Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 10 из 44



Я з усёй сiлы хацеў закрануць яго самалюбства i таму дадаў са злосцю:

— I вы самi гэта добра разумееце!

— Калi вы не возьмеце свае словы назад i не папросiце прабачэння, у чарговай радыёграме я падам на вас скаргу, Кельвiн!

— За што прасiць у вас прабачэння? За тое, што, замест таго каб прыняць мяне i шчыра расказаць пра ўсё, што тут адбываецца, вы замыкаецеся i ладуеце барыкады ў лабараторыi?! Вы што, з глузду з’ехалi?! Хто вы? Вучоны альбо нiкчэмны баязлiвец?! Хто? Адказвайце!

Не помню, што яшчэ я крычаў, але ён нават не здрыгануўся. Па яго бледнай порыстай скуры кацiлiся буйныя кроплi поту. Раптам я зразумеў: ён наогул мяне не слухае! З усяе сiлы ён абедзвюма рукамi за спiнай стараўся трымаць дзверы, якiя ледзь прыкметна дрыжалi — на iх нацiскалi з другога боку.

— Прашу… вас… адысцiся… — прастагнаў ён раптам дзiўным пiсклявым голасам. — Прашу вас… Хрыстом Богам прашу… iдзiце… iдзiце ўнiз… я прыйду, прыйду i зраблю ўсё, што вы захочаце, толькi iдзiце!!!

У яго голасе было столькi пакуты, што я мiжволi падняў руку, каб дапамагчы яму ўтрымаць дзверы, бо гэта было для яго найважнейшым. Але тады ён нема закрычаў, нiбыта я замахнуўся на яго нажом. Я пачаў адступацца, а ён усё крычаў фальцэтам: «Iдзi! Iдзi!» — i пасля: «Я хутка вярнуся! Хутка вярнуся! Ужо вяртаюся!!! Не! Не!!!»

Ён прачынiў дзверы i кiнуўся ў лабараторыю. Мне здалося, што на ўзроўнi яго грудзей мiльганула нешта залацiстае, нейкi блiскучы дыск, з лабараторыi чуўся глухi шум. Штора адляцела ўбок, высокi цень мiльгануў на шкляным экране, штора вярнулася на ранейшае месца, i больш нiчога не было вiдаць. Што там адбываецца?! Затупалi ногi, зазвiнела разбiтае шкло, шалёная беганiна спынiлася, i я пачуў гучны дзiцячы смех…

Мае ногi трымцелi; я круцiў галавой ва ўсе бакi. Усё сцiхла. Я ўсеўся на нiзкi пластыкавы падаконнiк. Сядзеў хвiлiн пятнаццаць. Не ведаю, цi я чакаў каго, цi проста ад хвалявання не хацелася нават уставаць. Галава мая аж трашчала. Дзесьцi ўгары нешта працяжна заскрыгатала, i адначасова стала святлей.

З майго месца была вiдаць толькi частка калiдора, якi iшоў вакол лабараторыi. Лабараторыя знаходзiлася на сама верхнiм ярусе Станцыi, проста пад абшыўкай, таму сцены калiдора былi ўвагнутыя i нахiльныя, iлюмiнатары, размешчаныя праз некалькi метраў адзiн ад аднаго, нагадвалi амбразуры; вонкавыя засланкi на iх у гэты час падымалiся. Блакiтны дзень заканчваўся. Праз тоўстае шкло выбухнула слiпучае ззянне. Кожная нiкеляваная рэйка, кожная клямка запалымнелi, як малыя сонцы. Дзверы ў лабараторыю — гэта вялiзная плiта з непалiраванага шкла — успыхнула блакiтным полымем. Я зiрнуў на свае рукi, складзеныя на каленях, — у прывiдным святле яны здавалiся шэрымi. У правай трымаў газавы пiсталет, я нават не ведаў, калi i як выцягнуў яго з кабуры. Я паклаў яго на месца. Было зразумела, што мне не дапаможа нават атамны выкiдальнiк прамянёў, ды i навошта ён? Развалiць дзверы? Уварвацца ў лабараторыю?

Я ўстаў. Сонечны дыск падаў у Акiян i нагадваў вадародны выбух. Гарызантальны пук прамянёў, амаль матэрыяльных, дакрануўся да маёй шчакi (я ўжо сыходзiў па прыступках) i абпалiў як расплаўленым металам.

На палове сходаў я перадумаў i вярнуўся назад. Абышоў вакол лабараторыi. Як я ўжо казаў, калiдор агiнаў яе; крокаў праз сто я апынуўся па той бок, насупраць такiх жа шкляных дзвярэй. Адчынiць iх я нават не спрабаваў, добра ведаючы, што яны замкнутыя.

Я шукаў акенца альбо хоць якую-небудзь шчылiну ў пластмасавай сцяне; я не лiчыў некарэктным падглядваць за Сарторыусам. Мне надакучылi здагадкi, я хацеў ведаць праўду, хоць нават не ўяўляў, цi здолею яе зразумець.

Я ўспомнiў, што святло ў лабараторыю трапляе праз iлюмiнатары ў столi, гэта значыць у верхняй абшыўцы, i калi я выберуся вонкi, то, мажлiва, здолею зазiрнуць унiз. Для гэтага трэба было спусцiцца, каб захапiць скафандр i кiслародны апарат. Спынiўшыся ля трапа, я разважаў, цi варта аўчынка выдзелкi. Зусiм верагодна, што ў верхнiх iлюмiнатарах шкло матавае. Але што яшчэ прыдумаць? Я спусцiўся на сярэднi ярус. Трэба было прайсцi мiма радыёстанцыi. Яе дзверы былi шырока адчынены. Снаўт сядзеў у крэсле ў той жа позе, у якой я яго пакiнуў. Спаў. Ад маiх крокаў ён здрыгануўся i расплюшчыў вочы.

