Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 28 из 91

Усё ж пайшоў Васіль к Міканору неахвотна: так, абы не пакрыўдзіць маткі і не паказаць непашаны да суседа. Рашыў — пасядзіць трохі для прыліку, пагаворыць пра тое-сёе, споўніць матчын наказ і вернецца сабе…

Васіль спаткаў Міканора на двары — той нёс з сенцаў ражку.

— Заходзь. Зараз прыйду… — сказаў Міканор, ідучы.

Ён вярнуўся ў хату, атрэсваючы чырвоныя, мусіць, толькі што памытыя, рукі.

— От, брат, за гаспадарку бяруся… — Міканор выцер рукі ручніком, засмяяўся. — Забуў усё, што ўмеў. Спачатку вучыцца трэба!

— Не кажы! — запярэчыла Дамеціха, што поралася каля печы. — Чалавек падумае, што і праўда! Не слухай яго, Васілько, смяецца ён…

— Аге, смяюся! Добрыя смешкі! Паранку рабіць ужэ не знаю як!..

— Не слухай яго, Васілько. Умее, усё ўмее…

Дамеціха стала збіраць вячэру. Перад тым як сесці за стол, Міканор запрасіў і Васіля, але той адмовіўся. Некалькі хвілін потым угаворвала далучыцца да ўсіх і Дамеціха, аднак Васіль і на гэты раз цвёрда ўстаяў, даводзячы, што толькі што вячэраў дома, наеўся, аж лішне. Дамецікавы селі адны. Тады надышла цішыня: дамашнія вячэралі, а Васіль, з выгляду важны, сталы, стараючыся трымацца ўпэўнена, з вельмі ж пільнаю ўвагаю разглядваў карткі на сцяне.

Акрамя той пажоўклай ад даўнасці карткі, на якой Дамецік, малады і хвацкі, у страшнай, калматай, як стог, шапцы цягнуўся побач з нейкім незнаёмым, — картку гэту, казалі, стары Дамецік прывёз яшчэ з японскай вайны, — было тут і некалькі Міканоравых здымкаў. З іх Васіль раней бачыў толькі адзін — Міканор, стрыжаны, у гімнасцёрцы з шыракаватым каўняром, нечым як бы напалоханы. Васіль, калі пабачыў гэты здымак першы раз, аж здзівіўся: што гэта магло так напужаць хлопца? Цяпер побач з гэтымі здымкамі было некалькі новых — на кожным Міканор з невядомымі таварышамі, усе апяразаныя рамянямі, у блішчастых ботах, з шашкамі.

— Ето маё аддзяленне… — сказаў Міканор, сёрбаючы боршч.

Васіль усё ж чуў сябе ніякавата, чужым, і, разглядаючы карткі, чакаў адно той пары, калі можна будзе, не рызыкуючы прыстойнасцю, вырвацца сабе на волю. Агледзеўшы карткі і раз, і другі, ён ужо намерыўся сказаць Дамецікавым, што трэба падацца дадому, зрабіць яшчэ сёе-тое, калі на двары пачулася гамонка, крокі. Першы ўвайшоў, шумліва і весела, Хоня — «Бацько і матка». Ён быў у падранай свіце і ў падранай шапцы, але і ў гэтым звычайным сваім убранстве ўдаваў проста-такі фарсуном: так спрытна вісела напашкі світа, так смела ліпла да макаўкі шапка.

— Вечар добры ў хату! Кеб жылося і кеб вялося! — сказаў ён звонка і цвёрда. — І табе, Васіль, добры вечар! — дадаў ён такім тонам, нібы толькі ўчора бачыліся.

За Хонем паявіліся яго прыяцелі — чорны, пануры, як бацька, Пятро Пракопаў і куранёўскі гарманіст Алёша Губаты. Пятро толькі штосьці буркнуў пад нос і стаў у парозе — шырокай спіною амаль зусім затуліў Алёшу.

— От — у самы час! Бы, скажы ты, чулі — на вячэру акурат! — прамовіў усё з той жа вясёласцю Хоня і, не чакаючы запрашэння, як дома, падаўся да лаўкі, сеў шырока, вольна.

Дамеціха і Дамецік, як трэба было па звычаю, запрасілі хлопцаў к сталу, але Хоня за ўсіх адказаў:

— Дзякуем! Не спадзяваліся, што так добра прыбудзем, дак дома натапталіся картоплі!..

— Пад'елі, — пацвердзіў Алёша, прымошчваючыся каля Хоні.

— Пад'елі ці не пад'елі, а пасядзелі б от разам, паспробувалі б, чаго Бог паслаў… — пачала было Дамеціха, але чалавек перабіў яе разважліва:

— Було б спробуваць чаго, дак, нябось, угаварылі б як-небудзь! А то от расол адзін да картопля! Чарка хоць бы дзе завалялася!

— Апазніліся! — засмяяўся Міканор. — Што було — выпілі!..

— Багато там таго і було! — сказала Дамеціха. — Дзве пляшкі якіх!..

— Ды мы знаем, што ахвотнікаў на гарэлку знайшлося! Дак ад етаго мы не вельмі-то зразу і ляцелі! — Хоня хітра зірнуў на Міканора, павёў гутарку на іншае: — Хочам от Міканора з дзеўкамі нашымі пазнаёміць, бо ён жа, мабуць, забуўся! Дай дзеўкі, сказаць, збуту просто не даюць: прывядзі ды прывядзі!

