Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 97 из 121

Усярэдзіне заныла больш, калі ўбачыў, як выйшлі ўсе з хаты, сталі выносіць нейкія прылады, доўгую паласатую дошку, нізку жалезных шпянькоў, круг з лентай. Між тых, хто збіраўся ў поле, былі Дамецік i Дамеціха. Дамецік — вольны ў рухах, упэўнены, Дамеціха — нясмелая, як бы вінаватая. Акрамя Дамеціхі, выгляд ва ўсіх быў заклапочаны, дзелавы. І гаворка — мяркуючы па тым, што даходзіла, — была дзелавая.

Пачуўшы гэту гамонку, на бліжнія двары, на вуліцу павыходзілі людзі, сталі збірацца, сачыць за важнымі зборамі. Не стала сядзець у хаце матка, выцягнуўся дзед, перавальваючыся, саступіла з ганка Маня. Стаялі ля плота, глядзелі на вуліцу. Дзед курыў люльку, сіпла кашляў.

Матка раз-пораз аглядвалася, нібы абыякава, бесклапотна. Бесклапотна ж падышла к Васілю, пачала зноў, як малому:

— Нічого. Жылі да етаго, пражывем i без етаго. Да i тое ж падумаць — удзеляць жа нечаго!.. — Заўважыла, як ён недавольна варухнуўся, хітра перамянілася: — І папрасіць можно, Дамеціху ці Міканора самого… Штоб не абдзяліў там, дзе даваць будуць…

Толькі i ўмее: вярэдзіць; Васіль адвярнуўся, паказаў, што не хоча слухаць. Нелагодна, з-пад ілба прасачыў як адны на калссах, a друпя пешкі, паўз платы, рушылі к полю.

Патупаў трохі каля хлява, падаўся на прыгуменне. Пакорпаўся тут, не бачачы, што робіць: не мог ніяк адолець вялікага неспакою, брыдкай млоснасці, што поўніла ўсяго, як i раней. Паглядваючы спадылба, бачыў: на прыгуменнях там i тут збіраліся купкамі, заклапочана гаманілі. Некалькі чалавек прайшло ў бок цагельні, вясёлыя, цікаўныя, панурыя, — а ён усё корпаўся, усё не мог дабіцца цвёрдасці, яснасці, адолець нясмеласці. Як бы нанава чуў грозную латышову гаворку на сходзе, якая асабліва трывожыла: не адзін ён ведаў, што латыш слоў на вецер не кідае; з Гайлісавымі словамі нібы бліжэй чулася юравіцкая баковачка, пагроза юравіцкага Зубрыча: "Можам i вярнуць!" Не ціхлі, не адчэпліваліся матчыны жагнанні. І ўсё ж яна карцела, зямля, яна нібы звала яго заступіцца; ні на міг не глухла у ім адчуванне, што калёсы едуць да цагельні, што хутка ўсё пачнецца. Што блізкаблізка момант, які ўсё вырашыць. Што не можна сядзець, марудзіць.

Ён кінуў граблі, якія чамусьці трымаў, важка рушыў з прыгумення. Як нешта далёкае, заўважыў, што пачаў цярусіць дождж, заўважыў i тут жа забыў; адразу за гумнамі вочы ўлавілі, дзе ўжо калёсы. Калёсы набліжаліся да цагельні. Даехалі да куны асін i хвой, збочылі ў поле, на час схаваліся за дрэвамі.

У полі стаяла некалькі групак — мужчыны i жанкі; Васіль прыбіўся да адной, у якой быў Ігнат i яшчэ некалькі дзядзькоў. Ён хутка заўважыў, што большасць дзядзькоў настроена мірна: толькі ў двух, акрамя Ігната, было тут трохі поля, — але i двое гэтых, здавалася, не бедавалі ці не паказвалі бяды. Быццам рашылі: што будзе — тое будзе. Васіль толькі ў Ігнату пачуў свайго аднадумца. Усё ж ён, як i Ігнат, не адыходзіў ад іншых: дзіўна, нават ля гэтай групкі было неяк спакайней, цвярдзей. Ціха ўвайшло кволае: а можа, i праўда — саступіць? Што будзе, тое будзе? Але ён адагнаў гэту думку.

Бачылі, як — у самым кутку поля за цагельняй, каля лесу, калёсы сталі, як каморнік стаў корпацца на калёсах. Расставіў трыногу, прыладзіў нейкую прыладу; адзін з дзядзькоў сказаў, што там ёсць такі бінокль, які паказвае, як мераць. Незнаемы, якога прывёз Гайліс, пайшоў краем поля, паўз лес, з доўгай дошкаю; дзядзька сказаў, што яе завуць рэйкай. Незнаемы, адышоўшы, стаў, паставіў рэйку перад сабой, a каморнік стуліўся каля сваёй прылады, пачаў углядвацца ў "бінокль". Яшчэ двое — было відаць: Хоня i Грыбок — пацягнулі ленту. За імі з нізкай шпянькоў пасунуўся Чарнушка. Спыняўся ля Хоні, раз-пораз утыкаў шпянькі ў зямлю. Латыш i Міканор то падыходзілі да ix, то, найбольш, былі каля каморніка…

