Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 72 из 121

— Ну чаго! Чаго ето ты! — недавольна адвёў Васіль яе руку.

Маня прыціхла. "Ты не зліся! — папрасіла яна паслухмяна, лагодна. — Я ето з радасці… Думала ўжэ, што — канец. Ісці ўжэ думала дадому…" Акурат заплакала малое, яна устала, забрала яго, лежачы, стала карміць. "Ссе, як п’яўка!.. — прамовіла давольна. — Покуль усё не выцягне, не адарвеш!.. Здаровы, як бык!.." Накарміўшы хлопца, палажыла між сабой i Васілём. "Паляжы от тут, з бацькам!.. Пацешся!.. Даўно не ляжалі разам! — Сказала Васілю — Думаеш, — ён, малы, не чуе, з кім ляжыць! Бацько ці хто другі. Чуе ўсё, разумее…"

Калі хлопец заснуў, палажыла яго ў калыску, зноў пачала лашчыць Васіля. Васіль не адводзіў яе рукі, не гаварыў ёй нядобрага, але на пяшчоты, як i раней, не адгукаўся. Яна хутка перастала песціць яго i ляжала ўжо моўчкі; таксама думала пра нешта.

Што можа зрабіць адзін дотык ціхага, цёплага цельца дзіцяці. Васіль чуў, як у хмурную непрыхільнасць яго ўвайшлі, зашчымелі жаласць да малога i вінаватасць. Паявілася ў душы штосьці чулае, кволае; з-за гэтага прыслухоўваўся ўжо да Мані, прыйшло ў галаву раптам: пра што яна думае? Яна доўга маўчала. "Не було нічого?.. Праўда? — прамовіла яна ціха i ўжо з сумненнем, як бы разгублена. — Не було?.. Матка праўду казала?.. Не було?.. Праўда?.."

Ён ведаў, што яна рада была б i хлусні яго, але маўчаў. Яна чакала, спадзявалася, а ён маўчаў; быццам гаварыў: што было, тое было, чаго тут хаваць.

Яна сама адсунулася, уткнула галаву ў падушку. Васіль улавіў, як матка на палацях пры печы важка ўздыхнула…

2

У тым прытоеным, няпэўным жыцці, якое хавалася пад звыклай, зманлівай абыдзённасцю клопатаў, што ўздымалі яшчэ поцемкі ўсіх у хаце, найбольш няпэўнасці, нязлагаднасці было ў Васіля.

Ішлі дзень за днём, a Васіль усё не мог дайсці да якой-небудзь цвёрдасці. Усё нібы круціўся на раздарожжы.

Былі, праўда, i цяпер хвіліны, калі сэрца поўніла адвага. Калi чулася незвычайная, узнёслая лёгкасць. Усё важкае, блытанае рвалася. Былі толькі дзівосная лёгкасць i шчасце. Ён нібы зноў быў з Ганнай, i Ганна была — яго. І нікога не было між ix, i нікога навокал. Былі, бачылася ўжо, чалавекам i жонкай. Не збягаліся потай, крадком, a жылі разам, у адной хаце. Ішлі разам у поле, разам дбалі пра гаспадарку. Васіль проста ўвачавідкі бачыў, як яна нясе зелле парасятам, як доіць карову. У поцемку душных начэй мроілася, як яна падыходзіць да ложка, кладзецца побач. Як ляжыць, дакранаючыся да яго грудзямі. Як ён пальцамі абцінае гарачую кругласць яе пляча; як рука бяжыць за спіну ёй — як ён туліць яе. Ён чуў, што ў яго — ад адных думак — усё ўсярэдзіне гарэла пякучым, нецярплівым полымем. Тады помсліва, зларадна ўспамінаў: "Праўду казала: якое ето жыццё, калi не любячы мучышся! Нашто i жыць так! Хто мяне прывязаў канешне — хадзіць век пры етай, не любячы! Жаніўся, дак можно i разжаніцца! Не тыя, не старыя часы. Цяпер — не тое, што ў старыя часы!.."

Але вось жа бяда, i лёгкасць, i яснасць неўзабаве кудысьці прападалі. І прападала рашучасць. З галавы як бы выходзіў, выветрываўся хмель. Лез халодны, нядобры роздум; усё зноў пачынала бачыцца хісткім, блытаным, цьмяным. Куды ні падайся — гушчар i гушчар: чапляецца за ногі, за рукі, коле твар. "Хто прывязаў канешне? A хіба — не прывязаны? Прывязаны, ды шчэ не адной вяроўкай!.. І прывязаны, i звязаны па руках i нагах!.." Чым далей адыходзілі тыя вечары, ночы, калі ўпершыню адчуў сябе на безвыходным раздарожжы, тым менш гаркаты было ў думках, менш пякло. Нібы прыцярпеўся к бядзе. Нявесела плёўся не раз ужо ходжанымі разорамі разваг, кожны раз спатыкаўся, аб адно i тое ж. І ўсё больш безнадзейна бачыў, што выхаду няма, што ўсё звязалася ў вузел, які не развязаць. Толькі — рэзаць: рэзаць па сваім сэрцы…

Днём амаль не было гарачкавых відовішчаў. І думкі бьші больш важкія, павольныя, i ўсё навокал малявалася яшчэ горш блытаным, неразвязным. Усё, куды б ні павёў вачыма, нагадвала пра тое, што жыве на зямлі, сярод людзей; щ бачыў дзеда, матку, дзіця, ці ішоў па двары, нёс вядро вады каню, ці з прыгумення бачыў, як ходзяць па згалелых агародах, едуць па пустым полі людзі, ці проста бачыў даўнія, замшэлыя стрэхі,— грудзі ціснула адчуванне няпростасці ўсяго ў свеце, трываласці векавечных парадкаў.

