Страница 21 из 47
Я спыніўся, каб прыслухацца да таемнага інстынкту. І вось у той момант, калі я спыніўся, нешта прымусіла мяне з грукатам кінуцца сцягном на падлогу.
Стрэл прагучаў проста нада мною, нават валасы на маёй галаве варухнуліся.
А ў мяне яшчэ былі тры кулі. На хвіліну варухнулася дзікая радасць, але я прыпомніў кволую чалавечую шыю і апусціў пулгак.
— Што там такое? — прагучаў голас за дзвярыма. — Страляў хтосьці адзін. Што там, забіла каго, ці што? Страляйце хутчэй, хопіць вам кулагу варыць.
І тады я ўзняў руку з пулгакам, адвёў яе ў бок ад таго месца, дзе быў у момант трэцяга стрэлу Варона, і націснуў спуск. Трэба ж было мне выпусціць хоць адну кулю.
У адказ, зусім нечакана для мяне, раздаўся жаласны стогн і гук ад падзення чалавечага цела.
— Хутчэй сюды! — крыкнуў я. — Хутчэй! Дапамажыце! Я, здаецца, забіў яго.
Жоўтая, асляпляючая паласа святла наўскос упала на падлогу. Калі людзі ўвайшлі ў пакой, я пабачыў Варону, які ляжаў дагары тварам, выцягнуты і нерухомы. Я кінуўся да яго, прыўзняў яго галаву. Рукі мае натрапілі на нешта цёплае і ліпучае. Твар Вароны яшчэ больш пажаўцеў.
Я не вытрымаў больш, я схапіў яго за шчокі, прыпаў тварам:
— Варона! Варона! Прачніся! Прачніся ж!
Дубатоўк, змрочны і суровы, выплыў аднекуль, бы з туману. Ён завіхаўся ля ляжачага, пасля зірнуў мне ў вочы і зарагатаў. Мне здалося, што я звар'яцеў. Я ўстаў і, ашалелы, амаль непрытомны, выцягнуў з кішэні другі пулгак. Мне здавалася вельмі простым узяць яго, паднесці да скроні і…
— Не жадаю, не жадаю я больш!
— Ну чаго ты, хлопча, чаго, любенькі, — пачуў я голас Дубатоўка. — Гэта ж не ты яго абразіў, ён нас з табою хацеў зганьбіць. Нічога, за табою яшчэ два стрэлы. Бач ты, як цябе курчыць! Гэта ўсё з непрывычкі, ад чыстых рук ды сумленнага сэрца. Ну… ну… ты ж не забіў яго, не. Ён толькі аглушаны, як бугай на бойні. Бач, як ты яго лоўка. Адстрэліў кавалак вуха ды яшчэ і на галаве скуру ўспароў. Нічога, паляжыць тыдзень, адлежыцца.
— Не трэба мне вашых двух стрэлаў! Не жадаю! — крычаў я, як дзіцёнак, і ледзь не тупаў нагамі. — Дарую яму гэтыя два стрэлы!
Варону падхапілі мой секундант і яшчэ нейкі шляхціц, у якога ўвесь твар складаўся з вялізнага кірпатага носа і няголенай барады. Яны панеслі яго кудысьці.
— Хай бярэ сабе гэтыя два стрэлы!
Толькі тут я зразумеў, які гэта жах забіць чалавека! Лепей, напэўна, здохнуць самому. І не тое каб я быў такім ужо святым. Зусім іншая справа, калі такое здарыцца ў сутычцы, у бітве, у запале. А тут цёмны пакой і чалавек, які хаваецца ад цябе, як пацук ад факстэр'ера. Я стрэліў з абодвух пулгакаў у сценку ля столі, кінуў іх на зямлю і пайшоў.
Калі я зайшоў у пакой, дзе адбылася свара, Варону паклалі ўжо ў адным з дальніх пакояў пад нагляданнем сваякоў Дубатоўка, а кампанія зноў сядзела за сталом. Я хацеў ісці адразу ж — не пусцілі. Дубатоўк пасадзіў мяне поруч з сабою і сказаў:
— Нічога, хлопча. Гэта ад нерваў у цябе. Ён жывы, будзе здаровы — чаго яшчэ? І ён будзе цяпер ведаць, як насыкацца на сапраўдных людзей. На, выпі… Я скажу табе, што ты сапраўдны чалавек. Так д'ябальскі хітра і так мужна чакаць усіх трох стрэлаў — гэта мала хто мог зрабіць. І гэта добра, што ты высакародны, ты ж мог забіць яго дзвюма астатнімі кулямі — і не зрабіў гэтага. Мая хата зараз да апошняга крыжа ўдзячна табе.
— І ўсё ж гэта дрэнна, — сказаў адзін з шляхцюкоў. — Такая вытрымка, яна не ад чалавека.
Дубатоўк скалануў галавою:
— Сам вінен, свіння. Сам палез, п'яны дурань. Хто б яшчэ падумаў крычаць пра грошы, акрамя яго. Ты ж ведаеш, што ён да яе сватаўся і атрымаў гарбуза. Я ўпэўнены, што пан Андрэй значна больш забяспечаны чалавек, чым Яноўскія. У яго галава, праца і рукі, а ў апошняй жанчыны іхняга роду — маярат, на якім трэба сядзець, як сабаку на сене, здохнуць голадам на скрыні з грашыма.
