Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 23 из 33



Як бы там ні было, а перад хлопцамі ляжала туша сапраўднага мядзведзя, здабыча, якой ганарыўся б кожны паляўнічы. Але як даступіцца да гэтай здабычы? Калі столькі пакуты было з зайцам і барсуком, то што будзе з мядзведзем?

— Хоць ты плач, гледзячы на багатую здабычу! — уздыхаў Мірон. — Трэба абавязкова дастаць каменняў.

— І зараз жа! — крыкнуў Віктар.

Але Мірон зрабіў «матэматычныя падлікі», па якіх выходзіла, што працу і час ім трэба размеркаваць інакш, чым яны думалі. Каменні шукаць, мусіць, прыйдзецца не адну гадзіну, нямала часу пойдзе, каб апрацаваць іх. А яшчэ разабраць мядзведзя, перанесці і ўпарадкаваць мяса. Апрача таго, трэба ж будзе за ўвесь гэты час і падсілкавацца.

— Адным словам, — скончыў свае падлікі Мірон, — сёння ўсё зрабіць мы не паспеем, не кажучы ўжо аб тым, што наш агонь за гэты час можа загінуць.

Праз некалькі хвілін два хлопцы валаклі па лесе мядзведзя. Адзін трымаў яго за правую пярэднюю лапу, другі — за левую, а мядзведзь ехаў па зямлі на спіне мордай наперад. Хоць і невялікі быў звер, але для галодных і аслабелых хлопцаў ён быў значным грузам.

— Колькі мы тут валачэм непатрэбнага цяжару, які добрыя людзі пакінулі б на месцы! — скардзіліся хлопцы.

У гэты дзень яны паспелі толькі набраць каменняў ды наладзіць іх «апрацоўку». У лесе пачулася лясканне, нібы хто брукаваў вуліцу. Праз некаторы час хлопцы ўжо мелі «нажы» і «сякеры» каменнага веку. Але ж якія гэта былі прылады! Хлопцы глядзелі на іх і казалі:

— Першабытны чалавек засмяяў бы нас, каб убачыў такія прылады.

— І ў музеі такіх не знойдзеш.

— Але мы не вінаваты, што крэменю няма.

— Мусіць, і з крэменю мы не здолелі б зрабіць так, як яны.

— А ўсё-такі ямчэй будзе, чым зубамі!

На другі дзень раненька ўзяліся за працу. Дапамагчы каменныя прылады дапамаглі, але толькі з удзелам сухога вострага кораня ды ўсялякіх іншых прыстасаванняў. У выніку атрымалі столькі мяса, што не ведалі, куды яго дзець.

— Што рабіць? — у роспачы казаў Мірон. — Без солі яно і тры дні не пратрымаецца.

— Тады трэба наесціся на запас, — не то сур'ёзна, не то жартам сказаў Віктар.

І сапраўды, яны так пад'елі, што ўвесь дзень і глядзець не хацелі на мяса.

— Зноў мы зрабілі памылку! — сказаў Мірон. — Нам трэба было напаследак гэтак наесціся. Тады і добра было б, што не хочацца есці. А цяпер свежае мяса дарма гіне.

— Давай тады акурым яго, — запрапанаваў Віктар.

— І то праўда! — суцешыўся Мірон. — Хоць без солі ўсё роўна доўга не будзе трымацца, але напэўна даўжэй, чымся так.

Змайстравалі з жэрдак козлы, скруцілі з лыка вяроўкі і павесілі шынкі.

— За адзін заход павесім і свае гаршкі, — сказаў Мірон, — мусіць, яны падсохлі ўжо.

Гаршкі ляжалі ў ямцы, выкапанай у пяску пад коранем дрэва. У цяньку яны падсохлі досыць добра і не мелі аніводнай шчарбіны. Прыладзілі і іх, але вышэй, чым мяса, каб да іх даходзіў толькі лёгкі дух.

— Рызыкоўная справа з гэтым чарап'ём, — мармытаў Мірон. — Трэсне — і ўсё прапала.

Стаянка прыняла зусім гаспадарчы выгляд. На дрэве вісела скура мядзведзя, на жэрдках акурваліся шынкі, каля вогнішча і будана ўвіхаліся жыхары.

— Акурат як у людзей! — радасна казалі хлопцы.

Пад вечар усё ж такі яшчэ пад'елі мяса і паляглі спаць у самым добрым настроі.

XVII



Зноў дарэмная спроба. — Апрацоўка запасаў. — Па мёд. — Гібель гаспадаркі. — Змаганне з роспаччу. — Звярыныя недаедкі.

Цяпер ужо можна было пачынаць пошукі дарогі. Першы дзень яны бадай увесь і патрацілі на гэтую справу. След бандытаў паказаў, што праход быў недзе за суседнім востравам. Значыцца, адразу адпадала патрэба шукаць за гэтым. За першы ж дзень яны добра агледзелі трэцюю частку ўсяго берага, які ім належала абследаваць. У адным месцы яны прасунуліся досыць далёка, аднак далей усё роўна была такая дрыгва, што прайсці праз яе і думаць нельга было.

