Страница 9 из 14
На берагах Дняпра і Крапіўны
Гетман Астрожскі падышоў да Дняпра ўначы з 7 на 8 верасня і адразу пачаў перапраўляць войскі цераз раку. Для гэтага былі змайстраваныя пантонныя масты са звязаных, добра заканапачаных бочак. У іншых месцах скарысталі змацаваныя ланцугамі і вяроўкамі бёрны, накідалі гаці. Частка конніцы змагла перайсці Дняпро па бродзе ў вузкім месцы, недалёка ад Воршы.
Калі на левы бераг Дняпра пераправілася каля паловы войскаў К. Астрожскага, ваяводу І.Чэлядніну паведамілі пра гэта і прапанавалі скарыстаць момант: ударыць па гэтай частцы і знішчыць яе. Але той самаўпэўнена адказаў: «Калі мы разаб'ём гэтую частку войска, дык застанецца яшчэ другая, з якой, відаць, змогуць злучыцца іншыя войскі, так што нам будзе яшчэ пагражаць вялікая небяспека. Пачакаем, пакуль не пераправіцца ўсё войска, бо нашыя сілы настолькі вялікія, што, несумнеўна, мы без асаблівых намаганняў зможам ці разбіць гэтае войска, ці атачыць яго ды гнаць, як быдла, да самай Масквы. Урэшце нам не застанецца анічога другога, як заняць усю Літву».
На досвітку 8 верасня ўся конніца, пяхота і артылерыя Астрожскага былі ўжо перад маскоўскімі палкамі. Гетман паспеў расставіць іх у патрэбным баявым парадку: на правым фланзе — харугвы конніцы Вялікага Княства пад камандаю князя Ю. Радзівіла, на левым — найманая польская конніца на чале з В. Сампалінскім і Я. Свярчоўскім, а паміж імі — роты пяхотнікаў з ручніцамі. Уся конніца размеркавалася на дзве лініі. Пад прыкрыццё пяхоты была пастаўленая частка гарматаў, астатнія пакінутыя ў засадзе, бліжэй да правага крыла.
Грымнулі бубны, затрубілі баявыя сурмы, і маскоўская конніца першай кінулася ў атаку. Войскі Астрожскага без цяжкасцяў адбілі яе. У бехцеры, без шышака, гетман гарцаваў наперадзе сваіх вершнікаў на даўганогім дрыкганце[19], насіўся, аддаючы кароткія загады, паміж харугвамі. Быццам выпрабоўваючы ворага, ён кінуў на маскоўскія палкі польскую кавалерыю з левага крыла. Чэляднін стрымаў іх націск ды зноў ударыў сваёй конніцай. Гэтак да самага поўдня супраціўнікі асцярожна абменьваліся франтальнымі атакамі, не ўводзячы ў бой галоўныя сілы. Затым маскоўскія ваяводы паспрабавалі паслаць полк у тыл Астрожскаму і адначасова націснуць на фланг, аднак Канстанцін Іванавіч разгадаў гэты небяспечны ход і абедзве атакі ворага сышлі намарна. Тады бітва дасягнула апагею.
Ускінуўшы булаву, гетман рашуча павёў у атаку ўсю конніцу Вялікага Княства. Хвіліны — і яна злёту цяжка ўрэзалася ў густыя шыхты маскоўскіх ратнікаў. Пачалася лютая сеча. Астрожскі ізноў быў наперадзе, заклікаючы да мужнасці сваіх вершнікаў. Раптам — замяшанне ў яго харугвах, незразумелыя крыкі… Націск адразу аслабнуў, а яшчэ праз які момант сам гетман… вяртаў войска назад. Рэха панесла радасны, пераможны крык тысяч маскоўскіх коннікаў — «Літва ўцякае!» Вялізнымі сіламі памкнуліся яны за харугвамі Астрожскага.
Калі пагоня на ўсёй хуткасці падляцела да лесу, гетман ускінуў булаву, за ім палкоўнікі ўзнялі свае буздыганы[20], і «ўцекачы» як па камандзе крута павярнулі ў бакі, а маскоўская конніца апынулася — о жах! — перад чорнымі пашчамі гарматаў… Трапныя залпы ва ўпор касілі ашаломленых ратнікаў, і тыя панічна кінуліся ўцякаць. Цяпер ужо харугвы Астрожскага, развярнуўшыся, спяшаліся наўздагон рассеянаму ворагу. Гэта быў поўны разгром усёй маскоўскай арміі.
