Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 10 из 10

«Першыя наведвальнікі. Акцівісты!» — мімаволі пажартавала сама сабе Ганна.

— Што ж ето вы бацькоў не папрыводзілі? — папракнула вельмі сур'ёзна малых.

Ёй адказаў рознагалосы гоман:

— Прыйдуць шчэ…

— Сабіраюцца…

— Унё, ён паслухае мяне!

— Куёўдзяцца недзе!..

Яна хутка адчула, што лішняя пакуль тут, і выйшла на кухню. Паспрабавала рабіць, што трэба; хоць стрымлівала сябе, зноў слухала, што чуваць за дзвярыма, у Парасчыным пакоі, мімаволі гадала, пра што ён думае, што адчувае, незвычайны, незразумелы чалавек. «Цьфу, прыліпла!» — зазлавала яна хутка на сябе і падалася да класа, у які, яна чула, зайшло некалькі чалавек. У пакоі былі жанкі, сярод іх Ганне адразу кінуліся ў вочы даўняя знаёмая Годля, глінішчанская швейка, і рослая, дужая цётка Маня, пра якую гаворкі таксама хадзілі ў Куранях, але з якой Ганна пазнаёмілася толькі нядаўна. Пра цётку Маню гаворкі ішлі, пэўна, далёка: казалі, неяк у Алешніках, каля млына, дзе сабраўся добры натоўп мужчын, счапілася яна неяк борацца з мужчынамі. З адным, з другім, з пятым — і ўсіх паклала. З той пары па сёлах ішла слава, што няма такога мужчыны, якога яна не паборала б. За гэтымі дыміла папяросінай яшчэ адна нядаўняя знаёмая, сухая і злая з выгляду, як вядзьмарка, старая, якую чамусьці звалі Гечыха. З мужчын быў адзін Годлін чалавек — Эля; уціснуўшы пад парту доўгія ногі, курыў з Гечыхаю — трымаў папяроску далікатна, няўмела. Курыў, было відаць, каб падтрымаць мужчынскую годнасць.

Амаль адразу за Ганнай з вуліцы паявіўся Апейка з Міканорам і Гайлісам. Сцягнуўшы з галавы стаўбун, расшпільваючы каўнер паддзёўкі, Апейка акінуў позіркам клас, голасна і весела адзначыў:

— Самыя смелыя ўжэ прыйшлі!

— Аге! Можно і пачынаць! — адгукнулася хрыплым басам Гечыха.

— Пачнем! — бадзёра запэўніў Апейка. — Толькі от трохі пачакаем іншых. Каб не наракалі потым, што — без іх.

Ён прайшоў да парт, стаў здаровацца за руку: з аднымі, маладзейшымі ці роўнымі яму па гадах, — як роўны, як таварыш, з жанкамі і старэйшымі — больш стрымана і пачціва. Амаль увесь час жартаваў. Гайліс стаяў каля дзвярэй: вузкі, у зашпіленым шынялі, глядзеў строгімі блакітнымі вочкамі, чакаў. Касцісты, са сцятымі вуснамі твар быў засяроджаны, няўсмешлівы.

Яны неўзабаве пайшлі ў Парасчын пакой. Амаль адразу пасля таго, як яны зніклі, з двара паявіўся зноў Казачэнка Барыс. Заклапочана акінуўшы вачыма пакой, ён кінуў позірк у суседні, заявіў насмешліва:

— Дзе ж ето мужчыны ўсе падзеліся? Ці мужчын ужэ не стало ў Глінішчах?

— Шкадуем… Беражэм!.. — адказаў знарок задзірыста хтосьці з жанчын.

— Мы што — не людзі?

— Аге! Не канешне мужчыны!

— Цётка Агапа, а дзе ж ето ваш Пятро? — не саступіў, насмешліва ўкалоў у дружны гоман Барыс. — Чаго ето ён вас прыслаў за сябе?

— Нядужы нешто, Барыско…

— І ваш Апанас занядужаў? — так жа едка пацікавіўся Барыс ужо ў іншай жанчыны.

Не стаў слухаць, паківаў галавою з папрокам, з абурэннем:

— Эх, людзі!..

Ён сабраў дзяцей, разаслаў па сяле — зваць мужчын, адразу ж сам зноў рушыў на вуліцу.





Прыйшло яшчэ некалькі мужчын. Па два, па адным. У світах, у кажухах. Выткнуўшыся з цемры на святло, хмурна мружыліся, пільна аглядваліся і, уткнуўшы галаву ў плечы, стараліся прашыцца між жанок за спіны пярэдніх. Некалькі мужчын у клас не пайшлі, тоўпіліся ў прыцемку калідора, нервова дымілі папяросамі. У прыцемку, каля дзвярэй, дыміў цыгаркаю і Чарнаштан Павел — старшыня былога калгаса. Дыміў, заўважыла Ганна, ніякава і падобна — безнадзейна.

Раз-пораз то там, то тут завязвалася гаворка, але яна амаль адразу ж ірвалася. І ў калідоры, і ў класах найбольш панавала маўклівасць, нядобрая, насцярожаная. Зацятае чаканне, адчувалася, поўніла людзей. Гэтая зацятасць мацнела, чым далей, тым больш. Чым больш сыходзілася народу.

