Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 112 из 118

І вось яно — я, тым часам ужо і шасцідзесяцігадовы, пішу пра Адамовіча, якому — пяцьдзесят. Як гэта часта бывае, зноў не верыцца, асабліва ў гэтым выпадку. Ён быў заўсёды малады і ранні. На шаснаццатым годзе жыцця партызан, у дваццаць пяць кандыдат філалагічных навук, у трыццаць пяць доктар, выкладчык Маскоўскага і Менскага ўніверсітэтаў.

Мінулай зімой, у бальнічнай аддаленасці і самоце, я выпадкова ўбачыў яго на тэлеэкране. Тэлевізар хтосьці з хворых уключыў у палавіне невядомай перадачы, і, калі я ўвайшоў на знаёмы голас з пустога калідора ў хол, на экране быў Саша. Я вельмі хутка зразумеў, што ён гаворыць пра наша агульнае, тады яшчэ так свежа балючае. Гаварыў ён, і не з паперкі, вядома, па-свойму разумна, скандэнсавана, шчыра, і я, увайшоўшы ў ягоны настрой, убачыў і адчуў таго і тое, што называецца словамі Мележ і літаратура, як ён служыў ёй і як мы, тыя, што засталіся, хочам і самі быць на належным узроўні. А разам з тым, слухаючы Адамовіча, бачачы яго ў пэўнай меры свежым вокам, і блізка, і ўсё ж здалёк, я падумаў: так, ён яшчэ малады. І шануючы аб'ектыўнасць арыфметыкі, і ўлічваючы ёмкасць і цяжар перажытага.

Ёмкасць і цяжар… Бывае і так, што ты паехаў кудысьці надоўга і вельмі далёка, убачыў, пачуў, перажыў там вельмі многа, свет для цябе небывала пабольшаў, а час, здаецца, велічна расцягнуўся. А дома сустрэнеш нават як быццам блізкага чалавека, і ён, як нічога ніякага, скажа: «Нешта я цябе з тыдзень не бачыў…» Ты здзіўлены, а ён, хоць і раскажаш збольшага, дзе быў, што ўведаў, так і не ўцяміць зместу перажытага табой. І горш бывае: ты доўга хварэў, быў ужо недзе на ўзмежку, а то і на самай мяжы найважнейшага, ну, а выплыў — і хтосьці добры або нядрэнны, як быццам блізкі або не надта далёкі скажа: «Здароў! Нешта ты трохі звастрыўся, пабялеў…» І хоць яму неўзабаве стане больш ці менш няёмка ад гэтай невінаватай ці не вельмі вінаватай няўважлівасці да блізкага чалавека, яму не адразу, не проста ўдасца пранікнуць у перажытае тым чалавекам, хто ў свой нялёгкі час, як і ўсе мы, быў у асноўным адзін.

Так, у асноўным адзін. Нават і пры шчаслівай наяўнасці найбліжэйшых і блізкіх. Тое, што нам даводзіцца перажыць — і бачнае іншымі і не бачнае — не ўсё ўдаецца выказаць другому, яно ў значнейшай меры застаецца ў табе. Ад гэтага ты і мацнееш, і, адначасна, зношваешся.

Сказаўшы, што Адамовіч быў заўсёды малады і ранні, я меў на думцы яго натуру і ўдачлівасць. Аднак жа трэба пры гэтым не забывацца і пра іншае — а ці лёгка бывае сталець з апярэджаннем свайго ўзросту? Дазволю сабе для прыкладу сказаць, што ў агонь мінулай вайны я, у верасні І939 года, уваходзіў толькі што закончыўшы дваццаць другі год жыцця. У той час я бачыў сам сябе куды сталейшым, чым бачу цяпер, з дыстанцыі перажытага. Цяпер я часамі як быццам зусім з бацькоўскай трывогай гляджу на сябе таго, дваццацідвухгадовага, у гразкім акопе, пад шквалам варожай артпадрыхтоўкі або ў перабежках праз кулі, назад ці наперад. Зусім, зусім юнакамі, ледзь не дзецьмі бачацца сёння тыя сябры, якім улетку 1941-га было васемнаццаць — салдацкая ранняя сталасць. Адамовіч уведаў вайну падлеткам, спачатку пры маці-падпольшчыцы, а потым з вінтоўкай. Яму было, вядома ж, не лягчэй, чым старэйшым на пяць ці на дзесяць гадоў. Такое сталенне каштавала больш, давалася цяжэй.

У літаратуру ён уступаў не так ужо і маладым па гадах — тут можна гаварыць пра маладосць яго парыванняў. Крытыкаваў ён смела і трапна, а гэта, калі ты ад платанічных заклікаў і дэкларацый пераходзіш да пэўнай канкрэтнасці, бывае ох як нявыгадна ды нялёгка… Калі ж ты пераможаш многае, як перамог яго ён, Адамовіч, калі даможашся сумленнай працай таго, чаго дамогся ён, тады нават і тыя, хто найбольш рупліва, яўна і тайна перашкаджаў табе, пачнуць раптам прыязна ўсміхацца, ахвотна ды падкрэслена згадваць сумленнасць ды аб'ектыўнасць, а раўнадушныя скажуць: «Во як шанцуе!..» Сябры сапраўдныя ведаюць, колькі ты перажыў, аднак жа і пры гэтым многае застаецца толькі з табою. І добра таму, хто ад гэтага не стамляецца, не старэе.

Адамовіч з такіх.

