Страница 24 из 47
— Я не хацела, каб вы рызыкавалі жыццём. Вельмі не хацела. Але пасля вашага адказу я думаю пра вас у сто разоў лепш. Толькі вельмі сцеражыцеся, Беларэцкі. Не забывайце нідзе зброі. Я… вельмі рада, што вы не паслухаліся мяне, не вырашылі ехаць. І я згодна з вамі, што людзям трэба дапамагчы. Мая небяспека — глупства, але іншыя людзі — усё. Яны, можа, тут больш вартыя шчасця, чым тыя, на сонечных раўнінах, бо яны больш пакутавалі ў чаканні яго. І я згодна з вамі: ім трэба дапамагчы.
Яна пайшла, а я яшчэ доўга сядзеў і думаў пра яе. Я быў уражаны, сустрэўшы ў гэтым балоце такую высакароднасць і прыгажосць душы.
Вы ведаеце, як падвышае і ўзмацняе чалавека веданне таго, што на яго нехта пакладаецца, як на каменны мур. Але я, відаць, дрэнна ведаў сябе, бо наступная ноч належыць да самых жахлівых і непрыемных успамінаў майго жыцця. Год дзесяць пасля я, прыпамятаўшы яе, мыкаў і стагнаў ад ганьбы, і жонка пыталася ў мяне, што са мною здарылася. І я ніколі, аж па сённяшні дзень, не распавядаў пра гэтую ноч і мае думкі нікому.
Можа, і вам не распавёў бы, але мне ў галаву прыйшла думка, што не так важлівыя ганебныя думкі, як тое, ці здолеў чалавек іх перамагчы, ці не прыходзілі яны да яго пасля. І я вырашыў расказаць вам гэта для навукі.
Перад вечарам да мяне прыйшоў Свеціловіч. У гаспадыні балела галава, і яна яшчэ да яго з'яўлення зачынілася ў пакоі. Мы размаўлялі перад камінам удвух, і я расказаў яму пра здарэнні мінулага вечара. Выраз непаразумення адбіўся на яго твары, і я спытаў, што яго так здзіўляе.
— Нічога, — адказаў мне ён. — Ахмістрыня — гэта глупства. Магчыма, яна проста крадзе ў гаспадыні з яе мізэрных набыткаў, магчыма, яшчэ што. Я даўно ведаю гэту бабу: даволі скупаватая і дурная, як бот. У яе мазгі заплылі тлушчам, і на злачынства яна не здатная, хоць пасачыць за ёй, здаецца, нядрэнна. Блакітная Жанчына таксама лухта. У наступны раз, калі пабачыце яе, стрэльніце ў той бок. Я не баюся зданяў-жанчын. А вось вы лепей адгадайце, чаму я так здзівіўся, пачуўшы пра ўчарашняе дзікае паляванне?І
— Н-не ведаю.
— Ну, а скажыце, ці не было ў вас ніякіх падазрэнняў наконт Вароны? Скажам, так. Варона сватаецца да Яноўскай, атрымлівае гарбуза і пасля, каб адпомсціць, пачынае выкідваць жарцікі з дзікім паляваннем. Вы не чулі пра сватанне? Так, так, яшчэ два гады таму, пры жыцці Рамана, ён прапанаваў гэтаму, тады яшчэ дзіцёнку, руку і сэрца. Таму і на вас злуецца, таму і сваркі шукаў, а калі не атрымалася — вырашыў прыбраць вас з дарогі. Я толькі думаў, што гэта будзе трохі пасля.
Я задумаўся:
— Прызнаюся вам, такія думкі ў мяне былі. Магчыма, я нават даў бы ім волю, каб не ведаў, што Варона ляжыць паранены.
То якраз глупства. Адразу амаль пасля вашага адыходу ён з'явіўся да стала, зялёны і змрочны, але амаль цвярозы. Кровапусканне дапамагло. Ён быў закручаны бінтам, як качан капусты, адзін нос і вочы глядзелі. Дубатоўк яму: «Што, хлопча, сорамна, напіўся, як свіння, мяне на дуэль выклікаў, а нарваўся на чалавека, які табе даў чосу?» Варона паспрабаваў усміхнуцца, але ад слабасці хіснуўся: «Сам бачу, дзядзька, што я дурань. І Беларэцкі так мяне правучыў, што я больш ніколі лезці да людзей не буду». Дубатоўк толькі галавою пахітаў: «Вось што гарэлачка, моц божая, з ёлупамі робіць». А Варона яму: «Я думаю, трэба ў яго прабачэння папрасіць. Нязручна. Усё адно як паклікалі ў госці і спрабавалі высцебаць». Пасля падумаў: «Не, — кажа, — прабачэння прасіць не буду, злуюся трохі. І, урэшце, ён задавальненне атрымаў». І я вам скажу яшчэ, ён сядзеў з намі, а мы пілі да самага світання. Дубатоўк да таго напіўся, што пачаў уяўляць сябе хрысціянскім пакутнікам пры Нероне, і ўсё намагаўся пакласці рукі ў блюда са жжонкай. Гэты твой секундант, боўдур год пад сорак, усё плакаў і крычаў: «Матухна, прыйдзі сюды, пагладзь мяне па галоўцы. Крыўдзяць твайго сына, не даюць яму больш гарэлкі». Чалавекі тры так і заснулі пад сталом. Ніхто з іх не выходзіў ані на хвіліну, так што да дзікага палявання ні Варона, ні Дубатоўк дачынення не маюць.
