Страница 141 из 141
Анісімаў загудзеў:
— Ты што гэта — як мокрая курыца? Праходзь, сядай. Раскажы нам з Лялькевічам пра… багоў.
Пятро зусім сумеўся:
— Пра якіх багоў?
— Ну як жа! Тут адзін напісаў, што ты замест агітацыі i прапаганды партыйнай пра багоў расказваеш. A праўда. Сяўба ў калгасах бязбожна зацягваецца, а сакратар партарганізацыі бабам міфы расказвае. Тут ёсць над чым задумацца… Слухай, а чаго гэта ты публічна расплакаўся над лесам дзяцей Нізаўца? Мала ў цябе сірат вайны, удоў?
— Дзеці ёсць дзеці, Анісім Пятровіч. I яны не адказваюць за бацькоў,— за знешняй суровасцю слоў сакратара Пятро адчуў добры гумар, бацькоўскую ласкавасць i схаванае ўхваленне яго паводзін, а таму адразу акрыяў, пасмялеў i адказаў упэўнена, без той прыгнятальнай скаванасці, якая была ў першы міг i якую ён неаднойчы адчуваў раней перад
Анісімавым.
— Ты мне прапісных ісцін не паўтарай.
— Дачка Нізаўца траціла на ўроках прытомнасць. А я сам бацька i педагог…
Сакратар наблізіўся, зазірнуў Пятру ў вочы, паківаў галавой:
— Цёрлі цябе, Шапятовіч, i на фронце, i ў партызанах i ніяк не прыцёрлі…
— Да чаго?
— Ідэаліст ты. А па твайму становішчу трэба быць рэалістам. Што ў вас было з інвалідам гэтым?..
— З Прышчэпам, — падказаў Лялькевіч.
— Нічога асаблівага. Чалавек быў не ў настроі, а мы з Бабковым прысталі да яго з падпіскай. Ён адмаўляўся. Бабкоў пагарачыўся, мацюкнуў. Той — яго. I ўсё.
— I ўсё?
— Ну, тузанулі адзін аднаго. Я разняў.
— I ўсё? А хто з вас балбатун — ты ці Бабкоў?
Пятро паціснуў плячамі.
— Сёння ж выганьце з сельсавета гэтага нямецкага курашчупа — Капыла. Каб духу яго не было! Ясна!
Пятра здзівіў такі нечаканы пераход.
Анісімаў заўважыў яго здзіўленне, сказаў:
— Уладзімір Іванавіч растлумачыць, што да чаго, — i глянуў на гадзіннік. — За тры дні каб «Асветнік» усё пасеяў, усё насенне. У пятніцу сам праверу. Мабілізуйце людзей на праполку. Правядзіце сходы. Работаць трэба, а не міфы расказваць! Ясна? — аднак хораша ўсміхнуўся, працягнуу руку i моцна сціснуў Пятрову, гарачую i потную ад нервовай узбуджанасці.— Ну, будзь здароў, карась-ідэаліст. У мяне да чорта спраў.
Лялькевіч сказаў Пятру, калі яны перайшлі ў яго кабінет:
— Toe, што зрабіў стары, на фронце называлася — закрыць амбразуру, з якой маглі ўдарыць па табе. У Булатава адно слабае месца — Капыл. Толькі на гэтым ён можа пагарэць, — i пачаў ціха, па-сяброўску расказваць, што напісана ў капылоўскіх «інфармацыях» i якое заключэнне зрабіў той, каму яны пасылаліся.
— Булатаў умее страхавацца. Ён амаль пра ўсё дакладвае бюро райкома. Але ніколі не паказвае ніякіх дакументаў, i ніхто ix ніколі не патрабуе ад яго. Вераць на слова. Ніхто не адважыўся праверыць па сутнасці. На гэта ён разлічвае i заводзіць вось такія «справы». Паказвае, які ён пільны вартавы партыі i народа. Вось глеба той бескантрольнасці, пра якую мы з табой гаварылі. Помніш — у цябе ў хаце?
Пятро слухаў, ашаломлены.
У дзверы пастукалі, i ў кабінет увайшла… Саша, расчырванелая, з дзіўным бляскам у вачах.
— Ты тут? — спытала не то вельмі ўзрадаваная, не то яшчэ больш здзіўленая.
Пятра яе з'яўленне спалохала, бадай, больш, чым усё, што адбылося дагэтуль.
— Саша?! Як ты сюды?.. Табе ж трэба ляжаць!
— А мне не ляжалася, — прызналася яна i тут жа засаромелася Лялькевіча.
Той усё зразумеў i заключыў:
— Добра, Пятро Андрэевіч, дагаворым пасля. Я прыеду да вас.
