталёта спалучаўся ў памяці з магутным грукатам горнага камбайна. Складана было на душы ад такога «вышынна-глыбіннага» пазнавання гэтай зямлі, незвычайна багатай і сцішна суровай… Назаўтра хваляванне паўтарылася інакш, прасцей. У параўнаўча ціхім пасажырскім лайнеры мы вынырнулі з-за высокіх, рэдкіх аблокаў у сонечнае, спелажоўтае, сакавіта-зялёнае Падмаскоўе. Кантраст паміж тундрай і панарамна вялізнай «шахаўніцай» культурных палёў адчуўся па-новаму, як штосьці так па-хатняму ласкава, хораша абжытае… Тады і падумалася пра ёмкасць і дакладнасць польскага азначэння цераспалосіцы.

Цераспалосіца, палосы і палоскі… Зверху бачыў я іх у Францыі, у Пакістане, у Канадзе, у іншых краінах. І ўжо не помню, дзе, у якім падарожжы, над чыімі палямі згадаў яшчэ аднаго вясёлага земляка з яго незвычайнай прывычкай.

Дзядзька Тодар Клімовіч, за вочы Грамузда, напасвіўшы ў нядзелю ці ў свята якое каня, дзе-небудзь на поплаве або на мяжы, адводзіў яго на выган па вёсцы, пасля па дарозе, а сам вяртаўся дахаты інакш. Ішоў па полі, упоперак загонаў па жыце, па аўсе, па бульбе, па канюшыне. Ішоў памалу, адпачываў такім чынам і думаў. Можа, чытаў з гэтых палосак жывую гісторыю роднай вёскі, расслаенне яе на багатых, бяднейшых і бедных, а можа, проста радасць адчуваў — ад чаргавання збажыны і нібы ад палёту. Вось я іду па зямлі — нібы лячу над ёю, без усякай дарогі!.. За гэта яму ніхто ніколі ды нічога не сказаў. Усе суседзі зараз, усёю вёскай не збяруцца дзеля таго, каб асудзіць («чаго ты грузішся па хлебе, га?»), а кожны паасобку — ат, падумаеш! Хіба што пасмяецца хто, адзін другому скажа: «Бачыў, бусел ізноў пасігаў!..»

Грамузда — мянушка з самага маленства. Яшчэ ў той старэнькай школе, што згарэла ў акупацыю, калісьці малы Тодарка павінен быў расказаць настаўніцы байку Крылова «Ворона и лисица». А ён не вывучыў. Калі яму ззаду шапнулі чарговы радок: «На ель ворона взгромоздясь», ён, беларускі хлапчук, паўтарыў яго па-свойму: «Варона ела грамузду». І ад таго пайшло. Мала што смешна, дык яшчэ і незразумела — грамузда, ад чаго і смяшней.

Усе ніжнебайдунскія мянушкі пачыналіся ад смешнага, за кожнай з іх было першае здарэнне.

Злоснага здаравілу Жмаку празывалі яшчэ і Бог-бачко. У школе, на ўроку «божага закону», поп загадаў малому назваць «лица пресвятыя троицы». Той цягнуў сяк-так на падказцы, і выйшла ў яго, тады бяззуба-шапялявага, так: «Бог-ачэч… бог-шын і… бог-бачко!»

Да нярослага каваля Пучка з самага малку цэлая фраза прыліпла ў якасці мянушкі: «Не хачу хлеба, дай сала». Кавэнчыў, скварку ў маці прасіў, а яна была баба вясёлая, надзела яму торбачку: «Ідзі, сынок, пажабруй, бо ў нас ужо таго сала ані бародавачкі няма». І ён пайшоў. Суседкі смяюцца, хлеба малому даюць, а той шморгае носам з марозу ды: «Не хачу хлеба, дай сала».

Было і «Важнае ліцо». Мітроша Рагач. Хлопец, здаецца, як хлопец, толькі і розніцы ад іншых дзецюкоў, што нярослы ды што ў яго такі добранькі бацька: да самай сынавай жаніцьбы не даваў яму араць ды сеяць. У хаце ў іх было поўна жанчын — маці, цётка і сёстры, — можна туляцца і ад іншай палявой работы. Мітроша то габлюе што-небудзь у халадочку, а потым, маме на радасць, распішацца на кожнай стружцы тоўстым сталярскім алоўкам, то возьме рыдлёўку, шнур і выпроствае ў полі мяжу. Вярнуўшыся з войска, дзе ён служыў у коннай артылерыі, Мітроша павыгаблёўваў ды павыпісваў шыльдачкі і панавешваў іх у хляве, правёўшы казарменны ўлік: «Кабыла Лысая», «Карова Красуля», «Цялуха Манька». Толькі авечак ды свіней не выдзеліў паасобку. Выпісаў з Варшавы, з выдавецтва «Добро», эмігранцкую газетку «Меч», паўгода чытаў у ёй пра італа-абісінскую вайну, а потым перамог-такі свой гонар, спытаўся ў мяне, шмат маладзейшага, сам-насам: «Скажы, пажалуста, а што гэта за гасударства — Мусалін?» Мянушку сваю Мітроша набыў раней, яшчэ да службы ў войску. Ішоў у нядзелю з мястэчка з плёхаўскімі дзяўчатамі. Развітваючыся каля нашай павароткі, яны запрасілі яго на танцы да іх, увечары. І ён згадзіўся: «Харашо. Тока скажыце вашым кавалерам, што да іх прыйдзе важнае ліцо». Гумар такі. А дзяўчаты паверылі. І сказалі. А кавалеры абдумалі, як тут яго сустрэць і правесці. Сустрэлі падкрэслена-ветліва, а потым, як сцямнела, выгналі з вёскі не цяжкай зброяй дзецюкоўскіх боек, не штанкетамі ці каменнем, а далікатна — пугамі.