Праўда, у прозе пачаў ён адразу з добрага поспеху. Калі першы раман яго дылогіі «Партызаны» — «Вайна пад стрэхамі» — свежы і светлы твор з жывымі вобразамі чыстага падлетка і мужнай, высакароднай маці камусьці можна, з нейкай скідкай у падтэксце, назваць проста аўтабіяграфічным творам, які пішацца нібыта лягчэй, амаль як мемуары, дык другі раман, «Сыны ідуць у бой», ужо зусім прыкметна адзначаны дзе больш, дзе менш удалымі пошукамі таго, уласцівага для Адамовіча спалучэння глыбокай думкі і шчырага пачуцця, чым вызначаецца яго проза. Стыль гэты, праз трохі стрыманы поспех другога рамана дылогіі, праз недалёт з «Вікторыяй», праз яўна недаацэнены «Апошні адпачынак» па-сапраўднаму выявіўся, сцвердзіў сябе ў «Хатынскай аповесці».

Шчырыя душы пераносяць няўдачы асабліва балюча — тут ужо справа не толькі ў параненым самалюбстве, тут раны значна глыбейшыя. Нялёгка перажываецца і недаацэнка, замоўчванне — як планавая мера ўздзеяння ці проста помслівасць тых, у каго ёсць на гэта пэўныя прывілеі. Пра тое, колькі «Хатынская аповесць» каштавала яе аўтару, гаворка будзе крыху ніжэй. Спачатку трэба сказаць, што да крытыкі, літаратуразнаўства і прозы ў Адамовіча неўзабаве пасля дэбюту далучылася і кінадраматургія. Натура страсная і паслядоўная, ён, каб і ў гэтай галіне свайго служэння не быць верхаглядам, пайшоў вучыцца: доктар філалогіі — на двухгадовыя кінасцэнарныя курсы. Ад гэтага прыйшлі пасля новыя цяжкасці. Двухсерыйную экранізацыю «Партызанаў» нават збоку балюча называць няўдачай: тут Адамовіч як сцэнарыст, а тым больш як аўтар дылогіі вінаваты найменш. Не ўся віна лажыцца і на здольнага рэжысёра В. Турава. Экранізацыю з правінцыяльнай руплівасцю заняньчылі сезонныя апекуны культуры. Не менш недарэчна і крыўдна атрымалася з дакументальнай стужкай «Хатынь, 5 км»… Адно суцяшэнне — адтуль пайшла «Хатынская аповесць», а потым — ініцыятыва стварэння кнігі «Я з вогненнай вёскі…».

Калі мы ў чэрвені 1970 года, у бывалым «Масквічыку» Уладзіміра Калесніка, узброеныя яго, не менш бывалай, фотатэхнікай і пазычаным магнітафонам, выехалі з Берасця на Пружаншчыну, мы з Валодзем не былі пры Сашы навічкамі ў пачатай справе. Трагедыі беларускіх Хатыняў ведалі ў пэўнай меры і мы як партызаны самі і па расказах людзей, што выйшлі з агню жывымі. Дый пісалі ўжо трохі на гэтую тэму і мы. Аднак у Адамовіча, апроч партызанскага і пісьменніцкага вопыту, быў ужо і вопыт такога іменна збірання, такіх сустрэч, горкі вопыт перажывання мінулага разам з тымі, хто нам расказваў. За чатыры леты такіх вандраванняў па Беларусі — з раёна ў раён, ад вёскі да вёскі, ад слёз да слёз — я неаднойчы думаў пра тое, з чаго нараджаліся «Хатыні» Сашавы — перш дакументальная кінакарціна, потым аповесць, колькі яны каштавалі яго неспакойнай душы партызана і мастака, якой незаслужанай была горыч несправядлівай «няўдачы» з кінакарцінай і як справядліва заслужаны, выпакутаваны поспех аповесці.

Выслоўе «хто хоча зразумець паэта, той павінен пайсці ў яго край» уключае ў паняцце «край» самае дарагое: тваю зямлю, тваю справу, тваіх найбліжэйшых.

Улетку 1961 года Саша аднойчы пазваніў мне з такой прапановай: разам з начальнікам штаба іхняй брыгады імя Пархоменкі махнуць на Глушчыну, праехацца, пахадзіць па іх партызанскіх мясцінах. Былы начштаба, С. В. Сыраквашын, працаваў тады старшынёй Уздзенскага райвыканкома, прыехаў на службовым «газіку» ў Менск, і дома ў Адамовіча іх наведала добрая думка. Кругам — цераз Узду, Капыль і Слуцак — мы ў той жа дзень і маханулі.

Сяргей Васільевіч — у мінулым кадравы камандзір, кавалерыст, які са сваім эскадронам, трапіўшы ў акружэнне, прызямліўся, замаскіраваўся да часу ў некалькіх палескіх вёсках, у верасні 1941-га зноў сабраў эскадрон і пачаў партызаніць. На ўсю змогу аддаўшы свой уклад у справу ўсенароднага змагання, ён з-за характару свайго, з-за сціпласці застаўся потым трохі ў цяньку, як і большасць былых партызанаў. Салдат, работнік на кожным пасту. Харошая была наша паездка. І на котлішчах атрадных лагераў, дзе пад зялёным пошумам спакваля зарасталі ямы зямлянак, і на месцах колішніх баёў, і ў адноўленых вёсках, дзе мы сустракаліся з людзьмі і Сыраквашын з Адамовічам пазнавалі даўніх знаёмых, а знаёмыя іх, Сяргей Васільевіч усюды быў просты, змястоўны і людскі, а Саша пры ім — тады ўжо выкладчык, крытык і аўтар першага рамана — здаваўся мне ледзь не зусім юнцом, якім ён блізу два дзесяцігоддзі перад гэтым і быў, і адчуваў сябе побач з начальнікам штаба вялікай брыгады. І наогул, не толькі пры Сыраквашыне, а ў сустрэчах з людзьмі, са сваім мінулым ён выглядаў тады значна памаладзелым.