Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 11 из 11



Сплылі гады, як сухое лісце па восеньскай вадзе, і вярнуўся Лёднік у заняпалы Полацк, дзе пошасць забрала і ягоных бацькоў, і бацьку панны Рэніч. Доктар прыйшоў у такі знаёмы дом, пацікавіцца, чым можа дапамагчы дачцы свайго настаўніка… І яна стаяла і глядзела на яго ганарыстымі сінімі вачыма, і яму страшэнна карцела папытацца, ці ўсё яшчэ ён уладарыць ейным сэрцам, і не насмельваўся…

А яна проста сказала:

— Мне — нічога не трэба. Але нічога і не змянілася. Я чакаю.

Ён не хацеў траціць сябе на нешта акрым таемных навук… І больш не бачыўся з паннай. Нават калі патрапіў у страшэнную нястачу з-за свае апантанасці — не пайшоў да яе… Бо ведаў, што спляжыць і ейнае майно, і ейнае жыццё. І Бутрым зрабіў усё, каб да Саламеі не дайшлі чуткі пра ягоную дамову з панам Агалінскім — выкупіла б… А ён таго няварты.

Але ніхто яшчэ не змог уберагчы трэску ў сэрцы вогнішча.

— Калі б я ажаніўся з ёю — яна б загінула… Не ажаніўся — усё роўна загубіў яе.

Пранцысю дужа не спадабалася адчайная нянавісць да сябе, што гучала ў голасе алхіміка. Нібыта зараз ён разаб’е сваю ўпартую галаву аб іржавыя краты. А той яшчэ дастаў запаветную шкеліцу з алхімічным золатам і паныла разглядаў, як увасоблены дакор.

— Загубіў — дык ратуй! Чаго дарэмна плакацца?

Для хлапца ўсё выглядала гранічна проста.

І Лёднік прыжмурыў цёмныя вочы, нібы пабачыў сонца, і схаваў сваю шкеліцу…

— Дзіця мудрэйшае за цара Саламона, так… Твая праўда, пан Вырвіч. Відаць, Гасподзь не дарэмна паслаў цябе на дарогу да Валожына.

Доктар дастаў з кішэні хустачку, акуратна прамакнуў драпіну на ілбе, якая пачала ўжо зацягвацца, абцёр твар і агледзеўся вакол зусім іншым позіркам — як кухар глядзіць на тушку каплуна.

— Зброя ёсць? — папытаўся. — Можа, хоць сцізорык які прыхаваў?

Пранціш паматаў галавой. Акрым як зберагчы ліст ваевадзянкі, нічога яго не цікавіла падчас арышту. Алхімік палез у свой бот і дастаў нататнік Вараняці. Потым з сілай тузануў вокладку — Пранціш не паспеў яго спыніць — і вынуў з карэньчыка кнігі жалезны востры стрыжань. Вырвічу ажно дух заняло: гэта ж старажытнагрэцкае сціло Вараняці, з якім той так насіўся! Вось дык Лёднік, што значыць вучоны! За раніцу вынюхаў скарб, а Пранціш колькі нататнік з сабой цягаў — нават да канца прачытаць не даў рады.

Між тым Бутрым нахіліўся і пачаў асцярожна калупацца сцілом у замку кратаў з такім выразам твару, нібыта рабіў складаную непрыемную аперацыю на гнайніку. Невядома, як хутка яго чакаў бы поспех, і якім чынам намерваўся лекар, узброены сцілом, справіцца з жаўнерамі, але пачулася вар’яцкае галёканне, коні панесліся, фурман гарлаў, як падпечаны… Вязні стукаліся аб сцены, як дзве бульбіны ў гаршку, што коціцца з гары.

Што б ні здарылася, у гэтым для іх была надзея. Тым больш што Юдыцкі лаяўся, зрываючы голас, пагражаў камусьці каралеўскім судом і радзівілаўскай помстай…

Карэта тузанулася, рэзка пахілілася набок, відаць, страціўшы кола, яшчэ трохі працягнулася па зямлі і спынілася… Адразу дзверы расчыніліся: жаўнер Юдыцкага, на чыім мяккім твары заблукала абыякавая бязлітасная ўсмешка, трымаў два пісталеты скіраванымі на вязняў і не збіраўся траціць час на пагрозы альбо малітвы… Вось яна, смерць хуткая і неспадзяваная. Пранцысь, да свайго расчаравання, не паспеў прыняць мужнай паставы, хаця б горда скрыжаваць рукі на грудзёх, як належала сустракаць апошнюю хвілю носьбіту герба «Гіпацэнтаўр». А вось лекар паспеў нібыта чорная вужака слізнуць наперад і, наколькі мог у цеснай клетцы, захінуць сабой маладога гаспадара… А яшчэ зрабіў пры гэтым нейкі дзіўны маланкавы рух рукою ад шыі. Стрэлы з пісталетаў прагучэлі, але разам з крыкам болю.

