Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 74 из 91

— Каму-каму, а табе можно було б і памаўчаць, — заявіў Ларывон. — Забуў, як вадзіў?

— Забуў не забуў, а толькі… Дакуль жа ето ўсё будзе? Добра каторым — зямля як зямля! А ў мяне — пясок адзін! Зелле і тое расці не хоча! Нічого!

— А ў мяне — дак лепей? — падтрымаў яго адзін голас.

— А ў мяне?

— Праўду кажа!

— Ну от! — як бы ўзрадаваўся Васіль. Ён увесь аж гарэў, гатоў быў, здавалася, люта кінуцца на кожнага, хто стане насуперак. Падтрымка людзей паддала яму смеласці, і ўжо не роспач, не крыўда, а абурэнне пачуліся ў яго голасе: — Дакуль жа ето мы будзем гнуцца на адным пяску! А другія будуць сабе, як паны, раскошувацца! Ето хіба так трэба? Ето — па савецкіх законах?

У хаце заківалі галовамі, загаманілі згодна. Многія слухалі са здзіўленнем: першы раз бачылі Васіля такім, чулі такога на людзях. Глушака поўніла злосць: адчуваў — надзея зноў гіне…

— Няхай хто што там думае, а толькі, па-мойму, трэба, кеб пароўну ўсім було! Кеб і ў нас була зямля як зямля, а не пясок! — Людзі зноў зашумелі, і ён збіўся. Хацеў быў сесці, але выпрастаўся, ціха, рашуча аб'явіў: — Як хто, а я ад зямлі не адмаўляюся!

Глушак бачыў, як гарэлі вочы ў хлопца і пасля таго, як ён змоўк, сеў. Старога аж душыла ад гневу, ад бяссілля: мала каго за сваё жыццё ён ненавідзеў так, як гэтае хлапчанё, шчанё гэтае прагавітае! "От гадзяня, няма на цябе кала!" — думаў пра Дзятліка.

Ніякай надзеі на ўдачу цяпер не было, і лютасць, нянавісць яго мяшаліся з болем…

Пасля таго як Міканор дачытаў, колькі ў каго знойдзена лішняй зямлі, спрэчак аб тым, калі пачынаць перадзел, ужо не вялі. Амаль усе адразу згадзіліся: заўтра.

Упаўнаважаны з воласці аб'явіў, што слова мае каморнік.

Раздзел трэці

1

Васілю гэтыя дні далі таксама багата трывогі. Было яе многа да сходу, жыла яна, білася ў ім на сходзе, з ёю ж падаўся ён і дадому, несучы ў сабе цэлую буру сумненняў, неспакою, недавер'я.

Трывога, спачатку няпэўная, няясная, перамешаная з радасцю, з добрымі марамі, з'явілася ў ім, калі ён пабачыў, што камісія пайшла па хатах. Цешачыся тым, што жаданы перадзел усё ж збудзецца, гадаючы, колькі пяройдзе яму зямлі, ён разам з тым непакоіўся, каб як-небудзь не абышлі яго, не схітравалі і не абдзялілі. І на людзей, абраных у камісію, ён глядзеў з надзеяй і асцярогай, як бы гадаў, што яны прысудзяць яму. Сярод гэтых людзей найбольш турботных думак даваў яму Ганнін бацька, які, здавалася Васілю, цяпер не можа быць, каб не стаў заступацца за Карчоў, сваякоў сваіх, падрываць Васілёвы шанцы на ўдачу…

Камісія не абмінула Васілёвай хаты, перамерала і яго поле. Васіль сам гаварыў, калі яны запісвалі, колькі ў яго зямлі і якая сям'я, хадзіў побач, калі перамервалі паласу. У тыя дні, як ніколі, была ў яго ахвота пасябраваць з Міканорам, і не праходзіла дня, каб Васіль раз, а то і два не зазірнуў да свайго суседа. Але Міканор дома сядзеў цяпер рэдка, не раз даводзілася гаманіць адно са старым Дамецікам, ад якога не было ніякай карысці. Праўда, і ад сустрэч з Міканорам добрага было не многа больш: Міканор неяк заважнеў, нешта таіў у сабе, не выказваў вельмі зычлівасці. Толькі і дазнаўся Васіль, што ў каго-нікаго знайшлі лішкі, што яму павінны прырэзаць з паўдзесяціны, але якія будуць гэтыя паўдзесяціны — зямля ці пустэча, — так і не ўведаў. У Міканора на ўсе выпыты быў адзін адказ: сход збярэцца, камісія памяркуе, і Васілю было відаць, што на якую-небудзь асаблівую прыхільнасць спадзявацца не трэба. Гадаючы, якім бокам павернецца да яго доля, прызвычаены чакаць горшага, ён у думках не раз, не два нядобрым словам памінаў Міканора.

Са злой радасцю цешыўся Васіль гаворкам, што асабліва багата павінны абрэзаць зямлі ў Глушакоў. Некаторыя гаварылі, што павінны пакараціць глушакоўскія палі не менш як напалавіну, другія — што нават больш. Былі і такія гаворкі, што калі ўжо абразаць, то лепш было б, каб абрэзалі не абы-якую зямлю, а тую, каля цагельні. Праўда, потым за гэтымі гаворкамі папаўзлі чуткі, што зноў аб'явіўся Маслак, гразіўся карміць зямлёй усіх тых, хто яе вельмі прагне, і гаворкі пра перадзел прыціхлі.

