Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 60 из 91

За ляском зноў ціха, задуменна шумелі бясконцыя рады бяроз, тужліва, загадкава гаманілі правады. Яны гулі ўвесь час — і калі збоку адыходзіла дарога на Глінішчы, і калі мяняліся вузенькія, шэрыя, дзе-нідзе весела падзелянёныя рунню палоскі. Мусіць, ад гэтай загадкавасці і тужлівасці гулу правадоў Ганне рабілася таксама тужліва, станавілася шкада чагосьці вельмі добрага, дарагога, што, здавалася, назаўжды адыходзіла з дарогай.

Калі праехалі рудую грэбельку над вадавіцкім балотам, шлях пачаў паволі ўздымацца, і неўзабаве не так ужо і далёка забялела юравіцкая цэркаўка. Цэркаўка гэта, як звычайна, абудзіла ў Ганне чулую, бесклапотную згадку пра маленства. Даўно-даўно, дробненькай дзяўчынкаю ўбачыла яе ўпершыню — убачыла быццам незвычайнае, недасяжнае, дзівоснае. І з той пары, хоць ужо вырасла, пасталела, кожны раз, як убачыць зноў, той дзіўна чулы ўспамін нібы зноў вяртае чароўнасць маленства. Тады, першы раз, таксама ехалі на кірмаш. Які цудоўны быў ён ёй, той кірмаш! Царква, спуск з юравіцкай гары, якая здавалася высачэзнай, страхотнай, радасць, што нарэшце спусціліся, што конь не панёс, вір столькіх людзей на плошчы, салодкая боязь застацца адной без бацькоў, згубіцца. А вакол цуды цудныя: хусткі адна за другую прыгажэйшыя, каснікі, белыя-прабелыя булкі, пернікі, абаранкі. Адзін абаранак прынёс ёй бацька — яна толькі трошкі паспытала і схавала за пазуху: шкада было адразу застацца без такога дзіва!..

Царква ўсё набліжалася. Вось падышла ўжо горка-гарбок, курган з бурай някошанай травой і маладымі дубкамі. Бацька, праязджаючы паўз курган, як і раней кожны раз, казаў:

— Разбойнік ляжыць… Асілак. Першы на ўвесь свет буў, казалі… Людзей перавёў — мільён!..

Мачыха трывожна перахрысцілася. У дарозе, далёка ад дому, яна заўсёды прыкметна гублялася, мякчэла і ціха, лёгка прызнавала бацькаву сілу і ўладу.

За курганам, за полем, перарэзаным крывымі маршчынамі яроў, абчэпленым там і тут кучарамі кустоў, купкамі дрэваў, узвышша, адчувалася, спадала ў нявідную шырозную лагчыну. Сіняя града з чорнай істужкай лесу ўздымалася за лагчынай у далёкай, прытуманенай смугою далечы. Ганна стала ўзірацца ў сіняватую смугу перад градою, выглядваць жаданую ясную паску, якая іншы раз на момант выблісквала з-за ўзвышша. Яна ўбачыла гэты цуд у той далёкі дзень, калі першы раз ехала тут. "Што ето?" — здзіўлена шмарганула яна бацьку за рукаў. Бацька абыякава павёў позіркам: "А, рэчка… Прыпяць…" Ганна аж ускочыла: "Прыпяць?" Прыпяць — рака-казка, легенда! Яна той раз і засталася легендаю, загадкавая Прыпяць, — бліснула на міг прамяністаю паскай і знікла, колькі ні ўглядалася Ганна, не паказалася зноў… Як тады, Ганне цяпер захацелася зноў убачыць знаёмую вясёлую паску, але ракі не было відаць: затуманеная далеч хавала яе.

Каля царквы бацька суняў каня, і ўсе злезлі з воза. Пачынаўся той самы, калісьці такі страшны, спуск у мястэчка.

Як заўсёды, бацька адчапіў вяроўку з задка калёс, прывязаў кола за спіцу да галавашкі, каб яно не круцілася. Беручы каня за аброць, загадаў жанчынам:

— Паддзержувайце калёсы!

Ён пайшоў наперадзе, трымаючы закілзанага каня за аброць так, што конь як мог задзіраў галаву, шчэрыўся жоўтымі зубамі і аж прысядаў на заднія ногі, прыпыняючы калёсы, што наязджалі на яго. Дарога была мёрзлая, гліняная са жвірам, і нерухомы жалезны вобад кола, які цёрся аб яе, аж вішчаў. Ён пакідаў за сабой роўную бліскучую стужку з белымі меткамі на каменьчыках.

— Чш! Тпру! Тпру-у… — супакойваў бацька каня.

Што гэта была за дарога — незвычайная, дзіўная, не падобная на ўсе іншыя дарогі ў балотнай старане! Паволі паварочваючы, яна ішла ўніз і ўніз, абрэзаная з бакоў двума глыбокімі раўчукамі, па якіх дажджлівымі днямі раўлі патокі вады. Разам з тым як дарога спадала глыбей і глыбей, абапал яе раслі і раслі горы з размытымі дажджом берагамі, з дрэвамі, што віслі, выстаўляючы карэнне. Уздымаючыся, горы ўсё больш і больш затулялі неба, здавалася, падпіралі яго — і кусты, і дрэвы, што раскідвалі галіны свае, як крылы, як бы збіраючыся паляцець, былі ўжо не на зямлі, а на небе.

