Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 9 из 10

Яна падалася ў цёмны калідор, прайшла паўз Парасчыны дзверы, знізу якіх вырэзвалася вясёлая палоска святла. Стала на ганку. У цемры ночы хаты і хлявы чарнелі маўклівыя, затоеныя. Ні аднаго голасу на вуліцы. Каб не рэдкія, цьмяныя агеньчыкі, можна было б падумаць, што сяло заснула. Што ніхто не прыйдзе.

З балота, з поўначы, густа ішоў вецер, халодны, сіверны. У святле з Парасчынага акна час ад часу мільгалі дробныя, ледзь відныя сняжынкі. Як бы дражніліся, абяцаючы даўно чаканы снег. Распранутая, у паркалёвай кофце, без хусткі, Ганна з ахвотай цярпела холад, што лез за шыю, за спіну, сцінаў бакі. Стрымліваючы дрыжыкі, што бралі ўсё мацней, яна чула, як ціхнуць смутак, адзінота, недарэчная зайздрасць чужому шчасцю.

«Трэба ж, дурная, — пазайздросціла!.. Як усё адно-мало паспытала ўжэ етай радасці!.. Закаяцца навек, здаецца, трэба б, кеб трохі розуму було!.. Дак не ж, не забула смаку той „радасці“, як ужэ зайзрасць бярэ на чужую!.. І на чыю?!» Да яе зноў дайшоў вясёлы галасок з-за акна, і Ганна падумала: «Радая… І няхай — радуецца! Няхай цешыцца, калі ўдаецца!.. Не ва ўсіх жа так па-дурному буць павінно, як у мяне!.. Павінно ж буць у некаго шчасце! А калі павінно, то найперш у такіх, як яна. Як Параска. Такая кажнаго зробіць шчаслівым сама».

Яна ўспомніла, як Башлыкоў паявіўся, як хадзіў па хаце, унурыўшыся ў нешта сваё. Маўклівы, зацяты, недавольны, ён мала змяніўся і тады, калі ўбегла Параска. Мала паддаўся ёй. Ці дасць шчасце ён ёй? Шчасце ж робіць не адзін чалавек… Яна ўспомніла: суседка, Галіна Іванаўна, казала, што Башлыкоў не раз калісьці заязджаў да Параскі. Чаму ж цяпер ён так доўга не наведваўся? Заняты быў? Ды ці ж яму доўга было звярнуць са шляху? Зазірнуць на хвілінку? Да таго ж гэты сённяшні прыезд яго можна і не лічыць. Невядома, да каго ён найперш прыехаў. Паявіўся вунь толькі цяпер, калі абышоў сяло…

«Як паглядзіш, дак і не знаеш: ці любіць ён яе?» — прайшло ў яе галаве, і яна не адчула, што шкадуе Параску. Здалося нават, што давольна, што ў іх, можа быць, не ўсё гладка. Ёй стала няёмка, брыдка за сябе: нібы бядзе Параскі, сваёй збавіцельніцы, рада, і яна зазлавала на сябе. «Любіць не любіць — не знаеш! А што табе да таго?! Любіць! Любіць, канешне! Калі не дурны!»

Думкі яе ўчапіліся ў яго. Нібы ўбачыла зноў, як стаяла побач, льючы ваду з карца. Адчула дужасць яго рукі, якой памагаў вылезці ёй са склепа. Пасядзеўшы з ім за сталом, паслухаўшы яго скупыя, цвёрдыя заўвагі, яна мала што ўведала пра яго. Паглыблены ў сябе, скрытны, ён нібы знарок хаваў, што там у яго душы. Толькі адно Ганна добра адчула: ёй гэта асабліва кінулася ў вочы і адразу вылучыла, узняла нявіднага Башлыкова сярод іншых.

«Еты знае, куды ісці і што рабіць. І зробіць, што б там ні було», — падумала яна цяпер асабліва ясна. І ад таго, што гэта ў цяперашнім яе жыцці было самым важным, што ад гэтага залежала ўсё ў яе лёсе, адчула вялікую павагу да яго. «Еты не нам раўня», — прызнала яна яго перавагу. Тое ж, што так мала ведала яго, што ён быў незразумелы, яшчэ нібы прыдавала яму значэння.

«Не нашаго поля ягада…» Хтосьці рыпнуў дзвярыма, выйшаў на ганак, і яна азірнулася. Параска.

— Ты чаго тут? — здзівілася Параска.

— А от, пастаяць захацелася… — Параска была ў паліто, у хустцы. — А ты — куды?

— У сяло. Каб не сарвалі сход, чаго добрага.

У голасе яе Ганна ўлавіла прыхаваны смутак. Адчула вінаватасць за нядаўнія думкі, пашкадавала Параску.

— Ідзі ў хату. Прастудзішся. — Параска сышла з ганка, падалася ў цемру.

Вярнуўшыся ў хату, на кухню, Ганна доўга не магла сагрэцца. Прытулілася спіною да цёплай печкі, уціскала далоні ў цяплынь абтынкаванай цэглы, стрымліваючы дрыжыкі, чула за дзвярыма мерныя, няспынныя крокі. Раз, другі крокі набліжаліся да самых дзвярэй, прыпыняліся, і яна мімаволі чакала, што Башлыкоў зойдзе. Але крокі за гэтым аддаляліся. Яна падумала, што скажа, калі Башлыкоў загаворыць з ёю. Скажа, што ён чэрствы і нялюдскі, калі так абышоўся з такім чалавекам, як Параска. Дасць яму добры ўрок.

