Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 18 из 111

Пасля на дне начовак з'явіліся ўжо хаткі, дамочкі, садкі, кароўкі і конікі на зялёных плямах.

— Крыкам крычаць, вашамосць.

— Тады павесіць, — гікнуў Жаба. — Па-ве-сіць. «Карай сына і не абурайся крыкам ягоным», — сказаў Саламон. А я паразумнейшы за Саламона. Я, можа, сам ёсць бог. Га?

— Так. Так.

— Ідзі.

Служка пайшоў, вырашыўшы ўсіх не вешаць, а павесіць, дзеля постраху, аднаго-двух. Жаба расстаўляў цяпер на дне фігуркі людзей. Лялькі былі драўляныя. Рукі іхнія, змацаваныя на суставах ніткамі, боўталіся. Урэшце скрыня апусцела. Войт пацягнуў з суляі і адставіў яе. Абапёрся падбароддзем на кулакі і зверху стаў глядзець на ночвы.

Плылі рэкі, стаялі гожыя гарады, пасвіліся на паплавах чароды. Жаба глядзеў на гэтую жывую, шчаслівую зямную лагчыну з замілаваннем.

— Хочаш да мяне? — спытаў ён у адной лялькі.

Лялька маўчала.

— Глядзі, пашкадуеш.

Ён узяў суседнюю фігурку і паставіў яе бліжэй да хаты… Потым уздыхнуў і выцягнуў з дна бочкі шпунт. У начоўкі нямоцным струменем паліла вада…

— «Ад чалавека да жывёлаў і гадаў», — прашаптаў Жаба.

Ноздры ягоныя дрыжэлі, пашыраліся. Вада ўжо разлілася па дне начовак, дасягнула лялькам да каленяў. Жаба пераставіў тых з іх, што былі блізка, на стрэхі хацінак. Астатнія паступова заліваліся вадою і не ўсплывалі, бо ў ножкі быў заліты свінец.

Вось ужо заліло авечак… кароў… коней… Некаторыя чарапяныя і касцяныя фігуркі ўсплылі, бо былі пустыя ўнутры. Вада паступова набіралася ў іх, і яны павольна апускаліся ў яе. Астатнія засталіся, варушылі над напорам плыні рукамі, уздымалі іх па меры таго, як падымалася вада. Нібы цягнулі гэтыя рукі да тых, што былі на стрэхах.

Потым вада заліла іх з галавой, і яны стаялі, узняўшы рукі ўгору. Плынь пачала ўкрываць дворныя пабудовы… дахі…

Войт узяў адну ляльку са страхі і паставіў яе на званіцу. Вада ўжо заліла хаты і дрэвы. Толькі плавалі, паступова запаўняючыся вадой, некалькі лялек. Маленькія бурбалкі вырываліся ў іх з ратоў: відаць, у паветраны звон іхняга полага цела вялі тонкія, як волас, праходы.

Жаба ўзяў адну фігурку і паставіў яе на край ночваў. Усміхнуўся ёй.

…Заліло ўжо і званіцы. Павольна ішлі на дно «плыўцы».

…І калі ўсе яны зніклі, войт зняў з краю ночваў самотную фігурку, апусціў яе на ваду і стаў сачыць.

Якраз у гэты момант дамініканец праслізнуў у дзверы.

— Хадземце, вашамосць. Хадземце, сын мой.

— Куд-ды? — не адрываючыся ад відовішча, спытаў магнат.

— Рада сабралася. Самазванца гэтага, Хрыста з апосталамі, судзіць.

— А-а. Гэта я заўсёды.

Фларыян заўважыў стан свайго субяседніка.

— Можаце і застацца. Нам толькі ключы ад «апраметнай».

— Н-не-е, — закруціў галавою Жаба. — Гэта, можа, у іншых войтаў так. А я такі войт, што ключы гэтыя ў мяне з-заўсёды на поясе. Без войта не адчыніце. Хочаце адчыніць — ідзіце па войта. Раз «апраметная» адчынена — значыцца, войт там… Дзе кат?

— Паскакалі за ім.

— Эг-ге. Добра… добра.

Фларыян Басяцкі глядзеў на начоўкі:

— Нашто ж гэта вам пэцкацца па дробязях? Улады і сілы над гэтымі мясцінамі ў вас хапае.

І раптам зразумеў. Сказаў з бацькоўскай усмешкай:

— А-а, разумею, спроба перад вялікімі справамі…

— Ал-ле.

Войт пайшоў за мніхам. На імгненне затрымаўся ў дзвярах і кінуў прагны позірк на начоўкі. Там, на паверхні вады, нікога ўжо не было.

Роўнядзь.

РАЗДЗЕЛ VІІІ КАТ

Сярэдневяковая лацінская эпіграма

За апошняю з Гародзенскіх слабод, у глыбокім вільготным яры, наводдаль ад усялякага жытла, прыткнулася ля крыніцы халупа пад дзярновай страхой.

Ганец скочыў з каня, штурхнуў скалочаныя з аполкаў дзверы і спыніўся: так раптоўна, пасля сонечнага святла, цемра ўкрала вочы.

Некаторы час ён стаяў, нібыта сляпы, потым убачыў акенца, сноп святла, у якім курыўся дым, і высока над сваёю галавой — дзве пары зялёных вачэй.

Вочы на хвіліну зніклі, потым нешта мякка ўдарылася аб падлогу, і вочы загарэліся ўжо каля зямлі. Наблізіліся. Нешта мякка пацёрлася аб ганцову нагу. Ён закалаціўся ад мярзоты.

— Агысь, — кінуў ён безасабовы выгук, таму што не ведаў, якую істоту ён гоніць.

