Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 10 из 14



Тагачасны летапіс захаваў для нас словы ўзнёслай хвалы гетману і яго слаўнаму войску. Князь Канстанцін Іванавіч, які разграміў страшную непрыяцельскую сілу, «цэрквы Божыя хрысціянскія і шмат мужоў і жонак іхных ад гвалту абараніў», мужнасцю параўноўваўся з вялікім царом індыйскім Порам, армянскім царом Тыгранісам, македонскім Антыохам, а воі ягоныя — «вялікія выдатныя віцязі літоўскія сталі падобныя сваёй мужнасцю храбрым македанянам».

Летапісец прыгадаў словы прарока Ісаі: «За памнажэнне зла людзей і многія іх няпраўды праліецца кроў іх, як вада вялікая, харобрыя і гордыя ад мечаў загінуць, адзін ратны праўдзівы погоніць непраўдзівых 100, а ад ста загіне 1000 і плоць іх будзе на ежу жывёлам і птушкам, і косці іх на пазор усякай жывёле». Ды адзначыў, што на Крапіўне гэтае прароцтва і спраўдзілася: «Цяпер тым прароцтвам узнагародзіў Бог князя Канстанціна Іванавіча, найвышшага гетмана літоўскага, што яго справаю і яго смелага сэрца і рукі сягненнем людзі маскоўскага ворага пабілі і тых забітых плоці звяры і птушкі ядуць, па зямлі косці валочачы, а ўтопленых водамі рыбы клююць»{19}.

Падкрэсліўшы, што за здабытую перамогу Астрожскі варты таго, каб валодаць Ерусалімам, летапісец сканчаў аптымістычнымі зычэннямі: «Вялікаслаўнаму гаспадару каралю Жыгімонту Казіміравічу будзе гонар і слава на векі, перамогшаму недруга свайго вялікага князя Васіля маскоўскага, а гетману яго, выдатнаму князю Канстанціну Іванавічу Астрожскаму, дай Божа здароўе і шчасце наперад лепшае, як цяпер; пабіў сілу вялікую маскоўскую, каб так пабіваў моцную раць татарскую, праліваючы кроў іх бусурманскую».

Праз некалькі гадоў пасля славутае бітвы была створаная вядомая карціна, на якой мастак маляўніча перадаў момант перад пачаткам бою. На палатне паказаны войскі Канстанціна Астрожскага ў часе завяршэння пераправы, а ўдалечыні — маскоўскія палкі. У цэнтры карціны змешчаны, праўдападобна, сам гетман найвышэйшы. На дзідах вершнікаў можна заўважыць трохкутныя штандары белага колеру з адной чырвонай палосай удоўж і другой, каля самага дрэўка, упоперак — гэта ці не сама раннія выявы сцяжкоў з беларускімі нацыянальнымі колерамі. Цяпер карціна захоўваецца ў Музеі Нарадовым у Варшаве{20}.

Тая акалічнасць, што пераможцам быў князь грэцкае веры, дазволіла ўмацаваць свае пазіцыі ўсяму праваслаўнаму насельніцтву краіны. Скарыстаў з гэтага перадусім сам К. Астрожскі. Яшчэ на Крапіўне перад бітвай ён прасіў, звяртаючыся ў малітве да Божае Маці, дараваць яму перамогу і абяцаў за гэта збудаваць два праваслаўныя храмы. І 30 лістапада 1514 года, калі гетман найвышэйшы быў яшчэ ў дарозе да Вільні, Жыгімонт выдаў асобную грамату на яго імя, у якой пісаў: «…Паколькі мы навучаныя Святым Законам і Евангеллем даваць абяцанні Богу і выконваць іх…мы ласкава дазволілі пабудаваць цэрквы: Святой Тройцы — на ўзгорку, праз які ідуць да брамы, што па дарозе ў Меднікі, дзе была старая царква з манастыром пад гэтакім жа назовам Святой Тройцы, пабудаваная з дрэва, і Святога Мікалая, якога называюць Вялікім, пасярод места нашага Вільні, - пабудаваць абедзве з каменю». Асабліва значным было аднаўленне Траецкага храма і манастыра — адной з тых святыняў, якія мелі найбольшую пашану праваслаўных вернікаў краіны. Нездарма апякун гэтага манастыра адначасова быў і віленскім намеснікам мітрапаліта[22]. Мусіць, у тым жа часе стараннямі князя Астрожскага перабудаваная і Пакроўская царква ў Вільні.

Што да міжнароднага значэння перамогі на Крапіўне, дык і яно мела тады асаблівую важнасць для краіны. Эўропа моцна ўразілася, калі пачула пра поўны разгром вялізнага войска маскавітаў. Жыгімонт пісаў пра перамогу рымскаму папу Леву Х і містру[23] Ордэна Альбрэхту. Першаму з іх, а таксама вугорскаму каралю ён нават паслаў у падарунак частку вяльможных вязняў, якіх, праўда, пераняў імператар і вярнуў Маскве. Сам рымскі папа святкаваў тады перамогу Жыгімонтавага гетмана над маскавітамі. А папскі легат Пізон адклаў запланаванае падарожжа ў Маскоўшчыну. Максімільян жа адмовіўся падпісваць ваенны дагавор 1514 года з Масквой і наагул не пажадаў браць на сябе аніякіх ваенных абавязкаў. Так разваліўся небяспечны альянс супраць Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы, мэты якога ставілі пад пагрозу самое існаванне гэтых дзяржаваў.

