Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 29 из 91

— Са шчаслівым вазврашчэннем, Міканор Дамецевіч!.. Рады ўсе вас, та-скаць, бачыць зноў на нашай куранёўскай почве…

Дзядзькі не першы раз дзівіліся з далікацтва яго абыходжання, але ніхто не спрабаваў рабіць, як ён: не кожнаму спрыт такі дадзен!

— Унцер у нас на батарэі буў, — успомніў Грыбок. — Ну і унцер: кулакі па пуду! Як дасць каму — той зразу з капытоў вобзем!.. А цяпер, праўда, не бувае, кеб каго білі?

— Няхай бы ўдарыў, хоць які камандзір. Дак яго так бы ўдарылі, што навек закаяўся б!

— А калі ж бувае, што каторы не слухаецца? — убіўся Хоня. — Камандзір яму адно, загадвае яму што-небудзь зрабіць, а ён — не буду і не буду! Не бувае хіба такіх?

— Бувае ўсякае. Толькі ўсё адно не б'юць нікога. Другім бяруць метадам. Тлумачаць найбольш, што да чаго. Што такое значыць служба ў Чырвонай Арміі, і каму мы служым…

— А калі ён не слухаецца ўсё адно? — не адступаў Хоня. — Не судзяць?

— Судзяць. А толькі болей — на свядомасць б'юць.

— Чуў я, што аж пад Менскам на манеўрах быць даводзілася? — апярэдзіў нейкае новае пытанне надакучлівага Грыбка Андрэй Руды.

— Буў. На акружных вучэннях.

Андрэй Руды хацеў распытацца пра гэтыя вучэнні, але тут умяшаўся Чарнушка, пераблытаў усё.

— Як там зямля, пад Менскам?

— Зямля як зямля, — паспрабаваў быў вярнуць Міканора к вучэнням Руды, аднак Міканор запярэчыў:

— Да і не сказаць, кеб такая, як наша. Сушэй багато… Балот дак рэдко, можно сказаць, болей — палі, палі ды лес. І лес, можно сказаць, інакшы — без канца чысты сасняк… Багато вельмі горак. Бувае так, што як глянеш з каторай, дак толькі і бачыш: горкі і горкі, з полем ды з лесам. Аж пакуль відно…

Хоня запытаў:

— Мо такія, як у Мозыры?

— Меншыя. Такіх, як у Мозыры, няма! — Міканор сказаў гэта як бы з гонарам: ён служыў у Мазыры.

Гаворка цяпер ужо зацікавіла Васіля. Ніколі за ўсё жыццё не быў далей Хвойнага, толькі раз дапаў аж да Мазыра, які здаўся такой далеччу, быццам там адразу канец свету. А людзей унь і далей заносіць, і аж дзіва — і там зямля, і там жывуць!..

— І як ето яно: зямля без балота! — нібы не паверыла Дамеціха. — Як ето яно можа буць, штоб без балота!

— От, баба! У Маньжурыі, дак не то што балота, а і кусточка на сто вярстоў не пабачыш. Гола, як падлога…

— У нас, у Міхайлаўцы, таксама зямля була! Як масло, грэц яе! Вазьмі на хлеб ды маж, — пахваліўся Чарнушка паўзабытай Чарнігаўшчынай.

— А тут куды ні кінь — дак балото ды балото! — пашкадаваў Губаты Алёша. — Купіны ды жабы!

— Без жаб там, мабуць, сумно! — Хоня, а за ім Алёша і Пятро зарагаталі. — Без такіх песень!

— Чуў я, — прамовіў Міканор, — адзін вучоны ў Мозыры казаў, да нас прыязджаў з дакладам: на балоце зямля, казаў, — першы сорт. Без гною радзіць можа!..

— Толькі асушы — і сей, — падтрымаў Андрэй Руды. — Асабліва любяць ету зямлю авёс, каноплі, усякая цехнічаская культура.

— Асушы! Калі етай твані канца-краю няма.

— Генерал тут колісь буў — нібыто, — прыгадаў Ігнат, Хадосьчын бацька, якога за звычку да месца і не да месца ўстаўляць «нібыто» празвалі — Нібыто-Ігнат.

Андрэй Руды пацвердзіў:

— Істарычаскі хвакт. Інхванцерыі генерал Жылінскі. Лічны друг цара…

— Друг ён ці не друг, не знаю. А толькі — нібыто — вучоны дужа, інжынер. Ды і то сказаць: хоць цара і скінулі, і генералаў разам з ім, а ўсё ж такі генерал — не наш цёмны лапаць… Усе навукі прайшоў!..

— Навукі тыя яго булі не пралетарскія! — запярэчыў Руды.

— Якія яны там ні булі, а ўсё-такі навукі, — сказаў Нібыто-Ігнат. — Дак ён — нібыто — дваццаць гадоў біўся з балотам, ссівеў, ссох, як трэска, а чаго дабіўся? Капае, капае, — не ён, канешне, а людзі прыведзеныя, — а яно, балото, пакуль у адным месцы выкапаюць, у другім ужэ раскай зарасло.

— Ето ж пад Загаллем пакапалі тады, — прамовіў Дамецік. — Там, мабуць, і знаку няма…

Дамеціха падтрымала:

— Што Бог даў, тое адзін Бог і перамяніць можа! А не чалавек, казяўка.