— Алё, Кельвiн! — азваўся ён хрыпла.

Я прамаўчаў.



— Ну што, ты даведаўся што-небудзь? — спытаўся Снаўт.

— Бадай што так, — адказаў я. — Ён не адзiн.

Снаўт скрывiўся:

— Вось бачыш. Гэта ўжо нешта значыць. Дык у яго нехта ў гасцях?

— Не разумею, чаму вы не хочаце растлумачыць, што гэта такое, — зазначыў я знарочыста абыякава. — Бо калi я застаюся тут, то рана цi позна пра ўсё даведаюся. Навошта такая таямнiчасць?

— Зразумееш, калi да цябе самога з’явяцца госцi, — сказаў Снаўт.

Мне падалося, што ён некага чакае i не вельмi хоча размаўляць.

— Куды ты iдзеш? — спытаўся ён, калi я павярнуўся.

Я не адказаў.

Зала касмадрома мела такi самы выгляд, як i перад маiм адыходам. На ўзвышэннi стаяла мая, падобная на трэснуты кокан, абсмаленая капсула. Я падышоў да вешалак са скафандрамi, але раптам мне расхацелася выпраўляцца ў падарожжа. Я павярнуўся на месцы i спусцiўся па вiнтавым трапе ў памяшканне склада. Вузкi калiдор быў забiты балонамi i штабялямi скрынак. Металiчныя сцены адлiвалi сiняватым святлом. Праз некалькi дзесяткаў крокаў пад скляпеннямi з’явiлiся белыя ад шэранi трубы халадзiльнай устаноўкi. Я пайшоў паўз iх. Праз муфту, схаваную ў тоўстай пластыкавай манжэце, трубы ўваходзiлi ў шчыльна зачыненае памяшканне. Калi я адчынiў цяжкiя, на таўшчыню дзвюх далоняў, дзверы, абабiтыя па краях гумай, мяне да касцей працяў пякучы мароз. Я сцепануўся. Са спляцення пакрытых шэранем змеевiкоў звiсалi ледзяшы. I тут стаялi пакрытыя снегам скрынi i кантэйнеры, палiцы ля сцен былi застаўлены бляшанкамi i жаўтлявымi глыбамi нейкага тлушчу ў празрыстым пластыку. Углыбiнi паўкруглая столь знiжалася. Там вiсела шчыльная, iскрыстая ад лёдавых iголак штора. Я адхiлiў яе. На стале з алюмiнiевых крат ляжала нешта вялiкае, даўгаватае, накрытае шэрай тканiнай. Падняўшы яе, я ўбачыў застылы твар Гiбарыяна. Чорныя валасы з сiвой пасмай на лбе былi гладка зачасаныя. Кадык тырчаў, i здавалася, што шыя ў яго зламаная. Глыбокiя вочы скiраваны на столь, у куточку застыла мутная кропля лёду. Мне было так холадна, што я з цяжкасцю стрымлiваў дрыжыкi. Не выпускаючы з рукi тканiну, другой рукой я дакрануўся да шчакi Гiбарыяна. Адчуванне было такое, нiбыта я дакрануўся да прамёрзлай драўнiны. Калючая чорная шчэць. У складках губ застыў выраз бязмежнага, пагардлiвага цярпення. Апускаючы край тканiны, я заўважыў, што з другога боку трупа з-пад складак вiдаць некалькi чорных даўгаватых пацерак або фасолiн, дробных i буйных. Я здранцвеў.

Гэта былi пальцы голых ног, бачныя з боку падэшвы, выпуклыя падушачкi вялiкiх пальцаў крыху растапыраны. Пад змятай тканiнай распласталася мурынка.

Яна ляжала тварам унiз i, здавалася, спала. Паступова, дзюйм за дзюймам, я сцягваў грубую тканiну. Галава, уся ў сiнявата-чорных дробных завiтках, ляжала на выгiбе такой жа чорнай масiўнай рукi. На блiскучай скуры спiны выступалi пазванкi. Масiўнае цела было абсалютна нерухомае. Я яшчэ раз зiрнуў на яе падэшвы, мяне ўразiла дзiўная дэталь: яны не былi дэфармаваны, не сцерлiся i нават не загрубелi ад хадзьбы басанож — скура была такая самая, як на спiне i руках.

Каб пераканацца ў гэтым, я дакрануўся да мурынкi. Мне было цяжэй дакрануцца да яе, чым да трупа. I тут адбылося штосьцi неверагоднае: цела, якое ляжала на дваццацiградусным марозе, зашавялiлася. Мурынка падцягнула нагу, як робiць гэта сабака, якi спiць, калi яго ўзяць за лапу.

Тут яна замерзне, падумаў я. Зрэшты, яе цела было мяккае i не надта халоднае. Я адступiўся, апусцiў штору i выйшаў у калiдор. Мне здалося, што ў iм страшна горача. Трап вывеў мяне ў залу касмадрома. Усеўшыся на згорнуты ў рулон парашут, я абхапiў галаву рукамi. Я быў як пабiты. Не ведаў, што са мной адбываецца. Я быў прыгнечаны, думкi лавiнай кацiлiся ў прорву — страта прытомнасцi была б зараз неверагоднай ласкай.