Страница 7 из 11
Вось Паланэя Багінская па характары цалкам магла б царыцай стаць. Фанабэрый было ў паненкі-кветкі, як пчолаў вакол раскіданага вулля, так што шкаляры толькі здалёк насмельваліся аблізваць спакуснае цуда позіркамі — не па галаве шапка. Пранцысь, якому выпаў сумніўны гонар іграць у п’есе падступнага князя Святаполка, асабліва запомніў дзве чорныя мушкі з тафты, якімі паненка ўпрыгожыла набелены тварык — над правым брывом і злева каля носіка, што азначала, што сэрца паненкі свабоднае, але падступіцца да яе цяжка. Тады яе цёмныя валасы былі схаваныя пад высокім напудраным парыком, у якім гняздзіліся па-майстэрску выкананыя мініяцюрныя блакітныя птушачкі…
І цяпер нібыта тыя птушачкі шчабяталі вакол русявай галавы Пранцыся. Ён нават не адразу скеміў, што паненка Паланэя яму шэпча:
— Гэй, ты што, глухі? Хочаш зарабіць дзесяць дукатаў?
Пранцысь страсянуў чубам: вось і яшчэ адна прапанова, ад якой немагчыма адмовіцца… І ад якой, ясна, таксама давядзецца займець на сваю шкалярскую галаву перуноў. Але галоўнае — не здрадзіць ідэалам куртуазнасці! Так, схіліцца ў паклоне, руку пакласці на нябачную шаблю…
— Няхай ваша мосць вельмішаноўная панна толькі выкажа сваю просьбу, і я выканаю яе як мага больш пільна і дасканала, не прамарудзячы ані хвілі дзеля ясных вочак найяснейшае панны, і дзеля палкага жадання майго сэрца служыць яснай панне!
Гаворка Пранцыся цякла, як мёд, ён нават заганарыўся сабою. Але паненка такога мёду каштавала як відаць не лыжкамі, а збанамі, таму толькі нецярпліва нахмурыла чорныя броўкі.
— Найяснейшая панна хоча, каб пан узяў у яе ліст і перадаў асабіта ў рукі ваяводы полацкага Аляксандра Сапегі, які зараз мяшкуе ў Слуцку, а за гэта пан атрымае дзесяць дукатаў ад мяне, а можа, яшчэ нешта ад шчодрасці пана Аляксандра.
Пранцысь адчуў укус расчаравання: той Сапега, падобна, быў амаратам панны Паланэйкі, а быць пасыльным у амурных справах — гэта ж зусім іншае, чым самому амуры круціць… Панне, відаць¸ не спадабаліся ваганні хлопца, таму што яна зморшчыла носік і прагаварыла пагардліва:
— Пан баіцца расейцаў альбо Гераніма Радзівіла? Калі так — то…
— Нікога я не баюся! — паспешліва выгукнуў Пранцысь, скеміўшы, што справы хутчэй не пра амуры, а пра палітыку, ад якой хаця Вырвічы й былі ўбаку, але ж магнатаў, што хаўрусаваліся з расейцамі, Вырвіч-старэйшы не любіў, параўноўваючы іх з сабакам, якога прыкарміў злодзей, каб залезці беспакаранна на гаспадарскі двор. — Я з вялікай прыемнасцю выканаю волю панны…
Паланэйка сумніўна зірнула ў дужа сумленныя блакітныя вочы Пранціша, дастала з-за карсажу складзены ўдвая канверцік і аддала суразмоўцу.
— Толькі асабіста ў рукі пану ваяводзе! І глядзі, пану Герману Ватману ні слова — гэта той, што мяне суправаджае. Ён дужа небяспечны чалавек.
Вырвіч запытальна зірнуў на ваевадзянку, узважваючы на далані паперку… Дзяўчына дадала да канверціка самае істотнае — мяшэчак з манетамі. Потым, відаць, скеміўшы, што цяпер з пасланцом, які валодае ейнай таямніцай, належыць быць пяшчотней, усміхнулася, ад чаго Пранцыся як алеем па душы памазала, і нават прыклала да вуснаў і адняла пальчыкі, нібыта намякаючы на магчымы пацалунак… З самой Паланэяй Багінскай! А чаму б у такім разе баявітаму шкаляру не атрымаць аванс? Пранцысь ірвануўся да паненкі, але дзверы зачыніліся рыхтых перад носам Вырвіча.
— Напачатку — паслуга, потым — удзячнасць! — прагаварыў за дзвярыма дзявочы галасок.
Калі б у людзей маглі вырастаць крылы, Пранціш адчуў бы за спінай іхні лопат, бо ледзь над падлогай не прыўзняўся… У прыгоды будзе працяг! Падумаеш, у Слуцак! Ды хоць бы і ў краіну маўраў!
Між тым на лесвіцы пачуліся цяжкія крокі і бразганне шпораў… Падымаўся відочна не Лёднік, і Пранціш хуценька нырнуў у свой пакой. Там ён пратаньчыў з кута ў кут мазурку і паваліўся на ложак, прыціскаючы да твару канверцік, які захоўваў пах дарагой парфумы. Вось будзе чым пахваліцца Лёдніку! Хаця не, няма чаго раскрываць слузе таемныя справы гаспадара — хай толькі падзівіцца, што той раздабыў за раніцу дзесяць дукатаў, ды мае нейкія важныя, звязанныя з першымі асобамі каралеўства справы! На гэта варта, вядома, намякнуць… Вось толькі дзе той лекар падзеўся? Можа, з Адэляй вуркоча? Цяпер Пранцыся гэта не крыўдзіла. Карчмарка — слузе, ваевадзянка — гаспадару! О так!
