Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 98 из 121

Міканор, нібы смеючыся з яго бяссільнасці, сказаў:

— Столькі, сколькі магу.

Яўхім стрываў. Выціснуў яшчэ, з нейкім прытоеным, грозным сэнсам:

— Смелы вельмі!

— А чаго ж! — Міканор памаўчаў. І дадаў таксама з пагрозаю: — І ты — не сакрэт — смелы!.. — Даў так, быццам папярэджваў: паберажыся наўперад сам.

Глушак зазлаваў. Тузануў мацней сына.

— Яўхім!!!

Той няцямна азірнуўся на яго. Гатоў ужо быў паслухацца. Але стаў, з лютасцю зіркнуў на Міканора:

— Пабачым шчэ. Хто смелы. Адзін на адзін.

— Яўхім!!! — закрычаў стары люта. Сіпла, са злосцю, як на малога, накінуўся: — Здурнеў! З глузду з’ехаў!!! Мазгі павысыхалі!

Яўхім пастаяў момант; стары ашалела i дужа тузануў яго за руку, i ён неахвотна паслухаўся, паплёўся за старым. За ўсёй гэтай сутычкай сачылі з увагай, неспакоем, з трывогай: усе ведалі — пагроза Яўхіма штосьці значыла. Ведалі: Яўхім не забывае тое, што гаворыць; сказаў: трэба асцерагацца, значыць — трэба. Багата хто не ўхваляў таго, што Міканор глядзеў на гэта легкадумна, нават гулліва; няма чаго пасмейвацца, калі Яўхім грозіцца! Пільнавацца трэба, калі Яўхім прыгразіўся!..

Як толькі скончылася сутычка Яўхіма з Міканорам, Васіль адступіўся ад натоўпу, павалокся на сваё поле. То стаяў, то тупаў, няздольны стрымаць брыдкую млоснасць, непатрэбную кволасць. Стараўся не глядзець i амаль не глядзеў у той бок, дзе тоўпіліся, рабілі людзі,— але ўвесь час бачыў, чуў — дзядзька з рэйкай, мершчыкі, каморнік, Міканор усё падыходзілі. Чым бліжэй яны падступалі, тым больш расло ў Васілю супярэчнае хваляванне — страх, адчай, смеласць. Усё больш чуў: час яго набліжаецца, горкі i неадменны час. Ведаў ужо — што наўрад ці даб’ецца чаго-небудзь. Баяўся, калі брала загадка: чым гэта скончыцца яму, яго бойка.

І усё ж не мог саступіць, аддаць усё так проста. На гэта быў як бы нейкі неадменны загад усяго жыцця. І ён рыхтаваўся, чакаў.

Нібы не сваімі нагамі ступіў ён да Хоні, што падцягнуў ленту да яго паласы. Дрыготкім i хрыпатым голасам выціснуў:

— Тут… пасеяно…

— Усё, брат, — i пасеянае, i непасеянае, — адно, — сказаў, выпрастаўшыся, весела гледзячы на яго, Хоня. У голасе яго было нешта дзіўна прыязнае, таварыскае.

Васіль заўважыў, як каля ix хутка большае натоўп. Цёткі, дзядзькі, дзеці, зларадныя, спачувальныя, проста цікаўныя.

— Усё, брат Васіль, пад адзін грэбень! — весела паспачуваў Хоня.

— Няма такого закону! — Васілёвы губы пакрыўджана дрыжалі: — Штоб адбіраць! Да шчэ тое, што пасеянае!..

— Не трэба було сеяць! — са здзеклівай рэзкасцю заявіў Міканор. Пляскаты, пакляваны воспаю твар быў нецярплівы i недавольны: лезуць тут са ўсякімі выдумкамі, затрымліваюць. Пераможна нагадаў:

— Сказано було: не сей!..

Міканор намерыўся ўжо ісці да каморніка. Як бы паказваў: няма чаго тут гаварыць. Васіля рэзкасць, нячуласць яго ўзлавалі. Умомант ажыла зацятасць, горыч даўняй спрэчкі,— калі араў. Адразу знікла кволасць, крыўду змяніла злосць, упартасць.

— Не дам! — крыкнуў ён. — Не вашае.

— Адыдзі! — ціха i неяк пагардліва сказаў Міканор. Нібы перад ім быў не Васіль, не гаспадар, a казяўка.

Гэта яшчэ дадало ўпартасці.

— Не пайду! Не аддам!

Адкуль паявілася матка:

— Васілько!.. — Вечна не ў час прыпрэцца.

Ён нецярпліва варухнуў плячом:

— Aт!

— Саступі, Васілько!

— Не дам!! — закрычаў ён Міканору. — Мая зямля!!





На пакляваным Міканоравым твары была тая ж пагардлівая ўпэўненасць. Нібы выхваляўся сваёю сілай. Нібы здзекаваўся з яго бяды.

— Зямля — народная, — прамовіў Міканор. У голасе яго пачулася зноў помслівая злараднасць.

— Мая!!!

Васіль аж задрыжаў. Ад крыку, ад упартасці. Ён чуў, што сіла такі на Міканоравым баку, што надзеі ў яго, Васіля, амаль ніякай, што, мабыць, не даб’ецца нічога. Але гэта цяпер не толькі не кволіла, a дзіўна ўздымала адвагу. Зямля, якую ён любіў i раней, цяпер была яму даражэй, як калі-небудзь. Даражэй за ўсё, за сябе самога. Даражэй асабліва таму, што ён чуў — отот яна сыдзе з-пад яго ног. Ужо сыходзіць. Ён цяпер гатоў быў для яе на ўсё. Не здольны ўжо разважаць, ён, як стаяў, упяўся лапцямі ў разору, закрычаў:

— Не пушчу!!!

