Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 59 из 91

Але добры строй гэтых думак зноў і зноў ірваўся, раўнівая памяць калола, пякла: "Карчова нявеста!.. Змовіны адгулялі!.. Вяселле скора!.."

Ці хадзіў, ці стаяў каля ганка, ці ляжаў у хаце, злыя думкі, не зважаючы ні на што, лезлі ў душу, тачылі: "Жонка будзе!.. Карчова жонка!.."

Частка трэцяя

Раздзел першы

1

Калі паснедалі, мачыха не загадала Ганне, як звычайна, прыбраць са стала, не ўсхапілася і сама. Сядзела заклапочаная, нават нібы больш, як заўсёды, важная, чагосьці чакала. Але бацька маўчаў, глядзеў на край стала, не бачачы ні стала, ні мачыхі, нікога. Бацька заклапочана думаў.

Заклапочанасць і нейкая асаблівая сур'ёзнасць, важнасць была на тварах усіх дарослых Чарнушкаў. Яна кінулася ў вочы нават Хведзьку, які вылез з-за стала надзіва ціха, знік з хаты так, што яго ніхто і не заўважыў.

— Уюноў сушаных нізак дзесяць будзе… — падумаў нарэшце ўголас бацька.

— Хунты тры ці набярэцца… — сказала мачыха.

— Усё-такі грошы… — Чарнушка пашкадаваў: — Грыбы сушаныя еты год, кажуць, не ў цане…

— Чарніц можно. Прося гаварыла, той раз іх вельмі куплялі. Два нейкія купцы з самога Мозыра прыязджалі…

— Картоплю на бровары бяруць. Толькі што, грэц яго, дзешаво…

— Трасцу ім! Лепей у Нароўлю з'ездзі!

— А ў Нароўлі не тое — там дак грошай насыплюць?..

— Насыпаць не насыплюць, а болей дадуць.

— Аге! Дадуць, спадзявайся!.. — Бацька пашкадаваў: — Кабанчык малаваты шчэ. Месяцы б шчэ тры пакарміць… і цяліца…

— На адзін дзень не хопіць… Умэнт змелюць усё, як да стала дападуць!.. — У голасе мачыхі чуўся страх.

— Карова добрая була б…

Па тым, як гаварылі яны пра кабанчыка і цялушку, Ганна здагадалася, што рэзаць іх дамовіліся ўжо раней, можа, учора ўночы, калі яна была на двары, цяпер бацька проста адгукнуўся на ранейшую гаворку.

— Як у прорву, ядзяць! — не магла стрымацца мачыха. — То ж на змовінах адных — сколькі расходу далі! Куды толькі, здаецца, падзелася! Ведамо, чужое!

— Усе ласы на чужыя каўбасы…

— Разорыць нас вяселле етае! Толькі ж і паддавацца вельмі — сарамата! Зяць такі!..

Бацька не адгукнуўся на гэта, думаў аб нечым затоена, заклапочана. Ужо сабраўшыся выходзіць, сказаў мачысе:

— Ты масла збі к нядзелі, колькі можно. Мо з яго толк будзе…

— Саб'ю…

Гаворка аб тым, як узбіцца на капейку, што трэба зрабіць к вяселлю, зноў пайшла, калі сышліся абедаць. Цяпер у Чарнушкаў, здавалася, усе толькі і думалі і меркавалі, што аб недалёкім вяселлі, якое ўнесла ў хату столькі рознага клопату. Прыбіраючы са стала посуд, Ганна чула, як мачыха бедавала: колькі трэба ўсяго — смажанага, прэжанага, мяса, сала, яечні, каржоў, коржыкаў, аладак.

— Гарэлкі кеб нагнаць — завод цэлы трэба!

— Гарэлкі будзе. Етаго дабра нараблю…

— Наробіш! Глядзі, кеб міліцынер не нарабіў табе! Як наскочыць Шабета, будзе табе гарэлка!

— Не наскочыць!..

— Не дурны ён — будзе цяпер каля тваёй восеці ацірацца.

— Ён не дурны, і я таксамо. У такую глушыну апарат запратору, што сам Міця-ляснік, грэц яго, не знойдзе.

Міця-ляснік — горкі куранёўскі п'яніца — ведаў усе патаемныя схованкі самагоншчыкаў: дзе б хто ні гнаў, Міця знаходзіў, заяўляўся глынуць першаку. "На сто вёрст чую, дзе самагонкаю пахне", — выхваляўся ляснік.

— Не кажы "гоп", не пераскочыўшы! — сказала мачыха бацьку. Потым параіла: — Трэ пляшкі дзве гарадской. Калі хто чужы, бувае, прыткнецца.

— Вып'е і нашай! Цяпер паноў няма! А што самагонка — хто яе не гоніць! — Бацька не даў мачысе пярэчыць. — Трэ от падумаць, як маладую нашу прыбраць!

Ён паглядзеў на Ганну, якая пры гэтых словах перастала выціраць стол.





— Чаго тут думаць? Адзенем… Перад жаніхом сорам не будзе!

— Жаніх жаніхом, а і кеб перад самімі сорам не було. І перад людзьмі… Кеб і адзета, і абута була як трэба. Што купіць, пашыць, трэба падумаць.

