Страница 5 из 11
Пранцысь зноў апярэдзіў слугу. Павольна паднёс келіх да вуснаў, выпіў, не адрываючы позірку ад чорных вачэй, у якіх болей за ўсё на свеце хацелася пабачыць замест прыхаванай жарынкі насмешкі — праўдзівую крыўду. Але трымаць позірк на адной кропцы станавілася ўсё цяжэй, аблічча паскудніка Баўтрамея пачало нейкім незразумелым чынам дваіцца.
Пусты келіх ляснуў аб дубовы стол. Лёднік зноў прамаўчаў, пасядзеў, апусціўшы галаву. Пранцысь, крыху пагойдваючыся, навісаў над ім пагрозна, як цыклоп над Улісам. А што — ён, пан Вырвіч гербу «Гіпацэнтаўр», моцны, вялікі… Уга, які зух! Што перад ім нейкі доктар, няхай той і ў Празе вучыўся! У галаве гралі скрыпкі і дуды, падлога пахіствалася ў такт музыцы, так што давялося абаперціся абедзьвума рукамі аб стол.
Алхімік, як нічога не было, напоўніў келіх. Пранцысь зноў паспеў першы, хаця й расплюхаў каштоўнай вадкасці… Але ягоную руку раптам імкліва перахапіла, як абцугамі, рука лекара. Лёднік холадна прамовіў, не гледзячы на шкаляра.
— Думаю, васпану ўжо досыць.
— Ды як т-ты пасмеў! Ды я ц-цябе… Хам… Біз-зуноў пакашт…шту…
Язык, аднак, не паспяваў за абуранымі думкамі, свет навокал загайдаўся, як адлюстраванне ў веснавой вадзе. Вырвіч толькі ўсвядоміў, што нехта ўзваліў яго на плячо самым ганебным чынам, як мяшок з гарохам, і некуды панёс. Ды яшчэ нізкі голас дзесьці побач бурчэў:
— Дурное хлапчыска…
На гэтым доўгі дзень прыгодаў для Пранцыся Вырвіча завершыўся.
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ
ЯК ПРАНЦІШ ПАЗНАЁМІЎСЯ З ВАЕВАДЗЯНКАЙ І ЛЕДЗЬ НЕ СТРАЦІЎ АЛХІМІКА
Раніца пачалася з галаўнога болю. Гэткая нармальная шляхецкая раніца. Пранціш ледзь прадраў свае калісьці ясныя блакітныя вочы. Ён ляжаў у ложку не самым шыкоўным, але ўсё-ткі ў ложку, а не на падлозе… Хаця й на адвечным для прыдарожнай карчмы сенніку. Падобна, ім вылучылі, як ганаровым гасцям, пакойчык на другім паверсе. Адэліна ласка? Памяць патроху вярталася, і гэта не радавала. Няўжо яго сюды прынёс Лёднік? Пранціш успомніў, як выхопліваў келіхі з-пад аб’ёмістага носу доктара з радасным адчуваннем, што гэта сапраўдны подзьвіг, і шчокі загарэліся ад сораму. А дзе той доктар? Ці не збег? Вырвіч паспрабаваў прыўзняцца, але ад гэтага свет паплыў купальскім карагодам, нават водбліскі вогнішча прымсціліся… А Божачкі, як галава баліць!
— Што, нашукаўся пан ін віна верытас? — насмешны голас побач успрыняўся з палёгкай. Шкаляр павярнуў галаву, ад чаго ўваччу сцямнела. Калі туман разамгліўся, Пранціш зразумеў, што доктар, ужо без сваёй чорнай мантыі, у адной белай кашулі і саксонскіх нагавіцах, мяшае ў кубку нейкі адвар, ад якого ідзе пах сабачае мяты.
— І часта пан Вырвіч даходзіць да такога стану? — насмешна прарыпеў алхімік.
— Я не люблю быць такім… Такім, як мой бацька…
Вырвіч адразу пашкадаваў сваіх словаў… Што значыць, п’яны рот на замку не трымае, embritas et amor cuncta sekreta produnt. Але Лёднік нават не хмыкнуў. Толькі папытаўся, працягваючы нешта калбаціць у кубку:
— А вось што мне цікава… Пан мой такі баявіты, а без шаблі. Відаць, у геройскай сечы сваю зброю пакінуў?
— Ага, у сечы… — вось жа ўмее людзей цвеліць. — У канвенце забыўся.
— Значыць, уцякаць давялося… Няўжо дачку якога прафесара спакусіў?
Злыя словы Лёдніка, аднак, гучэлі хутчэй буркатліва, чым з’едліва, тым болей сам ён тыцнуў гаспадару пад нос гліняны кубак з адварам.
— Падымайся…Пі…
І нават дапамог прыўзняцца. Пранціш таропка глынуў гарачую вохкую вадкасць — смажыла страшэнна… Уваччу амаль адразу праяснілася, сцішыўся галаўны боль. Добра мець свайго лекара!
Між тым Лёднік глядзеў на юнака неяк дзіўна.
— І ты не папытаўся, што ў кубку? Не загадаў мне адпіць самому? А калі б я табе атруту падліў?
— А што, ты мог? — весела папытаўся Вырвіч, адкідваючыся на сеннік. Алхімік моўчкі стаяў над ім, худы твар яго яшчэ больш выцягнуўся… І Пранціш раптам зразумеў, што лекар не звык, каб яму вось так верылі. Відаць, сярод не самых лёгкіх бліжніх туляўся…
— Можаш быць спакойны, пан Францыск, я падаваў людзям толькі лекі…— голас алхіміка гучэў глухавата, нібыта ён усё яшчэ быў уражаны.
