Страница 25 из 47
Сорамна сказаць, але ў мяне адразу затрэсліся жылкі. «Вось яно, — падумаў я, — зараз пекануць яшчэ раз». Трэба было стрэльнуць проста ў бэз ці нават проста кінуцца бегчы — усё было б разумней таго, што я зрабіў. А я, з вялікага перапуду, павярнуўся і кінуўся бегчы проста на куст, грудзьмі на кулі. І тут я пачуў, што ў хмызах нешта затрашчала, хтосьці кінуўся ўцякаць. Я гнаўся за ім, як шалёны, і толькі здзівіўся, чаму ён не страляе. А ён, відаць, дзейнічаў таксама інстынктыўна: уцякаў ва ўсе лапаткі і так хутка, што храбусценне сціхнула, а я так і не пабачыў яго.
Тады я павярнуўся і пайшоў дадому. Я ішоў і амаль роў ад крыўды. У пакоі я агледзеў рану: глупства, драпіна верхняга плечавога мускула. Але за што? За што? З песні слова не выкінеш, напэўна, пасля ўзрушэння апошніх дзён выявіўся ў мяне агульны заняпад нерваў, але я гадзіны дзве літаральна курчыўся ад жаху на сваім ложку. Ніколі б я не падумаў, што чалавек можа быць такім мізэрным смаўжом. Я ледзь не плакаў.
Прыпомнілася папярэджанне, крокі ў калідоры, жахлівы твар у акне. Блакітная Жанчына, бег па верасовых пустках, гэты стрэл у спіну.
Заб'юць, неадменна заб'юць. Мне здавалася, што цемра глядзіць на мяне нябачнымі вачыма нейкай пачвары, што вось нехта падкрадзецца зараз і схопіць. Сорамна сказаць, але я накінуў коўдру на галаву, каб не схапілі з боку падушкі, як быццам коўдра магла абараніць. І мімаволі невядома адкуль з'явілася подленькая думка: «Трэба ўцякаць. Ім лёгка на мяне пакладацца. Няхай самі разбіраюцца з гэтымі агідамі і з гэтым паляваннем. Звар'яцею, калі яшчэ тыдзень пабуду тут».
Ніякія маральныя крытэрыі не дапамагалі, я калаціўся як асінавы ліст, а калі заснуў, то быў такім выснажаным, быццам век вазіў каменні. Напэўна, калі б прагучалі крокі Малога Чалавека, я б залез у той вечар пад ложак, але таго, на шчасце, не было.
Ранак надаў мне мужнасці, я быў надзіва спакойны.
Я вырашыў у той дзень пайсці да Бермана, тым больш што гаспадыня яшчэ хварэла. За домам стаялі вялізныя, вышэй чалавека, ужо засыхаючыя лопухі. Праз іх я дабраўся да ганка і пастукаў у дзверы. Мне не адказалі, я пацягнуў дзверы на сябе, і яны адчыніліся. Невялічкі перадпакой быў пусты, вісела толькі паліто Бермана. Я кашлянуў. Нешта зашарудзела ў пакоі. Я пастукаў — голас Бермана сказаў перарывіста:
— Х-хто? Заходзь-це.
Я ўвайшоў. Берман прыўзняўся з-за стала, тым самым жэстам захінаючы халат на грудзях. Твар яго аж збялеў.
— Дзень добры, пан Берман.
— С-сядайце, сядайце, калі ласка, — ён замітусіўся так, што мне зрабілася нязручна.
«Чаго прыплёўся да яго? Чалавек любіць самоту. Бач ты, як спалохаўся…»
А Берман ужо адышоў.
— Сядайце, сядайце, шматпаважаны, сядайце, шаноўны пан.
Я паглядзеў на крэсла і пабачыў на ім талерку з нейкай недаедзенай стравай і дэсертную лыжку. Берман хутка схапіў яе.
— Прабачце, вырашыў задаволіць свой, так бы мовіць, апетыт.
— Калі ласка, ешце, — сказаў я.
— Што вы, што вы!… Есці ў прысутнасці гжэчнага пана… Я не магу.
Вусны фарфоравай лялькі прыемна крывіліся.
— Вы не заўважылі, васпан, якое гэта непрыемнае відовішча, калі чалавек харчуецца? О, гэта жахліва! Ён тупа плямкае, чамкае і нагадвае нейкую худобу. Ва ўсіх людзей так выразна праяўляецца падабенства да якога-небудзь звера. Той жарэ, як леў, той чамкае, як, прабачце, тая жывёла, якую пасвіў блудны сын. Не, пане-дабрадзею, я ніколі не ем на людзях.
Я сеў. Пакой быў вельмі сціпла абстаўлены. Жалезны ложак, які нагадваў гільяціну, стол, два крэслы, яшчэ стол, увесь завалены кнігамі і паперамі. Толькі абрус на стале быў незвычайны, вельмі цяжкі, сіні з золатам. Звісаў ён да самай падлогі.
— Што, дзівіцеся? О, васпане, гэта адзінае, што засталося з былых рэчаў.
— Пане Берман…
— Я слухаю вас, пане.
Ён сеў, схіліўшы лялечную галаву, шырока раскрыўшы шэрыя вялізныя вочы і прыўзняўшы бровы.
— Я хачу спытаць у вас, другіх планаў дома няма?