— Аге, вазьміце яго, Хартонко! — ухапілася ахвотна Дамеціха. — Няхай пагуляе!

— Толькі баімся, што ён можа цяпер да гарадскіх болей прывучаны! — сказаў Алёша Губаты, адольваючы нясмеласць, відаць, стараючыся патрапіць Хоню.

— Не було калі прывыкаць там! — заявіў Міканор.

— А ўсё-такі, пэўне, завёў якую-небудзь мармазелю? — учапіўся Хоня.

— Да не. Так, праўда, гуляў сколькі разоў па берагу ці ў парку. І то — з хлопцамі, з Марозам, з Кісялём…

— Аге, з Марозам! Кажы! Так табе і паверым!

— З Кісялём, кажа, гуляў!





— Пабачыць бы нам таго Кісяля!

Васіль з гэтай гамонкай і смешкамі стаў чуць сябе ў Дамецікаў ямчэй. Ужо не хацелася асабліва ісці дадому, можна было і тут пасядзець, паслухаць; ужо амаль супакоіўся, гатоў быў забыцца на ўсе страхі, калі дзверы адчыніліся і ў пройме іх — як злы напамінак, як пагроза — паявілася постаць Грыбка. Васіль ад неспадзеўкі аж пахаладзеў: больш за ўсё не хацеў, баяўся сустрэцца з Грыбком, і нб табе — твар у твар!

Васіль увесь сціснуўся, насцярожыўся, чакаючы самага паганага. На момант з'явілася падазрэнне — ці не знарок, ці не для гэтай сустрэчы запрасіў Міканор? Няўжо знарок падстроіў? Але паглядзець на Міканора, хоць бы вачыма праверыць падазрэнне, не мог, нязводна сачыў за Грыбком.

Нічога страшнага як бы і не было: Грыбок толькі зірнуў на Васіля нядобра і сеў на другую лаўку. Ні слова не сказаў Васілю, але ў маўчанні яго хлопцу яшчэ больш чулася непрыхільнасці і дакору. Цяпер Васіль быў нібы прыкаваны да сцяны: каб і паспрабаваў, не змог бы, здаецца, адарвацца. Ён папракнуў сябе моўчкі: даў жа зарок не хадзіць ні да кога, не бачыцца ні з кім, дзень цэлы перабыў без якіх-небудзь прыкрых сустрэч. І трэба ж было прыперціся сюды!

Ён зноў пачуў у сенцах крокі, павёў вачыма к дзвярам: каго там яшчэ нясе?

Увайшоў Чарнушка. Гэтага толькі і не хапала тут! Васіль, здавалася, уліп вачыма ў картку, але не бачыў яе, чакаў адно: што ж далей будзе?

Васіль заўважыў: павітаўшыся, Чарнушка адразу ўгледзеў, вылучыў з усіх яго.

— І Васіль тут! — прамовіў ён як бы давольны, але Васілю ад гэтага не стала вальней.

Дамеціха адгукнулася:

— Зайшоў па-суседску к таварышу, дзякуй яму!

— Ты ці не ўчора ўвечары прыбуў? — не хацеў адступіцца ад Васіля Чарнушка.

— Учора…

— Увечары? Уцямнело ўжэ добра, як прыбуў?

— Уцямнело… Дак што?

— Да нічого. Бачыў я — нехта ўчора поцемкам падыходзіў да хаты, — сказаў Чарнушка. — Як бы падобны на цябе, я ля хлява акурат ішоў. А сягоння чую: і праўда, прыбуў… Дак я і падумаў, што ты…

Васіль прамаўчаў.

— Дак зайшоў бы няхай. Я ето не сказаў тады нічого, бо не пазнаў добра. Не паверыў, грэц яго. А то ж такі, мабуць, ты буў!

Васіль варухнуў плячом, як бы хацеў адчапіцца.

— Не-а…

Гаворка, на шчасце, пайшла пра Міканора. Грыбок сказаў, што Міканор, няўрокам кажучы, спраўны вельмі з выгляду — непагана, мабыць, на службе было.

Міканор засмяяўся:

— Да сказаць, што пагано, — грэх…

— Адкарміўся, як бугай. Выгуляўся, — пахваліў Міканора Хоня.

— Да кеб гуляў вельмі, не сказаць. Було так, не сакрэт, што пасля паходу іншы раз і сам, і конь пад табою — як у мыле.

— Калі ідзеш, ногі адна за адну чапляюцца? — зарагатаў Хоня, за ім — Алёша і Пятро.

— Ледзь дацягнешся, бувало. Зноў жа — на варце стоячы. У мароз, на ветры як папакалееш — дак аж, здаецца, душа заходзіцца. Кажух такі да пят — тулуп — давалі, як на варту ісці. Дак і тулуп еты не паможа — усё адно халадзеча дабярэцца!..

— Уга, да пячонкі дабярэцца!

Стары Дамецік толькі пачаў быў казаць: гэта што, от у Маньчжурыі мароз дык мароз, на ляту ўсё жывое нішчыць, — як у хату ўвалілася яшчэ некалькі дзядзькоў. Між іх быў і Руды Андрэй, акуратна паголены, з далікатнымі тоненькімі вусікамі-крылцамі агністага колеру, у фасоністай гарадской шапцы, — першы ў Куранях палітык і прамоўца.

Руды падышоў апошні, паздароўкаўся з Міканорам не так, як усе, нязграбна і сарамяжа, а, зняўшы фасоністую сваю шапку, адмыслова пакланіўся. Ціснучы руку, павіншаваў: