Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 43 из 44



— Мы ўжо гэта заўважылi, — кiсла прамовiў Снаўт. — Новыя i звышновыя… хiба гэта, па-твойму, свечкi на алтары?

— Калi ты хочаш усё, што я кажу, трактаваць так даслоўна…

— А мо менавiта Салярыс з’яўляецца калыскай твайго боскага немаўляцi, заўважыў Снаўт. Ад усмешкi вакол яго вачэй з’явiлiся тонкiя зморшчынкi. — Мо менавiта ён у тваiм разуменнi першааснова, зародыш Бога роспачнага, мо жыццёвая сiла яго маленства пакуль пераўзыходзiць яго розум, а ўсё тое, што знаходзiцца ў нашых салярыстычных бiблiятэках, проста доўгi пералiк яго немаўляцкiх рэфлексаў…

— А мы нейкi час былi яго цацкамi, — закончыў я. — Так, мажлiва. I ведаеш, што табе ўдалося? Стварыць абсалютна новую гiпотэзу на тэму планеты Салярыс, а гэта сапраўды няпроста! Вось i тлумачэнне, чаму немагчыма ўстанавiць Кантакт, чаму няма адказу, адкуль узнiкаюць некаторыя — скажам так — экстравагантнасцi ў стасунках з намi. Псiхiка маленькага дзiцяцi…

— Я адмаўляюся ад аўтарства, — прамармытаў Снаўт, спыняючыся ля iлюмiнатара.

Мы доўга пазiралi на чорныя хвалi. На ўсходнiм баку гарызонту з туману выступала бледная прадаўгаватая пляма.

— Адкуль у цябе з’явiлася iдэя недасканалага Бога? — раптам спытаўся Снаўт, не адводзячы позiрку ад залiтай святлом пустынi.

— Не ведаю. Яна мне здалася вельмi, вельмi праўдзiвай. Разумееш? Гэта адзiны Бог, якому я мог бы паверыць. Яго пакуты — не адкупленне, яны нiкога не забаўляюць, нiчому не служаць, яны проста iснуюць.

— Мiмоiд… — прамовiў зусiм цiха, змененым голасам Снаўт.

— Што ты сказаў? Ага, праўда. Я заўважыў яго яшчэ раней. Вельмi старажытны.

Мы абодва ўзiралiся ў гарызонт, ахутаны рыжаватым туманам.

— Я палячу, — нечакана сказаў я. — Тым больш што я яшчэ нi разу не пакiдаў Станцыi, а тут добрая аказiя. Я вярнуся праз паўгадзiны…

— Што? — Снаўт шырока расплюшчыў вочы. — Ты паляцiш? Куды?

— Туды, — я паказаў на ледзь прыкметную ў тумане светлую плямку. — А што? Я вазьму маленькi гелiкаптэр. Было б смешна, калi б — на Зямлi — мне давялося калi-небудзь прызнацца, што я салярыст, якi нi разу нават нагi не паставiў на салярысны грунт…

Я падышоў да шафы i пачаў выбiраць камбiнезон. Снаўт моўчкi назiраў за мной, а пасля сказаў:



— Не падабаецца мне гэта.

— Што? — павярнуўся я з камбiнезонам у руках. Мяне ахапiла даўно забытая ўзбуджанасць. — Што ты хочаш? Давай, кажы! Баiшся, каб я… Нонсенс! Слова гонару. Я нават не падумаў пра гэта. Не, праўда, не.

— Я палячу з табой.

— Дзякую, але я хачу ляцець адзiн. Гэта ж нешта новае, нешта зусiм новае, — прамовiў я хуценька, нацягваючы камбiнезон.

Снаўт казаў яшчэ нешта, але я не надта яго слухаў, шукаючы патрэбныя рэчы.

Ён пайшоў за мной на ўзлётную пляцоўку, дапамог выкацiць машыну з бокса на сярэдзiну пускавога стала. Калi я нацягваў скафандр, Снаўт нечакана спытаўся:

— Ты не адмаўляешся ад сваiх слоў?

— Божухна, Снаўт, ты зноў? Не, не адмаўляюся. Я ж абяцаў табе. Дзе запасныя балоны?

Больш нiчога Снаўт не казаў. Я закрыў празрысты купал i даў знак рукой. Ён уключыў пад’ёмнiк, я паволi выехаў на верх Станцыi. Матор збудзiўся, працяжна зашумеў, вiнт закруцiўся, i апарат надзiва лёгка ўзняўся ўгору, пакiнуўшы пад сабой серабрысты дыск Станцыi, якi ўсё змяншаўся i змяншаўся.

Упершыню я быў над Акiянам адзiн; уражанне зусiм iншае, чым з iлюмiнатара. Магчыма, гэта залежала ад вышынi палёту — я слiзгаў усяго за некалькi дзесяткаў метраў ад паверхнi. Толькi зараз я не проста ведаў, а адчуваў, што тлустыя гарбы i нiзiны, якiя пачаргова тасавалiся, рухалiся не як марскi прылiў альбо хмара, а як жывёлiна. Несупынна, хоць i вельмi марудна, як сутаргi мускулiстага тулава. Паварочваючыся, грэбень кожнай хвалi палаў чырвонай пенай. Калi я выканаў паварот, каб iсцi дакладна па курсе надзвычай марудна дрэйфуючага мiмоiда, сонца ўдарыла мне проста ў вочы, крывавыя водблiскi заiскрылiся ў выпуклым шкле, а сам Акiян стаў чарнiльна-сiнiм з плямамi цёмнага агню.