Яны стаялі твар у твар. Людзі — цікаўныя, трывожныя, чуйныя — сачылі за імі. Стаялі амаль кругам, амаль упрытык, толькі Чарнушка трохі наводцаль. Чарнушка таксама сачыў, са спачуваннем, са шкадаваннем, з пакутай. Адзін з тых двух быў спакойны, зняважліваўпэўнены, другі — роспачны, ашалелы ад бяды, ад бяссільнасці.

— Ідзі па-добраму! — ужо нецярпліва — не просячы, а загадваючы — сказаў Міканор.

— Не пайду! — заявіў Васіль цішэй, але ў тым жа вялікім хваляванні. З непадатнай цвёрдасцю.

— Васілько! — учапілася ў Васіля матка, але ён як бы i не заўважаў яе.

Глядзеў толькі на Міканора. Не зводзіў воч.

Міканор ступіў крок, упэўнена ўзяў яго за плячо. Хацеў саштурхнуць яго. Васіль нібы толькі i чакаў гэтага.

— А-а, т-ты так!

Ён адарваў матчыну руку, нейкі дзіка-радасны — не помнячы ўжо, што робіць, — хутка рынуў на Міканора. Ухапіў загрудкі.

— А-а, ты… так!..

Ён дужа сціснуў Міканораву паддзёўку, так што Міканору цяжка было варухнуць плячамі. Моцна рвануў на сябе, Міканор амаль упрытык убачыў сляпыя i радасныя, поўныя лютасці вочы; скрыўлены нянавісцю, прагай пометы твар. Міканор упёрся ў Васілёвы грудзі рукамі, стараючыся адціснуць яго, але Васіль не даўся. Раптам ён штурхнуў назад так, што Міканор ледзь устаяў.

Усё гэта было які момант, бо к Васілю i Міканору адразу ж падскочылі Хоня, Алёша, яшчэ некалькі чалавек. Васіля ўхапілі за рукі, за шыю, за каўнер світы. Але i гуртам ледзь адарвалі.

Ён усё кідаўся ў дужых руках, запалена хрыпеў, намагаўся вырвацца. Зіркаў на Міканора люта, помсліва.

— Васілько!.. Ашалеў саўсім! — бедавала, бегала навокал сына i тых, якія яго трымалі, матка. Абхапіла рукамі галаву, загаласіла з адчаем, на ўвесь голас.

Міканор, узлаваны, трохі зніякавелы, аддыхваўся, выціраў далонню пот. Стараючыся трымацца з годнасцю, плюнуў знарок спакойна, як бы прыгразіўся:

— K-кулацкая душа!.. Контра!..

Дзятліха, як ні галасіла няшчасна, прыкмеціла Міканораў позірк, кінулася, просячы, молячы:

— Не сердзіся на яго, Міканорко!.. Ты ж старэйшы, спакайнейшы!.. Ашалеў ён саўсім! Не помніў ён, што рабіў!..

— Напомнім — штоб не забуваўся! — з пагрозным намёкам прамовіў Міканор i падаўся ад натоўпу.

Дзятліха дробна, хапатліва пабегла каля яго. Збоку было відаць, прасіла Міканора не злавацца…

— Дарэмно ты ето, брат! — весела гаварыў Васілю Хоня, здавалася, адно ўзрадаваны гэтай спрэчцы. — Рашылі, брат! Рашылі, значыць — кончано!..

— Што ж цябе аднаго абходзіць?! — як бы тлумачыў Алёша.

Васіль невідуча вадзіў вачыма, дыхаў горача, але ўжо не рваўся. Стаяў нейкі аслабелы, абвялы, быццам абыякавы да ўсяго. Раптам зноў неспакойна павёў вачыма, крутнуўся недавольна. Яму не сталі працівіцца, выпусцілі з рук. Ён момант пастаяў, як бы ў роздуме. Потым важка пайшоў цераз паласу ад людзей.

Ішоў, горбячы плечы, угнуўшы галаву. Лапці ўязджалі ў пульхную раллю, тапталі, нявечылі сцябліны руні. Так жа важка i абыякава пацягнуліся чужым полем. Матка неўзабаве дагнала яго, дробна заспяшалася побач. Штосьці загаварыла лагоднае, супакойлівае.

Ён быццам не чуў яе.

У той дзень матка некалькі разоў бегала да Дамеціхі. Бегала нібы з гаспадарчымі клопатамі — параіцца, пазычыць запалак, мукі на зацірку; але большасць цікаўных жанок меркавалі, што гэта ўсё — для прыліку, для чужых вачэй; што напраўду — для таго, каб улагодзіць Дамеціху, упрасіць заступіцца перад Міканорам за Васіля, — каб не злаваў, не перадаваў у суд. Пад вечар, калі Міканор паявіўся на двары сам, падсцерагла, калі ён астанецца адзін, без каморнікаў, таксама ледзь не кінулася ў ногі…

Неўзабаве пасля гэтага Міканор i Васіль сутыкнуліся яшчэ раз. Нахіліўшыся над калодзежам, Васіль зачэрпваў ваду, калі да калодзежа, у расшпіленай сарочцы, без шапкі, з вядром у руцэ падышоў з хаты Міканор. Васіль, заўважыўшы яго, не падымаў вачэй, на нейкую хвіліну перастаў нават цягнуць вочап. Як бы чакаў чагосьці. Ці, можа, думаў, што Міканор кінецца біцца.