Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 24 из 33



Насілу Віктар выцягнуў з дупла соты. Але здабыча была вельмі малая: усё чарва.

— Ды гэтага і чакаць трэба было, — сказаў Мірон. — Новага мёду не маглі яшчэ назбіраць. Засталіся толькі леташнія рэшткі.

— Дзякуй і за гэта. Шклянка добрая набярэцца, — казаў Віктар, аблізваючы пальцы.

— Цяпер мы жывём! — разважаў Мірон, калі ішлі назад. — Калі ўзяць, напрыклад, ды змяшаць з мёдам ліпавае лісце, дык будзе такая страва, ад якой ніхто і дома не адмовіўся б. Пасля мяса гэта будзе вельмі дарэчы.

— Пачакай цешыцца, — усміхнуўся Віктар. — Можа, звар'яцееш яшчэ.

— Чаму так? — прыпыніўся Мірон.

— Забыўся? А можа, гэта мёд з той цудоўнай азаліі?

— Ну, не. Столькі не набяруць.

— Калі не зусім, дык крыху ашалееш.

З гэткімі гутаркамі яны весела ішлі дадому і не думалі пра тое, што іх там магло чакаць.

А калі прыйшлі, то ўбачылі такую карціну, ад якой аж уваччу пацямнела: абгрызеныя косці, разбураны хлеў і сляды звяроў…

У Мірона ледзь гаршчок не вываліўся з рук, а Віктар забегаў і закрычаў, нібы хто яго ўкусіў.

— Ах, праклятыя! Хто гэта? Як гэта здарылася?!

— Мы забыліся, што апрача нас у лесе яшчэ ёсць насельнікі: лісы, ваўкі, дзікі, — панура сказаў Мірон. — Вось хто-небудзь з іх і паквапіўся.

Віктар пачаў прыглядацца да слядоў.

— Ды тут іх шмат было! — сказаў ён. — Вось сляды нібы ваўка, вось — нібы кошкі. А тут вунь яшчэ нейкія. Адкуль яны ўсе разам сабраліся?

— А навошта было ім збірацца ўсім разам. Спачатку хто-небудзь адзін прыйшоў, разбурыў, наеўся, а там маглі пачуць і падысці іншыя. Але нам ад гэтага не лепш.

— Што ж мы цяпер будзем рабіць? — схапіўся за галаву Віктар.

— Тое, што і да гэтага часу, — спакойна адказаў Мірон. — Трэба думаць, што не загінем, як і дагэтуль.

Спакойны тон Мірона крыху суцешыў і Віктара. Выбух роспачы сцішыўся, а там яны ўзялі сябе ў рукі і сталі глядзець на справу цвяроза. Усё роўна назад не вернеш. Калі забыліся, дзе знаходзяцца, зрабілі памылку, дык трэба прыняць яе пад увагу і другі раз быць разумнейшымі.

— Вось ужо колькі памылак мы нарабілі, — разважаў Віктар, — кожны раз абяцаем быць разумнейшымі і ўсё аніяк не можам паразумнець.

Мірон нават засмяяўся.

— Ці ведаеш, што мы і так разумныя? — сказаў ён.

— Не відаць гэтага, — паківаў галавой Віктар.

— Добра відаць. Калі яшчэ не памерлі, значыцца, не дурныя. А калі пажывём у гэткіх умовах год, то я абяцаю табе, што памылак у нас амаль не будзе.

— А калі дзесяць год, дык аніводнай не будзе! — сказаў панура Віктар.

— Пэўна, — сур'ёзна адказаў Мірон. — На ўсё трэба практыка, а ты адразу хочаш зрабіцца чалавекам без хібаў.

— Але дзе ж мы цяпер другога такога мядзведзя знойдзем? — ужо жартам прамовіў Віктар.

— На наш век дурняў хопіць, — засмяяўся Мірон. — Пратрымаемся як-небудзь тыдзень, а там прыйдуць нашы «збаўцы».

— Ты іх лічыш дурнямі?

— Калі мы іх перахітрым, — так.

— А калі яны?

— Тады мы будзем дурнямі.

Паступова вастрыня ўражання змяншалася. Забыцца на няшчасце, не шкадаваць яны, вядома, не маглі, але будучыня ўжо не здавалася ім безнадзейнай.

— Давай падбяром хоць агрызкі, — сказаў Мірон.

— А можа, яшчэ якую хваробу схопіш ад іх?

— Я думаю, тутэйшыя звяры адчуваюць сябе лепш, як мы.

Такіх недаедкаў навакол набралася столькі, што хлопцам магло хапіць на ўвесь заўтрашні дзень. А потым яны пачалі суцяшаць сябе тым, што, можа, паслязаўтра мяса і само сапсавалася б. А калі ўбачылі, што рэштка солі засталася некранутай, то яшчэ лягчэй зрабілася на сэрцы.

XVIII

Панская страва. — На баброў. — Вось дык бабёр! — Таемныя лісты. — Рамонт бабровай хаткі. — Ваенная падрыхтоўка. — Чаму людзі шануюць баброў.

Мінула яшчэ два дні. За гэты час хлопцы скончылі сваё абследаванне. Толькі ў адным месцы яны знайшлі нешта падазронае і, прасунуўшыся ў балота, адчулі пад нагамі нібы нейкія жэрдкі.