І звярнуўся да ўсіх:
— Панове, я спадзяюся на гонар усіх нас. Мне здаецца, аб тым, што здарылася, трэба маўчаць. Гэта не робіць гонару Вароне — д'ябал з ім, ён заслугоўвае катаргі, але гэта не робіць гонару і вам, і дзяўчыне, імя якой трапаў на п'яным языку гэты блазнюк… Ну, а мне і пагатоў. Адзіны, хто трымаў сябе як мужчына, гэта Беларэцкі, а ён, як сапраўдны мужчына, сціплы чалавек.
Усе згадзіліся. І госці, відаць, умелі трымаць язык за зубамі, бо па акрузе ніхто і словам не абмовіўся пасля аб гэтым здарэнні.
Калі я ішоў адтуль, Дубатоўк затрымаў мяне на ганку:
— Каня табе даць, Андрусь?
Я ўмею ездзіць, але хацеў прайсціся пехатою і ачуняць пасля ўсяго.
— Ну то глядзі.
Я пайшоў дадому верасоваю пусткаю. Была ўжо глыбокая ноч, месяца не было відаць за хмарамі, але нейкае няпэўнае, хварабліва-шэрае святло залівала пусткі. Часам уздрыгваў пад парывамі ветру сухі верас, часам панавала цішыня. Вялізныя стаячыя каменні трапляліся каля дарогі. Панурая гэта была дарога! Цені разрасталіся, перасякалі яе. Мне трохі хацелася спаць, і я жахнуўся ад адной думкі, што трэба ісці дарогаю, абмінаць парк, крочыць каля Волатавай прорвы. Лепей было зноў пайсці пусткаю і адшукаць патаемны лаз у агароджы.
Я збочыў з дарогі, амаль адразу трапіў у нейкую твань, перапэцкаў боты, пасля выбіўся на сухі верас, пасля зноў трапіў у гразь, упёрся ў доўгае і вузкае балота. Лаючы сябе за тое, што зрабіў вялікі круг, я ўзяў налева, бліжэй да зараснікаў на беразе ракі (я памятаў, што там было суха, і да таго ж рака трохі асушае каля сябе вільготную мясцовасць), выбіўся хутка на тую самую сцежку, па якой ішоў да Дубатоўка, і, апынуўшыся ў палове вярсты ад яго хаты, пайшоў ля зараснікаў у напрамку Балотных Ялін. Парк ужо вымалёўваўся верхавінамі дрэў вярсты за паўтары наперадзе, калі нейкае незразумелае пачуццё спыніла мяне. Ці пачуцці мае, абвостраныя ў гэты вечар гарэлкай і небяспекаю, ці нейкае незразумелае шостае пачуццё выразна сказалі мне, што я не адзін на раўніне. Што было гэта, другое, я не ведаў, але быў упэўнены, што яно яшчэ далёка. Я прыспешыў крокі, хутка абмінуў той язык дрыгвяністага месца, у які ўлез нядаўна і які перагароджваў мне шлях. Атрымалася так, што я стаяў амаль ля зараснікаў, проста перада мною ў вярсце быў парк Балотных Ялін, дрыгвяністая лагчына метраў у дзесяць шырынёй аддзяляла мяне ад таго месца, дзе знаходзіўся сорак хвілін таму, дзе сунуўся ў твань (я згубіў гэтыя хвіліны, каб зрабіць круг). За лагчынаю ляжалі пусткі, роўна асветленыя ўсё тым самым няпэўным святлом, а за імі — дарога. Калі павярнуцца назад, то далёка ў правым баку мігцеў апошні агеньчык у хаце Дубатоўка, мірны і ружовы, а ў левым баку, таксама далёка, за пусткамі віднеліся разложыстыя і агромністыя верхавіны Яноўскай пушчы. Але яна была вельмі-вельмі далёка, на мяжы пустак і балот.
Я стаяў і слухаў, хоць нейкае неспакойнае пачуццё і казала мне, што яно зараз бліжэй. Я ж не мог паверыць у прадчуванні: павінна была быць нейкая рэальная прычына для гэтага душэўнага стану. Я не мог нічога бачыць: лёгкі туман укрываў раўніну. Я нічога не чуў. Што ж гэта магло быць, адкуль гэты сігнал? Я лёг на зямлю, прыціснуў да яе вуха і праз палову хвіліны адчуў нейкае раўнамернае страсенне зямлі. Не скажу, што я вельмі смелы чалавек, інстынкт самазахавання ў мяне, можа, нават больш моцны, ніж у іншых, але я заўжды быў вельмі дапытлівы. Я вырашыў чакаць і хутка быў узнагароджаны.
З боку пушчы па пустках рухалася нейкая цёмная маса, даволі вялікая і рухавая. Я доўгі час не мог здагадацца, што гэта такое. Пасля я пачуў дробны і роўны пошчак капытоў. Шамацеў верас. Пасля ўсё знікла, маса, відаць, спусцілася ў нейкую лагчыну, а калі з'явілася зноў — пошчак змоўк. Яна імчалася бязгучна, быццам плыла ў паветры, рабілася ўсё бліжэй і бліжэй. Пасля зрабілася большай, відаць, звярнула і замест галавы паказала мне бок. Яшчэ хвіліна, і я аж надаўся наперад. У хвалях слабага празрыстага туману ясна вымалёўваліся сілуэты коннікаў, якія імчалі шалёным намётам, аж конскія грывы веялі на ветры. Я пачаў лічыць іх і налічыў дваццаць. Дваццаць першы скакаў наперадзе. Я яшчэ сумняваўся, калі вецер прынёс аднекуль далёкі водгук паляўнічага рога. Халодны сухі мароз прайшоў па маёй спіне.