Яны сышлі з райкомаўскага ганка, як дзеці, узяўшыся за рукі. Нікога не бачылі, нічога не чулі.
Толькі на вуліцы Пятро схамянуўся:
— Ты пехатой?
— Мне так страшна стала, калі ты пайшоў. Я сабралася — i следам.
— Ды як ты магла! Во дурная! Зусім хворая яшчэ. Вярнуся — папрашу ва Уладзіміра Іванавіча машыну.
— Не, не трэба. Я зусім хораша сябе адчуваю. Цяпер нам няма чаго спяшацца. Хадзем ціхенька.
I вось яны адпачываюць. Недалёка ад райцэнтра. Чуваць, як на станцыі пыхкае паравоз. Там, на станцыі, яны купілі ў гандлярак тварагу i халодных бульбянікаў. Паабедалі. I так хораша ім!
— Хто б мог падумаць — Капыл! Такі ціхенькі, ласкавы…
— Ласкавы! Падлюга — да смерці падлюга. Цяпер я не сумняваюся, што ён такі выдаў партызана.
— Анісімаў сказаў: «Ганіце сёння ж з сельсавета. Каб духу яго не было!» I нас папракнуў: «I вы лапухі».
— Ды i лапухі. Добранькія. Бабкоў i ты. Грэлі гадзюку.
Пятро ляжыць пад абветранай шурпатай сасной. Саша
сядзіць побач. Ён трымае яе руку. Ён не выпускаў яе рукі, пакуль яны ішлі ад райцэнтра. I цяпер таксама. Яму, як ніколі раней, хочацца адчуваць яе блізкасць, цеплыню. Гэтае адчуванне, галіны сасны, што гойдаюцца ад ветру, i неба — то бяздонны блакіт, то хмаркі, цямнейшыя ці святлейшыя, — як усё i хораша супакойвае i неяк па-новаму хвалюе, вяртаючы паўнату той светлай радасці жыцця, якая з'явілася год назад, у Дзень Перамогі.
Сасна гэта была неаднойчы паранена сякерамі, нажамі хлапчукоў. На свежай ране-лысіне — буйныя, як слёзы, празрыстыя кроплі смалы. Яна моцна пахне, смала, але гэта пах жыцця, вясны.
Пятро на поўныя грудзі ўдыхае водар хвоі i траў, што прыносіць цёплы вецер. Заплюшчвае вочы. Сашы здаецца, што ён заснуў. Яна маўчыць.
— Ты ведаеш, Сашок, я ўсё-такі збудую свой мост!
Яна адказвае не адразу.
— Я сядзела i думала: а можа, праўда, нам пераехаць куды-небудзь на будаўніцтва?
Ён паварочваецца да яе, глядзіць са здзіўленнем. Калі раней ён казаў пра зусім рэальны мост, яна адгаворвала: «Паступіў у інстытут — вучыся. Дзе ў цябе будзе яшчэ такая мажлівасць?» А цяпер, калі мост зрабіўся прыгожым сімвалам, Саша раптам гэтак празаічна спускае яго на зямлю.
— Не, цяпер я нікуды не паеду! Ад такіх людзей!
— Гэты гад, калі астанецца, ён не дасць табе жыцця.
— Ну, ведаеш… Ёсць райком! Ёсць партыя! Не астанецца ён!
Яна стоена ўздыхае, чуць мацней сціскаючы яго пальцы.
— Не будзь ідэалістам.
— Ты не верыш Лялькевічу? А я веру. Цяпер я ва ўсім веру яму. I Анісімаў — круты, але — чалавек!
— Я таксама паляжу, — кажа Саша i кладзе галаву на тоўсты корань сасны. Зноў уздыхае. — Дарэмна не забралі Прышчэпы з сабой. Нап'ецца ён там, на станцыі. I зноў напракудзіць. Пачне балбатаць…
— Сілай жа не пацягнеш. Запрашалі. Нап'ецца, безумоўна. Яго немагчыма зразумець. Я так i не зразумеў — пахваліў ён мяне ці пагразіў, калі сказаў: «Я з табой, парторг, яшчэ пагавару».
— Ну, што ты! Калі куплялі бульбянікі, ён паказаў мне вялікі палец: «Во, Шура, які хлопец ваш Шапятовіч!»
Яны зноў маўчаць — усё перагаварылі.
I магчыма, што Пятро на гэты раз сапраўды засынае на нейкую хвіліну, бо замест карункаў хваёвай галіны на фоне блакіту перад ім паўстае казачна прыгожая арка незвычайнага моста — такога доўгага, што той, другі, бераг, куды перакінута гэтая дзівосная вясёлка, расплываецца, як у тумане.
1963