Лёднік абяцаў ежы здабыць… Карчма ўжо ва ўсе прасмаленыя сцены гудзе, і ўяўляюцца ва ўсёй неміласэрнай духмянай смакаце гарачыя клёцкі, палітыя смятанай…
Пранціш пераканаўся, што страшны невядомы Ватман замкнуўся ў пакоі з падахоўнай ваевадзянкай, шлях вольны, і рушыў уніз.
Найперш ён яшчэ зверху забачыў Адэлю, што моўчкі стаяла каля лесвіцы, схаваўшы рукі пад фартух, нібыта яны ў яе змерзлі. Дастаткова было аднаго позірку на яе твар, каб зразумець, што здарылася нешта жахлівае. Твар быў застылы, нават з усмешкай, але такой, якую зацюканы шкаляр адрасуе цэнзарам, што стаяць ля ганебнай лаўкі з розгамі ў руках, чакаючы, пакуль ён спусціць нагавіцы ды ўкладзецца зручненька.
Сышоўшы яшчэ на некалькі прыступак, Пранцысь пабачыў і тых, каму Адэля ўсміхалася пакорліва-прыніжана. Трое былі ў мундзірах кароннага войска, адзін у парыку і чорным камзоле, з такой надзьмутай, пагардлівай пысай, што вакол уяўлялася адразу зала чарговага сойму, галасы якога купленыя загадзя. Тут жа, бы пацук вакол пасткі з кавалкам сала круціўся і віж, якога Пранцысь згледзеў учора ў карчме.
А самае непрыемнае, што паміж двух жаўнераў стаяў Лёднік. Спакойна гэтак стаяў, скрывіўшы вусны і ўнурыўшы голаў, як быццам ужо развітаўся з белым светам. Доўгія цёмныя валасы звісалі па баках ягонага худога твару, нібыта ўладальнік хацеў імі адгарадзіцца ад сваіх нялітасцівых бліжніх.
— А гэта ягоны асістэнт! — раптам заблагаў віж, паказваючы на Пранцыся пальцам з доўгім жоўтым пазногцем. — Таксама чарнакніжнік!
Вырвіч спыніўся на ніжняй прыступцы лесвіцы, гатовы рынуцца наверх.
— Гэты хлапчыска ні пры чым! — ганарыста закінуў галаву Бутрым. — Я яго толькі ўчора на дарозе сустрэў, намовіў падзарабіць. Ён пра мяне толкам нічога і не ведае…
— Хто кляцьбе ведзьмака верыць, пэўне, штораніцу дурнап’яну сабе ў гарбату дадае, — сурова прамовіў падобны да худога пеўня пан у чорным камзоле. Павярнуўся, абшарыў вачыма Пранцыся, яшчэ больш скрывіўся. — Ты хто?
— Я — шляхціц, Пранцысь Вырвіч гербу Гіпацэнтаўр, — урачыста абвесціў Вырвіч, яшчэ трохі пасоўваючыся назад. Што-што, а ўцякаць шкаляр наўчыўся так, што ногі самі за яго думалі.
— Гіпацэнтаўр? — недаверліва працягнуў Юдыцкі. —Вырвічы карыстаюцца гербам «Далега».
— Мы — старэйшая галіна, з Падняводдзя, маем права на абодва гербы, — годна патлумачыў Пранціш. — Мы з бацькам — апошнія з роду. А што кепскага зрабіў гэты… чалавек? Ён жа проста лекар! У яго і дыплом ёсць!
Важны зарагатаў, як па арэхах абцасамі прайшоўся.
— Лекар! Цела, можа, ён і вылечыць, а душу загубіць! Чарнакніжнік ён!
— Тут свае дактары маюцца! — віскнуў віж. — З паперамі належнымі, якія тутэйшых кліентаў прымаюць па дамоўленасці з уладамі! Ян Гутнік, Людвіг Высакоўскі… Вы, паважаны пан суддзя Юдыцкі, Высакоўскага павінны памятаць, ён вам яшчэ скулу на сцягне прыпальваў, калі вы з палявання вярталіся… А гэты гіцаль сумленных дактароў заробку пазбаўляе!
Вось яно што… Значыць, Лёднік па намове Пранцыся проста заступіў на чужую тэрыторыю! Гэта ж толькі здаецца, што дастаткова ўмельства мець ды патрэбу ў хлебе штодзённым… А паспрабуй нават на рынку з шапкай жабрацкай прысесці — тут жа «законныя» жабракі налятуць, у каршэнь «захопніка» натаўкуць. А не дай Бог таму яшчэ пару капеек ад літасцівых мінакоў перападзе…
Лёднік, відаць, таксама гэта разумеў, бо нават не зрабіў спробы абараніцца і засведчыць аб сваёй высокай абазнанасці ды еўрапейскай адукацыі, і паныла вывучаў зацярушаную бруднай саломай падлогу, нібыта спіну безнадзейна хворага.
— А можа, мы проста кампенсуем шаноўным дактарам страты, якія міжволі, не хочучы, ім нанеслі? — пранікліва прагаварыў Пранцысь. Насы віжа і жаўнераў адразу павярнуліся да шкаляра, нібыта на пах смажанага вепрука. Ага, грошы ўсе любяць! Пранцысь белазуба ўсміхнуўся, хаця пры думцы, што давядзецца страціць толькі што набытыя дукаты, аж душа пераварочвалася, змінаючы свае пёры.