Як пачалі набліжацца да Ігнатавага надзелу, Ігнат, увесь падаўшыся наперад, шаргаючы лапцямі, рушыў насустрач ім. Ён перайшоў поле, стаў з таго краю, дзе мералі. Мершчыкі былі блізка, але не падступілі зусім, — ён стаяў трохі, чакаў. Незнаемы з паласатай рэйкай на плячы хацеў прайсці паўз яго, але Ігнат штосьці крыкнуў, i ён стаў. Азірнуўся ў бок каморніка. Там ужо складвалі трыногу, палажылі на калёсы i паўз поле пакіравалі да таго, што стаяў з рэйкаю. Не даехалі, спыніліся, сталі зноў расстаўляць трыногу. Хоня i Грыбок першыя заўважылі, што ў незнаёмага з рэйкай штосьці няладнае, — кінулі мераць, падаліся да яго. Упала гэта на ўвагу i Міканору i Гайлісу, — таксама рушылі да Ігната i тых, хто сабраўся каля яго. Было відна: там пачалася спрэчка. Ігнату загадвалі сысці, а ён упіраўся, штурхаў рэйку, штосьці крычаў. Раптам вырваў рэйку, адскочыў, шырока размахнуўся. Усе асцярожліва адхінуліся, адступілі. Зноў загадвалі нешта, але ён не слухаўся. Трымаў рэйку напагатове. Тады Хоня стаў абыходзіць яго. Выбраўшы зручны момант, кінуўся ззаду, стаў валіць. Рынуліся да Ігната іншыя. Павалілі…





Да ix сталі збірацца дзядзькі, жанкі. Васіль таксама, няўпэўнена, насцярожана, пацягнуўся. Да таго як ён падышоў, Ігнат стаяў ужо ca звязанымі за паясніцай рукамі. Чырвоны, з рэдкімі, прыліплымі да мокрага лба сіваватымі валасамі, невідуча паводзіў ашалелымі вачыма. Напінаў рукі, тузаў гілячыма, ірваўся.

Гайліс выняў блакноцік, хацеў было штосьці напісаць. Раптам рэзкім рухам схаваў блакноцік, загадаў падагпаць калёсы. Калі Зайчык рухава, увішна падскочыў з калёсамі, Гайліс з Міканорам падсадзілі Ігната на драбінку. На драбінку з другога боку лёгка ўскочыў Гайліс, загадаў ехаць. Зайчык, які ўмомант апынуўся на перадку, тузануў лейцамі. Усе, хто засталіся, хвіліну глядзелі ўслед ім, маўчалі. Міканор першы схамянуўся, распарадзіўся ісці рабіць. Выбраныя ў камісію адразу пачалі разыходзіцца: Хоня з Грыбком i Чарнушкам, што падышоў быў пазней, падаліся зноў да пакінутай ленты, — a каморнікаў памочнік панёс далей рэйку.

Людзі, якія збегліся з поля, цяпер ужо не адыходзілі, сачылі зблізку то за тымі, што мералі лентай, то за чалавекам з рэйкай, то — найбольш — за Міканорам i каморнікам, які чарадзейнічаў са сваёй недасяжнай звычайнаму розуму прыладай; штосьці варажыў над паперай, у якую раз за разам заклапочана глядзеў. Сярод дарослых круцілася некалькі малых, якія невядома калі паявіліся. Васіль ішоў з усімі i чуў, як расце ў ім адчуванне блізкай, безнадзейнай i разам — непазбежнай небяспекі. Хваравітая, блытаная, нібы ў гарачым тумане, расла ў ім нецярплівасць. Галава была важкая, ні адной думкі; недарэчная, упартая, у гарачую няцямнасць, што поўніла галаву, лезла адно цікаўнасць: Грыбок, Хоня i Міканор падступаліся ўжо да Глушакоў; а там, каля краю надзелу, як межавыя слупы, стаялі стары i Яўхім. Прыкмеціў: Чарнушка адстаў, аддаў шпянькі Грыбку, не ішоў к Глушакам — але болей Васіль не бачыў Чарнушку. Глядзеў толькі на Яўхіма. Яўхім стаяў, расставіўшы ногі, прыгнуўшы галаву, якая нібы ўрасла ў плечы. Нецярпліва курыў, гатовы, здавалася, любы момант рынуцца ў бой. Стары гнуўся квола, па-старэчы; толькі, прыгледзеўшыся зблізку, можна было прыкмеціць, што ссохлы, у маршчынах, твар жорстка напяты i позірк вострых вочак цвёрды, пільны.

Разам з усімі Васіль падышоў да ix. Яўхім, пахапліва, нервова смактануўшы, кінуў цыгарку, рашуча ступіў да тых, што мералі. Адразу ж яму насустрач ступіў Міканор.

Сталі адзін перад адным. Амаль упрытык. Яўхім — галава нібы яшчэ ўрасла ў плечы — глядзеў цвёрда, грозна; позірк гэты як бы папярэджваў, раіў не звязвацца з ім. Рабы, пласкаваты Міканораў твар, здавалася, гатоў быў засмяяцца. Міканор быццам хваліўся, што не баіцца. Гэта задзірлівая ўсмешка, было ирыкметна, ятрыла Яўхіма. Яшчэ момант, здавалася, i ён не стрымаецца. Люта рыне на Міканора. Але тут — акурат у пару — трывожна, імкліва ступіў да Яўхіма стары, моцна ўзяў яго руку. Прамовіў уладна, з гневам:

— Яўхім.

Той не варухнуўся ў адказ. Але руку не вырваў. Прыплюшчыўшы вочы, уцінаўся ў Міканора. Злосна мыляў сухімі губамі. Не знаходзіў слоў. Усе моўчкі, з трывогай сачылі за абодвума.

— Багато бярэш на сябе, — выціснуў нарэшце Яўхім з пагрозаю.