Пераслед яе даведзеных да жаху рэшткаў — а іх гналі на працягу 5 міляў — стаўся падобны да бойні, якую спыніла ноч ды густыя пушчы, што ратавалі ўцекачоў ад імклівых вершнікаў Астрожскага. Але й там шмат хто знайшоў свой канец, загінуўшы ў балоце, заблукаўшы ў бяскрайнім лесе. Іншыя патанулі ў Дняпры ды Крапіўне, калі ў паніцы спрабавалі пераправіцца. Трупамі маскоўскіх ратнікаў былі ўсцяж засланыя палі паміж Воршай і Дуброўнай. Летапісцы лічылі, што пад Воршаю іх загінула ад 30 да 40 тысяч. Шмат хто трапіў у палон, у тым ліку ўсе вышэйшыя камандзіры: Булгакаў-Голіца, Чэляднін, якога дагналі, 8 іншых ваяводаў — разам 48 военачальнікаў, а таксама 1500 дваранаў.
Васіль ІІІ уцёк са Смаленска, калі пачуў пра такі вынік генеральнай бітвы, умацаваўшы перад тым смаленскі гарнізон ды павесіўшы на валах тых, хто быў гатовы здаць горад Астрожскаму (смаленскія князі, паны і ўладыка паспелі паведаміць гетману, што хочуць вярнуць Смаленск у Вялікае Княства Літоўскае). А Дарагабуж па дарозе на Маскву наагул загадаў спаліць — каб не скарыстаў непрыяцель.
Раніцай 9 верасня гетман Астрожскі правёў агляд палонных. 380 сама радавітых накіраваў да Жыгімонта ў Барысаў, менш заможных разаслаў па замках[21]. Затым з 6-тысячным корпусам ды часткаю лёгкай артылерыі (усё браць не выпадала, бо восеньскія дажджы ўжо папсавалі дарогі) рушыў на Смаленск. Але дзеля прамаруджвання, недастатковай колькасці войска і асабліва гарматаў вярнуць горад адразу не ўдалося. Аблога ж зацягнулася і была малаэфектыўная. Таму, калі наблізіліся зімовыя халады, К. Астрожскі вырашыў вяртацца, так і не авалодаўшы стратэгічнай фартэцыяй. Ужо 3 снежня 1514 года ён трыумфальна ўязджаў у сталіцу праз Вострую Браму, як рымскі консул пасля вялікай перамогі, на чале сваіх пераможных харугваў, з багатаю здабычай і шматлікім палонам.
Значэнне велікапышнай перамогі, здабытай на Крапіўне, наўрад можна было ацаніць адразу. У крытычны момант быў абаронены суверэнітэт дзяржавы, больш-менш стабілізавана становішча на ўсходзе краіны. На які час пацішэлі і крымскія наезнікі. А маральна стомленыя ад няўдач ваяры Княства нарэшце акрыліліся.
К. Астрожскі дамогся рэваншу за паразу на Вядрошы, звёў даўнія рахункі з Масквою. Ці здагадваўся гетман, што ягоная перамога стане адной з сама значных ваенных падзеяў у гісторыі шматвяковага супрацьстаяння Масквы і Вільні? Што яе будуць памятаць пакаленні. Што ў 1561 годзе, напярэдадні Полацкай вайны, Жыгімонт Аўгуст напіша Івану Жахліваму: «Калі хочаш бітвы, дык ідзі са сваім войскам да Воршы, дзе Канстанцін Астрожскі даў вам сябе ведаць»{16}. І ў 1564 годзе, калі ўдалося без асаблівых намаганняў адагнаць маскоўскія войскі ад Дуброўны, летапісец адзначыць, што «такой вялікай здабычы і пры вялікай бітве Аршанскай ня ўзята»{17}.
У той далёкай мінуўшчыне была складзеная песня, прысвечаная бітве пад Воршай{18}. Народны твор услаўляў князя Астрожскага і горад, пад якім ён здабыў вялікую перамогу:
19
Дрыкгант (у старой беларускай мове «кг» вымаўлялася як «g» лацінскае) — жарабец.
20
Буздыган — шастапёр, ударная дрэўкавая зброя, якая сімвалізавала вайсковую ўладу — чын ротмістра і палкоўніка.
21
Вялікі князь маскоўскі даў зразумець, што для яго «той, хто трапіў у палон, — не жыве», ды быццам забыўся пра сваіх падданых. Паводле перапісу палонных 1525 і 1538 гадоў, «вязні вялікае бітвы» ўсё яшчэ сядзелі ў Берасці, Горадні, Драгічыне, Камянцы, Мсцібогаве, Новагародку, Слоніме, Коўні, Троках, Вільні і г.д. Трымалі іх у неблагіх умовах. Прыкладам, у Берасці на 15 вязняў кожны тыдзень апрача ўсяго давалі «па два бараны, і па два боханы на чалавека хлеба, і па 10 галаважэнь солі, і па бочцы піва».