Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 140 из 141

Лялькевіч кульгаў па прасторным кабінеце. Ад узрушанасці, абурэння яго як бы ліхаманіла.

Анісімаў сядзеў у сваім рабочым крэсле, здавалася, зусім спакойны, нават абыякавы. Але калючыя вочы, суровага позірку якіх шмат хто ў раёне баяўся, пільна сачылі за кожным рухам Лялькевіча.

Яны часта сутыкаліся так, што, як казаў Лялькевіч, «іскры ляцелі». Але пад настрой Анісімаў неаднойчы прызнаваўся: «Люблю я цябе, чорта, за дзве твае якасці: адукаванасць i смеласць».

Цяпер ён таксама залюбаваўся сваім другам, яго палымянасцю ў абароне, безумоўна ж — без доказаў ясна, — сумленных людзей. Але было не да выяўлення добрых пачуццяў — невясёлыя думкі апанавалі пасля таго, што сказаў Лялькевіч.

— Пасадзіць ён нас з табой, гэты тып.

Лялькевіч спыніўся пасярод кабінета ўражаны. Пастаяў, анямелы, потым пацвердзіў:

— Пасадзіць! — i закрочыў да першага сакратара, нахіліўся над ім. — Пасадзіць… калі мы будзем маўчаць…

калі не паставім яго на месца, не возьмем пад кантроль. Калі яму усё будзе сыходзіць… Сышло з інвалідам Запечкам, хоць усе мы разумелі, што гэта ліпа. Людзі на бюро, калі ён дакладваў, вачэй не паднімалі — сорамна было. Сышло з дырэктарам школы Гаевым — ён дабіраецца да сакратара партарганізацыі. Чаму ж не дабрацца да сакратара райкома? Промахі ў нас з табой можна знайсці, калі глядзець, як Булатаў. I вытлумачаць ix… як ён…

Анісімаў, моўчкі слухаючы, дастаў з шуфляды стала папяросы, прыпаліў, зрабіў дзве-тры глыбокія зацяжкі i тут жа скамячыў папяроску, затаптаў у шкляную попельніцу.

— Баішся, Анісім Пятровіч? У атаку полк падымаў — не баяўся? Я з двума разведчыкамі эшалон з жывой сілай падарваў — не баяўся. Дзесяць разоў у Гомель на сувязь з падпольшчыкамі ездзіў… А тут, значыцца, спалохаліся Булатава? Ды я перастану паважаць сам сябе! I цябе!

Рука Анісімава пацягнулася да тэлефоннага апарата, што вісеў на сцяне, за крэслам, але дацягнулася толькі да шнура ад трубкі i застыла на ім.

Лялькевіч адступіў, чакаючы.

Анісімаў адхапіў руку ад тэлефона, сашчапіў пальцы так, што трэснулі суставы, пацёр далоняй аб далоню. I тут жа падняўся, рэзка крутнуў ручку апарата.

— Булатава! Булатаў? Захапіце справу на Шапятовіча i з'явіцеся да мяне! Якую? Якая ў вас ёсць! Ясна? Выконвайце! — i кінуў трубку на рычаг.

Лялькевіч добра ведаў нораў Анісімава i, употай усміхнуўшыся, адышоў да акна, пачаў глядзець на вуліцу. Анісімаў зноў запаліў папяросу i курыў прагна, глытаючы дым.

Мінут праз пяць Лялькевіч убачыў, як з брамы дома насупраць (дом стаяў у глыбіні двара, за парканам, вокны яго былі закрыты высокімі кустамі бэзу i шыпшыны) выйшаў Булатаў. Уладзімір Іванавіч не без злараднасці падумаў: «Бяжыш? З такімі, як ты, відаць, толькі i трэба так: «Ясна? Выконвайце!» Стары ваяка Анісімаў гэта разумее».

Ен вярнуўся да стала, стаў збоку. Анісімаў глянуў на яго з запытаннем, але пачуўшы крокі ў прыёмнай, зразумеў, i твар яго зноў наліўся крывёю, натапырыўся вожык валасоў, самі па сабе сашчапіліся пальцы рук.

Булатаў увайшоў, не пастукаўшы, не спытаўшы дазволу, размашыста адчыніўшы дзверы, каб паказаць, што ён роўны тут. Але выгляд сакратара — той, які яны, члены бюро, называлі паміж сабой «перад бураю», асадзіў яго, нават спалохаў. Уласна кажучы, спалохаўся ён ужо раней — пасля такога нечаканага званка. Як усялякі, хто не мае веры ў высокія ідэалы i дбае толькі пра сваю кар'еру, Булатаў быў баязлівец. Ён падумаў: данесці ў райком мог толькі нехта з яго работнікаў, не інакш. Значыцца, хтосьці сочыць i за ім. I дакладвае. I, безумоўна, не толькі райкому. Невядома, што там, угары, думаюць пра яго.

Ён спытаў амаль лісліва:

— Чаму такая паспешлівасць, Анісім Пятровіч?

— Вы статут партыі, Булатаў, ведаеце? — ціха спытаў Анісімаў і, не атрымаўшы адказу, павысіў голас: — Партыя для цябе існуе?

— Не разумею…

— Яно i відаць, што не разумеет. Заводзіш дзела на сакратара партарганізацыі, а райком…

— Я лічыў, што пакуль яно не закончана…

Анісімаў працягнуў руку. Булатаў паслужліва разгарнуў бледна-жоўтую мяккую папку i паклаў перад сакратаром. Паперак ужо набралася нямала, i ўсе яны былі акуратна падшыты.

