Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 4 из 30

Рукi i ногi ў капiтана выгiналiся i торгалiся, у той час як твар заставаўся спакойны i нерухомы, вочы нiбы застылi, утаропiўшыся ў сцяну.

Доктар трымаў руку на капiтанавым запясцi, сачыў, як слабеў пульс. Нарэшце ён вачыма даў знаць Мэгрэ: "Зараз... зараз..."

У гэты момант здарылася нешта зусiм нечаканае.

Пэўна, няшчасны апрытомнеў на якоесь iмгненне. Твар у яго зморшчыўся, усё адно як у дзiцяцi, што зараз заплача, склаўся ў жаласную грымасу пакутнiка, якi не можа больш цярпець невыноснага болю... Па шчоках кацiлiся дзве буйныя слязiны...

I тут - прыглушаны доктараў голас:

- Усё. Кончана.

Неверагодна, але слёзы цяклi па твары ў самы момант смерцi.

Яны яшчэ жылi, гэтыя слёзы, сцякалi на падушку, а капiтан ужо быў мёртвы.

На лесвiцы пачулiся крокi. Унiзе гучна ўсхлiпвала Жулi. Яе абступiлi жанчыны. Мэгрэ выйшаў на пляцоўку i паволi вымавiў:

- У спальню не ўваходзiць.

- Ён... - пачаў быў нехта.

- Але! - адно i сказаў камiсар, перапыняючы пытанне.

I адразу ж вярнуўся ў залiты сонцам пакой. Доктар рыхтаваў шпрыц, збiраючыся зрабiць Жарысу ўкол у сэрца, - бадай што, толькi дзеля таго, каб выканаць да канца свой абавязак.

А на садовым муры сядзела зусiм белая кошка.

II. СПАДЧЫНА

Недзе ўнiзе, мабыць, на кухнi, у акружэннi суседак гучна рыдала Жулi.

Праз адчыненае акно Мэгрэ ўбачыў, што з гарадка iшлi i беглi людзi жанчыны з дзецьмi на руках, мужчыны ў сабо... Хлопчыкi ехалi на роварах. Гэты стракаты ўсхваляваны натоўп дасягнуў моста, перавалiў праз яго i рушыў да капiтанавага дома, нiбы ўсiх там чакала прадстаўленне вандроўнага цырка або аўтамабiльная аварыя.

Неўзабаве на дварэ быў ужо такi гвалт, што Мэгрэ зачынiў акно. Муслiнавыя шторы змякчалi сонечнае святло, i камiсар адчуў сябе ў пакоi ямчэй, вальней. Агледзеўся.

Ружовыя шпалеры, светлая, начышчаная мэбля. На камiне - ваза з кветкамi.

Мэгрэ вярнуўся да доктара, якi разглядваў на святло шклянку i графiн, што стаялi на начным столiку. Доктар памачыў палец у вадзе ў шклянцы i лiзнуў яго.

- Атрута?

- Але. Мабыць, капiтан меў звычку пiць ноччу ваду. Калi я не памыляюся, ён пiў гадзiны ў тры ночы. А чаму не паклiкаў нiкога - не разумею.

- Ды таму, што не мог гаварыць, нават гуку вымавiць быў няздольны, здзiўлена паглядзеў на доктара Мэгрэ.

Ён паклiкаў палявога вартаўнiка i адправiў яго папярэдзiць мэра i пракурора ў Кане. Чуваць было, як унiзе ўсё яшчэ ўваходзiлi i выходзiлi людзi. На дарозе яны збiралiся ў групкi. Некаторыя, каб было ямчэй чакаць, садзiлiся на траву.

Пачынаўся прылiў, мора затапляла пясчаныя водмелi каля ўвахода ў порт. На гарызонце вiднеўся дым парахода, якi чакаў моманту, каб падысцi да шлюза.

- У вас ужо ёсць якiя-небудзь меркаваннi? - пачаў быў доктар, але змоўк, убачыўшы, што Мэгрэ заняты. Камiсар адчынiў сакрэтнiк з чырвонага дрэва, якi стаяў памiж вокнамi, i з уласцiвай яму ў такiя моманты засяроджанасцю разглядваў змесцiва скрынак. Цяпер Мэгрэ каму хочаш здаўся бы грубым. Паволi зацягваючыся, ён палiў велiзарную люльку i бесцырымонна перабiраў тоўстымi пальцамi кожны прадмет.

Больш за ўсё было фатаграфiй - толькi паспявай разглядваць. На многiх сябры ў марской форме, амаль усе Жарысавага ўзросту. Вiдаць было, што капiтан падтрымлiваў сувязь з таварышамi па марской школе ў Брэсце. Яны пiсалi яму з усiх канцоў свету. Фатаграфii цi не ўсе з паштоўку, з аднолькава банальнымi, ледзь не стандартнымi надпiсамi, адкуль бы яны нi прыходзiлi, з Сайгона цi з Сант'яга: "Прывiтанне ад Анры!" або "Нарэшце трэцяя лычка! Салют! Эжэн!".

Большасць гэтых фотакартак высланы на адрас: "Кан. Ангельска-Нармандская кампанiя, судна "Дыяна", капiтану Жарысу".

- Вы даўно знаёмы з капiтанам? - спытаўся Мэгрэ ў доктара.

- Некалькi месяцаў. З тае пары, як ён служыў у порце. Да таго ён дваццаць восем гадоў плаваў капiтанам на судне мэра.

- Судне мэра?