Свінні ён крыкнуў бы «аюц», авечцы «ашкір», але тут, не ведаючы, жывёла гэта ці, можа, сам д'ябал, разгубіўся.

— Апсік! — прагучала з цёмнага кута.

Кот адышоў і завуркатаў. І толькі калі ён трапіў у квадрат святла на падлозе, ганец зразумеў, чаму ён не бачыў яго. Кот быў чорны, як кітайскі атрамант і як сама цемра: вялізны, з ягня, гладкі кацяра.

Вочы трохі прызвычаіліся да цемры. Ганец убачыў невялікі пакой. Падлога была гладка адгабляваная і напалову, дзе бліжэй да ложка, укрытая шкурамі. Ложак таксама быў пад шкурамі, а над ложкам віселі два мячы, абодва двухручныя і даўжынёй амаль з чалавека.

Роўны прызначаўся для дваран, палітычных злачынцаў і ўвогуле дзеля перарывання тых злачынстваў, у якіх суд не знаходзіў элементаў ерасі. Працаваць яму з гэтай прычыны даводзілася рэдка. А хвалісты, які не толькі сек, але яшчэ і рваў мускулы, быў дзеля людзей больш простых і ерэтыкоў. Гэтаму даводзілася б працаваць і працаваць, каб не такая акалічнасць, што простанароддзе ахвотней вешалі, а ерэтыкоў палілі.

Такім чынам зберагалася ўласцівая натуры раўнавага.

На лязе хвалістага мяча было выразана апошняе слова на дарогу: «І nunc…»*, хаця кат лаціны не ведаў.

* «Дык ідзі ж…»

Стаялі яшчэ ў пакоі, у самым цёмным куту, разьблёная шафа, на якой блішчалі вочы другой невядомай істоты, стол і рознакаліберныя крэслы. І ад гэтага рабілася непамысна, бо адразу ўспаміналася, што кат мае права на адну рэч з канфіскаванага абсталявання асуджанага (астатняе забіралі суддзі і следчыя, аддаючы сёе-тое даносчыку).

Халупа, відаць, была ўкапана ў схіл яра, таму што, вельмі малая знадворку, яна мела працяг: вялікае зусім цёмнае памяшканне, падобнае на пуню. Памяшканне было аддзелена ад першага пакоя завесай з аблезлых шкур.

— Чаму не прыйшоў Пархвер? — спытаў той жа самы ясны голас. — Па мяне заўсёды прыходзіць Пархвер.

— Сёння яму не да таго, — сказаў у цемру ганец.

— Як гэта не да таго? Ён што, не мог мне выказаць павагу? Ён што, не ведае, хто я?

— А што ён павінен ведаць?

— А тое, што з высокіх людзей толькі шчаслівы пазбягае маіх рук. Як і д'яблавых лап. І таму са мной трэба сябраваць. Як трэба мець, на ўсякі выпадак, прыяцеляў і ў пекле.

— Важная справа, гаспадар.

— Ну, добра.

Вочы ўрэшце прыстасаваліся да цемры. Толькі верх шафы безнадзейна губляўся ў ёй, і таямічай істоты нельга было разгледзець. Але астатняе было відаць.

Кат сядзеў ля ложка на падлозе і складаў з пруткоў нешта дзівотнае, з крыламі.

— Зараз, — сказаў ён. — Дамайструю вось толькі, і паскачам.

Быў ён шырокі ў плячах, руках і клубах, але нейкі млявы і нібыта нават спешчаны. Аблічча шырокае. Бровы чорныя. Жорсткія мускулы ля рота. І дзіўна было бачыць у невялікіх вачах адценне нейкай дзіўнай меланхоліі, а ў беспярэчных складках ля рота — іронію і расчараванне.

— Гэта чаго?

— Я, братка, вынаходца.

— А гэта нашто? Клетка?

— Угу, — сказала з шафы невядомая істота. Нібы ў бочку.

— Змоўкніце, пан, — сказаў туды кат. — Так, гэта клетка.

Памаўчаў. Потым сказаў з прыемнай канфідэнцыйнасцю:

— Разумееш, шырыцца маці наша царква. І рымская шырыцца, і ўсходняя. Рымская асабліва. І невядома, якая возьме верх. А хутчэй за ўсё — рана ці позна памірацца. І прыйдзе час — будзе яна, правая вера, над усімі інымі паганскімі верамі, над усім светам. І нават над жывёламі і гадамі. Усіх, хто хоць трохі іначай думае, змяце. І будзе тады рай, цішыня і добрарастварэнне ваздухоў. Чалавека, яго маці наша пяшчотай, ды неадступным апекаваннем, ды бацькоўскімі клопатамі ўловіць у мярэжу Божага царства і любві. А вось з жывёламі і гадамі цяжэй. Яны сабе скачуць, гуляючы вясёлымі нагамі, поўзаюць, ды лётаюць, ды пяюць, і няма ім справы, што распіналі калісьці хрысціян і, значыцца, цяпер хрысціяне да сканчэння свету павінны распінаць іншых і панаваць над імі. Паспрабуй улаві іхнюю душу. І ніхто над гэтым не думае. Ні філосафы гэтыя, ні акадэмікі, ні паэты, ніхто… Ёсць, вядома, ёсць, нічога не скажу. Але неяк усё бяскрыла, неяк усё толькі на людзей*. І раз яны, саплівыя кніжнікі, не хочуць думаць аб будучыні чалавецтва і ўвогуле ўсяго жывога — трэба гэта ўсё ўзяць у нашыя моцныя рукі. Мы не падрыхтаваліся. І камусьці трэба думаць аб будучыні, і рыхтавацца. Вось я, сціплы чалавек, і майструю.