Лялькевіч наблізіўся да першага сакратара, стаў за яго крэслам, пачаў чытаць разам з ім. I на першай жа паперцы не вытрымаў — абурыўся:





— Капыл? Той самы? Анісім Пятровіч! Звярні ўвагу. Даносы. Капыла. Таго, помніш? Ну, на якога было калектыўнае пісьмо калгаснікаў, што гэты тып выдаў немцам партызана. Памятаю, Булатаў, я перадаў вам гэтае пісьмо, каб вы расследавалі. I вы расследавалі! Зрабілі яго сваім агентам. Каб ён сачыў за камуністамі, паклёпнічаў на людзей, якія пралівалі кроў засавецкую ўладу, калі ён лізаў фашыстам… Як гэта называецца, капітан Булатаў!

Булатаў стаяў ужо збялелы, амаль навыцяжку.

Лялькевіч астматычна задыхаўся ад абурэння: стрымліваючы сябе, каб не крычаць, ён выдыхаў словы надрыўным шэптам:

— Якую палітычную ацэнку гэтаму можна даць? Анісім Пятровіч!

Анісімаў не адказваў, чытаў моўчкі, i толькі ўсё больш i больш барвавелі яго шыя, вушы, твар i больш шорсткім i калючым рабіўся вожык валасоў.

— Ну, а тут? Анісім Пятровіч! Паглядзіце, пра што даносіць гэты халуй. «Замест таго каб расказачь людзям пра таго, хто каваў нашу вялікую перамогу — фармуліровачкі! — Шапятовіч расказвае… пра багоў». Гэта ж смеху варта. Шапятовіч вывучае гісторыю, захапіўся міфалогіяй. I расказвае міфы. Булатаў! Вы Сталіна чытаеце?

— Не разумею.

— Яно i відаць, — паўтарыў Лялькевіч словы Анісімава. — Пра Антэя вы чыталі? Пасаромеліся б падшываць такі данос! Божа мой!

Анісімаў моўчкі, без адзінага слова, дачытаў да канца заключэнне, складзенае не вельмі пісьменна. Потым адкінуўся на спінку крэсла, сашчапіў пальцы, ca скрыпам пацёр далонямі, заплюшчыў вочы, як ад моцнага прыступіўшага болю. Сказаў шэптам, але такім, што Лялькевіч спалохаўся: аднойчы пасля вось такога шэпту ў Анісіма Пятровіча здарыўся сардэчны прыпадак:

— Булатаў… за што вас… панізілі ў званні i запісалі вымову? Я вам напомню: за перавышэнне ўлады i… за трусасць. Дык я вам скажу, Булатаў: пакуль я тут сяджу, вы не зробіце кар'еры нападобных правакацыях… Не, Булатаў, не зробіце… Кажу вам праўду. Падумайце, пакуль вы ў радах партыі. Вось так, Булатаў. А цяпер я вас не затрымліваю… Можаце ісці.

Булатаў дрыжачай рукой пацягнуўся за папкай. Анісімаў рэзка адштурхнуўся ад спінкі крэсла, расшчапіў пальцы, паклаў рукі на паперы.

— Не, гэта няхай застаецца ў мяне. У маім сейфе. Больш надзейна, ведаеце. Каб не было спакусы вам, Булатаў. Прашу, — i паказаў вачамі на дзверы.

Капітан нейкі момант вагаўся, як бы жадаючы нешта сказаць i не знаходзячы патрэбных слоў, потым павярнуўся па-вайсковаму, шчоўкнуўшы абцасамі, i закрочыў, высока выкідваючы ногі, але дзверы за сабой зачыніў асцярожна, без груку.

Анісімаў усё тым жа шэптам, быццам баючыся, што звычайны голас можа нешта разбурыць у ім самім ці навокал, папрасіў Лялькевіча:

— Накапай ты мне валяр'яначкі.

Уладзімір Іванавіч ведаў, што аптэчка стаіць на падаконніку, за шторай. Наліў у шклянку вады, з піпеткі капнуў дваццаць кропель бурштынавага зелля.

Анісімаў выпіў, глыбока ўздыхнуў, крактануў i тады сказаў натуральным гол асам:

— Сукін сын! Трапіў бы ён мне на фронце! — i з дакорам самому сабе, але не без задавальнення, паківаў галавой. — Чуць не сарваўся. Бачыў, як я трымаў нервы. Во, — i сціснуў кулакі.

— Дзякую, Анісім Пятровіч. Такая размова даўно наспела. Але трэба давесці да канца — напісаць у абком, у ЦК.

— Не люблю я такіх пісем. Але ў даным выпадку трэба, а то ад гэтага тыпа ўсяго можна чакаць. Сёння ж напішы.

Анісімаў падняўся з крэсла i ўжо зусім бадзёра i весела гукнуў:

— Дзе ён, гэты твой Шапятовіч? Тут? Кліч яго. Пагаворым.

Лялькевіч адчыніў дзверы, папрасіў сакратарку:

— Валя, паклічце з майго кабінета Шапятовіча.

Пятро, змучаны працяглым сядзеннем у пустым кабінеце, невясёлымі думкамі, увайшоў нясмела, разгублены. Спыніўся каля дзвярэй.