Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 20 из 47



Хтосьці прыўзняў галаву ад стала і праспяваў свой варыянт апошняга радка:

Усе зарагаталі.

Між тым Дубатоўк пакруціў галавою, як быццам адганяючы ачмурэнне, устаў і агаласіў:

— Я нарэшце знайшоў сярод маладых сапраўднага шляхціца. Ён піў сёння больш за мяне, я адурэў, а ён свежы, як хмыз пад дажджом. Вы ўсе тут не вытрымалі б і паловы гэтага. Дзевяць з вас ляжалі б без ног, а адзін мыкаў. Гэта мужчына! Гэта чалавек! Яго, і толькі яго, я з задавальненнем узяў бы ў сябры юнацтва.

Усе пачалі крычаць «славу». Толькі адзін Варона глядзеў на мяне змрочна і з'едліва. Пілі за маё здароўе, за шляхту — соль зямлі, за маю будучую жонку.

Калі захапленне трошкі прыціхла, Дубатоўк паглядзеў мне ў вочы і давяральна спытаў:

— Ажэнішся?

Я няпэўна хітнуў галавою, хоць добра разумеў, пра што ён пытае. Ён, відаць, быў упэўнены ў гэтым, а мне не хацелася яго пераконваць у адваротным. Старому я спадабаўся, ён быў падпіты зараз і мог вельмі пакрыўдзіцца, калі б я шчыра сказаў яму, што я ніколі пра гэта не думаў і думаць не хачу.

— Яна прыгожая, — замест адказу сцвердзіў Дубатоўк і ўздыхнуў, адводзячы ўбок вочы.

— Хто? — спытаў я.

— Мая падапечная.

Справа зайшла занадта далёка, і больш круціць нельга было, атрымалася б, што я скампраметаваў дзяўчыну.

— Я не думаў пра гэта, — сказаў я. — А каб нават і думаў, дык гэта справа не мая. Спыталі б перш за ўсё ў яе.

— Унікаеш сур'ёзнага адказу, — раптам з'едліва працадзіў Варона (я не чакаў, што ён можа чуць нашу ціхую размову). — Не хочаш проста і шчыра сказаць сур'ёзным людзям, што гонішся за грашыма, за радавітай жонкаю.

Я збялеў. Імкнучыся трымацца спакойна, адказаў:

— Я не збіраюся жаніцца. І наогул лічу, што размова пра дзяўчыну ў халастой падпітай кампаніі — не пасуе сапраўднаму чалавеку. Заціхніце, пан Варона, не прыцягвайце ўвагі п'яных да бязвіннай дзяўчыны, не псуйце яе рэпутацыі, і я, хоць гэта жахлівая абраза, дарую вам яе.

— Хо! — сказаў Варона. — Ён мне даруе. Гэты кот, гэтае хамуйла.

— Замаўчыце! — крыкнуў я. — Як вы абражаеце яе адным з гэтых слоў, падумайце?!

— Панове! Панове! — супакойваў нас Дубатоўк. — Варона, ты п'яны.

— Думайце самі. Я спусціў вам аднойчы вашу правіну, я не буду гэтага рабіць больш, — прашыпеў Варона.

— Мярзотнік! — гаркнуў я, шалеючы.

— Гэта я?

— Так, вы! — крыкнуў я так страшна, што нават той, хто спаў, узняў галаву ад стала. — Я прымушу вас замазаць глотку.

Сталовы нож прасвісцеў у паветры і плазам стукнуўся мне ў грудзі. Я ўскочыў з месца, схапіў Варону за грудзі і трахануў. У той самы час Дубатоўк схапіў нас за плечы і расцягнуў, моўчкі штурхнуўшы Варону ў грудзі.

— Саромся, Алесь! — загрымеў ён. — Ты шчанюк… Зараз жа мірыся.

— Не, чакай, Дубатоўк. Справа сур'ёзная. Позна. Закрануты мой гонар, — рыкаў Варона.

— І мой гонар, як гаспадара. Хто цяпер прыедзе да мяне ў госці? Усе скажуць, што ў мяне можна нарвацца на такое, — гудзеў Дубатоўк.

— Пляваць, — выкрыкнуў, ашчэрыўшыся, Варона.

Дубатоўк моўчкі даў яму поўху.



— Цяпер ты будзеш перш за ўсё біцца на шаблях, са мною, бо ён толькі ўзяў цябе за грудзі, — прасіпеў ён такім голасам, што многія здрыгануліся. — Я зраблю так, што мой госць пойдзе адсюль жывы і здаровы.

— Памыляешся, — амаль спакойна сказаў Варона. — Хто першы абразіў, той першы і ў чарзе. А пасля ўжо справа будзе і з табою, хоць і забі мяне.

— Алесь, — амаль благаў Дубатоўк. — Не рабі ганьбы маёй хаце.

— Ён будзе біцца са мною, — цвёрда сказаў Варона.

— Ну і добра, — нечакана згадзіўся гаспадар. — Нічога, пан Беларэцкі. Будзьце мужнымі. Гэты свінтух зараз такі п'яны, што не зможа трымаць пулгака. Я, бадай што, стану поруч з вамі, гэта будзе самае небяспечнае ад куль месца на ўсім месцы дуэлі.

— Што вы, пане Рыгор… — я паклаў далонь яму на члячо. — Не трэба. Я не баюся. Будзьце мужнымі і вы.