Потым яна перастала чакаць, зразумела, што ён не зойдзе. У яго сваё на думках. Свой клопат, зусім іншы. Падумала звыкла: можа б, запаліць ужо лямпы ў класах, але стрымала сябе — рана яшчэ. Чаго свяціць у пустым пакоі. Тым больш што сход будзе, пэўне, доўгі. Пагарыць яшчэ газы…

Ганна ўзрадавалася, калі пачула крокі на ганку. Ухапіла запалкі, хутка падалася ў калідор. Прыйшлі Барыс Казачэнка і Дубадзел.

— Чаму святла няма? — патрабавальна сустрэў Дубадзел. Не так запытаўся, як пагразіў.

— Няма для каго свяціць, — спакойна заявіла Ганна.

— Таму і няма нікого, што цёмно! — павысіў голас Дубадзел. — Хто будзе ісці, калі цёмно ў вокнах!

— Хто захоча, прыйдзе.





Адчыніліся дзверы з Парасчынага пакоя, і ў светлай пройме паявілася постаць Башлыкова. Ад таго, што святло было ззаду, постаць віднелася цёмнай і твар ледзь быў бачны. Башлыкоў павёў галавою, аглядваючы ўсіх, мабыць, стараючыся зразумець, пра што была гаворка.

— Ну што? — спытаў ён праз момант Дубадзела строга і патрабавальна.

Дубадзел стаяў выпрастаны, усім сваім выглядам паказваючы павагу і адданасць. Нібы і не ён толькі што гразіўся Ганне.

— Аб'явілі, — амаль тонам рапарта адказаў ён.

— Усім? — У голасе Башлыкова не знікла патрабавальнасць.

— Усім. Некаторым — па два і тры разы.

— Усім, — памог Дубадзелу Барыс.

— Святла от няма, — Дубадзел як бы пазваў Башлыкова на падтрымку, зноў пагрозна павёў вачыма на Ганну.

— Ды будзе святло! — Ганна нібы засмяялася з яго кпліва.

Не хапаючыся, з годнасцю пайшла ў цемру класа, запаліла лямпу ў адным, потым у другім пакоі. Дзверы між пакояў былі расчынены на адну палавіну, яна адчапіла зашчапку і адчыніла другую — расхінула дзверы на ўсю шырыню. Расхінула дзверы ў калідор.

Тады, калі яна гэта рабіла, Башлыкоў, а за ім Дубадзел і Барыс таксама зайшлі ў клас. Башлыкоў строгім позіркам агледзеў пакой — парты, праходы між іх, плакаты на сцяне. Усё моўчкі, невядома што тоячы. Не сказаў нічога, лёгкім, цвёрдым крокам падаўся ў другі пакой, агледзеў таксама. Ганна цікаўна сачыла за ім, бачыла: цяпер ён быў яшчэ больш незразумелы, загадкавы.

Вярнуўшыся ў першы пакой, ужо каля дзвярэй ён стаў, павярнуўся да Дубадзела і Барыса, сказаў важка:

— Трэба забяспечыць стопрацэнтную яўку ўсіх калгаснікаў. Усе да аднаго павінны быць.

Ён гаварыў і глядзеў так, нібы хацеў перадаць, як усё гэта важна. І як бы папярэджваючы, што ўся адказнасць за няяўку ляжа на іх. Разам з адказнасцю за тое, што ўжо здарылася.

— Мы аб'явілі ўжэ — па два, па тры разы, — пачаў быў Дубадзел, нібы супакойваючы і разам выказваючы сваю стараннасць. Але Башлыкоў так зірнуў, што ён змоўк: апраўдваючыся і стараючыся падмацаваць уражанне дзелавітасці сваёй, дадаў асцярожна: — Не тое што акціў, а і школьнікаў мабілізавалі — каб прасачылі за яўкай!

— Яно і відаць, як вы мабілізавалі! Дамабілізавалі да таго, што выпраўляць становішча трэба!..

Башлыкоў, недавольны, падаўся ў Парасчын пакой. Дубадзел і Барыс хвіліну стаялі ў роздуме, мабыць, разважаючы, што рабіць, потым Дубадзел рашуча закінуў вайсковую сумку за спіну, кіўнуў Барысу: «Пайшлі!» — і яны зніклі ў калідоры.

Ганна засталася ў пакоі. Стараючыся не слухаць крокаў Башлыкова за калідорам і разам з тым дзіўна ловячы ўсё, што адтуль ішло, востра адчуваючы, што ён там, неспакойны, трывожны, — яна знарок нецярпліва чакала: калі ж гэта пачуюцца галасы на дварэ, калі ж гэта пачнуць сыходзіцца. Яна ўзрадавалася, калі на ганку пачуліся тупат і з ім валтузня за дзвярыма; адразу здагадалася, што — дзеці, ахвотна адчыніла дзверы і весела загадала ўваходзіць.

Увалілася адразу цэлая чарада хлопчыкаў і дзяўчат — школьнікаў. Выткнуўшыся з калідора на святло, усе раптам сціснуліся каля дзвярэй, прыціхлі; паглядваючы насцярожана на Ганну, сталі падштурхоўваць адно аднаго, шморгаць насамі. Ганна загадала ім праходзіць, яны момант павагаліся, нясмела рушылі да парт, паселі.