Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 73 из 121

Як i ўсё кволае, пяшчотнае, Васіль хаваў сваю жаласнасць; але Маня добра разумела, чым яму можна мацней дадзець. Аб’яўляючы, што пойдзе да бацькоў, н i кол i не забывала сказаць, што возьме сына; не дасць на згубу гэтай "душагубцы". Хліпала ўсё над малым, вярэдзіла Васіля: "Сірата, пры жывым бацьку!"

Такі ж зменлівы, як у думках, быў Васіль у гаспадарчым клопаце. Хвіліны весялосці, жвавасці ўсё часцей змяняліся хмурнай марудлівасцю, нават абыякавасцю. Ён часта зранку хадзіў стомлены, з важкай галавою, з нязвыклай млявасцю ў нагах, руках. Тады i зносіў на ток снапы, i малаціў, i падмятаў вяла, як бы хворы. Апусціўшы цэп, раптам спыняўся, згорблена стаяў, нібы слухаў сябе. Кідаў цэп, садзіўся на агароджу застаронка, доўга ўнурана сядзеў. Хоць бы зварухнуўся.

Не раз падоўгу стаяў як здранцвелы, калі карміў каня. Стоячы пры кані, Васіль цяпер іншы раз не бачыў як ён цягне галаву к сену, як знаёма туліць чуйныя вушы к грыве, не чуў, як ён шчыра хрустае сенам. Не заўважаў таго, што, бывала, век цешыла. Іншы раз конь, здзіўлены такой няўважнасцю гаспадара, пераставаў жаваць, паварочваў мяккую храпу, спачувальна ўглядваўся вілы отнымі вачыма, дыхаў цёпла ў самы Васілёў твар. Васіль, здаралася, ажываў, гладзіў Канчаку шыю, але весялеў рэдка. Валокся старэча з хлява.

Як i не было нядаўніх запалу, напорлівасці, нястомнай працавітасці. За ўсе гэтыя дні Васіль толькі раз зайшоў у новую хату, што, як i раней, выстаўляла голыя рабрыны крокваў. Паплёт з аднаго боку так i быў прыбіты толькі да паловы. Столь таксама была недаложана: у пройму між бэлек шарэла нізкае, каламутнае неба.

Васіль прывёў Валодзю. Паспрабаваў рабіць: мераючы алехавай меркаю, адрэзаў з братам некалькі дошак на столь. Паставіў адрэзкі пры сцяне на козлы, каб можна было браць зверху. Загадаўшы брату астацца, палез на гару, пачаў усцягваць дошкі. Хацеў залажыць пройму. Рукі, усё цела пагана слухаліся: цягнучы адну дошку, ён няўдала павярнуўся, ледзь утрымаўся, каб не зваліцца долу, — дошка, ужо высока ўзнятая, крутнулася i паляцела ўніз. Рабром тарца коса прайшла паўз Валодзю, грукнула аб падваліну.

— Трохі не па плячы! — азваўся хлопец дзіўна весела.

Васіля ўзяла злосць. Гонячы мімалётны страх за Валодзю, кінуў няласкава:

— А ты не стой там!

— Дак яна ж не выцяла!

— Не стой! — узвысіў голас Васіль.

Ён сеў, згарнуў цыгарку. Закурваючы, хмурна загадаў:

— Ідзі дадому.

— Саўсім?

— Сказано… Саўсім.

— Болей рэзаць не будзем?





— Ідзі!

Васіль дакурыў, пасядзеў яшчэ моўчкі, стомлена плюнуў раптам злосна i стаў злазіць. Больш у хату ён ужо не заходзіў.

3

Часам заходзілі суседзі, знаёмыя. Першы зазірнуў Зайчык. Спачатку плёў нібы так сабе — пра жыта, пра малацьбу; Васіль слухаў моўчкі, не глядзеў на яго: чуў, што ўсё гэта — подступ адно, што прыпёрся не дзеля гэтага.

— Плятуць, — як бы адказаў Зайчык. Параіў весела — А ты, братко, не глядзі! Не слухай! Не век аглядувацца ды слухаць усіх!.. — Васіль зіркнуў спадылба: Зайчык, здалося, глядзеў шчыра. — Калі ето i пажыць, як не ззамаладу. Пакуль спрыт малады ды сіла!.. Я, братко, — дробна, па-сяброўску захіхікаў,— у сваю пару таксамо буў! Не мінаў, дзе ўхапіць можна було! Не мінаў! Любіў, братко, салодкаго мяса ўхапіць! Смак знаў у етым! — Зноў захіхікаў: — І цяпер рад бы, дак — няма чым!