— Ето вы дарэмно, Халімонаўна. Перадавыя вучоныя яшчэ пры царскім рэжыме, та-скаць, пра чалавека другое вучылі. Не кажучы пра цяперашняе, пра бальшавікоў, вучылі: чалавек — не казяўка!

— Не знаю, чаму там вучылі, а толькі казяўка буў, казяўка і е…

— Ето гледзячы — які чалавек! — запярэчыў Хоня. — Адзін, бувае, — казяўка, а другі — герой!





— Чалавек — сушчаство. Так сказаць, ён і мошка, і ён — валадар, цар прыроды! Ето шчэ вучыў паэт Някрасаў, а такжа Талстой, Леў Мікалаевіч!

— Чалавек — мошка і валадар, ето праўда, — падхапіў Алёша.

Міканор сказаў:

— Калі ён адзін, як той каласок, што забулі ў полі, ён, канешне, не сакрэт — усё адно што мошка ці казяўка. А калі етых мошак полк сабярэцца ці дзівізія, то етая мошка ці казяўка свет перавярнуць можа…

— Дак то дзівізія, а то — мужыкі, — падумаў уголас Хоня.

— Няхай сабе і мужыкі. Калі сарганізавацца ўсім, дружно ўзяцца, будзе ўсё адно што тая дзівізія. Што хочаш, адалее.

— Дружно ўзяцца! Дак дзе ж ето було, штоб усё сяло ды дружно што-небудзь рабіло?

— Тут хто ў лес, а хто па дровы! — як бы пашкадаваў Хоня.

Дзядзькі згодна падтрымалі яго, заківалі галовамі.

Калі ўсе змоўклі, адно смалячы цыгаркі, Чарнушка прамовіў раздумліва:

— Дый яно, сказаць, — тут і так, грэц яго, сілы няхватка. Кеб з тым, што ў гаспадарцы, управіцца.

— У другіх не меней, як у нас, клопату, — нібы не спрачаючыся, а таксама разважаючы, шануючы старэйшых, сказаў Міканор. — А от жа неяк робяць і іншае, сабе на дабро!.. — Міканор дастаў з кута газету, разгарнуў: — От пішуць: балота асушылі — луг зрабілі.

— Далёко ето?

— Ды не сказаць, каб вельмі. Вярстоў пятнаццаць мо за Нароўлю. Там блізко нашы лагеры стаялі, дык я, можно сказаць, ведаю тыя мясціны. Усё такое, як і ў нас. А хіба б у нас паганую сенажаць можно було б за Церамоскім зрабіць?

— Можно б то можно, да от паспробуй! — сказаў Хоня.

— Усё адно як не знаеш нашых! — павучальна прамовіў Грыбок.

— Міканорко, не кажы чаго не трэба! — лагодна, але цвёрда сказала і маці. — Пустое ўсё!

— Чаму ето пустое? — загарачыўся Міканор. — Другія ж робяць, а мы што — горай за ўсіх?

Невядома, як пайшла б гаворка далей, калі б Чарнушка, які страх не любіў спрэчак, знарок не пажартаваў:

— Жаніць цябе, Міканор, мабуць, грэц яго, трэба!..

Хоня весела падхапіў:

— Ужэ і жаніць зразу! Дайце хоць хлопцу, пакуль тое — на дзевак паглядзець, выгуляцца!

— Ахвоту хлапечую сагнаць! — падтрымаў Алёша.

Хоня тут жа спрытна, не трацячы зручнага моманту, пазваў Міканора на вуліцу — пабачыць, дзе што робіцца на вячорках. І, мусіць, Міканор у ахвоту падаўся б з ім, калі б Дамеціха не запярэчыла:

— Нягожа ето яму, Хартонко! Тут госці, а ён — шась з хаты, бы яны не даўпадобы!.. У другі раз няхай ужэ! — Яна, нібы чакаючы ўхвалы, зірнула на сына.

Міканор па-прыяцельску кіўнуў хлопцам:

— Пэўне-такі, у другі раз паглядзім…

— У другі дак у другі! — Хоня ўстаў, прыляпіў да макаўкі шапку, падмігнуў таварышам сваім: — А мы — павалім! Бо кеб дзевак нашых не пахваталі якія!

— Дай штоб не пасохлі без нас з нуды! — сказаў Алёша.

Калі ўсе трое выйшлі, у хаце маўчалі, здавалася, слухалі жвавую гамонку спачатку са двара, потым з вуліцы. Калі гамонка прыціхла, Дамеціха чутна ўздыхнула, загаварыла з журботнасцю, з замілаваннем:

— От хлопец! — Хоць яна не сказала імя Хоні, усе зразумелі, кім захапляецца і па кім журыцца. — Ето ж трэба — бяда такая! Матка — як дзераво зрэзанае, з ложку не ўстае, дзяцей чарада на яго руках, накармі ўсіх, дагледзь!..

— І за бацька і за матку адзін — ето праўда, грэц яго!

— А от — нібыто — і не бядуе! Нібыто — і гора мало!

— Не паказуе! Усярэдзіне, следавацельно, хавае!..

Зноў памаўчалі, потым гаворка пайшла пра тое, што цяпер асабліва турбавала кожнага, пра маслакоўцаў.

— Адкуль яны, грэц яго, прылезлі! То ж усюды, чутно, ціхо стало, а тут — сычаць і сычаць…