Венскі кангрэс

Улетку 1515 года засядаў Венскі кангрэс, у якім бралі ўдзел імператар Максімільян, Жыгімонт і ягоны брат вугорскі кароль Уладыслаў. Манархі паразумеліся. Імператар рэзка змяніў сваё стаўленне да Жыгімонта. Іх прымірэнне мелася быць змацаванае шлюбам Жыгімонта з унучкай імператара італійскай прынцэсай Бонай. Максімільян канчаткова адмовіўся ад усіх тэрытарыяльных прэтэнзій, паабяцаў дапамагчы ў замірэнні з Масквою ды падкрэсліў сваю асаблівую прыязнасць да Кароны і Княства, сказаўшы, што цяпер ён «з Жыгімонтам гатовы пайсці і ў рай, і ў пекла». (Імператар трымаў сваё слова ды сапраўды адстойваў інтарэсы Вялікага Княства ў эўрапейскай палітыцы. Прыкладам, у 1518 годзе, калі заадно з Маскоўшчынай пачаў дзейнічаць нямецкі Ордэн, ён пераконваў містра Альбрэхта: «Цэласнасць Літвы неабходная для дабра ўсёй Эўропы: магутнасць Масковіі небяспечная».)

Тым часам вайна працягвалася, хоць і не з такой актыўнасцю ды размахам. Ужо ў студзені 1515 года пскоўскі намеснік А. Сабураў правёў 3-тысячную раць углыбкі Беларусі, падышоў да Рослаўля быццам бы здавацца. Калі ж абаронцы супакоіліся, ён напаў на горад, захапіў і спустошыў яго, пасля чаго з вялікім палонам і дабром уцёк да Пскова. Праз колькі месяцаў ізноў ад Пскова маскоўцы рушылі на паўночную Беларусь, былі спаленыя Друя і Браслаў, мноства людзей забрана ў палон. У сваю чаргу па Северскай зямлі ўдарылі з Кіеўшчыны Астап Дашкевіч з кіеўскім ваяводам Андрэем Няміровічам і крымскім царэвічам Махмет-Гірэем (за ўдалыя дзеянні супраць маскоўскіх і крымскіх войскаў Дашкевіч быў празваны Ромулам і меў вялікую павагу дняпроўскіх казакаў).



У тым жа годзе з Вялікіх Лукаў маскоўскія ваяводы рабілі набегі на Полацак, а з усходу Б. Гарбаты, Д. Шчэня і В. Гадуноў хадзілі на Амсціслаў і Віцебск. Войскі Жыгімонта, адказваючы, уварваліся пад Вялікія Лукі: «Пасады Лук Вялікіх папалілі, а сустрэчы ім не было, вялікага князя ваяводы не паспелі».

З таго, што ў Крыме месца памерлага Менглі-Гірэя заняў варожа настроены да Масквы Махмет-Гірэй, спакою, як выявілася, не пабольшала. Дыпламаты Васіля ІІІ імкнуліся як найхутчэй зноў зрабіць Арду хаўруснікам. Татарскі хан Ахмат з Ачакава ўжо тады пісаў вялікаму князю маскоўскаму: «…вазьмі для мяне Кіеў, а я дапамагу табе заваяваць Вільню, Трокі і ўсю Літву». З 1515 года наезды крымскіх татараў зрабіліся штогадовыя. Улетку 1516 года рэйд 40-тысячнай конніцы Алп-Арслана нават сарваў наступальную акцыю Вялікага Княства Літоўскага супраць Маскоўскай дзяржавы. Тады пацярпела Палессе. Быў цалкам спалены Петрыкаў.

Пасля Венскага кангрэса сваю варожасць да Вільні і Кракава адкрыта выявіў нямецкі Ордэн. Ордэнскі пасол Д. Шонбэрг пабыў у Маскве ў 1515 і 1517 гадах, вынікам чаго сталася ваенная дамова дзвюх дзяржаваў супраць Кароны і Княства. Васіль ІІІ падахвочваў містра ўдарыць па Жыгімонце з захаду, а для ўтрымання найманай пяхоты абяцаў яму вялікія грошы. Затое імператар Максімільян па-ранейшаму намагаўся спыніць вайну. Напрыканцы 1516 года ён накіраваў у Вільню і Маскву пасольства барона Жыгімонта Гэрбэрштайна, якое, апроч таго што прывезла прынцэсу Бону, мела за мэту схіліць Васіля ІІІ да міру з вялікім князем літоўскім. Барон Гэрбэрштайн угаворваў маскоўскага ўладара «супакоіць Хрысціянства і ўласную зямлю, бо дзяржавы квітнеюць мірам, вайной — вымагаюцца», перасцерагаў ад небяспекі ўсім хрысціянам з боку туркаў. Аднак маскоўскі двор толькі выслухоўваў венскага пасла, а на справе мацаваў саюз з асманскай Портай. Так і не дамогшыся нічога ад Васіля ІІІ, Гэрбэрштайн мусіў пакінуць Маскву. «Мы ад'язджаем. Неба пакарае вінаватага ў праліванні крыві», — казалі віленскія паслы, што былі разам з ім, на развітанне.

22

Па хадайніцтве князя К.І.Астрожскага ў 1524 годзе Траецкі манастыр быў перададзены ў кіраванне архімандрыту Лаўрышаўскаму.

23

Містр (ад лац. magister — начальнік, настаўнік) — так нашы продкі называлі ўладароў нямецкіх ордэнаў.