Пасмактаў люлечку, загаварыў без смеху, з павагай:

— Ганна, братко, — дзеўка! Ето не тое, што твая Маня! Я, брат, збоку бачу!.. — Нібы разважаў уголас, шчыра: — A i ты ж упадабаўся нечым! Бач — жыла, жыла з етым, з Корчыкам, а не ўжыла! Да цябе пацягнуло!.. Знайшла нешто ў табе, чаго ў Яўхіма няма! Нечым болей упадабаўся! І пажыўшы столькі з Карчом, не забылася! І — скажы ты — рук яго не пабаялася! Нічого не пабаялася, от баба! Наравістая, з харакцерам!.. Бабы, яны ўсе, чэрці, разбіраюць — хто ды што. У кожнай свой смак! A толькі ж — церпяць! І знаку не падаюць, што не даўпадобы! А ета ж — твая — не ўцерпела! І перад кім, перад Яўхімам! Наравістая!.. Упадабаўся, значыць, вельмі!.. Б’е яе дурань еты па чым папало! Уся ў сіняках! А не поўзае перад ім, не гнецца!.. — Зайчык зірнуў востра: — Што ето будзе ў вас цяпер? Сам поп, мабуць, не разбярэ. — Васіль не таіў, што гаварыць не хоча, але Зайчык не адступаўся: — Што ты ето рабіць думаеш? Праўда ето, што пабрацца згаварыліся? — Васіль так зірнуў, што Зайчык быццам павінаваціўся: — Я — нічого. Я толькі так — гавораць усе. Як, скажы ты, знаюць канешне!.. Не хочаш казаць, не кажы, я хіба застаўляю цябе!.. — Пыхнуў люлькаю i зноў павёў сваё: — Чаўпуць усе, на ўсіх падворках. Як знаюць канешне!.. А чаго ж — калi на тое — яно можно i — пабрацца!.. Баба — не кабыла, сказаць, a i яна ж нешто значыць!.. І без добрай бабы — у хаце як не хапае нечаго! Так што i баба людская — трэба!

Васіль амаль не глядзеў на яго i стараўся не слухаць, але ўсё, што ні казаў Зайчык, чула адгукалася ў душы^ вярэдзіла, трывожыла. "Як знарок прыпёрся — штоб дадзець яшчэ! Мало без яго думання було!.." Саскочыў раптам са сценкі застаронка, узяў мятлу, стаў, не зважаючы на Зайчыка, падмятаць на таку.

— Ат, як там ні е, не жалей, братко! — параіў раптам Зайчык. Саскочыў таксама з застаронка: сабраўся, мабыць, ісці. Цыркнуў весела: — Калі на тое: пажывіўся — i рад будзь! Друпя ето — з зайздрасці! Асабліво— жанкі! З зайздрасці i плятуць!.. Нашто мая — i то з’ела б, — як угледзіць, што на каторую зірну! А раней було!.. — ён зайшоўся смехам.

За ім прыйшоў Андрэй Руды, у крамнай сарочцы, картовых у пасачкі штанах, апорках, чыста паголены. Запытаў, колькі намалаціў, але Васіль няветліва адно буркнуў, што не мераў. Руды, нібы не заўважыў Васілёвай няветлівасці, пахваліў, што жыта ўрадзіла непаганае, калі раўняць з іншымі куранёўцамі. Канешне, у другіх краінах збіраюць больш, але з тымі нам пакуль што няма чаго раўняцца. Скруціў папяросу, адмысловую, тоненькую з аднаго боку, шырэйшую да другога, — увесь час нешта гаварыў пра кіслую глебу, пра тое, што ёй раіць даваць навука.

— У нас ето бы дзіво якое, — загаварыў павучальна i нібы звысака, — бы сабыціе несусветнае, — што чалавек завёў сабе, так сказаць, маладзіцу. — Васіль, хоць пачуў спачуванне, насцярожыўся адразу, з падазронасцю зірнуў спадылба. Руды спакойна слініў, склейваў папяросу, пераламіў, як люлечку. — У горадзе, асабліво ў некаторых странах, дак ето i не замецілі б. А на таго, хто здзівіўся б, папіядзелі б, так сказаць, як на дзікара. Там кажны, хто хоча i хто не хоча, мае абязацельно жанчыну, шчэ акрамя жонкі. Любоўніцу, называецца. І ніхто не дзівіцца, а наабарот. Там ето, так сказаць, як правіло. Так заведзено: кажны павінен мець! — Васіль зіркнуў: Руды спакойна мяў у пальцах сваю люлечку. Быццам папракнуў: — Цемната ўсё наша!.. — Узяў люлечку тонкім краем у рот, але не закурыў, паклаў раптам за вуха. — А то шчэ ў Расіі бувае такое дзело, — тлумачыў Васілю, — жывуць, не распісуючыся. He распісуюцца, а жывуць, як муж з жонкаю. Жывуць, пакуль, значыць, даўпадобы. Свабодныя атнашэнія. А патом, як нажывуцца, — так сказаць, да свіданія! Благадару, дарагая! Ето так завецца — гражданскі брак! — Васіль — хоць не выказваў асаблівай прыхільнасці госцю, глядзеў найбольш кудысьці ў кут гумна слухаў ужо з ахвотаю: лягчэй станавілася на душы. Нібы не такое страшнае было тое, што гняло. — А то шчэ е парадкі,— жвавеў, чуючы Васілёву ўвагу, Руды. — Ето найболей у цёплых странах, як, напрымер, — Турцыя ці Персія. Ето за Каўказам е такія страны. Дак там заведзено, што мужчына можа мець па некалькі жонак. Па закону іхняму паложано. Там некаторыя маюць, пра ето ў кнігах е сведзенія, па трыццаць, а то i пяцьдзесят жонак. І старэйшых, i маладзейшых, i саўсім маладых. І чорных, i белых! Называецца — гарэм… У аднаго було, навука падлічыла, — сто семдзесят тры жонкі!..

— Нашто ето яму? — не паверыў Васіль.

— Як ето нашто! Штоб, так сказаць, усякай уцехі пробуваць! То з адной, то з другой!

— Рабіць яму, мабуць, няма чаго. Багацей, пэўне…