Пранцысь усвядоміў, што жывы… І нават не паранены. І Лёднік стаяў на нагах на пахіленым дне карэты… А вось жаўнер, енчучы, трымаўся рукамі, што згубілі пісталеты, за вока, з якога тырчэла жалезная спіца… Старажытнагрэцкае сціло, якім, магчыма, пісаў на васковых дошчачках вершы кучаравы паэт, а магчыма, нехта таксама даставаў вочы бліжняму свайму. Паранены выкуліўся з карэты… Але замест яго з’явіўся новы персанаж з тым жа атрыбутам, а менавіта настаўленым на зняволеных пасажыраў пісталетам. Твар незнаёмца быў завязаны шалікам, зверху яго прыкрывалі шырокія брылы капелюша… Разбойнік? Прыхадзень ссунуў шалік. Белыя бровы і вейкі, спаласаваны шнарамі ружовы твар, дзіўныя бяздонныя вочы… Пан Герман Ватман! Пранціш мімаволі сунуў руку ў халяву бота, дзе быў прыхаваны ліст Багінскай. І не ўцячы, і не абараніцца… Лёднік прасычэў скрозь зубы нешта падобнае да «Не кароста, дык адзёр», і зноў паспрабаваў захінуць сабой Пранціша.

Пачуўся стрэл… Але пан Ватман, якога, падобна, дужа забаўляў спалох пасажыраў, цэліў не ў іх, а ў замок на кратах. Куля перабіла дужку, краты нарэшце з незадаволеным рыпеннем адчыніліся. Але вязні неяк не спяшаліся выходзіць, надта няпэўным выглядала іх становішча. Ватман усміхаўся са злой весялосцю.



— Ну што, кураняткі, па-ранейшаму хочацца да Радзівілаў на булён? Я б параіў не спяшацца на кухню. А ты, хлапчыска, падзякуй адной пекнай неслухмянай паненцы… Яна прасіла табе перадаць — выконвай даручанае. І асцярожней — наступны раз, можа, сам цябе прыдушу, калі пад руку пападзешся ды не на той бок станеш.

Сунуў пісталет за пояс і выскачыў з карэты. Лёднік і Пранцысь насцярожана высунуліся за ім. Вакол былі сляды сапраўднай баталіі. Два жаўнеры — ці мёртвыя, ці непрытомныя — ляжалі ў кустах спінай уверх, у карэце застаўся запрэжаным адзін конь, які ўжо і не спрабаваў зрушыць яе з месца. Ні двух другіх жаўнераў, у тым ліку і параненага ў вока, ні пана Юдыцкага не было. Ватман падхапіў канцом шаблі з зямлі нешта бела-шэрае, калматае, падобнае да здохлай курыцы.

— Ну, суддзя, усё-ткі згубіў свой парык!

Ватман грэбліва кінуў судзейскае ўпрыгожванне на куст ядлоўцу, парык пачапіўся якраз на вершаліну, ад чаго куст адразу прыпадобніўся да прывіда з зялёным цёмным тварам.

— Бывайце, чарадзейнічкі!

Пранціш агаломшана глядзеў услед Ватману, які скакаў на белым дрыгканце прэч, у той бок, адкуль яны прыехалі… Каля павароту дарогі да Ватмана далучыўся яшчэ адзін вершнік. І шкаляр ведаў, хто той другі, зграбненькі ды невысокі, што нават рукой яму памахаў… Не забылася, не кінула свайго пасланца! Ад гарачага пачуцця ў Пранцыся аж слёзы на блакітныя вочы навярнуліся — хоць хмарку здаля расцалаваць, хоць бліжэйшую ялінку абняць ад паўнаты душэўнай… Але грубы Лёднік, далёкі ад тонкасцяў куртуазных, тузануў хлапца за рукаў:

— Пан, вядома, можа мроіць сабе тут да раніцы, але радзівілаўскія найміты вернуцца ў любы час. А мы, між іншым, збеглыя арыштанты…

Пранцысь ачомаўся. І сапраўды, не да абдоймаў з ялінкамі, трэба ўцякаць, калі хочаш у будучым жывую дзяўчыну да сэрца прытуліць. Але Лёднік, замест таго, каб выконваць свае ж словы, падыйшоў да аднаго з небарак, што ляжалі у кустах, стаў на калені, перавярнуў яго, памацаў шыю…

— Жывы… Нічога… Поўгадзіны паляжыць, ачомаецца.

Падыйшоў да другога, таксама абгледзеў, нават павека прыўзняў:

— І гэты выжыве, хаця сатрасенне мозгу займеў.

Ён што, лячыць сваю смерць магчымую збіраўся?

Рука Пранцыся між тым сама схапіла шаблю-аўгустоўку, што ляжала каля рукі жаўнера. Нарэшце ён зноў трымае зброю! Махнуў на спробу раз, другі… Уга, цяпер беражыцеся, усе Юдыцкія на свеце!

— Вашае фехтавальнае ўменне, акрым вожыкаў, няма тут каму ацаніць, — з’едлівы голас Лёдніка вярнуў Пранціша з рыцарскіх пераможных мараў на калюжную лясную дарогу. — Рушылі, пакуль жаўнераў не наехала!

Але ж і Лёднік не пагрэбваў зброяй разжыцца, расшпіліў свой чорны балахон і засунуў за пояс пісталет і шаблю, сканфіскаваныя ў пераможаных. Ды яшчэ прамовіў павучальна, заўважыўшы падазроны позірк гаспадара:

— Як вучыў італіец Макіявелі, дурная справа спадзявацца на тое, што ўзброены чалавек падпарадкуецца няўзброенаму, а ferrum ferro acuitur, жалеза жалезам вострыцца.

На галаве Лёдніка красаваўся таксама не ягоны чорны капялюш, і цяпер алхімік са сваім драпежным носам, цёмнымі патламі і свежым шнарам на ілбе дакладна прыпадобніўся да рыцара вялікай дарогі, а не да мужа вучонага.

Конец ознакомительного фрагмента. Полная версия книги есть на сайте ЛитРес.