— А я і не пераймаўся! — Пранціш салодка пацягнуўся. Ведае ж алхімік сваю справу! Нават млосць прайшла… Эх, як добра, калі цябе не будзяць ледзь не з першымі пеўнямі, каб уставаць на ўрокі… Зараз бы шаблю ў рукі, ды на каня, ды каб за табой вернае войска! Дзе тая шабля з выгравіраваным на дзяржальне Гіпацэнтаўрам…
— Дарэчы, я не Францыск, а Франтасій!
Лёднік шчыра здзівіўся.
— Таксама праваслаўны?
— Вырвічы веры не мяняюць! — горда паведаміў Пранціш. — А мой святы абаронца, пакутнік Франтасій, уга які святы! Яму і ягоным паплечнікам рымляне ў галовы цвікоў набілі, а потым адсеклі. Дык пакутнікі галовы паднялі і да свайго біскупа Франтона развітацца прыйшлі. Вось што вера ўчыняе!
Вырвіч пазяхнуў, але спаць больш не хацелася. Лёднік завязваў мяшэчкі з сухімі зёлкамі, з якіх варыў адвар, і маўчаў, як мур. Трэба ж, які нецікаўны… Альбо назнарок прыкідваецца.
— Ніякіх дачок прафесарскіх я не спакушаў, бо не патрапіліся, — лена парушыў маўчанне Пранціш. — А ўцякаць давялося… з-за Вараняці.
— Птушку на лекцыю прыцягнуў? — буркатнуў лекар. — Блазнота…
— Вараня — так сябрука майго празвалі… Ну не тое што сябрука… Як з такім сябраваць… Ён гарбунок быў. Хворы такі, смешны… Але разумны, халера.
Пранцысь заплюшчыў вочы, каб аднавіць да рысачкі твар беднага Вараняці.
Насамрэч звалі яго Дзянісій. Быў ён з сям’і небагатай, але ўсё-ткі не такой беднай, як Вырвіч, які патрапіў на вучобу толькі дзякуючы хроснаму-пісару. Абодва былі з праваслаўных сем’яў, езуіты бралі на вучобу ўсіх, разлічваючы, што да канца вучобы кожны схізматык пераканаецца ў правільнасці каталіцкай веры.
З Пранцішам увогуле прыкрасць здарылася — сярод ягоных аднакурснікаў апынуўся сын пана з суседняга маёнтку, які не аднойчы бачыў, як Пранцысеў бацька вывозіць на сваё поле гной, урачыста ўторкнуўшы ў кучу на возе шаблю. Калі шляхціц пры шаблі — значыць, няма шляхецкаму гонару ганьбы! Вырвічу жыцця не стала — дражнілі яго Гнаявіком, нос заціскалі, побач стоячы… Толькі Пранцысь нікому крыўды не спускаў. Нават калі не асіліць адразу, калі самога наб’юць купай — пасля ўсё роўна дастане, па адным асочыць… Хадзіў увесь час пабіты, сядзеў на аслінай лаўцы, скураной дысцыпліны каштаваў — адмысловага бізуна… Затое кпіць над ім насмельваліся толькі за вочы. А над Вараняцем не здзекваўся толькі лянівы. А ён і слова нікому не скажа, толькі ўсміхаецца, вачасты, вастраносенькі, бледны, аж свіціцца… І не плакаў ніколі, і не скардзіўся… Затое ў вучобе — першы. Усё ці над кніжкай, ці над сшыткам угнецца, піша нешта, шкрэбае пяром… Аднойчы Пранцысь пабачыў, як некалькі студэнтаў прыціснулі Дзянісія да сцяны і пачалі яму «горб раўняць». А той толькі глядзіць на ўсе вочы ды вусны падціскае, каб не крыкнуць… І нешта Пранцыся як за сэрца рукой схапіла. І ён разагнаў блазнюкоў, атрымаўшы сам кухталёў. Сышоў, вядома, не чакаючы падзякі ад Вараняці… А на наступны дзень той падказаў яму ўсе спражэнні лацінскага дзеяслова «глядзець». Так і завязалася між імі сяброўства-не сяброўства. Проста Пранцысь не мог бачыць, як Вараня б’юць, а той рабіў за яго ўрокі ды расказваў столькі дзівосных гісторый, што каб на лекцыях такое распавядалі—Пранцысь першым вучнем быў бы. Вараня недзе прачытаў трактат Альберта Вялікага «Кніга таямніцаў». І яны ўсур’ёз абмяркоўвалі, дзе ўзяць спецыю пад назвай фізаліс і тлушч дэльфіна. Бо калі зляпіць з сумесі гэтых рэчываў зернейкі, патрымаць над агнём, разведзеным на каровіным гноі, і дым ад гэтай радасці запоўніць памяшканне, усе, хто знаходзіцца там, здадуцца адзін аднаму волатамі ў абліччах коней ды сланоў. Вось бы такі цуд учыніць на занятках па лаціне! А яшчэ можна ўзяць кроў асла, тлушч марскога зайца і кветку клёну, змяшаць, падпаліць каля ўласнага ложку… І ў сне пабачыш, што цябе чакае ў прышласці. Пранціш і Вараня доўга гадалі, што гэна за пачвара марскі заяц, аднак замяняць на другія інгрыдыенты не наважыліся.