— Мусіць, тут! — узрадаваліся хлопцы.

Але праз некалькі крокаў жэрдкі скончыліся. Непадалёк ад іх, на купінцы, расло дрэўца. Віктар скокнуў да яго, але недаскочыў і заграз у балоце так, што Мірон ледзь выцягнуў яго з дапамогаю доўгага кала. Пры такіх умовах совацца далей ужо нельга было.



— Але ўсё ж такі недзе выхад ёсць! — ламаў галаву Віктар.

— Ну і што з таго, калі мы не ведаем, — пакорліва прамовіў Мірон. — Нічога не зробіш, прыйдзецца пачакаць. У кожным разе мы свой абавязак выканалі, даследавалі ўсё, што можна было.

А выканаўшы абавязак, яны ўжо ўвесь час маглі аддаць на пошукі спажывы. Але «дурных» звяроў больш не траплялася. Зноў давялося перайсці «на пашу», як казаў Віктар. А адной пашай пратрымацца было цяжка.

Аднаго разу Віктар прынёс зялёную жабу.

— Давай пакаштуем панскай стравы, — сказаў ён.

— Ой, баюся! — скалануўся Мірон.

— А я думаю, калі паны ядуць, дык і нам можна.

— Можа, не такіх?

— Прыблізна такіх, зялёных. А калі крыху і не такой пароды, то бяды не павінна быць. Шкада толькі, што ядуць адны заднія лапкі. А гэткімі кумпякамі не наясіся.

Віктар каменем адрэзаў кумпякі і кінуў іх у агонь. Праз хвіліну выняў, памачыў у соль і працягнуў адзін Мірону. Але той адвярнуўся.

— Ты думаеш будзе гэтак жа, як тады з зайцам? — засмяяўся Віктар. — Не, браток, нічога лепшага цяпер ужо не дачакаешся.

Смела паднёс да рота, адкусіў.

— Ну, як? — з хваляваннем спытаўся Мірон.

— Разоў у тысячу лепш за сырога зайца! — адказаў Віктар і зноў адкусіў. — Бяры, пакуль не позна, а то ўсё з'ем.

Узяў і Мірон, з агідай адкусіў.

— Ну як? — запытаў цяпер ужо Віктар.

— Не разабраўся пакуль што.

— Кусай яшчэ!

Адкусіў Мірон яшчэ, потым яшчэ і, нарэшце, усё з'еў.

— Праўду кажучы, нічога дрэннага няма, — прамовіў ён.

— Вось бачыш, — сказаў Віктар. — Нездарма, кажу, паны ядуць. Я чытаў, што ў Парыжы, у рэстаранах, сытыя буржуі вялікія грошы плоцяць за гэтую страву. А нам плаціць не трэба.

— Затое нам, галодным, трэба, можа, па сотні такіх жаб. А дзе іх гэтулькі набярэш? Гэта старая, а маладыя яшчэ не вывеліся.

— Тады будзем есці ўсю, — сказаў Віктар. — Якая розніца паміж заднімі, пярэднімі нагамі, спіной?

Ён узяў яе ў рукі, але кінуў:

— Не, яшчэ не магу, не настолькі прагаладаўся.

— А каб у кнізе было напісана, што ядуць усю, то з'еў бы? — спытаў Мірон.

— Напэўна, — засмяяўся Віктар.

Пасля таго яны нават спецыяльна хадзілі лавіць жаб, але зноў злавілі толькі адну. На гэты раз з'елі ўжо і пярэднія кумпякі, і спіну…

І нічога дрэннага не здарылася.

— Мусіць, усё залежыць ад погляду і прывычкі, — разважаў Мірон. — Мусульмане не ядуць свініны, у нас не ядуць каніны, некаторыя ядуць саранчу…

— Я ж тое самае і кажу! — падхапіў Віктар. — У кожным разе, праз тое, што гэта агідна, паміраць не варта. Але на адной жабе далёка не паедзеш. Хоць абы-якую жывёліну здабыць — усё з'еў бы.

— Ведаеш што? Паспрабуем злавіць бабра.

— Але ж іх нельга знішчаць!

— І я гэта ведаю. Аднак мы двое важней за аднаго бабра.

Супраць гэтага нічога нельга было сказаць, і хлопцы зараз жа накіраваліся да бабровага паселішча.

Там ішло сабе мірнае бабровае жыццё. Звычайна бабры не любяць паказвацца ўдзень, але ў гэтым кутку, дзе іх ніхто ніколі не трывожыў, яны не надта сцерагліся. Калі хлопцы падышлі бліжэй, усе бабры схаваліся ў ваду.

— Пойдзем да той вунь, — паказаў Мірон на чацвёртую хатку, што была каля берага.

— Наўрад ці ёсць там хто, — сказаў Віктар, — але паспрабаваць можна.

Яны падышлі да хаткі і зараз жа пачалі шукаць і завальваць выхады. Два выхады былі пад вадой, трэці — крыху над яе паверхняй.

Мусіць, калісьці і ён быў пад вадой. Паспрабавалі прасунуць руку ў гэтую дзірку, але нічога не маглі дастаць.

— Лепш разбяром зверху, — сказаў Мірон.