Варона ўтаропіў на мяне свае чорныя мёртвыя вочы:

— Я яшчэ не скончыў. Страляцца будзем не ў садзе, іначай гэты фацэт уцячэ. І не заўтра, іначай ён ад'едзе адсюль. Страляцца будзем тут, зараз, у пустым пакоі ля імшаніка. І кожнаму па тры кулі. У цемры.

Дубатоўк зрабіў пратэстуючы жэст, але ў маю душу ўжо закралася халодная вар'яцкая ярасць. Мне было ўсё адно, я ненавідзеў гэтага чалавека, забыў Яноўскую, працу, сябе.

— Я падпарадкоўваюся вашаму жаданню, — з'едліва сказаў я. — А вы скарыстаеце цемру, каб уцячы ад мяне? Зрэшты, як хочаце.

— Ільвяня! — пачуў я перарывісты голас Дубатоўка.

Я глянуў на яго і ўразіўся. На старога шкада было глядзець. Твар яго перакрывіўся, у вочках была нялюдская туга і сорам, такі сорам, такі сорам, хоць лусні… Ён ледзь-ледзь не плакаў, і на канцы носа вісела нейкая падазроная кропля. Ён нават у вочы мне не зірнуў, павярнуўся і махнуў рукою.

Імшанік прылягаў да дома, вялізнае памяшканне з сівым мохам у пазах сценак. Павуцінне, як раскручаныя сувоі палатна, вісела з саламянай страхі і хіталася ад крокаў. Два шляхціцы неслі свечкі і праводзілі нас у пакой ля імшаніка, зусім пусты, з шэрай бруднай атынкоўкай і без акон. Тут пахла мышамі і брыдотай запусцення.

Калі сказаць сумленна, я баяўся, і вельмі баяўся. Пачуцці мае былі падобнымі да пачуццяў быка на бойні або чалавека, які сядзіць у дантыста. І кепска, і брыдка, але ўцякаць нельга.

«Ну што будзе, як ён вось зараз возьме і стрэльне і трапіць мне ў жывот? Ах, гэта жахліва! Уцячы б куды».

Мне чамусьці асабліва жахлівай здавалася рана ў жывот. А я яшчэ толькі што пад'еў.

Я ледзь не замычаў ад тугі і агіды. Але своечасова схамянуўся і паглядзеў на Варону. Ён стаяў з секундантамі ля процілеглай сцяны, заклаўшы левую руку ў кішэнь чорнага фрака, а ў правай, апушчанай уніз, трымаў дуэльны пулгак. Два другія яму заклалі ў кішэні. Яго жоўты, сухі і нейкі грэблівы твар быў спакойны. Не ведаю, ці мог я сказаць тое самае пра свой твар.

Два мае секунданты (адзін з іх быў Дубатоўк) далі і мне пулгак, два другія пулгакі паклалі ў кішэні — я нічога не заўважаў, я глядзеў на твар чалавека, якога я павінен забіць, бо іначай ён заб'е мяне. Я глядзеў на яго з нейкай прагнасцю, як быццам жадаючы зразумець, за што ён заб'е мяне, за што ён мяне ненавідзіць.

«За што я яго заб'ю? — падумаў я, як быццам толькі я стаяў тут з пулгакам у руцэ. — Не, яго нельга забіваць. І нават не ў тым, не ў тым справа, а вось гэта тонкая, такая слабая чалавечая шыя, якую так лёгка перарваць». Я не хацеў паміраць таксама, я вырашыў выкручвацца, дабіцца таго, каб Варона стрэліў тры разы, і тым скончыць дуэль.

Секунданты выйшлі і пакінулі нас двух у пакоі. Пасля дзверы зачыніліся. Мы апынуліся ў поўнай цемры. Хутка прагучаў голас аднаго з секундантаў Вароны:

— Пачынайце.

Я зрабіў левай нагою два «крокі» ўбок і пасля асцярожна паставіў яе на ранейшае месца. Дзіўна, але ўсялякае хваляванне знікла, я дзейнічаў як аўтамат, але так разумна і хутка, як ніколі не здолеў бы зрабіць гэта пад кантролем мозгу. Не слыхам, а хутчэй скурай я адчуваў прысутнасць Вароны ў пакоі, там, ля другой сцяны.

Мы маўчалі. Зараз справа залежала шмат у чым ад таго, хто будзе больш вытрыманы. Палец мой так і імкнуўся хутчэй націснуць спуск.

Успышка азарыла пакой. Не вытрымаў Варона. Куля візганула недзе ў левым баку ад мяне, цокнулася ў сцяну. Я мог бы стрэліць у той момант так верна, як пры дзённым святле. Але я не стрэліў, толькі памацаў рукою тое месца, куды яна ўдарыла. А потым застаўся на тым самым месцы.

Варона, відаць, не мог нават і падумаць, што я другі раз ужыў той самы прыём. Я чуў яго ўсхваляванае сіплае дыханне.

Другі стрэл пулгака Вароны аддаўся ў пакоі. І зноў я не страляў. Але стаяць больш на месцы не было маіх сіл, тым больш што я чуў: Варона пачаў красціся ля сцяны, а пасля, здаецца, у мой бок.

Нервы мае не вытрымалі, я асцярожна пачаў кудысьці ісці. А цемра глядзела на мяне тысячамі пісталетных дулаў. Дула магло быць у любой кропцы, я мог налезці на яго проста жыватом, тым больш што згубіў ворага і нават не мог сказаць, дзе дзверы ў пакоі і дзе якая сцяна.