- Але, пана Эрнэста Гранмэзона, дырэктара Ангельска-Нармандскай кампанii. I ўладальнiка ўсiх яе адзiнаццацi суднаў...

Яшчэ адна фатаграфiя: Жарыс у дваццаць пяць гадоў. Ужо тады ён быў каржакаваты, i ўсмешка, вiдаць, часта з'яўлялася на яго шырокiм, троху ўпартым твары. Сапраўдны брэтонец!

I нарэшце, у палатнянай папцы - дакументы, ад школьнага атэстата да дыплома капiтана гандлёвага флоту... Розныя афiцыйныя паперы, метрыка, ваенны бiлет, пашпарт...

На падлогу ўпаў канверт - ужо крыху пажаўцелы. Мэгрэ падняў яго, выняў аркуш паперы.





- Завяшчанне? - спытаўся доктар, якi, закончыўшы тут свае справы, чакаў прадстаўнiкоў пракуратуры.

Мусiць, капiтан поўнасцю давяраў Жулi: канверт нават не быў запячатаны. На аркушы было напiсана прыгожым почыркам натарыуса:

"Я, што нiжэй падпiсаўся, Iў-Антуан Жарыс, нарадзiўся ў Пэнполi, марак па прафесii, пакiдаю ўсю рухомую i нерухомую маёмасць маёй ахмiстрынi Жулi Легран, у знак удзячнасцi за шматгадовую верную службу.

Абавязваю яе перадаць:

кацер - капiтану Дэлькуру; кiтайскi фарфоравы сервiз - яго жонцы; кульбаку з разьбянай слановай косцi..."

Не быў забыты амаль нiхто з партовых служачых, якiх Мэгрэ сустрэў ноччу. Нават шлюзаўшчык, якому капiтан адпiсаў "трайную рыбацкую сетку, што пад адлевам".

У гэты момант Жулi, скарыстаўшыся тым, што жанчыны пакiнулi яе адну, каб згатаваць ёй для падтрымання сiлы грог, узбегла па лесвiцы, адчынiла дзверы ў капiтанаву спальню, кiнулася да ложка, выдаючы ўсiм сваiм выглядам на вар'ятку, i адразу ж адступiлася, спалохаўшыся мерцвяка, грымнулася на дыван i стала крычаць нешта неразборлiвае.

Можна было ўгадаць: "немагчыма... Мой бедны гаспадар... мой... мой..."

Мэгрэ паволi падышоў да яе, дапамог устаць i адвёў дзяўчыну, як тая нi супрацiўлялася, у яе пакой. Там усё было ў беспарадку: на ложку валялася адзежа, на падлозе стаяў тазiк з мыльнай вадою.

- Хто налiваў капiтану ваду ў графiн на начным столiку?

- Я... Учора ранiцай... Калi ставiла ў вазу кветкi.

- Вы ў доме былi адна?

Жулi цяжка дыхала, але патроху прыходзiла да памяцi - i тут такiя вось пытаннi камiсара.

- Што гэта вам прыйшло ў галаву? - ускрыкнула яна раптам.

- Нiчога. Супакойцеся. Я толькi што прачытаў Жарысава завяшчанне.

- Ну i што?

- Ён пакiнуў вам усю сваю маёмасць. Цяпер вы багатая...

У адказ Жулi толькi разрыдалася.

- Капiтана атруцiлi вадою з графiна.

Дзяўчына кiнула на Мэгрэ поўны нянавiсцi позiрк i лiтаральна завыла:

- Што вы хочаце гэтым сказаць, га? Што вы хочаце сказаць?

Яна была ў такiм стане, што схапiла Мэгрэ за рукаў i лiхаманкава трэсла яго. Яшчэ трохi - i ўчапiлася б пазногцямi, так раз'юшылi яе камiсаравы словы.

- Цiшэй. Супакойцеся. Расследаванне толькi пачынаецца. Я нi на што не намякаю, а толькi спрабую разабрацца, што здарылася.

У дзверы пастукалi. Гэта быў палявы вартаўнiк.

- Пракурор зможа прыйсцi толькi пасля абеду, - паведамiў ён. - Пан мэр вярнуўся ранiцаю з палявання i яшчэ не ўстаў. Ён прыйдзе, як толькi будзе гатовы.

Усе ў доме былi ўзнерваваныя. А людзi на дварэ, якiя самi не ведалi, чаго тут чакалi, толькi нагняталi гэтую ўзнерваванасць.

- Вы застанецеся тут? - спытаўся Мэгрэ ў дзяўчыны.

- Вядома. А куды мне яшчэ дзецца?

Мэгрэ папрасiў доктара выйсцi з пакоя i замкнуў дзверы на ключ. Ён пакiнуў з Жулi толькi дзвюх жанчын, жонку дазорца з маяка i жонку аднаго шлюзаўшчыка.

- Не пускайце нiкога, - сказаў ён палявому вартаўнiку. - Калi спатрэбiцца, паспрабуйце збыць занадта цiкаўных.

Мэгрэ вышаў з дома, прайшоў праз натоўп i накiраваўся да моста. Удалечынi па-ранейшаму выў гудок, але цяпер ён ужо быў ледзь чутны, бо вецер дзьмуў на мора. Было цёпла, сонца свяцiла ўсё ярчэй. Пачынаўся прылiў.

Два шлюзаўшчыкi былi ўжо на сваiх месцах. На мосце Мэгрэ сустрэў капiтана Дэлькура, з якiм гаварыў ноччу. Той падышоў да яго.

- Дык гэта праўда? - спытаўся капiтан.