Але хлопцы і не спадзяваліся на хуткі поспех і вярнуліся дадому, задаволеныя ўжо тым, што частка задачы выканана. У дарозе яны выкарыстоўвалі кожны выпадак, каб скубануць чаго-небудзь расліннага: ці аеру, ці шчаўя, ці сыраежку, ці якую зялёненькую лісцінку.

— Дзіўная рэч, — казаў Віктар, — цяпер я ем кожную лісціну з большым смакам і ахвотай, як тады, калі два дні нічога не еў.

— Гэта таму, — растлумачыў Мірон, — што наш арганізм патрабуе змены стравы, патрабуе зеляніны ці наогул чаго-небудзь расліннага.

Паміж іншым, на галіне ліпы яны заўважылі нейкую цікавую расліну. Гэта быў нібы куст з доўгімі сцябламі, дробным светленькім лісцем і дробненькімі жоўценькімі кветкамі. Прыладзіўся ён на галіне стажком і, здаецца, з зямлёй ніякай сувязі не меў. Калі ўбачыў яго Мірон, то крыкнуў:

— Гані вон гэтага драпежніка! Гэта амела, шкодная расліна, таксама паўднёвы госць. Яна жыве выключна на чужым карку. Птушкі ласуюцца яе ягадамі, а потым чысцяць свой нос на галіне другога дрэва. Ліпкі сок прыклейваецца, і гэтага досыць, каб расліна пачала расці.

Віктар ахвотна здзёр і скінуў драпежніка.

— Але ж і ўчапілася! — заўважыў ён. — Мусіць, зноў пачне расці.

— Пэўна, бо свае тонкія карэньчыкі яна запускае глыбока ў дрэва. Нават можна па глыбіні пазнаць, колькі часу яна тут жыве. Але ўсё-такі лягчэй будзе беднаму дрэву.

Дома ім сапсавала настрой дымарня. Ім здавалася, што шынкі пачнуць падсыхаць і набываць такі выгляд, у якім звычайна ўсе мы прывыклі іх бачыць, а тым часам адбывалася нібы наадварот: яны рабіліся больш мяккімі, разлезлымі і, здавалася, псаваліся хутчэй, як без акурвання.

— Відаць, нічога не выйдзе, — журыўся Мірон. — Іх трэба і саліць, і сушыць доўга, а потым ужо акурваць. Апрача таго, вецер адносіць дым. Выходзіць, што мы самі толькі псуём іх. Лепш ужо спячы — даўжэй захаваюцца.

— І высушыць, — дадаў Віктар.

Знялі мяса і ўзяліся за новую справу. Адразу выявілася, што сушыць нельга, бо не было чым парэзаць на тонкія лусты. Пачалі кавалкамі пячы. Да ночы ў шалашы было ўжо шмат печаных кавалкаў.

Мірон дадумаўся нават да рацыяналізацыі. Таму што солі, якая ў іх была, не хапала, каб пасаліць мяса, ён засаліў крыху вады і памачыў у ёй кавалкі мяса.

— Гэта пойдзе ў лік пайка, — звярнуўся ён да Віктара. — Дадаваць да такога кавалка яшчэ солі ты не будзеш мець права.

— Я і не думаю, абы толькі захаваць на лішні дзень.

— Але ў адну кучу іх усе класці нельга, каб не загніліся, — прамовіў Мірон і азірнуўся навакол.

— Тады паложым іх у хлеў, — сказаў Віктар. — Пакуль што ён у нас пусты.

Там на сухіх галінках і расклалі кавалкі паасобку. Гаршкі пакінулі сушыцца над агнём.

— Мы ж забыліся пра нашых пчол, — сказаў Віктар, калі яны паляглі ўжо спаць.

— Туды пойдзем заўтра раніцою, — адказаў Мірон.

Назаўтра ўзялі з сабой адзін з гаршкоў, палажылі туды вугольчыкаў і пайшлі па мёд. Пад дрэвам расклалі агонь. Але як выкурыць пчол там, наверсе?

— Я палезу туды, а ты мне падасі тычку запаленага моху, — прапанаваў Віктар.

— Каб знайсці добрую жэрдку, дык лепш было б з зямлі прасунуць, — сказаў Мірон. — Спакайней, ды і табе не прыйшлося б цярпець.

Вышыня была такая, што адпаведную жэрдку можна было знайсці. Знайшлі добрую арэшыну, запалілі камяк моху і прасунулі ў дзірку. Як загуло там! Хлопцы зараз жа адбегліся, але зноў падысці не маглі: раз'юшаныя пчолы лёталі навакол і, відаць, зусім не думалі адлятаць. Нарэшце хлопцы вымушаны былі пакінуць іх, каб прыйсці ў другі раз. Перад адыходам Мірон яшчэ запхнуў камяк, хоць і пацярпеў за гэта: два гузакі ўсхапіліся на твары.

Пакінулі гаршчок каля дрэва, а самі пайшлі на сваё абследаванне. Зноў пачалася такая ж пакутная і бескарысная праца. Гадзіны чатыры яны бадзяліся каля балота і вярнуліся без нічога, як заўсёды. Па дарозе яшчэ раз наведалі пчол. На гэты раз там было ўжо ціха. Толькі дзе-нідзе жаласна звінела адзінокая пчала.