Страница 111 из 111
…У той дзень, падрыхтаваўшы ўсё да пасеву, сядзелі яны ўсе разам каля могілак. Дах капліцы трохі прасеў, пахілены драўляны купалок нібы кланяўся рачулцы пад гарой, спакойным безыменным магілам, празрыстаму асенняму паветру і далёкім дрэвам, што палалі на ўзгорках.
Гэта было добрае, сапраўднае жыццё! І таму, што хутка яны павінны былі пакінуць тут трох людзей і, магчыма, ніколі больш не ўбачыць іх, у сэрцах гарэла сумная любоў да іх, да ўсіх сяброў, што сядзелі тут, да ўсіх на свеце добрых людзей.
Хрыстос ціскаў у далоні камяк зямлі:
— Яны праўдзіва рабілі, калі адыходзілі. Сеяць сапраўды даўно трэба.
Кучаравілася вакол капліцы сонечная шыпшына, расшытая лакіраванымі аранжавымі і чырвонымі ягадамі. Сонца прайшло зеніт і пачынала добра хіліцца да захаду.
— Гэх, — уздыхнуў Фама, — вось папрацуем добра, сядзем уначы вячэраць. Пад яблынькай, пад зорамі… Тут бы самы смак выпіць… І карчма недалёка… Выпіць ды яблычкам, проста з галіны, закусіць.
— Бач, ласунчык, — сказаў Хрыстос. — Бач, малімончык. Цукар губа чуе. А вось я вас спытаю, пакуль грошы не выкапаем, на якія такія даходы вы, высакародны лыцар, выпіваць будзеце? Як адзін сябар казаў: «У гарэлку ўткнуўшы лыч, задрамаў Фама-шляхціч».
— Сам ведаю, — сумна сказаў Фама. — А добра было б — задрамаць не задрамаць, а хаця б лыч уткнуць.
— Ну, — сказаў Іуда, — то ў чым, я пытаюся, цяжкасць?
— Грошы, — сказаў Хрыстос. — Не разумееш?
— Вуй, дурныя галовы, — сказаў Іуда. — І не ведаюць нічога! А трыццаць срэбнікаў, што я ў Мацея адабраў?
— Няўжо адабраў? — ахнуў Вястун.
— А нягож, — сказаў Іуда. — Тады, як вы мяне з чаўна вынімалі. Памятаеце, адстаў я?
Вус і Кляонік з Маркам зарагаталі ўтрапёна. Смяяліся, стоячы ўбаку і абняўшыся, Фаўстына з Анеяй.
— І, па-мойму, няма чаго нам думаць. І, па-мойму, Хрыстос, нам з табою зараз самая справа іх разам прапіць.
— А я? — спытаў Фама.
— Ну і табе трохі дамо, — сказаў Іуда. — Усім трохі дамо. Хіба я кажу, што мы не дамо?
Хрыстос, рагочучы, узяў дзве амаль паўвядзёрныя біклагі і аплеценую лазой суляю. Падаў іх Іуду:
— Тады лупі. — Ён зірнуў на сонца. — Яшчэ паспееш. Гэта сапраўды самы нечаканы канец гісторыі: прапіць разам трыццаць срэбнікаў.
Падхапіўшы біклагі і бутлю, цыбаты Іуда, як жораў, лупянуў па ворыве.
…Вус надзеў на шыю Юрасю сявеньку.
— Ідзі першы, — сказаў ён.
Хрыстос, смеючыся, праводзіў Іуду вачыма. Пасля пераступіў цераз паваленае страхлелае распяцце і стаў на мяжы ворыва.
Прыладзіўся, пайшоў, працуючы адной рукой. Раўнамерна, са свістам, у такт крокам правай нагі, разляталася насенне. І Вус падумаў, што на тым месцы, дзе так працуюць, абавязкова ўзыдзе раўнюткая, сіне-зялёная, а з самага пачатку чырванаватая, рунь.
Хрыстос азірнуўся. За ім ішлі, паловай жураўлінага ключа, астатнія. Фама сеяў дзвюма рукамі і высалапіў Хрысту язык: «Ведай шляхту!»
І тады Хрыстос прымерыўся і таксама пачаў працаваць дзвюма. Шырока, роўна клалася ў раллю зерне.
Іуда ўжо знік. Неапалімыя купіны дрэў стаялі на ўзгорках. Сумавала вакол капліцы шыпшына. А сейбіты падымаліся на вяршыню круглага пагорка, як на вяршыню зямнога шара. І першым ішоў насустрач нізкаму сонцу Хрыстос, мерна размахваючы рукамі. І, гатовае да новага жыцця, падала зерне ў цёплую, мяккую зямлю.
Выйшаў сейбіт сеяць на нівы свая.
7 красавіка 1965 г. — 29 красавіка 1966 г.
Чалябінск (Шагол) — Рагачоў