Я не надта ўдала зрабiў круг i вылецеў далёка на падветраны бок, а мiмоiд застаўся ззаду, яго недасканалыя абрысы шырокай светлай плямай вылучалiся ў Акiяне. Ён быў ужо не ружовы, ён жаўцеў, як высахлая костка, на iмгненне я страцiў яго з вачэй, замест яго ўдалечынi з’явiлася Станцыя, якая вiсела проста над Акiянам, як вялiзны старажытны дырыжабль. Я паўтарыў манеўр, сканцэнтраваў усю сваю ўвагу: проста па курсе вырастаў увесь масiў мiмоiда са сваiм дзiўным крутым рэльефам. Здавалася, я вось-вось зачаплюся за сама высокi з яго клубнепадобных выступаў, я так рэзка набраў вышыню, што гелiкаптэр, губляючы хуткасць, захiстаўся. Засцярога была лiшняя: акруглыя вяршынi дзiўных вежаў праплылi далёка ўнiзе. Я выраўнаваў машыну i пачаў паволi, метр за метрам збаўляць вышыню. Нарэшце ламаныя вяршынi замiльгалi над кабiнай. Мiмоiд быў невялiкi. Ён меў не больш за тры чвэрцi мiлi ў даўжыню, а шырыня яго была ўсяго паўмiлi. У асобных месцах мiмоiд звузiўся: неўзабаве там мусiў адбыцца разлом. Вiдаць, гэта быў асколак значна буйнейшага ўтварэння. Па салярысных маштабах ён уяўляў толькi дробны абломак, рэшткi, што налiчвалi Бог ведае колькi тыдняў i месяцаў.

Памiж узвышэннямi, падобнымi на пражылкi, я адкрыў штосьцi накшталт берага, некалькi дзесяткаў квадратных метраў досыць спадзiстай, але амаль што пляскатай паверхнi, i спiкiраваў машыну туды. Пасадка была цяжэйшая, чым я ўяўляў, я ледзь не зачапiўся вiнтом за выраслую проста на вачах сцяну, але ўсё скончылася без прыгод. Я адразу ж выключыў матор i адкiнуў века купала. Стоячы на крыле, я праверыў, цi не пагражае гелiкаптэру небяспека спаўзцi ў Акiян; хвалi лiзалi зубчасты край берага за некалькi крокаў ад месца пасадкi, але гелiкаптэр упэўнена стаяў на шырока расстаўленых палазах. Я саскочыў на… «зямлю». Тое, што напачатку я палiчыў сцяной, за якую ледзь не зачапiўся, было вялiзнай, дзiравай, як рэшата, тонкай, як плёнка, касцяной плiтой, што тырчком стаяла i прарасла патаўшчэннямi накшталт маленькiх галерэй. Шчылiна шырынёй некалысi метраў наўскасяк падзяляла ўсю гэтую шматпавярховую плоскасць i выяўляла перспектыву глыбiнi. Тая ж перспектыва была вiдаць праз вялiкiя, раскiданыя абы-як адтулiны. Я залез на блiжнi выступ сцяны i адзначыў, што падэшвы скафандра незвычайна ўстойлiвыя, а сам скафандр зусiм не перашкаджае рухацца. Апынуўшыся на вышынi пяцi паверхаў над Акiянам, я павярнуўся тварам да шкiлетападобнага пейзажу i толькi зараз здолеў як след разгледзець яго.

Мiмоiд дзiўным чынам нагадваў старадаўнi напаўразбураны горад, нейкае экзатычнае мараканскае паселiшча, якое шмат стагоддзяў таму было зруйнавана землятрусам цi нейкiм iншым катаклiзмам. Я выразна бачыў пакручастыя, напалову засыпаныя i забарыкадаваныя руiнамi вулiчкi, якiя крута спускалiся да берага, каля якога булькала пенiстая мазь, вышэй уздымалiся ацалелыя зубцы сцен, бастыёны, iх акруглыя асновы, а ў выпуклых i з упадзiнамi сценах чарнелi адтулiны, падобныя на разбураныя вокны або крапасныя байнiцы. Увесь гэты горад-выспа, цяжка нахiлены набок, як напаўзатоплены карабель, бязмэтна, неўсвядомлена сунуўся наперад, марудна паварочваўся, ценi лянiва поўзалi па завулках руiн, часам праз iх прабiваўся сонечны прамень, падаючы на тое месца, дзе я стаяў. З вялiкай рызыкай я залез яшчэ вышэй, з выступаў над маёй галавой пасыпалася дробнае смецце. Падаючы, яно клубамi пылу запоўнiла пакручастыя вулiчкi i цяснiны. Вядома, мiмоiд не скала, падабенства з вапняком знiкае, калi возьмеш у руку асколак: ён значна лягчэйшы за пемзу, у яго дробнаячэiстая будова; таму ён нязвыкла паветраны.

Я ўзняўся ўжо так высока, што пачаў адчуваць рух мiмоiда: пад ударамi чорных мускулаў Акiяна ён не толькi плыў наперад невядома адкуль i невядома куды, але i нахiляўся то ў адзiн, то ў другi бок, вельмi няспешна, кожнае такое ваганне суправаджалася працяглым цмоканнем бурай i жоўтай пены, што сцякала з аголенага боку. Гэты хiстальны рух быў нададзены мiмоiду вельмi даўно, вiдаць, яшчэ над час яго народзiн, ён захаваў яго дзякуючы сваёй вялiзнай масе. Агледзеўшы з вышынi ўсё, што можна, я асцярожна спусцiўся ўнiз i толькi тады, як нi дзiўна, зразумеў, што мiмоiд мяне абсалютна не цiкавiць i што я прыляцеў сюды, каб сустрэцца не з iм, а з Акiянам.