Над самай высокай стромай гары тырчаў з пяску вялікі аблізаны камень, гатовы кожны момант рынуцца ўніз, і Ганне стала жудасна: а што, калі ён цяпер?

Але камень і на гэты раз не зваліўся. Як толькі праехалі пад ім, выглянула ў росступе гор крывая чарада местачковых хат, што сыходзілі з прыгорка, абступалі вуліцу. Дапаўшы да раўнейшага месца, непадалёк ад драўлянага дома на два паверхі, у якім была "воласць", бацька зноў спыніў каня, адвязаў кола, і далей паехалі ўжо на возе, з выгляду строгія, важныя, а ў душы нясмелыя, занепакоеныя: не сваё сяло, горад вялікі, чужына. Як і належыць, каня бацька сцебануў, пагнаў трушком, — уз'ехаўшы на брук галоўнай вуліцы, калёсы пакаціліся са страшэнным грукатам і ляскатам, пакуль не ўткнуліся ў чаргу вазоў, што цягнуліся к рыначнай плошчы.

На плошчы, акружанай драўлянымі і каменнымі будынкамі — крамамі і крамкамі юравіцкіх гандляроў і кааперацыі, было ўжо даволі густа вазоў і людзей. Людзі варушыліся, хадзілі, і вазы ў гэтым людскім возеры, здавалася, танулі, паказваючы адно дзе-нідзе задраныя аглоблі ды конскія галовы. Чарнушкі ўехалі ў гэтую мітусню, як у неспакойнае, шырокае разводдзе.





Справа, злева, наперадзе іх былі цяпер людзі, людзі — маладыя, пажылыя, зусім старыя, жанчыны і мужчыны — адусюль абкружалі іх світы, кажухі, каптаны, шапкі, апаноўваў шматгалосы гоман, бэльканне авечак, парасячы віск. Чарнушка, узняўшыся на коленцы, выгледзеўшы вольнае, зручнае месца, пакрыкваючы на тых, хто лез пад каня, стаў паволі праціскацца з Ганнай, з мачыхай, з авечкамі, з усім сваім скарбам на возе да прыпынку.

3

Калі воз спыніўся, мачыха сказала, што стаяць тут нядобра: не на віду, сюды мала хто і падыдзе, але Чарнушка заявіў на гэта:

— Каму трэба, той і ў чорта за пазухай знойдзе, — і, не раздумваючы, пачаў распрагаць каня.

— От, скажы ты, саранча-людзі! — не стала спрачацца, мірна паскардзілася мачыха. — Усюды захопяць дзе лепей! Ніколі не ўправішся за імі!

Яна зірнула на авечак — тыя ціха ляжалі сабе ў задку воза, ужо даўно звыкшыся з прывязкаю, страціўшы якую-небудзь надзею вырвацца на волю, — толькі вушамі ўздрыгвалі пры блізкіх воклічах.

— Вукапай усё, што ў сене, да раскладзі на коўдры!.. — сказала мачыха Ганне, абтрэсваючы з андарака травінкі. — А я пайду, колькі што каштуе, дазнаюся…

Пакуль Ганна ладавала на коўдры гаршчок з маслам, нізкі грыбоў, сушаныя ўюны, мачыха вярнулася расчараваная:

— Дзешаво ўсё, дзешаво!.. Дарам, можна сказаць, хочуць!..

Нейкі час усе ўтраіх стаялі моўчкі, сачылі за тымі, хто падыходзіў блізка, глядзеў на іх дабро. Сачылі па-рознаму: Ганна амаль абыякава, сумна-затоена; бацька спакойна, час ад часу папраўляючы сена, якое цягнуў мяккімі губамі конь; мачыха ж проста лавіла позіркі, нецярпліва маліла — вось гэты, вось гэты. Але, як на злосць, падышоўшы, амаль ніхто нават не пытаўся пра цану — прабяжыць вачыма па коўдры і адыдзе, як бы багацей які, як бы яму нічога не трэба. А калі запытаецца, то толькі так, для прыліку, бо сам нават не прыгледзіцца добра, а кідае позіркам ужо далей.

— От табе і добры базар! — не ўтрывала мачыха.

Яна, каб не тырчаць попусту, стала прыбіраць каля авечак.

— Ето шчэ не базар, — пераканана прамовіў Чарнушка. — Базар шчэ будзе!.. Купцы самыя шчэ чай дома п'юць…

Народу, і праўда, прыбывала: плошча запаўнялася вазамі, людзьмі ўсё гусцей і гусцей, станавілася ўсё цясней, рос шум, гоман, крыкі. Зусім блізка, каля суседняга воза, сталі таргаваць карову — жанчына, завязаная зрэбным шмаццём замест хусткі, і мужчына ў абношанай, абадранай свіце, напэўна, муж і жонка. Нясмела, неяк падазрона аглядвалі, абгладжвалі, мацалі рудую "рагулю", недаверліва слухалі другіх жанчыну і мужчыну, якія расхвальвалі свой скарб. Хваленне гэтае, было відаць, не толькі не ўлагоджвала "купцоў", але нават павялічвала іх недавер'е — яны слухалі і прыглядваліся да каровы ўсё з большай падазронасцю, а неўзабаве адступілі і зусім, пабраліся між людзей, пра нешта шэпчучыся…