— А вы што, і Дубатоўка падазравалі?
— А чаму не? — жорстка сказаў Свеціловіч. — Я нікому зараз не давяраю. Справа ідзе пра Надзею Раманаўну. Што ж я Дубатоўка буду адсюль, з падазроных, выключаць? З якой прычыны? Што добры ён? У-га як чалавек прыкінуцца можа! Я і сам… учора нават не падыходзіў да вас пад час дуэлі, каб не падазравалі, калі яны злачынцы. І зараз не буду падыходзіць, не трэба. Я і вас падазраваў: раптам… ды пасля схамянуўся. Вядомы этнограф ідзе ў бандыты! Ха! Так і Дубатоўк мог ягняткам прыкінуцца. А галоўнае, не спадабаўся мне ягоны гэты падарунак, партрэт Рамана Старога. Як быццам назнарок, каб дзяўчыну з каляі выбіць.
— А што, — схамянуўся я, — сапраўды падазрона… Яна зараз нават ля каміна сядзець баіцца.
— То-та ж бо, — прыгнечана сказаў Свеціловіч. — Значыцца, не ён кароль Стах. Падарунак гэты якраз на яго карысць кажа. І ўчарашняя падзея.
— Слухайце, — сказаў я. — А чаму б не дапусціць, што кароль Стах — гэта вы. Вы ж пайшлі ўчора пазней мяне, вы да мяне без усякай падставы раўнуеце. Вы, можа, мне проста вочы замыльваеце, а на самай справе, ледзь толькі я выйшаў, як вы: «На коні, хлопцы!»
Я ні на хвіліну не думаў так, але мне не спадабалася, што даверлівы шчыры хлопец сёння трымае сябе як недаверлівы дзед.
Свеціловіч глядзеў на мяне, як ачмурэлы, лыпнуў разы са два вачыма і раптам зарагатаў, адразу ператварыўшыся зноў у добрага чыстага юнака.
— То-та ж бо, — адказаў я ягоным тонам. — Не плявузгайце на такіх старых, як Дубатоўк, дарэмна. Абразіць чалавека нядоўга.
— Ды я і не думаю зараз на яго, — усё яшчэ рагочучы, адказаў ён. — Я ж вам казаў, яны былі са мною. Калі пачало днець, Вароне зрабілася вельмі дрэнна, пайшла зноў кроў, пачаў трызніць. Паслалі аднаго за дзедам-знахарам, пасля нават урача прывезлі, не паленаваліся ў павет паехаць. Прыехаў ён зусім нядаўна і прыгаварыў Варону да тыдня ў ложку. Сказалі, што атрымалася выпадкова.
— Ну, а хто б яшчэ мог быць?
Мы перабралі ўсё наваколле, але ні на кім не спыніліся. Думалі пра Бермана нават і хоць разумелі, што ён — цялё, вырашылі напісаць ліст да знаёмых Свеціловіча ў губернскі горад і даведацца, як ён там жыў раней і што ён за чалавек. Гэта было патрэбна таму, што ён быў адзіны з людзей яноўскага наваколля, пра якога мы нічога не ведалі. Мы гадалі і так і сяк, але ні да чаго не маглі дадумацца.
— Хто багацейшы ў ваколіцах Балотных Ялін? — спытаў я.
Свеціловіч падумаў:
— Яноўская, здаецца… Хоць багацце яе мёртвае. Пасля ідзе Гаровіч (ён не жыве тут), пасля пан Гарабурда — між іншым, галоўны наследнік Яноўскай у тым выпадку, калі б яна памерла зараз. Пасля ідзе, пэўна, Дубатоўк. Зямлі ў яго мала, гаспадарка і хата, самі бачыце, бедныя, але, відаць, ёсць прыхаваныя грошы, бо ў яго заўсёды ядуць і п'юць госці. Астатнія — дробязь.
— Вы кажаце — Гарабурда наследнік Яноўскай. Чаму ён, а не вы, яе сваяк?
— Я ж вам казаў, бацька сам адмовіўся ад права на спадчыну. Небяспечна, маёнтак не дае даходу, на ім вісяць нейкія вэксалі, як кажуць.
— А вы не думаеце, што Гарабурда…
— Гм. А якая яму выгада злачынствам зарабляць тое, што ўсё адно можа належаць яму. Скажам, Яноўская выйдзе замуж — вэксаль у яго, калі гэта не байка. Ды ён і баягуз, якіх мала.
— Так, — задумаўся я. — Тады пойдзем другім шляхам. І вось якім: трэба даведацца, хто выбавіў у той вечар Рамана з дому. Што мы ведаем? Што дзіцё было ў нейкіх Кульшаў? А можа, Раман зусім не па яго выехаў? Я ж гэта ведаю са слоў Бермана. Буду пытаць у Кульшаў. А вы навядзіце спраўкі пра жыццё Бермана ў губернскім горадзе.
Я праводзіў яго да дарогі і вяртаўся ўжо ў прыцемку алеяю. Брыдка і непрыемна было мне на душы. Алея, уласна, даўно ператварылася ў сцежку і ў адным месцы агінала вялізны, як дрэва, круглы куст бэзу. Мокрыя сэрцападобныя лісты, яшчэ зусім зялёныя, цьмяна блішчалі, з іх падалі празрыстыя кроплі, і куст плакаў.
Я абмінуў яго і адышоў крокаў на дзесяць, калі раптам нешта суха луснула ззаду. Я адчуў пякучы боль у плячы.