Сярод маўклівасці і зацятасці асабліва вылучаліся двое мужчын, што сядзелі каля сцяны, нібы знарок на самым відавоку. Адзін — чырванатвары, дзіўна бесклапотны, мабыць, п'яны, а другі — худы, высушаны працай, з кепачкай на макаўцы. Чырвоны — лагодны і гаварлівы — штосьці расказваў: мабыць, непрыстойнае, бо мужчыны, хоць нявесела, пасмейваліся, а жанкі — адварочваліся, пляваліся. Сухі, з кепачкай, не смяяўся, уссеўшы на край парты, глядзеў навокал бясстрашна і задзірыста, нібы толькі і чакаў, каб счапіцца.

Раздзел чацверты

1

Было вельмі позна, але ўсё не пачыналі. Усё збіралі людзей. У пакоях ужо густа вісеў дым і ўсё часцей чуліся недавольныя галасы: «Дакуль жа ето ждаць?», «Ці да рання?».

Нарэшце дзверы з Парасчынага пакоя расчыніліся, і ў іх паявіўся заклапочаны Барыс, за ім — Дубадзел, важны і вельмі энергічны. За імі выйшлі стрыманы, цвёрды ў хадзе Башлыкоў, спакойны, нібы бесклапотны, Апейка, сабраны, нацяты Гайліс, сціплы Міканор. Апошнім, вінавата горбячыся, ступаў Чарнаштан.

Гоман, што прабіваўся там-сям, адразу апаў, але ў суседнім пакоі хтосьці гаманіў. На яго кінуліся нецярплівае шыканне, галасы: «Ціхо вы там!», «Пачынаецца ўжэ!». Пад гэтыя гукі Барыс зайшоў за стол.

— Дак е прапанова выбраць прэзідзіум, — аб'явіў ён у цішыні.

Барыс прачытаў з лістка паперы спіс. Спрэчак не было, прагаласавалі. У тым, як стрымана ўздымалі рукі, як пільна маўчалі, чакаючы далейшага, адчувалася, што насцярожанасць яшчэ павастрэла. З маўклівай насцярожанасцю сачылі, як заходзілі за стол, сядалі Гайліс, Апейка, Башлыкоў. Нават на сваіх аднавяскоўцаў, што ішлі ў прэзідыум, глядзелі недаверліва.

— А вы, цётко Мар'я, чаму не ідзеце? — паглядзеў Барыс у пакой.

— А чаго я там не бачыла? — адказала пракураным голасам Гечыха.

— Выбіралі. Значыць — трэба ісці.

Гэчыха адрэзала:

— А я не хочу!

Ускінуўся і адразу аціх смех. Барыс намерыўся ўступіць у спрэчку, але Апейка даў знак: не трэба. Пачынай сход.

Барыс стрымаўся. Памаўчаў, настроіўся на іншы лад.

— От што мы нарабілі з вамі, дзядзькі і цёткі, — пачаў ён засмучона, такім тонам, быццам запрашаў усіх раздзяліць агульную, вялікую бяду. — Нарабілі такое, што на ўвесь раён шум пайшоў. Усё раённае кіраўніцтва кінуло другія справы і зразу прыбуло к нам у Глінішча. На ўсё Глінішча мы палажылі пляму перад цэлым раёнам. Просто сорамно глядзець у вочы людзям. Што пра наша Глінішча ідзе такая слава. Што ў нас такі несазнацельны народ… Трэба адумацца, пакуль не позно!

— Хто шчэ хоча сказаць? — павёў ён вачыма па зале.

— Дай мне! — устаў з падаконніка Дубадзел. Яшчэ да таго, як Барыс даў згоду, Дубадзел рушыў да стала прэзідыума.

Момант стаяў моўчкі, сярод нацятай цішыні. Выцягнуў шыю, ускінуў галаву, рашучы, адважны.

— Граждане, а такжа гражданкі сяла Глінішча! І асобенно — калхознікі, якія ўчора разабралі сваю маёмасць і тым самым выйшлі з калхоза «Рассвет»! — Голас яго быў поўны настойлівасці і закліку. Нервова абцягнуўшы зашмальцаваны картовы пінжачок, Дубадзел, вастраплечы, з касцістым тварам, на якім крывіўся, торгаўся сіняваты шрам, імкліва кінуўся ў наступ: — Тут ужэ ў сваім выступленні Барыс Казачэнко, які выступаў перада мной, правільно сказаў, што вы сваім учарашнім паступкам паклалі пляму на ўсё сяло. Але ён не сказаў, што ета пляма, якую вы ўчора паклалі, легла не толькі на ваша сяло, а легла яна і на ўвесь сельсавет, Алешніцкі сельсавет, а такжа і на ўвесь Юравіцкі раён. Бо сваім паступкам, усім тым, што вы зрабілі, а іменно — тым, што вы самавольно расхваталі ў прошлом часных коней і кароў, а такжа свае ў прошлом часныя калёсы, плугі, бароны і ўвесь іншы абагулены інвентар, вы паказалі ўсяму народу, якое ў вас яшчэ мужыцкае, некалхознае нутро. Якое думае толькі пра сваю выгаду і якому напляваць на тое, што робіцца ў перадавом нашым раёне і ў нашым окрузе, а такжа ў нашым Савецкім Саюзе, які ў даны мамент акружаны з усіх бакоў рознай буржуазіяй, якая з усіх сіл стараецца задушыць наш Савецкі Саюз, а іменно — стараецца, штоб сарваць нашу пяцілетку, нашу індустрыялізацыю і калекцівізацыю, якія наносяць ёй смярцельны ўдар!

Конец ознакомительного фрагмента. Полная версия книги есть на сайте ЛитРес.