Канешне, і малому кожнаму было вядома, што калі людзі цяпер і менш гаварылі пра перадзел, то думалі, мусіць, яшчэ больш. Думаў і Васіль. Чуткі пра Маслака, якія нагадвалі яму не такую далёкую страшную ноч, гразіліся хлопцу, напэўна, вастрэй, як каму другому. Яму і цяпер, здавалася, чуўся на спіне дотык бандыцкага абрэза, і цяпер, пры адным напамінку, халадзела сэрца ад страху. І ўсё ж надзея на зямлю, што стала была такой блізкаю, не хацела гінуць, тачыла і тачыла яго. Страх і надзея мяшаліся ў душы, змагаліся адно з адным, то прымушалі маўчаць, таіцца, то поўнілі хлопца адчайнай смеласцю, адвагай, гатовай на ўсё.

Гэтыя пакорлівасць і бунтарства, страх і адвага біліся ў ім асабліва горача тады, калі ён сядзеў на сходзе, сачыў, як то набліжаецца, то адступае яго шчасце. Ён праз увесь сход і не думаў гаварыць. Спадзяваўся, што і без яго абыдзецца, але раптам дрыгва, здалося, разарвалася і пад ім. Ён пачуў, што гіне. Надзеі ні на каго не было. Трэба было ратавацца, ваяваць за сваё жыццё самому. І ён ускочыў, рынуўся ў бой. Закрычаў, не помнячы, не баючыся нічога…





Цяпер ён ішоў па цёмнай вуліцы, мясіў куранёўскую гразь і патроху астываў пад сырым, халаднаватым ветрам з балота. Непадалёк брылі людзі, была чутна гамонка, але ён не далучаўся ні да каго і нічога не чуў, жыў сваім хваляваннем, сваімі клопатамі. Было трывожна ад таго, што от не ўтрываў, выскачыў супроць Маслака, і невядома, што цяпер будзе. Але ні страх, ні каянне не бралі, цвярдзелі ў душы ўпартая непахіснасць і рашучасць. "Ну і няхай, няхай грозяцца! Што ж мне — ад зямлі самому адракацца! Так можно і без нічога астацца, калі баяцца ўсяго!.. Няхай шчэ самі падумаюць, як бы іх хто-ніхто зямлёй не накарміў!.." У гэтую хвіліну не толькі Міканор і другія куранёўцы, але і Харчаў з Шабетам прыгадваліся без крыўды, не як няпрыяцелі, а як супольнікі. "І вельмі можа буць, што "накормяць" маслачкоў. Харчаў, мабуць, толькі і чакае, цікуе дзе-небудзь. Няхай толькі паткнуцца!.."

Побач апынуўся Ігнат, Хадосьчын бацька, пайшоў нараўне.

— Багато шчэ малаціць?

— Да ўжэ хутко. Мо з капу якую…

— І мне небагато. Лёгко ў етым годзе…

— Аге. Не важко…

Далей тупалі моўчкі, але Васіль чуў, што чалавек не так сабе падышоў, трымаецца побач не так сабе — шануе, паважае. Напэўна, за смеласць сённяшнюю, за тое, што не пабаяўся, выказаў праўду перад усімі!

Калі Ігнат збочыў на свой двор, у Васіля засталася аб гэтым згодным сяброўскім маўчанні добрая, лагодная радасць.

Дома дымела, трашчала лучына і каля прыпека варушыўся ў камізэльцы дзед Дзяніс. Васіль бачыў яго на сходзе і не ведаў, як стары ўправіўся вярнуцца раней: мабыць, не дабыў да канца.

— От і гірой наш! — задаволена сказаў дзед. Ён весела загадаў маці: — Дай бо чаго пад'есці!

Паставіўшы міску з расолам і чыгун з картопляй, маці прысела на лаўку і доўга глядзела на Васіля вачыма, поўнымі трывожнасці і шкадавання.

— Ну, чаго вы! — не вытрываў, няласкава буркнуў Васіль. — Усё адно як не бачылі век!

— Боязно мне, сыночак. Нашто табе було выстаўляцца?..

— А што було, тым часам, рабіць, калі ўсе маўчалі, як вады ў рот набраўшы? — адобрыў Васіля дзед.

— Усё адно. Кеб, барані Бог, паганаго чаго не выйшло.

— Ну, от бо! — Васіль, узлаваны, гатоў быў кінуць лыжку. — Вечно вы!

— А ты не кіпі! — строга зірнуў на яго дзед. — На тое яна матка, штоб за дзіця баяцца!.. І ты, — ён папракнуў ужо маці, — лезеш са сваім стогнам не ў пару, пад'есці не дасі!

Ужо калі леглі, дзед Дзяніс прамовіў упоцемку з печы:

— Етаго старога Карча аж трасучка ўзяла, як ты гаварыў. Разарваў бы, кеб прымеў! Не пападайся яму цяпер ці Яўхіму! Але ты, тым часам, не бойся! Не вельмі-то і папускацца трэба! І нікому папускацца не трэба! Ніхто за цябе не заступіцца, як сам не заступішся. Дак няхай, тым часам, знаюць, што і ў цябе зубы е!