— Спадніцу новую справіць трэба, паддзёўку пашыць… Паддзёўку можно з таго, што я летась наткала. Са свайго можно… І на спадніцу е што ўзяць. Не купляючы…

— Спадніцу няхай са свайго, а на кохту купіць трэба! — горача абазвалася Ганна.

— Е ж кохта — чырвоная, аж заглядзецца!

— Дак працерлася на локці! Латаная! Самі ж знаеце!

— Кохту трэба новую. Крамную.

— Ну, няхай! Трэба дак трэба! Я што, я — хіба супроць? Хіба я не хочу, кеб як найлепей! Яна ж таксамо, сказаць, маё дзіця. Я толькі кеб расходу меней…

— Расход расходам, а кохту трэба новую…

— Трэба дак трэба! Можно і чаравікі новыя справіць, і хустку! Хустку дак канешне купіць трэба! І не абы-якую, а кашаміравую, з кветкамі!

— Хустку трэба. А чаравікі добрыя і тыя, што ад маткі засталіся. Шчэ і дзецям будзе, якіх народзіць!

— Чаравікі добрыя, лепшых і не трэба. — Ганна кінула позірк на бацьку. — У Нохіма надысь перкаль бачыла белы… Дзяшовы…

— Ну, дак і купім яго. І к Годлі занясем пашыць!.. От толькі картоплі б прадаць ды на кірмаш з'ездзіць. Кеб капейка була.

Гэтым спрэчка пра кофту і скончылася.

2

Праз дзень Чарнушка завёз воз бульбы аж за Прыпяць, у Нароўлю, а ў нядзелю стаў выпраўляцца ўжо ў Юравічы, на кірмаш.

Ён устаў яшчэ да ўсходу позняга ў гэту пару сонца, запрог каля павеці каня, вынес адну за адною дзве звязаныя авечкі, прывязаў у задку воза да ручак. Калі пад'ехаў да хаты, жонка пачала з Ганнай зносіць і ладаваць у возе тое, што было падрыхтавана на кірмаш. Нізкі сушаных грыбоў, уюны, густа начапляныя на дубцы, лутавая каробачка з сухімі чарніцамі, гаршчок з маслам — усё клалі ў сена, загортвалі, рыхтавалі к дарозе.

Чарнушка ўнёс з прыгрэбніка мех бульбы, уладаваў у задку.

— Ну, от можно і выпраўляцца, — сказаў бацька і стаў адвязваць лейцы.

Мачыха павярнулася к Хведзьку, які хмурна сачыў з ганка за ладункам к дарозе, — яго не хацелі браць, пакідалі дома аднаго, за вартаўніка і гаспадара:

— Дак глядзі ж, кеб з хаты нікуды! І ў хату нікога чужога — зачыніся і не пускай! І — барані Бог з вугольчыкамі балувацца!

— Не б-буду!.. — Хведзька ледзь стрымліваўся, каб не заплакаць.

— Дазнаюся, дабра не чакай! Шкуру спушчу!.. — Мачыха загадала напаследак: — Ідзі ў хату і зачыніся!

Хведзька неахвотна, расчаравана падаўся ў сенцы…

Ехалі ўтраіх: ззаду на коўдры бацька і мачыха, спераду, звесіўшы ногі цераз драбінку, Ганна. Конь цераз сяло бег трушком, парыпваў гужамі, калёсы часта і дробна сакаталі на мёрзлай зямлі. На вуліцы было цёмна, толькі дзе-нідзе цьмяна, варухліва выглядвалі вокны. Гэта былі водсветы ад агню ў печах. За сялом абхапіў іх з усіх бакоў адзін змрок; цёмная дарога, цёмнае поле, чорныя паскі лесу, якія каля балота падышлі ўсутыч, сціснулі з двух бакоў і не выпускалі да самых Алешнікаў.

Дажджоў яшчэ не было, і цераз падсохлую за лета дарогу за няскончанай грэбляй перабраліся без асаблівага страху. На алешніцкім полі змрок стаў паволі радзець, адыходзіць, а калі выбраліся на шлях, пакацілі між радоў згалелых рослых бяроз, няяркае і негарачае сонца зачырванела ўжо ў дымным, як бы туманным небе.

— Базар, мабуць, будзе непаганы… — прамовіў бацька, бачачы, што калёсы на Юравічы цягнуцца і наперадзе і ззаду.

— Паганы ці непаганы — будзе відно, калі паедзем дадому, — асцярожна зазначыла жонка.

Неўзабаве ўехалі ў лес, невялічкі і голы, але цудоўна прыгожы нават у гэтую пару: нібы спрачаючыся адзін з адным, уздымалі высока ў неба, магутна раскідвалі ў бакі крывое голле асілкі-дубы і вязы.

— Унь там наша поле було. За Перавельскімі кругамі, — сказала мачыха.

Ад лесу пачыналася ўжо глінішчанскае поле.

— Зямля тут, мабуць, не тое што ў нас…

— Параўняў! Такой у Куранях і каля цагельні няма!

Ганна бачыла, што ў лесе там і тут тырчалі шырокія жылістыя пні, круглыя вярхі якіх былі чорныя, шэрыя, белаватыя і зусім белыя, свежыя, — і ёй стала шкада: столькі тут высечана ўжо гэтых дубоў і вязаў. Лес быў рэдкі — між дрэваў за недалёкім узлескам добра віднелася куп'істае балота.