Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 73 из 91

Дужы, шыракаплечы, у кепцы, хвацка ссунутай на вуха, ён павярнуўся спінаю да стала і цвёрда, рашуча, тоячы нейкую пагрозную ўпэўненасць, рушыў зноў к сенцам. Стары Глушак захінуў кажух і, чуючы, што ўсярэдзіне ўсё яшчэ дрыжыць ад гневу і лютасці, сеў. Заўважыў, як ціха стала ў хаце. Калі і трэба было ціснуцца, прэць тут у гэтай духаце, то хоць бы для гэтага моманту. Усе няхай бачаць, што ён так сабе не папусціцца, не дасць занішто абабраць сябе!

"Яўхім — маладзец: так удало выйшаў! І пра ўправу ў час сказаў! Унь як, астылі многія — усё-такі баяцца! — У Глушака зноў ажыла надзея. — Можа буць, не асмеляцца браць, адмовяцца… Сарвецца ўсё, можа?.."

Міканор сабраўся гаварыць зноў, але яго апярэдзіў Зайчык:

— Е тут няяснасць адна!

— Якая няяснасць?

— А такая. Ты, Міканорко, мабуць, прасветліш яе. Як старшыня. З зямлёю етай, заадно, Міканорко, коней не прырэжуць?

Дураслівае пытанне гэта абазвалася смешкамі, асабліва сярод моладзі, дзе Зайчык-штукар быў у не абы-якой пашане. Смяяліся не толькі таму, што ён ужо сказаў, але загадзя і таму, што яшчэ выкіне: ведалі, што Зайчык вымудрыў нешта!

Міканор, захоплены спрэчкай з Глушакамі, не адразу зразумеў дзіўнае пытанне і смяшок.

— Пра што ето вы, дзядзько?

— А от пытаюся: коней тым, каторым прыразаюць землю, не прырэжуць заадно?

Пад смешкі Зайчык растлумачыў:

— Каму, маўляў, каня. Каму — паўканя. Каму — чвэртку. Каму — хвост, а каму — грыву…

— Дзяцел, тут табе не вячоркі! — строга аб'явіў яму Дубадзел.

— Дак я і сам бачу, што не вячоркі.

— Бачыш, дык няма чаго крыўляцца. Сур'ёзнае дзело разбіраем. Ето табе не камедзія!

— А хто кажа, што кумедзія! Кумедзія — ето от уся гаворка пра землю, пра перадзел. — Зайчык не даў Дубадзелу перапыніць сябе: — Што мне тая зямля, як я, каня не маючы, усё адно абрабіць яе не магу!..

Глушак асцярожна, але задаволена кіўнуў. "Стрымаў сваё слова Зайчык, заступіўся! І таксамо — у пару!"

Ён падумаў, што трэба будзе неяк аддзячыць за гэта, каб падахвоціць на другі раз. Тут жа, праўда, адзначыў сабе: у тым, як казаў Зайчык, чулася не так жаданне памагчы яму, як боль за сваю няўдачу. Але Глушак гатоў быў дараваць гэта. Усё-такі памог…

— Чым я засяваць яе буду, ету вашу землю, калі дзеці ад вясны з дубовай кары пухнуць? — светлыя Зайчыкавы вочы па чарзе прабеглі па Міканору, Дубадзелу, Зубрычу.

— Дак кеб не пухлі яны, зямлі трэба, следавацельно, — павучальна адгукнуўся Андрэй Руды.

— Ето мне напамінае байку пра таго дурня, што купіў залатую — як у пана — міску. Сеў каля яе і думаў, што яна сама карміць будзе! Яна, зямля, як карова — дасі ёй, накорміш, дак і яна табе дасць! А што мне зямля етая, калі з яе — нічога!

У хаце згодна загаманілі. Глушак падумаў: "Рады булі б, кеб да зямелькі ды шчэ й коней дадалі і насення! — Пажадаў зларадна: — Трасцы вам, а не коней! Падавіцеся вы етай зямлёю, палыном ды лебядою абсяваючы!"

Радасці, аднак, не было: увайшоў у душу неспакой — каб, барані Бог, хэўру гэтую ненажэрную на коней і на насенне яго не напусцілі! У трывозе зірнуў на Зайчыка інакш, з падазрэннем: памочнік, называецца, — адной рукой, здаецца, выцягвае, а другой — як бы ўтапіць гатоў!

— Дзядзько правільно кажа, — згадзіўся з Зайчыкам Міканор. — Набыўшы зямлі, не сакрэт, з бяды не выкруцішся. Дак от жа я і казаў, што, кеб адолець ліхо етае, згуртоўвацца трэба, разам, усёй грамадою ваяваць. Таварыство арганізаваць на ўсё сяло, насенне, якое ў каго е, разам сабраць! Сабраць грошы са ўсіх і разам коней купіць!..

Міканор гаварыў горача, пераканана, але слухалі яго большасць людзей ці недаверліва, ці нават непрыхільна. Чым больш ён гаварыў, тым больш рос нездаволены гоман. Пачуліся воклічы:

— Зноў — етыя таварыствы!.. Як не надакучыць, ей-богу!

— Грэблю не кончылі, а шчэ — таварыство!

— От скажы ты, прычапілася да чалавека!

— Прыйдзе Маслак — ён "арганізуе" табе таварыство! — крыкнуў нехта.

— На тым свеце закаешся!