Ніколі яшчэ ён столькі не думаў, як у гэтыя дні, i ніколі не было ў яго думках столькі няроўнасці, супярэчлівасці. То ён гатоў быў ужо змірыцца з тым, што ёсць: "Як склалася, так склалася, не пераменіш. Позно мяняць. Раней трэба было думаць, пачынаючы…" Тады часам папракаў у думках Ганну: "Не захацела разам, калі можно було. Глушаковаго шчасця паспытаць захацелася. Спахвацілася цяпер, як усё так завязалася!.." То раптам з адчаем находзіла рашучасць: "Пайду! Кіну ўсё! Прападзі яно пропадам! Штоб век за яго мучыцца!.."

Ужо ішоў, каб аб’явіць усім. Ішоў рашуча, потым запавольваў хаду, зусім спыняўся. Як ён кіне ўсё: такую зямлю, хату, каня; лепшую долю таго, што нажыў! Лепшы свой набытак!





Ён нібы спрачаўся з сабою. Ледзь не ўвесь час, ледзь цверазеў ён, лезла да яго, гняло разуменне нейкай неправамернасці, недазволенасці гэтага шчасця. Нібы ніякага права не меў ужо ён на гэта — любоў, Ганну. Нібы ён хацеў браць тое, што ўжо не дазволена было браць. Нібы пераступаў закон. "Не вольны, не малады ўжэ!" — вярэдзіў заўсёды хтосьці разважны ў Васілёвых думках. Дадаваў нязменна, неадчэпліва:

"Ганна па душы?! Мало, што па душы! Мало, што хочацца! Прайшла пара, калі рабіў, як хацелася! Не хлопец ужэ! Чалавек сталы, гаспадар! Дак i рабі — як сталы, як гаспадар!.." Прызвычаены ўвесь век цярпець, перакананы, што жыццё — цярпенне, ён i тут адчуваў: трэба цярпець. Лес бы наканаваў: тое, што некалі вяло Ганну к Яўхіму, цяпер не пускала да яе Васіля!

І вось жа, бы знарок: Ганна, узлаваная, даўно не пільнавалася гэтага закону-абавязку, a Васіля ён трымаў, звязваў яго i ўчынкі i думкі. Глядзі гаспадарку, гаруй, цярпі. Любіць — не любі. Не хлопец… Толькі ж чаму так цяжка было адагнаць недазволенае гэтае? "Як жа я без яе? Як яна?.." — усё вярэдзіла яго.

Сярод гэтай зменлівасці адна думка шчымела заўсёды: малое. У тыя дні яно часта аж заходзілася з крыку: нечага балеў жывоцік. Ашалелая ад дзіцячага плачу, ад страху, роспачы, Маня раптам закалацілася:

— Крычы, крычы!.. Штоб табе немач! Як ты слухаць не хочаш нічого!.. Крычы, крычы! Покуль бацько твой цешыцца са ўсякімі!.. Крычы! Mo i ён пачуе, што табе баліць! Mo пабачыць, што не ўсім так соладко, як яму!.. Крычы, крычы! Штоб ты выпруцілася! Як ты не ў час выйшло, на маю бяду!..

Васіль ледзь не кінуўся на яе. Хацеў адабраць дзіця, але яна ўчапілася ў малое. Залямантавала яшчэ горш:

— Не чапай! Ідзі к етай! Ідзі!.. Не дам!

Васіль, таксама ашалелы, ужо не мог адступіць. Невядома, чым скончылася б, каб не ўбегла маці. Ухапіла Васіля за локаць, замалілася:

— Васілько! Сынко! Саступі!..

Ён не адразу i неахвотна адышоў. Стаў шукаць нешта ў прыпечку: сам не ведаў што. Краем увагі адзначыў, што Маня стала гушкаць дзіця. Калі малое прыціхла, загаварыла спакойней:

— Не плач!.. Не пачуе ён!.. Яму абы самому цешыцца!.. — напрарочыла малому, стараючыся ўкалоць Васіля: —Наплачашся шчэ, накрычышся! Такога бацьку маючы!.. Сіратою ходзячы! Пры жывым бацьку!.. Покуль ён будзе цешыцца!..

Матка перахапіла Васілёў позірк, дала знак вачыма: не чапляйся, саступі! Ён выбег на двор, доўга тупаў у хляве, у павеці — не мог супакоіцца.

Васіль ніколі раней не думаў, што можа быць да некага такая жаласнасць. Ён i раней не вельмі песціў сынка, цяпер i зусім не падыходзіў, як бы не было яму нейкага неадменнага права; a ў душы заўсёды — асабліва пасля той сутычкі — чуў незвычайную, чулую жаласнасць да малога. З ёй амаль кожны раз ажывала нешта сарамлівае, вінаватае; асабліва калі выпадала сустрэцца з круглымі, цікаўнымі вачыма; калі малы паказваў усмешкаю першыя зубкі…