— М-м… не… Ёсць яшчэ адзін, зроблены год трыццаць таму, але там проста сказана, што ён перамаляваны з таго, што я даў вам, і паказаны толькі новыя перагародкі. Вось ён, калі ласка.
Я паглядзеў на план. Берман меў рацыю.
— А скажыце, ці няма якога замаскіраванага памяшкання на другім паверсе, ля пустога пакоя з шафай?
Берман задумаўся.
— Не ведаю, васпане, не ведаю, вашамосць… Недзе там павінен быць сакрэтны асабісты архіў Яноўскіх, але дзе ён — не ведаю. Н-не ведаю…
Пальцы яго так і бегалі па абрусе, выбіваючы нейкі незразумелы марш.
Я падняўся, падзякаваў гаспадару і выйшаў.
«І чаго ён так перапалохаўся? — падумалася мне. — Пальцы бегаюць, твар белы! У, халасцяк чортаў, людзей пачаў баяцца…»
І, аднак, нейкая думка свідравала мой мозг.
«Чаму? Чаму? Не, нешта тут нячыста. І чамусьці круціцца ў галаве слова «рукі». Рукі. Рукі. Пры чым тут рукі? Нешта павінна ў гэтым слове хавацца, калі яно так лезе з падсвядомасці».
Я выходзіў ад яго з цвёрдай думкаю, што тут трэба трымацца пільнасці. Не падабаўся мне гэты лялечны чалавечак, і асабліва пальцы, пальцы, у два разы даўжэйшыя за нармальныя, якія выгіналіся на стале, як змеі.
РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ
Дзень быў шэры і змрочны, такі раўнадушна-шэры, што плакаць хацелася, калі я накіраваўся ў фальварак Жабічы, які належаў Кульшам. Нізкія шэрыя хмары паўзлі над тарфянымі балотамі. Казарменны, нудны ляжаў перада мною далягляд. На роўнай карычневай паверхні раўніны там-сям поўзалі брудныя плямы: пастух пасвіў авечак. Я ішоў краем Волатавай прорвы, і воку літаральна не было на чым адпачыць. Нешта цёмнае ляжала ў траве. Я падышоў бліжэй. Гэта быў вялізны, метры тры ў даўжыню, каменны крыж. Павалілі яго даўно, бо нават яма, у якой ён стаяў, амаль зраўнавалася з зямлёю і зарасла травой. Літары на крыжы былі ледзь бачныя: «Раб божы Раман памёр тут наглай смерцю. Лёзныя людзі, маліцеся за душу яго, каб і за вашу хтось памаліўся, злашча модлы вашы асабліва Богу да душы».
Я доўга стаяў ля яго. Вось, значыцца, месца, дзе загінуў Раман Стары!…
— Пане, пане літасцівы, — пачуў я голас за спіною.
Я павярнуўся. Жанчына ў фантастычных лахманах стаяла за мною і працягвала руку. Маладая, яшчэ даволі прыгожая, яна мела такі абцягнуты жоўтай скурай страшны твар, што я апусціў вочы. На руках яе ляжала дзіця. Я падаў ёй.
— Мо хлеба трошкі будзе ў пана? Я, баюся, не дайду. І Ясік памірае…
— А што з ім?
— Не ведаю, — бязгучна сказала яна.
У маёй кішэні знайшлася цукерка, я даў яе жанчыне.
Але дзіцёнак не еў.
— Што ж мне рабіць з табою, любая?
Селянін на валакушы ехаў дарогаю. Я паклікаў яго, даў яму рубель і папрасіў завезці жанчыну ў Балотныя Яліны, каб яе там накармілі і далі дзе-небудзь адпачыць.
— Дай вам Божа здароўечка, пане, — бязвольна сказала жанчына. — Нам нідзе тут не давалі есці. Пакарай Божа тых, хто зганяе людзей з зямлі.
— А хто сагнаў?
— Пан.
— Які пан?
— Пан Антось. Худы такі…
— А як яго прозвішча, дзе ваша вёска?
— Не ведаю. Тут, за лесам. Добрая вёска. У нас і грошы былі, пяць рублёў. Але сагналі.
І ў вачах яе было здзіўленне перад тымі, хто не ўзяў нават пяці рублёў і сагнаў іх з зямлі.
— А муж дзе?
— Забілі.
— Хто забіў?
— Мы крычалі, плакалі, не хацелі ісці. Язэп таксама крычаў. Пасля стралялі. Ён лёг. А ўночы прыйшло дзікае паляванне і зацягнула ў багну самых большых крыкуноў. Яны зніклі… Больш ніхто не крычаў.
Я паспяшыў адправіць іх, а сам пайшоў далей, не памятаючы сябе ад роспачы. Божа мой, якая цемра! Якая забітасць! Як звараціць гэту гару? У Дубатоўка мы зжэрлі столькі, што хапіла б сорак Ясікаў выратаваць ад смерці. Галоднаму не даюць хлеба, ягоны хлеб аддаюць салдату, які страляе ў яго за тое, што ён галодны. Дзяржаўная мудрасць! І гэтыя няшчасныя маўчаць. За якія грахі караешся ты, мой народ, за што ты мяцешся па ўласнай зямлі, як асенняе лісце? Які забаронены яблык з'еў першы Адам майго племя?