Думка пра Маслака, мабыць, увесь час на сходзе жыла між людзей, бо пры напамінку пра бандыта ўсе заварушыліся, загаманілі толькі аб ім.

Міканор паспрабаваў перасіліць гамонку.

— Усё ето з таварыствам страшно толькі таму, што яшчэ не спробувалі. А як паспробуем, пажывём, дак, кеб хто хацеў, патом ад таварыства не адарваў бы! — Ён апярэдзіў шум пярэчання: — А што да Маслака, то тут, не сакрэт, нечая выдумка!

— Сумно некаму без Маслака! — звонкім голасам падтрымаў Міканора Хоня.





— Ажывіць захацелася! — дадаў Алёша Губаты.

— Брахня! — заявіў і Дубадзел.

— От як заявіцца сюды — пакажа брахню!

— Чыкацца не будзе!

Чарнушка папрасіў:

— Няхай прадстаўнік з воласці растлумачыць пра Маслака!

Зубрыч устаў, усміхнуўся:

— Я проста здзіўлены тым, якую ўвагу вы аддаяце нейкаму пігмею! Нейкаму адшчапенцу, які туляецца ў балоце!

— Няма нікога тут! — заявіў зноў Дубадзел. — Плёткі ўсё ето, што Маслак жывы!

— Я таксама лічу, што плёткі. Ды калі б і праўда была, калі б сапраўды ён дзейнічаў тут, ніякіх падстаў для панікі, для страху ўсё роўна няма. Ён — адзін, іх — нікчэмныя адзінкі, а вас — легіён. За вас уся краіна, армія, народ. Ёсць каму за вас заступіцца!..

— Заступіцца-то заступяцца…

— Ды пакуль тая заступка прыйдзе!..

— І раней заступнікі булі!

— От бо перапужаліся ўсе! — пакпіў Хоня.

— Аднаго духу Маслаковаго!

— Значыць, у воласці, та-скаць, нічого неізвесно пра ету асобу, пра Маслака, і яго атрад? — хацеў дабіцца яснасці Руды.

— Я, шчыра кажучы, не цікавіўся гэтымі весткамі… Але думаю, што калі б яны былі, то мяне папярэдзілі б. Аднак, вярнуўшыся, я праверу іх і, калі будзе патрэба, абяцаю прыняць адпаведныя меры…

— Пакуль вы етыя меры прымеце, дак ён спраўдзіць сваю гразьбу!

— Сказаў, накорміць зямлёй — і накорміць!

— Няўжо вы, — лагодна здзівіўся Зубрыч, — настолькі напалохаліся здані нейкага Маслака, што ад землеўпарадкавання, ад таго, каб навесці парадак у карыстанні зямлёй, гатовы адмовіцца!

— Калі з-за етай лапіны зямлі губіць сябе, то хай яе чорт бярэ!..

— Дружыну сарганізаваць трэба! — крыкнуў хтосьці з хлопцаў. — Не паткнуўся б!

— А паткнуўся б, дак далі б па зубах!

Зубрыч пахваліў хлопцаў, потым мякка, з дакорлівай усмешкай загаварыў пра тое, што абы-як адносіцца да землеўпарадкавання, як некаторыя тут, на сходзе, — гэта паказваць поўную сваю несвядомасць, непавагу да дзяржаўных інтарэсаў. Дзяржава даўно хоча навесці парадак у землекарыстанні, знішчыць анархію і самавольства, і абавязак кожнага сумленнага грамадзяніна — усямерна памагаць ажыццяўленню гэтай вялікай мэты.

Глушака аж злосць узяла: так стараўся за дзяржаву валасны ўпаўнаважаны.

"Усё толькі і знае, што дзяржава ды дзяржаўныя інтарэсы!.. Як знаў, угадаў: бацьку роднаго для дзяржавы сваёй не пашкадуе!.."

Гаварыў упаўнаважаны лёгка, прыгожа: відаць было, разумны, вучаны чалавек. Слухалі яго ўважліва, даверліва, але чым больш слухалі, тым больш станавіліся маўклівыя, асцярожныя да гэтай не так мужыцкай, як дзяржаўнай справы — землеўпарадкавання. І як ні хваліў упаўнаважаны яе і дзяржаву, асцярожлівасць не толькі не прападала, а мацнела. Вядома, тут былі нямала вінаваты чуткі пра Маслака, але і прыезджы, заўважыў Глушак, таксама даў хібу: перастараўся, заступаючыся за дзяржаўныя інтарэсы. Як ні высільваўся, не так паправіў становішча, як астудзіў, затуманіў людзей.

"Старацельны ты вельмі, — падумаў Глушак. — Распінаешся за сваю савецкую ўласць, а таго не знаеш, як да мужыка падступіцца, чым спакусіць…"

— Усё-такі, мабуць, з етым перадзелам пачакаць лепей, — прамовіў разважліва Чарнушка, і ў Глушака зноў ажыла надзея.

— Не чакаць, а канчаць трэба! — крыкнуў Хоня.

Яму не давялося сказаць больш ні слова, бо раптам ускочыў нецярплівы, ашалелы Васіль.

— Чакаць, чакаць! Усё — чакаць! — Крыўда, роспач і лютасць кіпелі ў яго ляманце. — Дакуль жа ўсё ето будзе! Чакаць ды чакаць!.. Усе ўсюды даўно ўжэ парабілі ето! А мы ўсё — чакаць! Дак дакуль жа мы будзем мучыцца?!